Увядзеньне карты суайчыньніка ў замежжы – гэта адзін з тых законаў, якія павінныя абмяркоўвацца, уводзіцца і прымацца, а пасьля пільна кантралявацца выключна ў нацыянальна маналітных, дэмакратычных, і багатых дзяржавах.

Сёлета ў ліпені я ўдзельнічаў у V Зьезьдзе Беларусаў Сьвету. Адным з асноўных пытаньняў зьезду было прыняцьце „Прапановаў у праект закона „Аб беларусах замежжа””, якія агаворваюць галоўныя моманты зьвязаныя з так званым „Пасьведчаньнем беларуса замежжа” ці інакш кажучы „картай беларуса” i падставы да атрыманьня такога дакумэнту. Прапановы ў праект былі прынятыя шляхам адкрытага галасаваньня, большасьцю галасоў дэлегатаў зьезду. Самыя вялікія супярэчнасьці выклікаў „Артыкул 1. Асобы, якія адносяцца да беларусаў замежжа”, падпункт 1.1.5 — супраць якога прагаласавала, бадай, менш за дзесяць дэлегатаў. Я меў гонар быць адным сярод тых, што прагаласавалі супраць. Цяпер, калі эмоцыі ад V Зьезду Беларусаў Сьвету памалу спалі, лічу патрэбным патлумачыць сваю пазыцыю ў падыходзе да гэтага пытаньня.

 

Пасьведчаньне беларуса замежжа, як і аналягічныя дакумэнты ў іншых краінах (Польшча, Вугоршчына) даюць сваім суайчыньнікам у замежжы, якія ня могуць скарыстацца правам на двайное грамадзянства і па нейкіх прычынах ня маюць магчымасьці атрыманьня карты пастаяннага жыхарства, шматлікія правы. Гэтыя правы, між іншым, заключаюцца ў бясплатным атрыманьні візаў, неабмежаваным у часе знаходжаньні на тэрыторыі краіны, бясплатным навучаньні, сацыяльнай апецы, карыстаньні паслугамі службы аховы здароў’я, набыцьці маёмасьці і зямлі, праву на працу на аднолькавых умовах з грамадзянамі краіны, а ў пэрспэктыве, поўную інтэграцыю ў грамадзтва, з магчымасьцю атрыманьня карты пастаяннага жыхарства і грамадзянства. Адначасна адпаведныя законы агаворваюць падставы і ўмовы атрыманьня такіх дакумэнтаў. Менавіта апошні момант праекту можна лічыць найбольш непрадуманым.

 

Паводле прынятых прапановаў да беларусаў замежжа, між іншым, адносяцца „асобы, якія ўсьведамляюць сябе беларусамі, г.зн. сваім паходжаньнем, дзейнасьцю, ужываньнем беларускай мовы як штодзённай, выхаваньнем нашчадкаў зазначылі сваю прыналежнасьць да беларускага народу”. Асобы, якія рыхтавалі гэты дакумэнт і вядоўцы галасаваньня, не зважаючы, на пратэсты некаторых дэлегатаў, настойліва адраілі ўвядзеньне фармулёўкі „этнічныя беларусы”, спаслаўшыся на тое, што гэта „нагадвае ідэалёгію адной з перадваенных дзяржаваў” (вольнае цытаваньне спадара В. Голубева). Аднак калі можна пагадзіцца, што акрэсьленьне „этнічнасьці” даволі расплывістае і як кожны абстрактны тэрмін, з часам падлягае ўдакладненьню, то нельга запярэчыць таму, што ён і так нашмат больш канкрэтны за няўцямны тэрмін „паходжаньне”. Калі „этнічны беларус” – гэта кожны чалавек, чые бацькі нарадзіліся на этнічна беларускім абшары і адносілі або адносяць сябе да беларускага этнасу, то „беларус па паходжаньні” – гэта чыстае пустаслоў’е, якое ня мае за сабою ніякіх канкрэтных фактараў, дазваляючых „праверыць” ці „давесьці” свой зьмест.

 

Па прапановах у праект закона “Аб беларусах замежжа” відаць, што ён ў значнай ступені, быў заінспіраваны аналягічным дакумэнтам – „Картай паляка”, уведзенай польскай уладай 7 верасьня 2007. Адпаведна шмат якія фармулёўкі ў адным і другім дакумэнце маюць ідэнтычнае гучаньне. І ўсё ж, не зважаючы на гэта, беларускі праект, у адрозьненьне ад свайго польскага „калегі”, вельмі расплывісты. Палякі, напрыклад, таксама адмовіліся ад слова „этнічны”, але адначасова дакладна прапісалі тры ўмовы атрыманьня карты паляка: a) давядзеньне сувязі з Польшчай на падставе валоданьня польскай мовай, веданьня і культываваньня польскіх традыцый і звычаяў; b) падача, у прысутнасьці адпаведнага консула, пісьмовай дэклярацыі пра прыналежнасьць да „польскай нацыі”; c) давядзеньне, што прынамсі адзін з бацькоў, або дзядоў, або двух прадзедаў былі польскай нацыянальнасьці або мелі польскае грамадзянства; ці прадстаўленьне пасьведчаньня польскай палянійнай арганізацыі, дзеючай на тэрыторыі адпаведнай дзяржавы, пра актыўнае заангажаваньне ў дзейнасьць на карысьць польскай культуры або польскай нацыянальнай мяншыні на працягу прынамсі трох гадоў. Важна, што для атрыманьня Карты паляка трэба абавязкова споўніць усе тры умовы, а таксама тое, што сьпіс арганізацыяў, якія маюць права выдаваць пацьверджаньні пра „актыўнае заангажаваньне”, уключае 34 арганізацыі, акрэдытаваныя да гэтага польскім урадам. Гэтыя ж арганізацыі праводзяць праверку ўзроўню валоданьня польскай мовай. Трэба зацеміць, што з гэтага сьпісу выключаны праўладны Саюз палякаў у Беларусі. Замест яго пасьведчаньні выдаюць улады гэтай арганізацыі, выбраныя 12–13 сакавіка 2005 году. Гэта азначае, што польскі ўрад праводзіць няспынны маніторынг працэсу, зьвязанага з працэдурай атрыманьня Карты паляка. Дастаткова паглядзець на гісторыю і цяперашні стан беларускіх арганізацый замежжа, каб здагадацца, якія зь іх атрымалі б аналягічныя паўнамоцтвы пры наданьні „Пасьведчаньня беларуса замежжа” і ў якіх мэтах, а таксама каму выдаваліся б адпаведныя дакумэнты.

 

Іншы істотны момант – палякі адмовіліся ад вызначэньня „этнічны паляк”, але ў той жа час дакладна вызначылі краіны, грамадзяне якіх маюць права на складаньне заяваў на атрыманьне карты паляка. Гэтае права пашыраецца выключна на краіны былога СССР, дзе падвоенае грамадзянства часта не прадугледжваецца законам і дзе шчыльна пражываюць этнічныя палякі. Беларускі праект такое абмежаваньне не ўстанаўляе – Пасьведчаньне беларуса замежжа мае права атрымаць грамадзянін любой краіны сьвету, пры ўмове пацьвярджэньня прыналежнасьці да беларусаў замежжа. Калі кандыдатам на Карту паляка трэба споўніць шэраг умоваў, то кандыдатам на пасьведчаньне беларуса замежжа дастаткова, напрыклад: „У выпадку адсутнасьці якіх-небудзь дакумэнтаў або іншых доказаў, валоданьне беларускай мовай зьяўляецца дастатковым доказам прыналежнасьці да беларускага народу.” У той жа час ступень валоданьня, а таксама ўстанова, якая мае праводзіць праверку валоданьня мовай, натуральна, ускладаецца на дзяржаўныя органы. Што з гэтага вынікае – у нашых умовах нельга спадзявацца, што цяперашняя ўлада дазволіць „дыскрымінацыю” расейскамоўных беларусаў замежжа і абавязкова ўвядзе папраўку: „Валоданьне беларускай АЛЬБО рускай мовай зьяўляецца дастатковым доказам…” У такой папраўцы ў законапраект сумнявацца не прыходзіцца і калі прыгадаць пра адмаўленьне ад фармулёўкі „этнічны беларус”, то можна ўявіць, якога роду кантынгент стане, не дай Божа, упаўнаважаны да атрыманьня пасьведчаньня беларуса замежжа, а таксама якія ўстановы могуць узяць на сябе прававую адказнасьць за праверку ўзроўню іх валоданьня беларускай альбо рускай мовай.

 

Калі тая ж Польшча ці Вугоршчына адпаведнымі законамі могуць рэальна прыцягнуць і ўжо прыцягваюць сваіх суайчыньнікаў замежжа, то Беларусь, на сёньняшні дзень, можа прывабіць у краіну выключна масавую нелегальную эміграцыю, у асноўным з краінаў трэцяга сьвету, бо трэба сумнявацца ў тым, што гэты закон мог бы заахвоціць да поўнага вяртаньня, часьцейшага наведваньня ці завязаньня этнічнымі беларусамі замежжа, якія пражываюць на захадзе, шчыльнейшых сувязяў з бацькаўшчынай. Цяперашняя адукацыя, сацыяльная апека, служба аховы здароў’я, урэшце само жыцьцё ў краіне адназначна ня здольныя спакусіць беларусаў, якія жывуць у Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах ці той жа Польшчы, але адназначна зьяўляюцца прывабнымі для грамадзянаў краінаў з адносна горшым – Расея, ці адназначна горшым узроўнем жыцьця (краіны Азіі, Афрыкі). У рэаліях беззаконьня, якое пануе ў Беларусі, пасьведчаньне беларуса замежжа можа таксама разьвязаць рукі ў пытаньні незаконнага гандлю, наркатрафіку і сэкс-турызму, адмываньня падпольнага капіталу і, што з гэтым зьвязана, пагаршэньнем сацыяльнай абароненасьці, пашырэньнем розных дэгенэрацыйных формаў паводзінаў, звыродненьня грамадзтва і, урэшце, заняпаду і без таго слабых сацыяльнай апекі і службы аховы здароўя.

 

У культурным пляне, у адрозьненьне ад нацыянальна моцных дзяржаваў, мы ня ў сілах інтэграваць „беларусаў замежжа” (у разуменьні прапанаванага закону) у сваю культуру, якая і без таго займае ў нашай дзяржаве маргінальныя пазыцыі. Калі ў Польшчы і ў Вугоршчыне бяз мовы карэннай нацыі дасягнуць пэўнага статусу проста немагчыма, то ў Беларусі такія выпадкі добра вядомыя. Увядзеньне карты суайчыньніка ў замежжы – гэта адзін з тых законаў, якія павінныя абмяркоўвацца, уводзіцца і прымацца, а пасьля пільна кантралявацца выключна ў нацыянальна маналітных, дэмакратычных, і багатых дзяржавах. У руках дыктатуры такі закон можна прыраўняць да закону пра сьмяротнае пакараньне. Калі сам закон можа мець свае плюсы і мінусы, то ў руках дыктатуры – гэта выключана прылада зброі.

 

 


 

 

Віталь Воранаў (нар. 1983 у Менску) — літаратар, перакладчык, выдавец. Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані і выдавецтва «Белы Крумкач». Студэнт унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані і Заходнечэскага ўнівэрсытэту ў Пльзені. Перакладчык «У чаканьні Гадо» Сэм’юэла Бэкета і «Віня-Пыха» Алана Мілна на беларускую мову.