Згодна з перапісам, траціна беларусаў штодзень карыстаецца беларускай мовай, а сярод моладзі мова “ў трэндзе”. Аднак, часта беларускамоўныя адчуваюць сябе неабароненымі і нават дыскрымінаванымі. Як з гэтым змагацца, якімі метадамі і дзе шукаць дапамогі?

Змагацца за беларускую мову можна ў самых розных сферах. Для студэнтаў актуальным з’яўляецца абарона права навучання на роднай мове або выкладання пэўных дысцыплін (напрыклад, гуманітарных) на беларускай мове. Для юрыстаў важным з’яўляецца забеспячэнне ўжытку беларускай мовы ў зносінах з уладамі – ў гэтым кірунку ёсць маленькая перамога, бо з гэтага года чыноўнікі абавязаны даваць адказы на мове звароту.

Адказвай мне па-беларуску!

Вялікую працу ў галіне абароны беларускай мовы, якую робіць кампанія “Справаводства па-беларуску”. Юнак з Гомелю, Ігар Случак, на працягу апошні некалькіх год вядзе ўпартае змаганне накіраванае на паляпшэнне рэйтынга беларускай мовы ў грамадстве з дапамогай больш шырокага яе распаўсюду ў справаводстве. Дзякуючы кампаніі зусім нядаўна былі прыняты змены ў закон “Аб зваротах грамадзян”, згодна з якімі унесена норма, якая будзе абавязвае даваць адказ грамадзянам на мове зварота ва ўстанову. Таксама Ігар Случак змагаецца за пашырэнне беларускай мовы ў рэкламным бізнесе, бо апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 70% грамадзян станоўча адносяцца да рэкламы на беларускай мове.

Самы актыўны барацьбіт за беларускую мову

Таксама актыўнай абаронай беларускай мовы займаецца Таварыства беларускай мовы, якое было створана яшчэ ў 1989 годзе. Дзякуючы яму ў грамадскім транспарце прыпынкі аб’яўляюць па-беларуску, а таксама на ўсіх білетах маецца інфармацыя на мове тытульнай нацыі. Акрамя таго ТБМ актыўна займаецца распаўсюдам ідэі стварэння беларускамоўных класаў у школах і беларускамоўных групаў у дзіцячых садках. А зусім нядаўна, сябры арганізацыі супольнымі намаганнямі пераклалі Правілы дарожнага руху. Прэзентацыя Правілаў адбудзецца на сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) 20 сакавіка а 17.30.

Пра што кажа закон?

Асноўны закона, які абараняе правы беларускамоўных, – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 50: “Дзяржава гарантуе кожнаму права карыстацца роднай мовай і выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе свабоду выбару мовы, выхавання і навучання”).

З дадзенага артыкула варта пачынаць змаганне за родную мову ў любых сітуацыях. Можна пачаць збор подпісаў з пазначэннем гэтага артыкула, а можна пачаць накіроўваць дзесяткі зваротаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі. Калі ў вас нічога не атрымалася, нават пры ўпамінанні Канстытуцыі, то варта звярнуцца да Адміністрацыйнага кодэкса (арт. 9.22 “Парушэнне заканадаўства аб мовах”).

Часам можна пачуць у свой боку фразы кшталту “говори на нормальном языке» або яшчэ горш «говори по-человечески». Пры такіх сітуацыях варта смела выкарыстоўваць артыкул таго ж кодэкса (арт. 9.3: “ наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці (у тым ліку па моўнай прыкмеце). Можа і не трэба падаваць на чалавека ў суд, але прыстрашыць безкультурную асобу можна.

Калі інфармацыя пра вялікі штрафы не дае ніякага выніку ў вашым змаганні за родную мову, то варта паспрабаваць выкарыстоўваць Крымінальны кодэкс РБ (артыкул 190 “наўмыснае парушэнне правоў і свабод у залежнасці ад пола, расы, нацыянальнасці, мова […]прадугледжвае санкцыі да пазбаўлення волі да 2-х год). Таксама рэкамендую азнаёміцца з падобнымі артыкуламі 130 і 189.

Як можна змагацца за родную мову?

Агулам можна выдзяліць 3 асноўных спосабаў змагання за родную мову:

1) Збор подпісаў або калектыўных зваротаў у дзяржаўныя органы ўлады.

2) Можна звярнуцца па дапамогу да праваабаронцаў: Праваабарончы Цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Студэнцкая Рада, а таксама да Таварыства беларускай мовы.

3) Карысна падключыць да сваёй працы ў гэтым кірунку аднадумцаў, якіх можна знайсці праз сацыяльныя сеткі, напрыклад у суполках Я разумею беларускую мову!, ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!, Беларускамоўныя.

Спосабаў можа быць нашмат больш, але для самае галоўнае – гэта наяўнасць жадання. Калі кожны з нас будзе адстойваць свае моўныя правы, то сітуацыя можа змяніцца ў лепшы бок. Не варта чакаць ад дзяржавы змены моўнай палітыкі – мы самі можам яе змяніць. А дапамагчы нам у гэтым могуць тыя нешматлікія заканадаўчыя акты, якія можна выкарыстаць на сваю карысць.

З якімі моўнымі сітуацыямі сутыкаліся Вы? Ці спрабавалі абараняць свае правы? Дзяліцеся сваім досведам у каментарыях да артыкула!