Выступленне Часовага паверанага ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкла Скэнлана на прыёме з нагоды Дня незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі

 

Шаноўныя госці, сябры і калегі!

Вітаю Вас на святкаванні дзвесце трыццаць шостай гадавіны незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі. Я рады, што мы святкуем гэты важны дзень разам.

Гісторыя Амерыкі – гэта ў пэўнай ступені гісторыя эмігрантаў у пошуках лепшай будучыні.  Такія беларусы, як Тадэвуш Касцюшка, Дэвід Сарноф, Барыс Кіт, з іх прагай пераменаў, дапамагалі будаваць маю краіну.

Беларускую і амерыканскую гісторыю таксама аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці. Напрыклад, Беларусь была сярод першых у спрыянні рэлігійнай свабодзе, што было выключнай справай для Еўропы 16-га стагоддзя. Статут Вялікага Княства Літоўскага быў   істотна важным для верхавенства права, а Магдэбургскае права давала грамадзянам магчымасць самастойна кіраваць сваімі гарадамі.
У студзені мы адзначылі 20-ю гадавіну заснавання амерыканскай амбасады ў Мінску. У нашых двухбаковых стасунках былі і пад’ёмы, і спады. Але Злучаныя Штаты заўсёды імкнуліся будаваць адносіны, грунтуючыся на агульных каштоўнасцях, якія ў сваім, без сумневу, еўрапейскім мінулым падзяляла Беларусь.

У 2010 годзе мы спадзяваліся, што Беларусь паступова вяртаецца да гэтых каштоўнасцяў. Напрыклад, у снежні беларускі ўрад прызнаў у сумеснай заяве са Злучанымі Штатамі, што “большая павага дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі  … жыццёва важная для развіцця краіны і яе грамадзянаў”.

У 2010 годзе мы таксама бачылі прыкметы лібералізацыі, уключна з больш адкрытай, па меншай меры напачатку, прэзідэнцкай кампаніяй. Аднак рэпрэсіі пасля выбараў, якія дагэтуль не спыніліся, разбілі гэтыя надзеі. На жаль, некаторыя нашы госці не змаглі да нас далучыцца, таму што несправядліва зняволеныя.

Спадзяюся, што Беларусь вернецца да агульных каштоўнасцяў, якія падзяляла ў сваім ганаровым мінулым. Сёння гэтыя прынцыпы ўвасоблены ў дэмакратыі, свабодным рынку, актыўнай грамадзянскай супольнасці і такіх асноўных правах, як свабода сходаў і прэсы.
У хуткім часе я пакідаю Беларусь. У мяне назаўсёды застанецца добры ўспамін аб вашай краіне. Сотні беларусаў, з якімі я пазнаёміўся, – відавочны  прыклад вашага бязмернага таленту.

Я шчыра спадзяюся, што прыдзе час, калі ў Беларусі сістэма зменіцца і гэты талент будзе ацэнены і скарыстаны.

Шчыры вам дзякуй, сябры! Дазвольце мне прапанаваць тост за незалежнасць Амерыкі і за свабоду Беларусі. Блаславі бог Амерыку! Жыве Беларусь!