Як снежань немінуча прыносіць Новы год, так верасень – рэспубліканскія “Дажынкі”. Ізноў будуць СМІ надзьмуваць з двух бакоў два супрацьлеглыя медыйныя вобразы падзеі. Афіцыйныя – як дасягнення новых вышынь у гарадскім добраўпарадкаванні ды праявы заботы аб селяніне. Незалежныя – як чарговую забаўную праяву трэшу і “аграгламуру”. Будзе шмат патасу, шмат жартаў і фотажаб, але чарговы раз не прагучыць нешта вельмі важнае.

Сёлетнія “Дажынкі” стануць шаснаццатымі. Час не тое што падсумоўваць назапашаны вопыт – можна дысертацыі спакойна пісаць.

Перадусім важна адзначыць заганнасць практыкі “святочнага” добраўпарадкавання, калі можна гадамі нічога (ці амаль нічога) не рабіць з горадам, не ўкладаць у інфраструктуру, а потым за год усё перарабіць. Што зроблена добраўпарадкаванне на хуткую руку, з парушэннем пэўных нормаў, часам насуперак генплану, нерацыянальна, бо ў шалёнай спешцы не было часу элементарна паразважаць, – усё гэта адыходзіць на другі план. Любы разумны чалавек пры тым разумее: метадычнае і прадуманае ўкладанне грошаў нашмат больш эфектыўнае. Разумеюць, але не робяць? Наадварот, правядзенне “Дажынак” рэспубліканскіх, абласных, Дней беларускага пісьменства сведчыць аб тым, што гэтая практыка “святочных” рамонтаў вельмі добра замацавалася і культывуецца. Адказ на пытанне чаму так сталася можа быть больш складаным чым падаецца. Па-першае, відаць у пэўны момант паступовае планамернае развіццё горада пачало даваць збоі, выявіла сваю неэфектыўнасць. Гарады, кіруючыся ёй, прыходзілі і прыходзяць у заняпад, з якога як раз “Дажынкі” нібыта мусяць ратаваць. Па-другое, па ўсім выглядае, што існуе выразнае чынавенскае лоббі, для якога “святочнасць” мае аб’ектыўныя і суб’ектыўная перавагі над планамернасцю. Як перавесці гарады на планамернае, эфектыўнае развіццё – вялікая метадалагічная задача, што патрабуе сур’ёзнай междысцыплінарнай навуковай распрацоўкі, пасільнай хіба кангламерату даследчыкаў, з прыцягненнем аналітыкі Дзяржкантролю і г.д.<!** Image 4 align=»middle» alt=»Сёлета да саламянага цягніка дадаўся шаснаццаты вагон — »Горкі-2012»» sub=»Сёлета да саламянага цягніка дадаўся шаснаццаты вагон — »Горкі-2012»» >Сама паслядоўнасць выбару гарадоў для чарговых рэспубліканскіх “Дажынак” сведчыць, што хутка канцэпцыю свята прыдзецца істотна перапрацоўваць, бо дасюль сістэма ішла па нарастаючай – кожная вобласць імкнецца выставіць на “Дажынкі” як мага большы горад.

Мінская – Нясвіж і Маладзечна, Віцебская – Полацк і Оршу, Магілёўская – Горкі і 200-тысячны Бабруйск, Гарадзенская – Ваўкавыск і Ліду… Сёлетні канфлікт паміж Гомелем і Рагачовам за права правядзення наступных “Дажынак” сведчыць пра тое, што стаўкі растуць. Але ж буйныя райцэнтры заканчваюцца. Засталіся яшчэ абласныя гарады, але ж гэта ўжо выглядае дзікавата. Цяпер падумайце: як можна засвоіць скажам у Наваполацку сёлетніх 595 млрд. руб. пры тым, што Лядовы палац там ужо ёсць? Міжнародны аэрапорт збудаваць? А яшчэ ж трэба дбаць і аб мэтазгоднасці тратаў. Таму “Дажынкі” будуць рэфармавацца.

“Дажынкі” ў сённяшніх рэаліях становяцца выпрабаваннем для горада. Не толькі для чынавенства, але і для грамадзянскай супольнасці (калі верыць у яе існаванне). “Дажынкі” – гэта шанец, “залаты дождж”, які ільецца раз на 100 гадоў для рэалізацыі самых смелых пражэктаў, самых патаемных мараў аб уласным горадзе. “Дажынкі” – своеасаблівае “акно магчымасцяў” для самых розных групаў, гатовых прасоўваць свае інтарэсы.

І яшчэ колькі слоў аб набалелым – пра помнікі. Гэтым летам деследчая група “Лятучага ўніверсітэту” вырашыла засяродзіцца на распрацоўцы пытання захавання спадчыны і трансфармацыі гарадской ідэнтычнасці падчас падрыхтоўкі да “Дажынак”. Сіламі энтузіястаў было праведзена даследаванне фактычнага матэрыялу, зладжаныя некалькі экспедыцый у постдажыначныя гарады. Галоўным пытаннем было ці можна ўвінціць, уманціраваць у своеасаблівы дажыначны стандарт (лядовы палац, наберажная, амфітэатр, пешаходная зона і кілатоны тратуарнай пліткі) яшчэ і беражлівае стаўленне да архітэктурнай спадчыны, актуалізаваць і дзе трэба – аднавіць, адрэстаўраваць помнікі? Высновы несуцяшальныя. Мясцовая адміністрацыя, будаўнікі не бачаць спадчыну, амаль не заўважаюць яе, калі толькі гэта не руіны ў цэнтры горада, што мулялі вока гадамі (як у Оршы). І тое часам прасцей знесці. Падчас экспедыцый мы размаўлялі не з чынавенствам, але ж з актывістамі, мясцовымі журналістамі, краязнаўцамі, то бок людзьмі з актыўнай пазіцыяй, вельмі добра ўкаранёнымі ў гарадскую паўсядзённасць. І што? У 80 % гэтыя людзі таксама не заўважаюць спадчыны. “Усё вайна знішчыла” – адзін і той адказ мы атрымалі ў Кобрыне, Маладзечне і нават Бабруйску – гарадах з захаванай комплекснай гістарычнай забудовай (асабліва сваімі бясконцымі шэрагамі дарэвалюцыйных яўрэйскіх дамоў уразіў Бабруйск).

Праблема як заўсёды шматгранная. Не хапае высакокваліфікаваных гуманітарных кадраў, адмыслоўцаў па захаванні спадчыны, якія б праводзілі ў гарадское жыццё ідэю аб беражным абыходжанні з помнікамі, даводзілі адказным асобам, што акрэслены і актуалізаваны гістарычны цэнтр робіць істотны ўнёсак у падвышэнне якасці жыцця, лакальнага патрыятызму і ўрэшце рэшт уплывае на эканамічны ўзровень. Так жыве ўся Еўропа – адтуль да нас транслюецца ідэя надзвычайнай каштоўнасці спадчыны, каштоўнасці старога. У Беларусі гэтую ідэю ўспрынялі хіба толькі абласныя цэнтры, ды й тое, пакуль што моцна кульгаюць у гэтым накірунку. У райцэнтрах выразна дамінуе каштоўнасць новага, свежага, пачышчанага. Архітэктары, якія праектуюць пераўтварэнні, і якія мусілі б па ідэі рупіцца пра карэктнае абыходжанне са спадчынай, не маюць адмысловай кваліфікацыі, часта паходзяць з іншых гарадоў, не валодаюць мясцовай семантычнай спецыфікай прасторы. Навуковыя кіраўнікі аб’ектаў, унесеных у спісы, не праяўляюць прынцыповасці (часцей за ўсё самі жывуць у Мінску). Ды й што там казаць, мясцовая гісторыя не ўспрымаецца жыхарамі як нешта радное. Хутчэй гэта абстрактны тэкст з разумнай кніжкі, які ў іхнай свядомасці не стасуецца з роднай вуліцай і шэрагам двухпавярховых камяніц. На пытанне “Каму б было варта паставіць помнік у горадзе?” часцей за ўсё ідзе “Вой, ды шмат каму! Напрыклад гэтаму… як яго… недзе ж напісана пра іх…” І ў выніку стаіць гулівер (Орша), камандзіровачны (Ліда), боцман (Кобрын) і г.д. Што праўда, ёсць і людзі, якія ўсё ж называюць сапраўды выбітныя імёны. Дарэчы, ніводнага разу не называлі агульнанацыянальных герояў – Каліноўскага, Быкава, Купалу – хоць цяжка ўявіць што пра іх ня ведаюць…Падсумоўваючы, хочацца сказаць што “Дажынкі” ў сённяшніх рэаліях становяцца выпрабаваннем для горада. Не толькі для чынавенства, але і для грамадзянскай супольнасці (калі верыць у яе існаванне). “Дажынкі” – гэта шанец, “залаты дождж”, які ільецца раз на 100 гадоў для рэалізацыі самых смелых пражэктаў, самых патаемных мараў аб уласным горадзе. “Дажынкі” – своеасаблівае “акно магчымасцяў” для самых розных групаў, гатовых прасоўваць свае інтарэсы. Але ж няма навыку мэтапакладання. Можна бясконца цягнуць старую песню пра тое, што калі б былі грошы, магчымасці і г.д., мы б такое зрабілі, што “Ах!”. А як прыходзяць грошы, дык амаль адзіныя хто з іх карыстаецца – будаўнікі лядовых палацаў ды вытворцы пліткі. А хацелася б большага! Ну а пакуль прапаную даследаваць наяўныя феномены, сур’ёзна аналізаваць і распрацоўваць метадалогію дасягненняў – прынамсі 50 райцэнтраў у нас яшчэ ў запасе маецца!