Спачатку мы выходзілі тысячамі на вуліцы, трымаючы ў руках расцяжкі і выкрыкваючы лозунгі. Потым мы ставілі намёты ў цэнтры Менска. Затым нас забіралі за публічнае паяданне марожанага на Кастрычніцкай плошчы. Нас закідвалі ў аўтазакі за запаленыя свечкі. Пасля нам забаранілі пляскаць у ладкі. І ўрэшце мы пачалі проста моўчкі выходзіць на вуліцы. Беларускія пратэсты эвалюцыянавалі і мінімалізаваліся. Яны звяліся да нераблення нічога.

А тут дзёрзкія ўкраінкі прымусілі самых смелых з нас шырока разявіць раты. Мала таго, што яны эпатажна выставілі напаказ свае цыцкі, дык яшчэ і пасягнулі на самае недатыкальнае – на прыступках КДБ яны крычалі «Жыве Беларусь!» з партрэтам Лукашэнкі на спіне. На такое не рашаўся ніводзін беларус.

У шоку, відаць, былі і самі працаўнікі спецслужбаў. Тры хвіліны распранутыя ўкраінкі беспакарана выкрыквалі самы апазіцыйны лозунг сучаснай Беларусі ля ўвахода ў самае жэрла беларускага рэжыму.

Аднак цуду не здарылася. На наступны дзень актывістак руху Femen знайшліся ў лесе збітымі, з абстрыжанымі і аблітымі зялёнкай валасамі. Пра тое, што ім давялося перажыць за гэты час, дагэтуль гудзіць увесь інтэрнэт. Аднак самае цікавае, на мой погляд, – каментары саміх украінцаў.

Тры хвіліны распранутыя ўкраінкі беспакарана выкрыквалі самы апазіцыйны лозунг сучаснай Беларусі ля ўвахода ў самае жэрла беларускага рэжыму.

Суайчыннікі называюць актывістак «прастытуткамі-эксгібіцыяністкамі», радуюцца і шчыра дзякуюць беларусам, што правучылі гэтых «голых дэгенератак». «Малайцы, беларусы! Даўно варта было паставіць іх на месца, а то зусім абарзелі», – піша адзін з ананімных каментатараў. А іншы дадае: «Спадзяюся, наступным разам КДБ іх у тым лясочку і закапае. Правільна, мужыкі!»

Правакацыйныя Femen даўно ўжо нагналі аскому многім украінцам. Кажуць, іх ніхто там не ўспрымае ўсур’ёз. «Я з Украіны, – піша чарговы каментатар. – Мне заўсёды было сорамна, што гэтыя дзяўчаты – украінкі. Дзякуй беларусам, якія ім управілі іх бруднацывілізаваныя мазгі».

Зрэшты, ва Украіне ўсіх, хто займаецца палітыкай, даўно ўжо не ўспрымаюць усур’ёз. Там больш не вераць у пратэсты па сумленні. У нас жа наадварот – тых, хто ідзе ў палітыку, успрымаюць надзвычай сур’ёзна і патрабуюць ад іх сур’ёзных дзеянняў. А тут – такі дзёрзкі кпін літаральна ў твар. І нават не зразумела – у твар калгаснаму рэжыму ці ў твар пінжачнай апазіцыі.

І не дзіўна, што многія, як ва Украіне, так і ў Беларусі, проста не паверылі, што на актывістак Femen маглі надзець мяхі, завезці ноччу ў лес, распрануць, абліць галовы алеем і пагражаць спаліць. Ды ну, якое там! Гэта проста чарговая акцыя, яшчэ адна спроба піяру.

Нашае мачысцкае грамадства, дзе асновай ёсць яйцы, а жанчына, як вядома, мусіць варыць дома боршч, скалыхнулася. Тры пары цыцак на прыступках КДБ кінулі выклік нашаму патрыярхальнаму, кансерватыўнаму строю. Магчыма, гарачых украінцаў з іхнай амаль анархіяй такім ужо і не здзівіш. Аднак для сур’ёзнай беларускай палітыкі, дзе гімнам спяваюць або «Мы, беларусы – мірныя людзі», або «Магутны божа» са слязамі на вачах, менавіта цыцкі могуць аказацца тым самым штуршком, якога нам так не стае, каб беларуская палітыка зрабілася жывой і цікавай.FEMEN даўно прыцэльваліся да беларускага прэзідэнта.

На цыцкі зрэагавалі па абодва бакі барыкадаў. Чаму звычайныя маўчуны раптам пачалі так жорстка рэагаваць і прапаноўваць дзяўчат закапаць? Ясна – актывісткі амаральныя! Хто ў здаровым розуме аголіцца ў цэнтры горада? Але хто тут больш амаральны: той, хто цыцкі паказаў, той, хто прапанаваў за гэтыя цыцкі закапаць, ці той, хто за гэтыя цыцкі ўдарыў жанчыну?

Выйшла так, што менавіта цыцкі скалыхнулі нашае балотца. І, на жаль, у спробах змаралізаваць амаральных актывістак выявілася яшчэ большая гніль. Таму і атрымалася, што калі жанчыны не стаяць ля пліты з чарпаком, то яны апынаюцца ў лесе голымі па пояс з аблітымі зялёнкай валасамі. Нават калі гэта не беларускія жанчыны, а ўкраінкі, якія проста паспрабавалі зрабіць за беларусак іхную справу.