У глабалізаваным свеце існуе патрэба перакладаць вялікую колькасць тэкстаў. Усё часцей гэтай справай займаюцца камп’ютары, з дапамогай праграм-перакладчыкаў дасягаюцца надзіва добрыя вынікі. Аднак зусім без удзелу чалавека пакуль не абыходзіцца.

Зусім нядаўна бясплатныя сервісы пераклада ў Інтэрнэце Yahoo альбо Google рабілі пераклады, выкананыя на знявечанай мове. З таго часу тое-сёе змянілася. Перакладчык Google перакладае сказ на англійскай «Rental prices have skyrocketed in Berlin this year» як «Mietpreise haben in Berlin schnellte in diesem Jahr» – вынік, які расчароўвае. Анлайнавы перакладчык фірмы «Лінгеніо», як раз наадварот, выдае слушны варыянт: «Mietpreise sind dieses Jahr in Berlin emporgeschnellt» (Сёлета значна павысіліся кошты арэнды ў Берліне).

Хто імі карыстаецца?«Праграмам-перакладчыкам і так цяжка перакладаць асобныя сказы, бо невядома, да якой галіны ведаў яны адносяцца», – кажа камп’ютарны лінгвіст Курт Эберле, які выкладае ва Універсітэце Хайдэльберга ды прапануе разам з фірмай «Лінгеніо» прафесійнае праграмнае забеспячэнне для пераклада. Акрамя таго, па словах Эберле, мэтавай групай якасных праграм-перакладчыкаў з’яўляюцца не прыватныя асобы, але перакладчыкі-прафесіяналы альбо транснацыянальныя кампаніі, якія маюць патрэбу рэгулярна перакладаць тэксты. У першую чаргу з нямецкай на англійскую. На думку Эберле, гэту моўную пару выкарыстоўваюць каля 90 працэнтаў тых, хто паслугоўваецца праграмамі-перакладчыкамі. Ён разглядае праграмы-перакладчыкі ў якасці «дапаможнага інструмента», які дапамагае рабіць пераклады. Перавага палягае ў тым, што вы хутка можаце перакласці вялікі аб’ём тэкста. Аднак вынікам будзе чарнавая версія, якая абавязкова павінна быць апрацавана чалавекам.

Граматычныя правілы альбо статыстычныя выкладкі

Каб зрабіць пераклад, праграмы параўноўваюць вялікую колькасць тэкстаў адпаведнай моўнай пары і падлічваюць, як часта пэўныя словы ўжытыя побач з іншымі: напрыклад, «ich» побач з «gehe», а па-англійску «I» побач з «go». У памяці захоўваюцца не толькі асобныя групы слоў, але і цэлыя сказы. З кожным новым перакладам праграма атрымлівае новы матэрыял, якім можа карыстацца. Чым больш праграма перакладае, тым лепш яна робіцца.

Праграмы-перакладчыкі, якія ў 1990-х гадах стваралі смешную знявечаную мову, функцыянуюць інакш. Яны кіруюцца структурай пэўнай мовы. З гэтай мэтай праграмісты нашпігоўваюць камп’ютар правіламі граматыкі ды сінтаксісу, а таксама слоўнікавым запасам адпаведнай мовы. З-за таго, што праграмы перакладаюць слова за словам, яны часта не даюць рады шматзначным словам. «Schloss» (ням. «замак» альбо «замок») можа быць будынкам, а можа знаходзіцца ў дзвярах. Гэтыя праграмы не могуць зразумець адпаведны кантэкст.Гэтую праблему вырашылі дзякуючы статыстычнаму метаду: калі слова «Schloss» ужыта разам са словам «жыць», то ў англійскім варыянце ўжываецца «castle» («замак»), калі яно стаіць побач са словам «рамантаваць», то перакладаецца як «lock» («замок»). Аднак каб атрымаць якасны пераклад, патрабуецца вялікая колькасць тэксту. І яшчэ: калі нейкае слова нячаста трапляецца ў тэкстах, то яно перакладаецца няправільна. «Існуе патрэба ў зборы старанна адабраных тэкстаў, якія належалі б да розных галінаў ведаў, – кажа Курт Эберле. Аднак гэта складная задача. – Заўсёды не хапае якіх-небудзь значэнняў».

Больш тэксту, лепшыя пераклады

«Цягам апошніх гадоў праграмы-перакладчыкі паляпшаюцца», – так лічыць Марцін Фольк, прафесар камп’ютэрнай лінгвістыкі ва Універсітэце Цурыха. «У Інтэрнэце існуе шмат алічбованых перакладаў, зробленых людзьмі», – кажа ён. Яны з’яўляюцца выдатным навучальным матэрыялам для статыстычных праграм-перакладчыкаў. Асабліва карыснымі з’яўляюцца вэб-старонкі, якія існуюць на некалькіх мовах.

Па словах Фолька, у бліжэйшай будучыні належыць сканцэнтравацца на стварэнні праграм для пэўных галінаў ведаў – такіх, як права, медыцына альбо аўтаіндустрыя. Дзякуючы спецыялізацыі павышаецца якасць перакладу. Калі ён пабудаваны на трэніровачным матэрыяле па пэўнай вузкай тэматыцы, вынікі будуць лепшымі, чым пры выкарыстанні сістэмы Google Translate, якая сілкуецца тэкстамі з розных галінаў.

Субцітры – так, літаратуру  не

Вобласць спецыялізацыі Марціна Фолька – субцітры. Разам са сваімі калегамі ён распрацаваў уласную сістэму для шведскага тэлебачання. «Гэта вялікі поспех, – кажа ён. – Бо сказы вельмі кароткія». Тым не менш, хтосьці павінен правіць і гэты чарнавы пераклад.«Перакладчык аднак выконвае гэту працу на 20-30 працэнтаў хутчэй, чым у выпадку, калі не карыстаецца праграмным забеспячэннем». Праграмы, якія працуюць паводле статыстычнага прынцыпу, могуць перакладаць нават ідыяматычныя выразы, якія не здольныя перакласці сістэмы, якія працуюць паводле структурнага. «He is out of his mind“ больш не перакладецца, як «Ён па-за сваім духам», падаецца правільны варыянт: «Ён з’ехаў з глузду». Гэта мае месца толькі ў тым выпадку, калі правільны пераклад некалькі разоў быў зроблены чалавекам, і выраз сустракаецца ў базе тэкстаў.

Усе гэтыя поспехі тычацца ў першую чаргу функцыянальных тэкстаў. Літаратурныя творы па-ранейшаму застаюцца вотчынай чалавека. «Яны з’яўляюцца формай мастацтва, таму мы не кранаем іх», – кажа Марцін Фольк, які ўпэўнены, што ў бліжэйшыя 25 гадоў ніякі камп’ютар не будзе перакладаць Гары Потэра. Бо пісьменнікі ўжываюць рэдкія словы ў рэдкіх словазлучэннях. Для іх пераклада праграмам, якія працуюць паводле статыстычнага прынцыпу, не хапае тэкставага матэрыялу. «Праграмы, якія пабудаваныя па прынцыпу пераклада па правілах, даюць у гэтым выпадку лепшыя вынікі, – лічыць Курт Эберле. – Але толькі тады, калі маюць добра адабраны слоўнікавы запас». Па словах Эберле, чакаць ад камп’ютара, што ён адразу зробіць ідэальны пераклад, усё адно ілюзія. «Перакладчык, які не з’яўляецца спецыялістам у галіне права, павінен усё-ткі пачытаць адпаведную літаратуру ды азнаёміцца з аднамоўнымі слоўнікамі па тэме, перш чым узяцца за пераклад юрыдычнага тэкста». Так, як і камп’ютэрная праграма.

Каця Ханке, мовазнаўца і незалежны журналіст.

Аўтарскія правы: Інстытут імя Гётэ, Рэдакцыя публікацый у Інтэрнэце