Апоўначы ў Польшчы завяршыўся ўсеагульны перапіс насельніцтва. Першы пасля далучэння Польшчы да Еўразвязу, у адказ на патрабаванне гэтай арганізацыі, перапіс павінен быў адлюстраваць акуальную дэмаграфічна-сацыяльную і эканамічную сітуацыю ў краіне.

Цягам трох месяцаў, з 1-га красавіка да 30 чэрвеня, дзясяткі тысяч перапісчыкаў збіралі звесткі аб насельніцтву, датычныя сям’і, жылля, працы ды нават нацыянальнасці і рэлігіі. Былі прадугледжаныя два віды апытання: так званае поўнае і прадстаўнічае. Поўны перапіс, гэта 16 пытанняў, на якія павінны адказаць усе. Прадстаўнічы перапіс, гэта да 100 пытанняў, якія накіроўваліся да 20% насельніцтва, вызначаных шляхам лёсавання. Дзясяткі тысяч перапісчыкаў збіралі звесткі чатырма асноўнымі метадамі: шляхам тэлефонага апытання, з выкарыстаннем так званых адміністрацыйных сістэмаў, падчас непасрэдных візітаў перапісчыкаў і упершыню, шляхам самаперапісу электроным метадам, па інтэрнэту.

Не паглябляючыся ў нюансы, што патрабавала б не адной дысертацыі, хачу сказаць, што сёлетні перапіс пакінуў у мяне пачуццё горычы і расчаравання. Ён быў дрэнна задуманы і, як мінімум на Падляшшы, – заганна праведзены. Кажу гэта не на падставе медыйных паведамленняў, але паводле таго што сам бачыў і чуў. Цягам апошняга месяца я асабіста правёў некалькі дзясяткаў тэлефонных размоваў з супрацоўнікамі Статыстычнай Управы і асобамі, якія паведамлялі пра розныя парушэнні. Людзі скардзіліся, што іх не пыталіся пра нацыянальнасць і мову, што ў маленькую вёску тэлефанавалі нейкія людзі з другога канца Польшчы. Бывалі выпадкі, што былі праігнараваныя цэлыя вёскі, або на ўсю вёску спісалі па тэлефоне ўсяго двух чалавек. Некаторыя людзі абураліся, што перапісчыкі не адрознівалі грамадзянства ад нацыянальнасці: маўляў, жывем у Польшчы, дык усе мы – палякі!

Ці з такім падыходам да справы вынікі перапісу могуць быць вартыя даверу? Зрэшты на афіцыйным узроўні ў Варшаве мне патлумачылі, што па ўсёй краіне толькі 86 гмінаў, у якіх як мінімум 10% насельніцтва складаюць нацыянальныя меншасці. Гэта значыць, што калі, для прыкладу, па ўсёй гміне падчас мінулага перапісу 9 гадоў таму запісаліся 9,9 %, дык гэта не меншасная гміна. У ёй можна заплюшчыць вочы на факт, што ў некаторых вёсках усе 100% – беларусы. Іх можна не наведваць і нават не тэлефанаваць. Хопіць спісаць звесткі з так званых «адміністрацыйных сістэмаў», з таго, што вядома з існуючых, статыстычных дадзеных. Толькі скажыце, калі ласка, якая ўстанова, што выплачвае пенсію, альбо наймае на працу, пытаецца пра нацыянальнасць, альбо мову, на якой муж з жонкай спрачаюцца на кухні. Мяркую, што ў выніку дзясяткі, калі не сотні тысяч чалавек запісалі палякамі і ніхто не даведаецца – як яго запісалі.

У мяне ў сувязі з перапісам мноства пытанняў, але абмяжуюся некалькімі. За адмову дачы паказанняў, альбо за непраўдзівыя звесткі прадугледжанае пакаранне. А якое пакаранне панясуць тыя, якія па сваёй нядбайнасці, невуцтву альбо мэтанакіравана фальшавалі звесткі. Яны ўвялі ў зман дзяржаўныя органы і пры гэтым нанеслі вялікую шкоду нацыянальным меншасцям. Укралі ў іх частку душы, іхную тоеснасць, нацыянальны гонар. Вынікі перапісу паўплываюць на мноства адміністрацыйна-эканамічных рашэнняў. Зыходзячы з іх, даследчыкі будуць памножваць няпраўду. Навошта было наагул праводзіць перапіс, калі ў Варшаве лепей ведаюць, хто жыве ў падляшскай вёсцы, чым самі жыхары? Каму патрэбныя недакладныя альбо непраўдзівыя звесткі?

На ўсе сігналы пра парушэнні падчас перапісу і Цэнтральная, і Ваяводская Управа Статыстыкі адказвалі як бы змовіўшыся: «скаргі можна палічыць на пальцах адной рукі. Гэта маргінальная з’ява. Няма праблемы». Магчыма, калі не паступілі афіцыйныя скаргі, у чыноўнікаў чыстае сумленне, але праблема ёсць. Паліцыя штодня затрымлівае сотні нецвярозых кіроўцаў, але ўсе ведаюць, што гэта толькі малы адсотак тых, якія ездзяць на падпітку. Хоць паведамленняў і скаргаў аб розных злачынствах паступае няшмат, усе ведаюць, што гэта не адлюстроўвае сапраўднага ўзроўню злачыннасці.

Аналізуючы прычыны «смаленскай трагедыі», праф. Марак Жыліч назваў у якасці адной з прычынаў – паўсюдную ў Польшчы неахайнасць, неакуратнасць, нядбайнасць і непавагу да рэгламенту і працэдураў. Тое самае можна сказаць і пра перапіс. Абы як зрабілі, дык абы што і атрымалася.

new.racyja.com