Без таблоідаў мы б шмат чаго ня ведалі. Аднак варта задумацца, ці страцілі б мы нешта важнае?

Калі б не таблоіды, то мы пэўна ніколі не даведаліся б, што Анна Курнікава зацяжарыла ад Энрыке Іглесіяса, а Барыс Маісееў знайшоў сабе новага каханка. Магчыма, мы нават не ўяўлялі б, хто такі Барыс Маісееў. Дзякуючы таблоідам мы ведаем, колькі дзяцей маюць Анджэліна Джолі й Брэд Піт, і колькі зь іх яны нарадзілі самі, а колькі ўсынавілі. Выснова простая: без таблоідаў мы б шмат чаго ня ведалі. Аднак варта задумацца, ці страцілі б мы нешта важнае?

 

Адкуль гэта ўзялося?

 

Народзіны таблоідаў, якія раней называлі “бульварнаю прэсай”, сягаюць першай паловы XIX стагодзьдзя. Тады Бэнджамін Дэй, выдавец штодзёньніка “New York Sun”, заўважыў, што калі зьмяшчаць болей артыкулаў пра сэнсацыйныя здарэньні, то папулярнасьць ягонай газэты рэзка павялічваецца. Чытачамі былі галоўным чынам рабочыя, сярод якіх усё шырэй распаўсюджвалася тады пісьменнасьць. Павелічэньне тыражу прыцягвала ахвочых да лёгкага прыбытку рэклямадаўцаў, а гэта ў сваю чаргу дазволіла выдаўцу ўсталяваць кошт асобніка на ўзроўні аднаго цэнта. Гэта быў пачатак паўстаньня гэтакзванай Penny Press, то бок “аднацэнтавай прэсы”, набываць і чытаць якую дазволіць маглі сабе ўсе. Па сьлядох Дэя пайшлі неўзабаве іншыя выдаўцы, і паміж імі распачалася зацятая барацьба за чытача. Газэты спаборнічалі ў паведамленьнях пра забойствы ды іншыя злачынствах, пісалі пра прыродныя катаклізмы, катастрофы. Тады ўпершыню пачалі публікаваць артыкулы пра праблемы простых, звычайных людзей, а ня толькі пра арыстакратыю. Варта адзначыць, што выдаўцы дбалі пра тое, каб інфармацыя была верагоднай і адпавядала рэчаіснасьці.

 

Першыя таблоіды ў нашых краях паўсталі толькі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Выдаўцы ставілі сабе мэту прыцягнуць увагу менш патрабавальнага чытача. Артыкулы ў газэтах мелі быць кароткія, пісацца даступнаю моваю і тычыцца справаў, блізкіх так званым простым людзям. І гэта ўсё. Аднак рэалізацыя гэтых сьціплых і агулам станоўчых намераў, як і ва ўсім сьвеце, пачала набываць форму карыкатуры.

 

Правіла: адсутнасьць правілаў

 

Сёньня таблаізацыя закранула (у рознай ступені) усе віды СМІ: прэсу, радыё, тэлебачаньне, а таксама інтэрнэт-парталы. Яе сутнасьць можна зьвесьці да некалькіх “сьвятых” правілаў. Калі тэма не сенсацыйная, не скандальная, не кантравэрсійная, альбо  яе нельга падаць у такой форме – то гэтым ня варта займацца. Таблаізаваныя мэдыі найбольш ахвоча цікавяцца асабістым жыцьцём палітыкаў або зорак шоў-бізнэсу, парушаючы чарговыя межы іх інтымнага жыцьця. Цікавяцца яны й звычайнымі людзьмі. Але пры ўмове, што іх гісторыі сапраўды моцныя, а часам жахлівыя (“спадарыня Лідзія страціла мужа, нагу й пэнсію”).

 

Мае попыт і розны крывавы крымінал. Старая прыказка выдаўцоў кажа, што нішто так не ажыўляе газэту, як труп на першай старонцы. Таксама няблага адкрыць нейкую сур’ёзны скандал, а калі не атрымаецца, то…папросту яго справакаваць.

 

Пра гэта гаворка. Таблаізацыя зьвязаная з досыць адвольным стаўленьнем да правілаў журналісцкай этыкі. Дапускаецца публікацыя не да канца праверанай інфармацыі, распаўсюджваньне ці распусканьне чутак, інакш кажучы стварэньне так званых мэдыйных фактаў. Аказваецца нават малаістотную інфармацыю можна разьдзмуць так, што яна становіцца прадметам сур’ёзных дыскусіяў і спрэчак. Навіну пра тое, што “сабака Саба, які належыць кіраўніку Сойму, беспакрана гуляе па польскім парлямэнце” некалькі дзён абмяркоўвалі ў прэсе, на радыё й тэлебачаньні. Гэты факт камэнтавалі абураныя палітыкі. Сабака ў Сойме? І яшчэ без пропуску? Гаспадар сьцвярджаў, што ўвесь час трымаў яго на ланцужку і абвяргаў чуткі, што быццам бы чатырохногі сябра “пагрыз мэблю ў ягоным кабінэце”.

 

Спрасьціць можна заўжды

 

У таблаізаваным паведамленьні кідаецца ў вочы спрошчаная карціна сьвету, якая зводзіцца да падзелу на добрых і дрэнных, багатых і бедных, разумных і дурных… Гэта асабліва выразна бачна ў загалоўках (“Алкаголік вёз цьвярозых”, “Улада дагаджаць сабе рада”, “Нажываюцца на крызісе”). Эфіры радыёстанцыяў поўняцца баявітымі анонсамі кшталту: “Ужо праз хвіліну мы загонім у кут палітыка Х або Y”, “Рыхтуецца востры паядынак з дэпутаткай Z”. На тэлебачаньні вядоўцы кідаюць “Пяском у вочы”, выклікаюць гасьцей “Да бар’еру” ці на сымбалічны (прынамсі пакуль) паядынак на “Рынгу”. Альбо арганізуюць чарговае ток-шоў, у якім тая самая зорка ў соты раз распавядае, ці носіць яна майткі. Таблаізацыя робіць рашучую стаўку на кароткія, простыя, часта прымітыўныя формы, каб занадта не абцяжарваць інтэлект гледача сур’ёзнай рэфлексіяй. Некаторыя артыкулы і праграмы хуткія, як куля, выпушчаная з аўтамату. І цяжка ад яе ўцячы. На пачатку чытача ці гледача атакуюць шакуючыя здымкі або экспрэсіўны відэаматэрыял, або карцінка са студыі з правакацыйнымі ракурсамі. Таблаізацыя ў СМІ вылучаецца спэцыфічнаю, далёкай ад інтэлігентнасьці моваю. Яна простая, агрэсіўная, у некаторых выпадках папросту вульгарная. Сталаму гледачу цяжка ўспрыняць факт, што вядоўца праграмы кажа свайму госьцю: “Заткніся”, а старэйшаму актору “А ты не пацееш, бо ня маеш ужо вады ў арганізме”. Магчыма, для шмат якіх малодшых гледачоў гэта папросту доказ разьняволенасьці й прыклад файнай забавы.

 

Але вяртаючыся да інтэлекту чытача/гледача. Таблоідны пасыл не заахвочвае да роздуму, а хучэй падгравае эмоцыі. У падобных ньюсах інфармацыя адразу ацэньваецца й інтэрпрэтуецца аўтарам, што выразна супярэчыць прынцыпу неангажаванасьці й аб’ектыўнасьці. “Мяжа глупства й неадказнасьці. Маці у пьяным стане даглядала  сына-інваліда”. Журналіст яшчэ перад тым, як прэзэнтаваць факт, ужо паведаміў чытачу, што ён павінен таго абурыць.

 

Усё для людзей

 

Галоўныя рэдактары таблоідаў ды іншыя мэдыйныя прыхільнікі такой формы журналістыкі (яе элемэнты сустракаюцца ўжо нават у сур’ёзных выданьнях і праграмах) часта хваляцца тым, што гэта запатрабавана большасьцю грамадства. І ў якасьці доказу прэзэнтуюць статыстыку аглядальнасьці ці распраданага тыражу. Згода. Масавы глядач больш ахвоча паглядзіць рэаліты-шоў ці прачытае ў зручнай і таннай газэтцы пра дэпутатку, якая набыла крыштальныя чаравічкі, чым будзе паглыбляцца ў таямніцы эканомікі, альбо аналізаваць новыя законапраекты. Калі захацець, то ў таблаізацыі СМІ можна нават знайсьці нейкія станоўчыя моманты. Дзякуючы ёй многія менш адукаваныя людзі знаходзяць зразумелае тлумачэньне таго, што вакол іх адбываецца. Але нешта тут ня так. І да канца невядома, ці то публіка вызначае, як павінныя выглядаць СМІ, ці наадварот – гэта мэдыі фармуюць патрэбы публікі. Праўда, відаць, знаходзіцца пасярэдзіне.

 

Але бясспрэчна тое, што часам таблоіды для падвышэньня сваёй папулярнасьці, упадаюць у абсурд. Яны ствараюць штучны сьвет. Пэўная газэта надрукавала магічныя фігуры, “зараджаныя” экстрасэнсам, якія трэба было выразаць і прыкласьці да адпаведнай часткі цела. Неўзабаве таблоід пачаў публікаваць лісты ад чытачоў, якім гэтыя кавалкі паперы дапамаглі!

 

Таблаізацыя вядзе да таго, што многія чытачы/гледачы маюць у галаве толькі гатовыя мэдыйныя слоганы й ня ўмее самастойна думаць і ацэньваць рэчаіснасьць. І адначасна ўплывае на якасьць журналісцкага рамяства. Усё больш журналістаў успрымаюць сябе выключна як пастаўнікі псэўдаінфармацыі, якая мусіць зьдзіўляць, шакаваць, альбо даваць людзям паспалітую забаву.


Дарыюш Шчэпаньчык – па адукацыі філёзаф, з мэдыямі зьвязаны ўжо 16 гадоў. Журналіст як штодзённай, так і штотыднёвай прэсы (сьледчая журналістыка, інтэрвью, сацыяльныя рэпартажы, журналісцкія справаздачы). Аўтар артыкулаў у штомесячных спэцыялізаваных часопісах пра журналістыку. Цягам некалькіх гадоў быў аўтарам фэльетонаў на радыё. На сёньняшні дзень зьяўляецца незалежным журналістам і аніматарам, які супрацоўнічае з фондам Новыя Мэдыі.

 

elekcyi.org