Не, усё-ткі не дапрацоўвае міліцыя. Вось і 25 сакавіка тыя, хто вызначаў колькасць удзельнікаў традыцыйнай акцыі на Дзень Волі, выявілі сваю некампетэнтнасць.

Мінус 100 чалавек…

Вось глядзіце: паводле ацэнак розных незалежных адна ад адной крыніц, у дэманстрацыі бралі ўдзел ад 3 да 5 тысячаў чалавек. Вядома, што міліцыя заўжды падвышае колькасць удзельнікаў афіцыйных мерапрыемстваў (кшталту парадаў) і заніжае – апазіцыйных. Гэтым разам, здавалася б, органы унутраных спраў пераўзышлі самі сябе: налічылі ажно 200 дэманстрантаў – у 15-25 разоў менш, чым недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Але ж ці гэта годны паказчык для краіны, якая абірае 110 дэпутатаў са 110 у першым туры, і ўсе яны – прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі? Ні ў якім разе! Таму прапаную да наступнай акцыі загадзя падрыхтаваць інфармацыю для прэсы такога прыкладна кшталту:

“На мітынгу апазіцыі сабраліся мінус 100 чалавек”. Вось гэта будзе “па-нашаму”, па-ярмошынску!

Насамрэч, 3-5 тысяч – таксама не тая колькасць, што здольная каго-небудзь уразіць. Аднак трэба ўлічваць, што Дзень Волі-2012 атрымаўся найбуйнейшай вулічнай акцыяй пасля 19 снежня 2010 году. Гвалтоўны разгон выбарчых пратэстаў шмат каму даўся ў знакі. Тым больш, што ў гэтым годзе напярэдадні 25 сакавіка палітычную атмасферу напаліла пашырэнне Еўрасаюзам санкцый супраць афіцыйнага Мінску. Цалкам магчыма было чакаць ад уладаў Беларусі асіметрычнага адказу: арыштаў удзельнікаў апазіцыйнай дэманстрацыі…

Дзякуй Богу, гэтым разам усё абышлося. Міліцыя паводзіла сябе спакойна, абмежаваўшыся затрыманнем аўтамабіля з гукаўзмацняльнай апаратурай. І нават дзяржаўныя сродкі масавай прапаганды пісалі пра 25 сакавіка адносна паблажліва: так, маўляў, была такая дата ў гісторыі. Нязначная, канешне, але была…

Усё гэта з’яўляецца ўскосным сведчаннем жадання кіраўніцтва Беларусі не ўзмацняць далей канфлікт з
Еўрасаюзам. Хаця і шлях да кампрамісу пакуль прасочваецца з вялікімі складанасцямі.

Пашырэнне санкцый на Юрыя Чыжа, партнёра Аляксандра Лукашэнкі па коўзанню на лядовай пляцоўцы, наўрад ці адаб’ецца на фінансавым стане рэжыма. Яго сёння фінансуюць не набліжаныя да кіраўніка Беларусі бізнесоўцы, а Масква, якая аднавіла гіганцкія субсідыі праз танныя газ і нафту.

На “жартачкі” не хутка забудзецца

Аднак хоць Чыж і сцвярджае, што яму “да аднаго месца” забарона на наведванне краінаў Еўрасаюза, відавочна, што праблема ёсць. Захад паводзіць сябе не так, як чакаў Лукашэнка. Паводле ягоных разлікаў, еўрапейскія палітыкі “без яиц” мусілі на нейкім этапе пайсці на кампрамісы. Аднак замест гэтага яны працягваюць адказваць ударам на удар. Асабліва шчыруе Берлін: міністр замежных спраў Нямеччыны Гіда Вестэрвелле не хутка забудзецца на “жартачкі” наконт ягонай сексуальнай арыентацыі.

Атрымліваецца непрыемная сітуацыя. З боку Захада Лукашэнке нічога сур’ёзнага не пагражае, бо за спіной Расія. Але ж Масква, бачачы суцэльны разлад паміж Мінскам і Брусэлем, пачынае прыпіраць хаўрусніка да сценкі. Найсвяжэйшым сведчаннем таму з’яўляецца “паветраная разборка”, у выніку якой на некалькі гадзінаў спыніліся авіярэйсы паміж расійскай і беларускай сталіцамі.

Ясна, што гэта нават яшчэ не кветачкі. Хутка за справу возьмецца Уладзімір Пуцін, якога такая драбяза, як колькасць пералётаў паміж Мінскам і Масквой, не хвалюе. Новы-стары гаспадар Крамля выставіць куды больш сур’ёзны рахунак.

Таму Лукашэнку трэба неадкладна ратавацца ад перспектывы застацца сам на сам з расійскім “сябрам”. Дзеля аднаўлення мастоў з Еўрасаюзам можна нават і апазіцыйную дэманстрацыю стрываць…

svabodaby.net