Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па выніках праверкі ўстановы “Рэдакцыя часопіса “Архэ-Пачатак”” адмоўлена. Такую інфармацыю паведаміў 22 сакавіка бухгалтару ўстановы Алене Казловай адвакат, які прадстаўляе інтарэсы рэдакцыі.

Супрацоўнік Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Мінску і Мінскай вобласці Камітэта дзяржкантролю, адказны за праверку дзейнасці ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Архэ-Пачатак”», паведаміў прэс-службе ГА “БАЖ”, што не ўпаўнаважаны выказвацца на гэтую тэму. У прэс-цэнтры КДК сказалі, што пакуль не валодаюць інфармацыяй на гэты конт.

Калі інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, то рахунак установы, які быў заблакаваны з 4 кастрычніка мінулага года, павінен быць разблакаваны.

Нагадаем, што праблемы ў часопіса пачаліся 14 верасня 2012 года з затрымання былога галоўнага рэдактара “Arche” Валера Булгакава. Супрацоўнікі міліцыі і падатковай інспекцыі затрымалі яго ў Гродне на прэзентацыі кнігі Я. Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі» і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

21 верасня супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў  (УДФР) прыйшлі ў друкарню, дзе выдаваўся часопіс, з праверкай. 24—28 верасня з друкарні былі забраныя ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці часопіса.

2 кастрычніка было арыштавана больш за 5 тысяч асобнікаў кніг з асабістай калекцыі Булгакава.

4 кастрычніка ва УДФР быў выкліканы заснавальнік часопіса “Arche” Андрэй Дынько. Пасля гэтага было прынята рашэнне вызваліць Булгакава ад пасады галоўнага рэдактара “Arche”, каб выратаваць выданне.

У межах праверкі дзейнасці рэдакцыі Упраўленне ДФР па Мінскай вобласці і г. Мінску вынесла прадпісанне прыпыніць аперацыі па рахунках “Arche-Пачатак”, – нагадвае ГА “БАЖ”.

Хадайніцтва ГА «БАЖ» аб разблакаванні рахунку рэдакцыі часопіса Дэпартамент фінансавых расследаванняў адхіліў, спаслаўшыся на непрадастаўленне шэрагу патрэбных дакументаў. Прадстаўнікі рэдакцыі, са свайго боку, называюць гэтыя прэтэнзіі беспадстаўнымі.

18 кастрычніка Валер Булгакаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць быў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў.

Сітуацыя з часопісам стала тэмай некалькіх сюжэтаў праграмы крымінальнай хронікі беларускага дзяржаўнага тэлебачання «Зона Х», дзе выказвалася меркаванне наконт магчымага “экстрэмісцкага” зместу выдання.

У пачатку лістапада Валер Булгакаў пакінуў Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.