Гартаючы старонкі заходнебеларускіх выданняў, сустрэў артыкул, які ўразіў сваім зместам. Незалежны радыкальна-народны часопіс «Беларускі фронт», які выдаваўся вядомымі беларускімі нацыяналістамі В. Папуцэвічам, Л. Дубейкаўскім, В. Гадлеўскім і М. Шкялёнкам, у сваім пятым нумары за 1936 год размясціў артыкул пра ўсходнюю арыентацыю беларусаў. Нягледзячы на тое, што з таго часу прайшло ўжо больш за паўстагоддзя, а сітуацыя ў краіне некалькі разоў мянялася радыкальным чынам, асноўныя палажэнні артыкула захапляюць сваёй слушнасцю, а паралелі напрошваюцца самі сабой.  Прыводзім артыкул цалкам з захаваннем арыгінальнай арфаграфіі.

 

 

Усходняя ар’ентацыя беларусаў

Ёсьць ведамым фактам, што паміж беларусамі вельмі пашырана г. зв. усходняя або расейская ар’ентацыя. Прычын на гэта даволі многа як з мінуўшчыны так і сучаснасьці. З мінуўшчыны асталіся ўспаміны, асабліва пасярод старэйшых, даўнейшага «добрага» жыцьця за часоў царызму на розных урадавых пасадах; прыпамінаюцца магчымасьці паехаць у далёкія гарады Расеі, на заработкі або нават пашукаць свабоднай зямлі для сябе у Сібіры, Туркестане ці нават Амуры… Проціўстаўляецца гэтым магчымасьцям сяньняшняе бяззыхаднае палажэньне і «закаркаваннасьць» краю — усё гэта ў старэйшым пакаленьні пакінула нейкую тугу за даўнейшым жыцьцём у царскай Расеі і ёсьць аднэй з прычын усходняй ар’ентацыі часткі беларускага грамадзянства. Па­сярод маладзейшага пакаленьня таксама адыгрывае вялікую ролю «цяга» да ўсходніх прастораў, дзе можна знайсьці работу; але апроч гэтага ў яго ёсьць яшчэ іншая прычына усходняй ар’ентацыі, а гэтай прычынай ёсьць будова новага грамадзкую ладу на прасторах даўн. Расеі. Гэты лад мае ўстроіць жыцьцё пановаму, без зьненавіджаных ад веку гнібіцеляў, мае даць усім працу і жаданую грамадзкую справядлівасьць — і вось гэты новы лад цягне да сябе асабліва моладзь, якая заўсёды шукала большай справядлівасьці на гэтым сьвеце…

Такім парадкам стварылася пасярод беларусаў усходняя, або як цяпер кажуць, камуністычная ар’ентацыя. Кожны ведае, што ня усе з усходняй ар’ентацыяй беларусы былі і ёсьць камуністамі: яны часта ня толькі ня хочуць камунізму, але нават ненавідзяць яго; аднак годзяцца з ім, як з меншым злом, бо кажуць, іншага выхаду няма… Непрагляднасьць сучаснага палажэньня робіць іх мімаволі калі ўжо не сапраўднымі грамадзкімі камуністамі, то прынамся палітычнымі… Не ар’ентуючыся на камунізм, яны ўсёжтакі ар’ентуюцца на ўсход, бо там бачаць для сябе асабіста адзіны выхад.

Апроч гэтага некаторых беларускіх „ідэолёгаў» цягне ўсход, як адзіны кірунак і магчымасьць экспансіі беларускага народу. Кажуць, што на захадзе ўжо месца няма, што захад для беларусаў нічога ня дасьць, а ўся будучыня для бе­ларускага народу, як з боку эканамічнага так і нацыянальнага, ляжыць на ўсходзе — і дзеля гэтага яны ўсе свае спадзяваньні скіроўваюць толькі на ўсход…

Закранаем тут прынцыповае пытаньне, якое мае вялізарнае значэньне для беларускага народу і хацелі-б, каб яно было як найшырэй прадыскутавана і выясьнена ў беларускім грамадзянстве.

Выясьняючы нашае становішча, мы падойдзем да гэтага пытаньня з пункту гледжаньня тэорэтычнага і практычнага.

У тэорыі мы нічога ня маем проціў усходняй ар’ентацыі. Прызнаем вялікія магчымасьці працы на ўсходніх прасторах, бачым магчымасьці эміграцыі у Сібір, Турке­стан і інш. краіны, бачым таксама нашых братоў-беларусаў на ўсходзе — словам, у тэорыі ўсё прамаўляе за усходняй ар’ентацыяй.

У практыцы аднак справа прадстаўляецца інакш. Перш за ўсё ўсход ня ёсьць краінай незанятай, ён мае свае насельніцтва і сваю форму ўлады. Гэтая форма цяпер камуністычная.

Ня маючы нічога проціў камунізму, як сацыяльнага кірунку (бо працаваць разам і спажывадь разам ёсьць часта вельмі карысным), мы аднак ня можам ар’ентавацца на сяньняшні марксаўскі камунізм. Камунізм гэты ёсьць ня толькі сацыяльным кірункам, але і філёзофічным, кладучым асновы для ўсяго сьветагляду чалавека. А марксаўскі камунізм, як ведама, апіраецца на матэр’ялістычным паглядзе на сьвет і на ўсе жыцьцёвыя працэсы чалавецтва. Пагляд гэты загадывае глядзець на чалавека, як на вышэй разьвітую жывёліну, якая мае перад сабою толькі змаганьне за існаваньне, душэньне інакш думаючай жывёліны, якая завецца чалавекам і адбіраньне ад яе свабоды ў імя камунізму…

Мы аднак уважаем, ште чалавек мае права да свабоды — і то большай, чым мае жывёла, што ён мае ня толькі матар’яльныя патрэбы, але і духовыя, і што да асягненьня гэтых патрэб павінен мець поўную свабоду. Камунізм гэтага ўсяго не дае і затым мы ў сучаснасьці на ўсходнюю ар’ентацыю згадзіцца ня можам.

Ня можам на гэта згадзіцца ня толькі з агульначалавечага пункту гледжаньня, але і з беларускага. Справа ў тым, што камуністычная ўлада нішчыць зьмест беларускага народу, нішчыць яго цела і душу, нішчыць фізычна і духова. Аб фізычным нішчэньні беларускага народу ў Саветах пісалася ужо няраз і ўсіх довадаў паўтараць тут ня будзем, пакажам толькі на галоўныя факты: высыланьне на ўсход, «на большы прастор», беларускага сялянства, якое там распыляецца і гіне для бела­рускага народу; прысыланьне у Беларусь чужынцаў (расейцаў, калмыкоў, кіргізаў і інш.), якія нішчаць нацыянальныя, беларускія асаблівасьці краю; заводжаньне сілаю калектывізацыі і адбіраньне ад бел. сялян пладоў іхнай працы і вывожваньне іх у гарады Расеі, прычым бел. сялянства часта цярпіць голад — гэта ёсьць факты фізычнага нішчэньня беларускага народу на ўсходзе, у Саветах.

Апроч фізычнага нішчэньня праводзіцца плянова. і духовае нішчэньне, бо нішчыцца зьмест бе­ларускай культуры, а пакідаецца толькі форма яе. Прыгэтым тыя беларускія дзеячы, якія хацелі разьвіцьця беларускай культуры ня толькі у форме, але і эьмесьце, растрэляны або вывезены на ўсход…

На гэта можа хто сказаць: як жа, то ж там ёсьць беларускія школы і друкуюцца беларускія кніжкі, а ў іншых дзяржавах, у якіх жывуць беларусы, і гэтага няма). Так, у Сав. Беларусі ёсьць бел. школы і кніжкі, але якія яны? Ці яны ёсьць сапраўды беларускія, і формай і зьместам? Вось-жа на гэтае пытаньне мусім адказаць, што і школы і кніжкі тамака толькі ў форме (мове) сваей беларускія, а ў зьмесьце сваім яны інтэрнацыянальныя і накіраваны да тэй мэты, каб вырваць з беларускага народу яго нацыянальнае пачуцьцё і зрабіць яго „савецкім» наро­дам. Дый нават сама форма беларуская ня ўсюды дадзена беларускаму насельніцтву, як напр. у Смаленшчыне, Чарнігаўшчыне, Віцебшчыне і іншых бел. Землях, якія дагэтуль не далучаны да Сав. Бе­ларусі і маюць расейскую мову ў кніжцы і школе. А ўзяць яшчэ аслаўленую Дзяржыншчыну (Койданаўшчыну), дзе праз стварэньне ў сэрцы Беларусі польскага раёну праводзіцца польшчаньне белару­сау! Як тут так і там адбываецца жорсткае духовае і фізычнае ніш- чэньне беларускага народу. На гэтакае нішчэньне мы ар’ентавацца ня можам.

I калі нават у другіх дзяржавах беларусы ня маюць усяго, чаго яны жадаюць, дык гэта яшчэ ня довад, што яны павінны ар’ен­тавацца на камуністычны ўсход. Гэтак робяць людзі з парабкоўскаю душою, якая заўсёды шукае «лепшага» пана і якая ня можа зразумець вольнага незалежнага жыцьця. А гаспадарская душа мае іншыя мэты: яна ідзе да свайго собскага гаспадарства.

Некаторыя кажуць, што камунізм ня вечны, ён праміне, як і ўсё на гэтым сьвеце, а пасьля камунізму прыйдзе новы лад, но­вая Расея, і ўсёжтакі наша буду­чыня на ўсходзе…

Спытаемся ў іх, якая гэта мае быць, гэтая «будучая» Расея: цар­ская, дэмакратычная ці якая іншая? У кожным выпадку яна будзе ня лепшая за камуністычную, бо яна будзе прадусім зьбіральніцай усіх «рускіх» зямель, будзе русыфікаваць усіх «інародцаў» і ня будзе прызнаваць беларускай культуры нават у яе форме. Значыць — і на будучую Расею ар’ентавацца таксама ня можна.

3 абвяшчэньнем праекту новай савецкай канстытуцыі некато­рыя беларусы пачалі выражаць надзею, што камуністы з часам зусім «паправеюць» і дадуць поўную грамадзкую свабоду для народаў і грамадзян Савецкага Саюзу. Мы аднак інакш глядзім на гэту справу: мы пракананы, што камуністы ніколі не адкажуцца ад прынцыпу дыктатуры, а побач з дыктатурай ня могуць існаваць поўныя грамадзкія свабоды.

Ды ўрэшце прабываньне у граніцах Савецкага Саюзу ня ёсьць для нас ідэалам: мы маем большы і вышэйшы ідэал, а гэтым ідэалам ёсьць незалежнасьць Беларусі. Ідучы да гэтай незалежнасьці, мы як ня можам ар’ентавацца на захад, так ня можам ар’ентавацца на камуністычны, ці які іншы ўсход, бо гэты ўсход поўнай незалежнасьці Беларусі не прызнае.

У канцы прыпомнім сповы лёрда Салісбуры, каторы сказаў: «Народы, якія ня маюць сваей дзяржавы, выміраюць. Гэтакая ж доля чакае тыя народы, якія згадзіліся на пазбаўленьне іх грамадзкіх і палітычных правоў».