Звесткі аб выкананні смяротных прысудаў у дачыненні да Ўладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава ў сакавіку сёлета проста ўзарвалі Байнэт. Мабыць аніводная іншая тэма даўно не выклікала такіх ажыўленых дыскусій і не абышла бокам не толькі шматлікіх праваабаронцаў і экспертаў, але і тысячы простых беларусаў. Знайшліся нават тыя, што прымудрыліся абвінаваціць у забойстве дзяржавай Кавалёва і Канавалава саміх жа праваабаронцаў: маўляў, навошта было падымаць міжнародную шуміху і злаваць Лукашэнку. Лепш сканцэнтраваліся б на слёзным вымольванні памілавання. Гэтак і глядзі, расчулілі б прэзідэнта. Толькі ў самай, што ні ёсць, рабскай свядомасці магло нарадзіцца падобнае трызненне. Першапачаткова было ясна, што ніякага памілавання не будзе. Паступіўшы інакш, улады прызналі б невінаватасць прысуджаных і тым самым падпісалі б смяротны прысуд самім сабе. Ды і наогул, у Беларусі не прынята літаваць смяротнікаў. Прэзідэнт пайшоў на падобны крок толькі аднойчы. Адбылося гэта ў 1999 годзе, калі замянілі смяротны прысуд на пажыццёвае зняволенне. Тады заатэхнік забіў старшыню на глебе рэўнасці.


Што б ні казалі эксперты, праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі, беларускія ўлады працягваюць прыкрывацца грамадскай думкай у падтрымку смяротнага пакарання. Прыводзяцца вынікі рэферэндуму 1996 года — 80,44% насельніцтва прагаласавалі за смяротнае пакаранне. Падобная аргументацыя не вытрымлівае ніякай крытыкі. На той момант галоўным было «правесці» прэзідэнцкі варыянт Канстытуцыі, астатнія ж пытанні хутчэй выконвалі ролю дымавай заслоны. Больш таго, у адпаведнасці з заканадаўствам, для адмены смяротнага пакарання ў Беларусі рэферэндум не патрабуецца. Верагодней за ўсё, злапомныя 80% былі патрэбныя, каб потым тлумачыць насельніцтву, чаму нас (адзіную краіну ў рэгіёне) не ўзялі ў Раду Еўропы. А туды Лукашэнка ўступаць і не збіраўся, інакш давялося б ратыфікаваць Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека і далей выконваць рашэнні Еўрапейскага суда.

Не варта таксама забываць пра тое, што рэферэндум праходзіў, калі альтэрнатывай смяротнаму пакаранню ў Крымінальным кодэксе РБ прадугледжвалася толькі пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў, а пажыццёвае зняволенне было ўведзена ў 1997 годзе.

Якія б лічбы не атрымліваліся ў выніку апытанняў, трэба разумець, што забеспячэнне правоў чалавека ні ў я кім разе не павінна залежыць ад грамадскай думкі. Пры любых абставінах недапушчальныя катаванні, нават калі б у грамадстве і знайшла падтрымку ідэя аб магчымасці іх выкарыстання ў пэўных выпадках. Акрамя таго, падтрымка смяротнага пакарання грамадскім меркаваннем часта грунтуецца на няпоўным веданні фактаў, а вынікі апытанняў вар’іруюцца ў залежнасці ад таго, якім чынам сфармуляваныя пытанні. Службовыя асобы, адказныя за палітыку ў гэтай сферы, павінны не толькі прыслухоўвацца да грамадскай думкі, але і дамагацца поўнага інфармавання грамадскасці па гэтай праблеме. Шмат хто, калі б быў належна інфармаваны, выказаўся б за адмену смяротнага пакарання.

Мноства даследаванняў, праведзеных ў розных краінах свету, паказваюць, што стаўленне да смяротнага пакарання можа змяняцца, калі грамадства добра валодае інфармацыяй па гэтаму пытанню. Падобныя тэндэнцыі ўласцівыя дэмакратычным рэжымам, дзе грамадскае меркаванне рыхтуе глебу для наспелых зменаў знізу. Пры аўтарытарызме грамадскім меркаваннем маніпулююць з мэтай мабілізацыі падтрымкі спушчаных зверху дырэктыў. Адукацыйнай працы з насельніцтвам па пытанні смяротнага пакарання беларускія ўлады не вядуць. У сувязі з гэтым зусім не дзіўнымі здадуцца лічбы, апублікаваныя аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта ў 2010 годзе.

Паводле ягоных дадзеных, 79,5% насельніцтва выступаюць за смяротнае пакаранне, 4,5% — супраць. Беларускія даследчыкі лічаць, што высокі працэнт падтрымкі насельніцтвам смяротнага пакарання ёсць водгаласам таталітарнага мінулага Беларусі ў складзе СССР. З канца 20-х і да сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя былі пашыраны межы прымянення смяротнага пакарання. Яно атрымала грамадскую падтрымку, чаго не было пры царызме.

І ўсё ж ёсць падставы меркаваць, што насельніцтва Беларусі з часу правядзення рэферэндуму 1996 года змяніла сваё стаўленне да смяротнага пакарання. Па дадзеных сацыялагічнага апытання, праведзенага НІСЭПД у кастрычніку 2010 года, супраць адмены смяротнага пакарання выказалася 48,3% рэспандэнтаў, за — 42,4% і 9,3% — не змаглі адказаць/не адказалі. Апытанне, праведзенае ў сакавіку 2012 года, дало наступныя вынікі: супраць адмены смяротнага пакарання — 40,8%, за — 49,7% і 9,5% — не змаглі адказаць/не адказалі.

Прыведзеныя лічбы робяць абсурднымі лютаўскія заявы парламентарыяў пра тое, што пытанне аб адмене смяротнага пакарання — гэта ўнутраная справа Беларусі і прыняцце рашэння па ім магчыма «толькі з улікам меркавання беларускага грамадства».

Складваецца парадаксальная сітуацыя. Яшчэ 11 сакавіка 2004 года Канстытуцыйны суд па запыце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праверыў адпаведнасць палажэнняў аб смяротным пакаранні, якія ўтрымліваюцца ў Крымінальным кодэксе, Канстытуцыі краіны. Суд пастанавіў, што некалькі палажэнняў Крымінальнага кодэкса супярэчаць Канстытуцыі, у выніку чаго з’явілася магчымасць для адмены смяротнага пакарання ці ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў як пачатковай меры, неабходнай для іх поўнай забароны. Незалежныя апытанні кажуць пра гатоўнасць грамадства да адмены. Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і Беларуская праваслаўная царква. Хоць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў большасці сваёй і супраць адмены смяротнага пакарання, у 2009 годзе была сфармавана рабочая група па гэтым пытанні і нават на канец 2011 года былі ўнесены ў папярэдні план парламенцкія слуханні на тэму смяротнага пакарання. Узнікае пытанне: чаму ж яго да гэтага часу не адмянілі? Чым выгадна яго захаванне?

Апраўдаць неабходнасць захавання смяротнага пакарання ў Беларусі немагчыма ні практыкай, ні разумным сэнсам. Пра тое, што гэта пытанне палітычнае, адкрыта заяўляюць нават самі беларускія парламентарыі. Напрошваюцца як мінімум два адказы: знешнепалітычны і ўнутрыпалітычны.

Адмену смяротнага пакарання можна выгадна абмяняць, напрыклад, на зняцце эканамічных ці іншых санкцый, вяртанне гандлёвых прэферэнцый, чарговыя пазыкі і доўгачаканыя інвестыцыі. «У нас быў бы ўжо вынік, калі б не палітыка падвойных стандартаў, якую праявіла Еўропа», — журыўся ў лютым старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка. Смяротнае пакаранне — гэта, калі і не джокер, дык прынамсі казырны туз ў гульні з Захадам.

На ўнутраным жа ўзроўні пасродкам смяротнага пакарання можна «зачыняць» цёмныя справы накшталт «тэрарыстычнага акту» 11 красавіка 2011 года (калі сапраўдных злачынцаў нельга прыцягнуць да адказнасці па аб’ектыўных прычынах) і трымаць у страхе палітычных апанентаў. Пакараннем смерцю Кавалёва і Канавалава беларускія ўлады далі ясна зразумець, што ў краіне, дзе і гаворкі не можа ісці аб міжнародным тэрарызме (улічваючы нашыя сяброўскія сувязі з рэжымамі, адкуль ён паходзiць), дзе няма міжнацыянальных канфліктаў і дзе не існуе непадкантрольная дзяржаве арганізаваная злачыннасць, кожны можа не толькі стаць ахвярай «тэрарыстычнага акту», але і быць прыцягнутым да адказнасці за яго ўчыненне. Кожны! А яшчэ пры дапамозе смяротнага пакарання можна адцягваць увагу ад надзённых праблем (у тым ліку і ў сувязі з ростам злачыннасці) і даваць магчымасць выпускаць пару даведзенага да адчаю i галечы насельніцтва.

Да таго часу, пакуль беларускія ўлады будуць мець магчымасць карыстацца смяротным пакараннем як інструментам вырашэння вышэйзгаданых праблем, яго адмена не ўяўляецца рэалістычнай ў агляднай будучыні.