На мінулым тыдні ў Слоніме дэмантавалі помнік Леніну — яго прыбралі са згоды аддзела архітэктуры, культуры і ідэалогіі мясцовага выканкама. Сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што далейшы лёс бюста будзе вырашаць улада. У Беларусі стаяць помнікі не толькі Леніну, але і іншым правадырам бальшавіцкага рэжыму. Але, на жаль, не ўшанавана памяць нацыянальных змагароў.

Таму “Народная Воля” вырашыла пацікавіцца:

Вінцук ВЯЧОРКА, палітык:

— Адразу пачну са сметніка. Я думаю, нашы паўночныя суседзі мелі рацыю, зрабіўшы парк таталітарнай скульптуры — нельга забывацца на таталітарную і каланіяльную эпоху. Такі парк, на мой погляд, можна стварыць і ў нас, каб было куды пазвозіць усіх Ленінаў і Дзяржынскіх. І вадзіць туды дзяцей і ўнукаў, паказваць і расказваць, каб не паўтарыліся больш ніколі тыя жахі, якія былі ў гісторыі.

Што да таго, каму няма помнікаў… У Мінску няма помніка Кастусю Каліноўскаму. Ды велізарнаму мноству нашых выдатных дзеячаў і герояў няма помнікаў! Напрыклад, у нас няма ніводнага помніка айцам-заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, без якіх не было б цяперашняй Беларусі.

Наталля СЛIЖ, гісторык:

— Як гісторык я помнікі паставіла б вялікаму князю літоўскаму Стэфану Баторыю, прадстаўніку старажытнага магнацкага роду Беларусі і Літвы, таленавітаму вялікалітоўскаму палкаводцу XVII стагоддзя Яну Каралю Хадкевічу, вялікай княгіне літоўскай, другой жонцы Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста Боне Сфорцы. Адназначна на выкіданне — усе савецкія помнікі: Леніну, Сталіну, Дзяржынскаму, з расійскіх акупантаў — Сувораву.

Наста ПАЛАЖАНКА, намесніца старшыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт»:

— Зянону Пазьняку я паставіла б манумент пры жыцці, а ўсе помнікі Леніну выкінула б…

Антон АСТАПОВIЧ, беларускі гісторык-этнолаг і культуролаг, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

— Гэта вельмі тонкая тэма. І я, шчыра кажучы, шашкай не размахваў бы: маўляў, помнік гэтаму прыбраць і гэтаму таксама. Вось уявіце сабе: у Любані чатыры гады таму выканкам захацеў дэмантаваць помнік Леніну. І ведаеце, што? Звыш 50 лістоў пайшло ва ўсе інстанцыі ад жыхароў Любані — на іхнюю думку, гэты помнік дэмантаваць нельга. Унікальная сітуацыя: мясцовая ўлада хоча зрабіць пазітыўны крок, а частка людзей гэтаму перашкаджае!

Але ўсё роўна трэба ставіць пытанне аб тым, што помнікі пэўным асобам трэба дэмантаваць — асабліва тым, хто  адыграў адмоўную ролю ў нашай гісторыі. Я заўсёды гавару, што дэмантаваў бы помнікі ўсім савецкім дзеячам. І пакінуў бы толькі адзін — помнік Леніна побач з Домам урада. Бо іншую такую настолькі ўдалую кампазіцыю, архітэктурны ансамбль побач з Домам урада знайсці будзе цяжка. І як чалавек, які змагаецца за нармальныя падыходы да спадчыны, гэты помнік я пакінуў бы.

А паставіць помнікі шмат каму можна. На мой погляд, павінны быць ушанаваны ўсе нармальныя дзяржаўныя дзеячы, якія працавалі на развіццё беларускай дзяржаўнасці — Усяслаў, Леў Сапега і іншыя.

Вячаслаў ХАРАНЕКА, шматразовы рэкардсмен свету па гіравым спорце:

— Нашаму лётчыку, першаму герою Беларусі падпалкоўніку Уладзіміру Карвату — абавязкова! Яшчэ Пятру Машэраву…

А чые помнікі на сметніцу?.. Нават і не адкажу адразу, трэба падумаць…

Вадзім ГIГIН, кандыдыт гістарычных навук, дацэнт, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка»:

— У нас, здаецца, усім паставілі ўжо помнікі… Хаця я б паставіў вялікі і светлы помнік (а можа, нават і не адзін) Пятру Міронавічу Машэраву. Гэты чалавек шмат зрабіў для Беларусі. А што тычыцца сметніка… Не ведаю, якія помнікі можна было б прыбраць — усе, здаецца, вывераныя. Нават помнік Леніну на плошчы Незалежнасці — гэта ўжо архітэктурны шэдэўр. І ўвогуле, я не прыхільнік таго, каб нешта выкідваць на сметнік…

Сяржук БАХУН, сакратар Цэнтра падтрымкі Чарнобыльскіх ініцыятыў:

— На сметнік гісторыі адназначна адправіў бы Леніна. А помнік паставіў бы Кастусю Каліноўскаму. І яшчэ князю Вітаўту.

Славамір АДАМОВIЧ, паэт:

— Паставіў бы калектыўны помнік тым 30 з нечым дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусі 12-га склікання, дзякуючы якім і існуе сённяшняя Беларусь. Я нават прыкладна ўяўляю, як ён мог бы выглядаць: Зянон Пазьняк са сцягам у каменных руках, астатнія трымаюць Канстытуцыю, Дэкларацыю правоў чалавека…

Уладзімір СЛАБОДЧЫКАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, загадчык кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў:

— Я не хацеў бы зносіць помнікі — гэта справа не зусім прыемная. Што паставілі — няхай ужо і будзе. Дарэчы, я ў Італіі бачыў помнік Мусаліні, яшчэ даваенны — стаіць, і ніхто не кажа пра тое, што яго трэба зносіць.

Іншая справа, што ў нас, вядома ж, не хапае помнікаў нашым нацыянальным дзеячам. І таму ж Каліноўскаму абавязкова паставіў бы помнік і Касцюшку. А колькі мастакоў, выхадцаў з Беларусі, якія праславілі не толькі беларускую, але і сусветную культуру! Той жа Хруцкі, Суцін, Малевіч і іншыя.

На мой погляд, лепш ставіць помнікі, а не прыбіраць іх. Прыбіраючы помнікі, мы перарываем сувязь паміж мінулым і будучыняй.

new.nv-online.info