Прадмова да новага нумара «ARCHE».

Беларускім жанчынам з падзякай прысвячаецца

Да ідэі выдання такога нумара «ARCHE» мяне падштурхнуў пераклад кнігі Разалінды Майлз «Жаночая гісторыя свету», выдадзенай у Мінску ў 2006 г. Пасля яе прачытання ўзнікла думка, што і ў беларусак павінна быць свая жаночая гісторыя. Мне ў жыцці пашанцавала
на сустрэчы з мужнымі і гераічнымі жанчынамі: бабуля, маці, сяброўкі. Яны мяне ўражвалі сваімі штодзённымі ўчынкамі, з’яўляліся прыкладам і дадавалі натхнення. Менавіта ім, а таксама шматлікім іншым беларускам прысвечаны гэты нумар.

Пры вывучэнні гістарычных працэсаў, якія ў розны час адбываліся ў Беларусі, штодзённая мужнасць і самаахвярнасць нашых жанчын звычайна застаюцца практычна па-за ўвагай. Для даследчыкаў, як правіла, важнасць уяўляюць вывучэнне войнаў ці палітычных працэсаў, тое ж, як за ўсё гэта даводзілася расплачвацца жанчынам і дзецям, часта ўяўляецца неістотным. Але беларускія жанчыны сапраўды вартыя сваёй уласнай гісторыі.

Гісторыя Беларусі ў традыцыйным яе ўспрыманні не мае гендэрнай адметнасці, нібыта на нашай зямлі заўсёды жылі нейкія людзі сярэдняга полу і гендэрная прыналежнасць ніяк не ўплывала на іх жыццё і паводзіны. Беларуская гістарыяграфія характарызуецца дыскрымінацыйным стаўленнем да даследчыцкага накірунку пад назвай «гісторыя жанчын», да даследчыц, якія ёй займаюцца, і іх даследаванняў. Нашыя падручнікі не даюць магчымасці пазнаваць разам з іншымі і гэты аспект айчыннай гісторыі.

У еўрапейскай гістарыяграфіі жаночая гісторыя даследуецца з 70-х гг. ХХ ст., і з’яўленне гэтага кірунку было ад пачатку звязана з фемінісцкім рухам. На сённяшні дзень на Захадзе ёсць ужо сур’ёзныя метадалагічныя і факталагічныя напрацоўкі на гэтую тэматыку. Адначасова з гэтым асобна вылучыліся накірункі «гендэрная гісторыя» і «гісторыя мужчын». Усё гэта дало магчымасць адкрыць шэраг новых тэмаў і кірункаў: гістарычная і культурная антрапалогія, гісторыя сям’і, дзяцінства, штодзённасці, сэксу і інш. У выніку зараз там ужо не выклікае сумневу неабходнасць і важнасць вывучэння «іншай» гісторыі, пра што сведчыць рэгулярнае правядзенне спецыяліза-
ваных міжнародных канферэнцый, выданне адмысловых часопісаў, арганізацыя курсаў па гендэрнай гісторыі.

У той жа час у беларускай гістарыяграфіі гендэрны накірунак дагэтуль застаецца малараспрацаваным. Таму матэрыялы дадзенага нумара актуальныя для нашай навукі. Гісторыя, якая прадстаўленая на яго старонках, — жаночая, у першую чаргу яна пра жанчын і для жанчын. Беларускі павінны ведаць не толькі агульную гісторыю Беларусі, але і сваю, адметную.

Працы, уключаныя ў нумар, закранаюць самыя розныя аспекты. У адмысловым гістарычным раздзеле прадстаўлены адлюстраванне дзейнасці шляхцянак ВКЛ у прыватна-прававых і судовых дакументах у XVI—XVIII стст. (Наталля Сліж), асаблівасці грамадскіх стэрэатыпаў адносна жанчын у XVIII ст. (Наталля Гардзіенка), удзел дваранак беларуска-літоўскіх зямель у палітычным жыцці ў канцы XVIII — першай палове ХІХ стст. (Наталля Анофранка), роля жанчын у паўстанні 1863—1864 гг. (Алена Фірыновіч), «бабскія бунты» пачатку 1930-х гг. (Ірына Раманава), праблема шлюбу і мацярынства ў жыцці беларускай жанчыны першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (Ірына
Кашталян). Не абмінутыя ў нумары погляд на жанчыну і жаночае ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў (Таццяна Валодзіна), а таксама антрапалогія найбольш калісьці пашыранага для беларускіх жанчын занятку — ткацтва (Вольга Лабачэўская).

Асобныя матэрыялы прысвечаныя жыццю і дзейнасці асобных у большай ці меншай ступені вядомых жанчын, звязаных з беларускай гісторыяй: Людвікі Караліны Радзівіл (Людміла Іванова), Эвы Фялінскай (Аляксандр Фядута), Веры і Раісы Гедройць (Алег Дзярновіч). Каштоўнасць уяўляюць успаміны пляменніцы славутага Тадэвуша Рэйтана Ганны Герыч (публікацыя Вольгі Гарбачовай) і выданне чарговай часткі эпісталярнай спадчыны вядомай беларускай паэткі і дысідэнткі Ларысы Геніюш (падрыхтоўка да друку Міхася Скоблы).

Па сутнасці гэты нумар кладзе толькі пачатак распрацоўкі кірунку «Жаночая гісторыя Беларусі». Цэлы шэраг цікавых тэмаў застаюцца пакуль што не закранутымі. Яшчэ ёсць над чым працаваць, збіраючы матэрыялы для наступных падобных выданняў.

Цяпер жа выказваю шчырую падзяку ўсім аўтаркам і аўтарам, якія падтрымалі ідэю выдання такога нумара. Толькі дзякуючы праяўленым імі салідарнасці і прафесіяналізму яго выхад стаў магчымы.