У Беларусі абвешчана маштабная кампанія па папулярызацыі герояў паўстання 1863-1864 гадоў – Год Каліноўскага. Створаны адмысловы аргкамітэт з некалькіх дзясяткаў грамадскіх і культурніцкіх дзеячаў, які ачолілі вядомы гісторык і публіцыст Янка Запруднік, а таксама лідары Руху “За Свабоду” і кампаніі “Гавары праўду!” Аляксандр Мілінкевіч і Ўладзімір Някляеў.

Апрача іх, у складзе аргкамітэта па адзначэнні Года Каліноўскага – Уладзімір Арлоў, Антон Астаповіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Колас, Аляксей Марачкін, Наста Палажанка, Барыс Пятровіч (Сачанка), Сяргей Харэўскі ды іншыя.

Год Каліноўскага прымеркаваны да надыходзячага 150-годдзя вызвольнага паўстання супраць расейскага царызму. Мерапрыемствы кампаніі пачнуцца ўвосень 2012 года і будуць ладзіцца цягам усяго 2013 года.

Мерапрыемствы запланаваны самыя разнастайныя – ад прыборкі могілак герояў-паўстанцаў да навуковых канферэнцый. Як распавёў выканаўчы сакратар аргкамітэта, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сярод іншага будзе створаны дакументальна-публіцыстычны фільм “Кастусь”, прынятыя звароты да выканкамаў з прапановай назваць вуліцы гарадоў імем Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання.

Паводле яго словаў, чакаюцца маладзёжныя крэатыўныя акцыі па папулярызацыі постаці Каліноўскага – дзеля пераўтварэння яго асобы ў брэнд Беларусі, у “беларускага Чэ Гевару”.

Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што Год Каліноўскага ў першую чаргу разлічаны на моладзь, якая павінна выхоўвацца на славутых і гераічных постацях. Лідар Руху “За Свабоду” давёў, што гэта вельмі важна, таму што цяпер ў школы вяртаюцца “імперскія” падручнікі: “Растуць канфармісты… Патрэбна выхаванне на постацях”.

“А Каліноўскі – апостал беларускай свабоды і барацьбы за незалежнасць. Герой на ўсе вякі! Гэта прыклад для нас. Такія людзі ствараюць пачуццё годнасці для нацыі. Тое, за што змагаліся паўстанцы 1863-1864 гадоў, актуальна і цяпер. Не стае свабоды, пад пагрозай незалежнасць. Шмат часу прайшло, але для беларусаў працягваецца змаганне за выжыванне нацыі, дзяржавы”, — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Разлічвае аргкамітэт, што ініцыятыва па ўшанаванні паўстанцаў Каліноўскага знойдзе станоўчую рэакцыю ва ўладаў. “Якой б ні была ўлада, мы ўсе беларусы. Нашы суседзі змагаюцца за любую постаць, за якую можна зачапіцца – гераізаваць, зрабіць сімвалам нацыі, падымаць, падымаць, падымаць… Гэта цэментуе нацыю,” – заўважыў Уладзімір Някляеў.

Паводле яго, “ёсць людзі і ва ўладзе, якія любяць Беларусь і выхаваныя на Каліноўскім”.

Нагадаем, пароль паўстанцаў:

— Каго любіш?
— Люблю Беларусь!
— То ўзаемна!»

“Супольныя справы – вось дыялог, — дадае Мілінкевіч. – Калі дзяржава дбае, калі для ўладаў перадусім Беларусь, то яна падтрымае нашу ініцыятыву”.

Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што вельмі спадзяецца на лакальныя актыўнасці ў справе адзначэння Года Каліноўскага. Бо шмат мясцін звязаны з гэтай гістарычнай падзеяй. Ён прывёў у якасці прыкладу свае родныя Бершты, якія былі адным цэнтраў паўстання. Побач ёсць балота, якое завецца Святым. На гэтым балоце ёсць выспа, на якой паўстанцы памерлі з голаду, але не трапілі ў рукі царскіх войскаў.

У тым ліку ў такіх вось месцах павінны стаяць крыжы, помныя знакі, вісець мемарыяльныя шыльды. Натуральна, што ў краіне павінны быць помнікі Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам.

“Ліст з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага (урывак)

“Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе”.