Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны (ТБМ) маргіналізавалася і цалкам страціла кантроль у сітуацыі абароны і павышэння прэстыжу беларускай мовы ў Беларусі.

Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны (ТБМ) маргіналізавалася і цалкам страціла кантроль у сітуацыі абароны і павышэння прэстыжу беларускай мовы ў Беларусі.

Гэта ўрэшце трэба прызнаць і не баяцца сказаць пра гэта ўслых. Бо толькі так можна пачаць выпраўляць сітуацыю. Для многіх ТБМ гэта тое, што нельга крытыкаваць, такая святая карова. Так, да сярэдзіны 90-х яно такім і было, але цяпер былая слава знікла, засталіся толькі ўспаміны, а новых перамогаў няма.

Больш за тое з 1995 году – году першага рэферэндуму – у ТБМ адныя паразы. Бо нельга лічыць перамогамі ўстанаўленне ў якім-небудзь населеным пункце беларускамоўнай шыльды-паказальніка ці аб’яву па-беларуску прыпынкаў у грамадскім транспарце. Такім ганарыцца сама менш непаважна, калі наогул не смешна.

А ў гэты час арганізацыя дэкларуе, што ў яе шэрагах каля 10 тысяч актыўных сяброў не толькі па ўсёй Беларусі, але і па-за яе межамі. Але дзе ж вынікі гэтай актыўнасці?

На прыкладзе Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ, якая, пры ўсіх яе мінусах, трэба прызнаць, адна з самых актыўных у Беларусі і якая робіць хоць штосьці, можна канстатаваць, што цяперашняе ТБМ існуе па прынцыпе калабарацыянізму ў адносінах да ўлады. ТБМ не ставіць вострых і катэгарычных пытанняў, а займаецца толькі культурай, пры тым у самым вузкім яе сэнсе. Гэта сустрэчы ўжо беларускамоўных людзей, дзе яны могуць пагутарыць на свабодныя тэмы па-беларуску, краязнаўчыя экскурсіі, лагеры, літаратурныя вечары і таму падобнае. Але ўся актыўнасць скіраваная на вузкае кола людзей, да шырокай грамадскасці арганізацыя не ставіць мэтаў выйсці, вострыя пытанні не ўздымаюцца. ТБМ з арганізацыі якая павінна стаяць на пазіцыі абароны і развіцця беларускай мовы ў Беларусі ператварылася ў суполку па інтарэсах, у суполку беларускамоўных, і гэта ў лепшым выпадку. Ужо даўно не ідзе ні пра якое лабіяванне інтарэсаў беларускай мовы і беларускамоўных па-за межамі вузкай групы, і гэтае пытанне актыўна не ўздымаецца. Лагічна можа паўстаць пытанне: а навошта тады наогул такая арганізацыя як ТБМ?

Таму сітуацыю трэба мяняць і як мага хутчэй. Неабходны новы падыход, калі ТБМ сапраўды стане абаронцам беларускай мовы і беларускамоўных, а не паслухмяным сабачкам на кароткай шворцы, якім пры неабходнасці заўсёды можна прыкрыцца, паказваючы, як добра зараз беларускай мове ў Беларусі.

Сённяшні нязменны старшыня ТБМ Алег Трусаў па праве можа ганарыцца дасягненнямі арганізацыі. Спадар Трусаў быў абраны на пасаду ў 1999 годзе. У тым самым годзе праходзіў рэспубліканскі перапіс, па выніках якога 80% жыхароў Беларусі назвалі роднай мовай беларускую. У 2009 годзе адбыўся чарговы рэспубліканскі перапіс, па выніках якога ўжо толькі 60% жыхароў Беларусі назвалі роднай мовай беларускую. Што ж, добры вынік “актыўнай” працы ТБМ за 10 гадоў відавочны.

Але ж спадар Трусаў працягвае заставацца старшынём ТБМ і да сённяшняга часу. Ужо амаль 13 гадоў ля руля арганізацыі! Больш, здаецца, на адной пасадзе знаходзіцца толькі калега спадара Трусава па Вярхоўным Савеце 12-га склікання спадар Лукашэнка, які ўзначальвае Рэспубліку Беларусь ужо амаль 18 гадоў. Што ж, спадару Трусаву ёсць да чаго імкнуцца. Але ў бліжэйшы час павінен адбыцца чарговы з’езд ТБМ, на якім павінна будзе выбірацца новае кіраўніцтва арганізацыі. Калі спадар Трусаў мае гонар і годнасць, мае смеласць распісацца ў сваёй некампетэнтнасці ў якасці кіраўніка ТБМ, сапраўды годным і мужным учынкам з ягонага боку будзе рашэнне не выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах старшыні ТБМ, а калі яго хто вылучыць, то ўзяць самаадвод. Але калі гэтага не адбудзецца, то спадар Трусаў добра пакажа сваю сапраўдную сутнасць.

НЕ прымяншаючы былыя вялікія заслугі спадара Трусава перад Беларуссю, трэба мець годнасць сысці, калі бачыш, што часы змяніліся і ты ўжо не можаш ўздзейнічаць на сітуацыю, у першую чаргу ў цяперашнім развіцці ТБМ, у дасягненні пастаўленых мэтаў. Тым больш, што спадару Трусаву ёсць куды падацца, каб быць пры справе – Грамадска-кансультатыўны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта, калегі па Вярхоўнаму Савету 12-га склікання чакаюць яго. Думаю, не дарма ж спадара Трусава ўключылі ў гэты Савет. Пакінуўшы пасаду старшыні ТБМ, спадар Трусаў зможа цалкам засяродзіцца на працы ў гэтым Савеце, кансультаваць Адміністрацыю прэзідэнта ў поўную сілу, тым больш што ён неаднаразова казаў, што праца ў гэтым Савеце вельмі карысная. А старшыня Савета і адначасова кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей будзе, не сумняюся, вельмі прыслухоўвацца да мудрых парадаў Алега Трусава.

Але ўсё гэта толькі некаторыя аспекты. Галоўнае ж гэта тое, што трэба вярнуць ТБМ  былую славу і гонар, страчаныя і растаптаныя з часу рэферэндуму 1995 году. І ў гэтым зможам паўдзельнічаць усе мы, па-першае, прыцягваючы ўвагу да ганебнага стану цяперашняга ТБМ, а па-другое, сваёй працай на карысць беларускай мовы так, як кожны гэтую працу сам для сябе разумее. Галоўнае рабіць гэта актыўна, бо часы мяняюцца, а хуткасць – гэта тое, што цяпер шмат у чым вызначае перамогу ў любой справе, у тым ліку і ў справе адраджэння мовы.