Лета, калі журналісты звычайна пакутуюць на нястачу інфармацыйных нагод, гэтым разам аказалася багатым на гучныя тэмы: “Міс Мінск — 2013”, афрыканская чума свіней, пагроза новай дэвальвацыі, сенсацыйныя падзеі ў суседняй Расіі, так ці іначай знітаваныя з нашымі рэаліямі, — ад шарамецьеўскай эпапеі выкрывальніка Сноўдэна, якога нібыта могуць спіхнуць у Беларусь, да “Навальны, сядай, пяць”…

Цікава адсачыць, як па-рознаму рэагавалі (ці, што таксама красамоўна — не рэагавалі) на такія моцныя раздражняльнікі дзяржаўныя і недзяржаўныя медыі. Не прэтэндуючы на ўсеабдымнасць агляду, бо цалкам масіў адпаведных публікацый праманіторыць немагчыма, рызыкну ўсё ж акрэсліць пэўныя тэндэнцыі, здабыткі і хібы.

Толькі б яны рохкалі!

Для дзяржаўнай прэсы АЧС у Беларусі да адмашкі зверху не існавала ўвогуле — гэтак сама, як не існавала летась плюшавага дэсанту. І толькі калі ўлады мусілі прызнаць бяду са свіннямі (бо далей хаваць шыла ў мяху не выпадала: інфу зліла братняя Расія), падначаленыя тутэйшай вертыкалі медыі загаманілі нарэшце на непрыемную тэму. Напрыклад, БЕЛТА даволі аператыўна зладзіла адмысловую анлайн-канферэнцыю.

Аднак праблематыка АЧС у дзяржаўных СМІ падаецца выключна ў рэчышчы чыноўніцкіх трактовак. У прыватнасці, дружна перажоўваецца версія пра завоз заразы з нейкім левым камбікормам, хоць незалежныя адмыслоўцы гэту экзатычную гіпотэзу адразу высмеялі.

У недзяржаўных медыях (якія таксама прачнуліся пераважна толькі пасля афіцыйнага прызнання АЧС) дыяпазон меркаванняў пра гэту навалу значна шырэйшы ды і стылістыка болей разняволеная (усміхнуў загаловак лапідарнага інтэрв’ю ў тыднёвіку “Белорусы и рынок” — “Толькі б яны рохкалі”).

Аб цікавасці ж аўдыторыі да тэмы сведчыць хаця б тое, што лаканічная, але выразная інфаграфіка на Naviny.by — “Афрыканская чума свіней ў Беларусі. Карта здарэння” — на момант напісання гэтых радкоў набрала болей за 31 тысячу клікаў. Вось вам і патэнцыял мультымедыйнасці. Яшчэ раней падобную інфаграфіку стаў актыўна выкарыстоўваць TUT.BY.

Некаторыя недзяржаўныя рэсурсы захапіліся палітызацыяй тэмы. І па сёння найперш закідаюць уладам тое, што тыя доўга замоўчвалі праблему ды і цяпер стараюцца прыменшыць маштаб.

“Вертыкаль”, безумоўна, заслугоўвае крытыкі, але ж абываталя найперш цікавяць чыста “шкурныя” пытанні: забіваць ці не забіваць сваё свінчо, які парадак кампенсацыі за адабраных жывёлін, чаго ўвогуле чакаць далей. У маштабах жа краіны важны прагноз: якога размаху можа дасягнуць бедства, у якія мільярды выльецца эканамічны ўрон, колькі будзе каштаваць неўзабаве мяса ў крамах, ці не знікне свінагадоўля ў краіне ўвогуле?

Грунтоўных публікацый з адказамі на гэтыя пытанні надзвычай бракуе. Зразумела, чыноўнікі не гаваркія, але ж і ў многіх рэдакцыях не сказаць каб шчыравалі. Як адзначыў ў каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі, комплексныя агляды гэтай вострай тэмы зрабілі хіба што адно-два выданні.

У выніку што да асвятлення тэмы АЧС, дык “добрую адзнаку нельга паставіць ні дзяржаўнай, ні недзяржаўнай прэсе”, рэзюмуе суразмоўца.

“Капец рублю!”

Бадай, лепей асвятляецца тэма магчымай дэвальвацыі. Аднак тут дзяржаўныя СМІ канцэнтруюцца на заспакаяльных мантрах, а недзяржаўныя, наадварот, робяць ухіл у алармізм. Няшмат збалансаваных публікацый, у якіх фінансавая сітуацыя раскладаецца па палічках “ад і да”.

Яшчэ адзін характэрны момант: танальнасць публікацыі на фінансавую (зрэшты, не толькі на фінансавую) тэму часта крытычна залежыць ад таго, на якога каментатара натрапіць журналіст — аларміста ці “мудрага Ёду”. На паліфанію — за кошт пошуку экспертаў з рознымі поглядамі і самастойнае заглыбленне ў тэму — у аўтара звычайна не стае пораху. Гэта ж трэба прыкласці намаганні ды і самому нешта кеміць у прадмеце.

У звязку з гэтым Паўлюк Быкоўскі адначае праблему непісьменнасці журналістаў ў эканамічных пытаннях: “Далёка не кожнае выданне мае ў штаце супрацоўнікаў, якія б адрознівалі дэвальвацыю, дэнамінацыю ды іншыя рэчы, якія адбываюцца з валютай”.

Па вялікім рахунку, гэта ж можна сказаць не толькі пра эканамічныя пытанні. А ці шмат у Беларусі міжнародных ці, напрыклад, вайсковых аглядальнікаў? Адзінкі! Рэй вядуць павярхоўныя шматстаночнікі з іх універсальна-прафанскай методай скарастрэльных дыктафонных інтэрв’ю.

Лёля з сёмага бэ

Што ж тычыцца сюжэту з “Міс Мінск — 2013”, то тут зусім іншы расклад. Напярэдадні конкурс піярылі менавіта дзяржаўныя медыі, уключна з галоўнай газетай. Калі ж сацыяльныя сеткі выцягнулі на ўсеагульны паказ пікантныя фоткі пераможцы, а потым усплылі яшчэ болей пікантныя падрабязнасці пра іншых удзельніц імпрэзы пад патранажам важных чыноўнікаў, цікавасць дзяржаўных СМІ да тэмы як адрэзала. Ну хіба што яшчэ паспелі рэтрансляваць выказванні вядомага змагара за чысціню нораваў Мікалая Чаргінца. І потым — мёртвая цішыня, што наводзіць на думку аб нейкім табу.

Недзяржаўныя ж медыі, і найперш анлайнавыя рэсурсы, ахвотна перадрукоўвалі пікантныя фоткі, давалі на форумах волю для зацятых спрэчак на ўзроўні, можна ці нельга тым прыгажуням фатаграфавацца з голымі цыцкамі. Але сапраўднага асэнсавання вузла праблем, узнятых скандалам, практычна не адбылося.

Можна вылучыць лічаныя артыкулы ў жанры аўтарскай публіцыстыкі з нестандартнымі развагамі. Так, у палемічным тэксце на budzma.org Віктар Марціновіч, рэфлексуючы над рэакцыяй сацыяльных сетак, зрабіў выснову: “Шок, які гучыць у кожным раз’юшаным каменце — гэта шок піянера, які верыў у тое, што ягоная абранніца, Лёля з сёмага бэ, пісае не інакш, як духамі «Чырвоная Масква», і вось, раптам, давялося пабачыць яе ў машыне з дарослымі каўказцамі: яна піла з імі віно, а яны яе мацалі за цыцкі”.

Можна згаджацца ці не згаджацца з аўтарскім дыягназам: маўляў, “цемрашальства, што палезла з усіх каментароў, з’яўляецца выхадам ідэалагічнага, ці савецкага фундаменталізму”, — але факт тое, што атрымліваеш чыста эстэтычную асалоду ад рэдкага ў наш час стылёвага шарму, самабытнасці гэтага тэксту (як і іншых тэкстаў Марціновіча).

Варта адзначыць таксама рэфлексіі Дзмітрыя Растаева ў “БелГазете”, дыскусію без гальштукаў на “Свабодзе”. Але гэта рэдкія пробліскі. Многія ж прафесійныя медыі ў асэнсаванні скандальнай тэмы практычна не ўзняліся вышэй за сацыяльныя сеткі. Як той казаў, тэма цыцак не раскрыта.

Справа Сноўдэна: кагнітыўны дысананс

А вось тэму выкрывальніка глабальнага амерыканскага сачэння Эдварда Сноўдэна акурат беларускія дзяржаўныя СМІ ўзяліся смакаваць і раскручваць. Натуральна, як нагоду паздзекавацца са Штатаў.

Між тым недзяржаўныя медыі апынуліся ў стане кагнітыўнага дысанансу. З аднаго боку, нібыта змагар за праўду. З іншага — выдаў дзяржаўныя таямніцы, стаў цацкай у руках Крамля. Як ацэньваць? Як праецыраваць сюжэт на айчынныя рэаліі?

Паўлюк Быкоўскі кажа з гэтай нагоды аб “правінцыйнасці беларускай журналістыкі”, якая ў значнай ступені “глядзіць на свет праз чужыя крыніцы”.

Сапраўды, збіўшыся з панталыку ў справе Сноўдэна, недзяржаўная прэса збольшага абмяжоўваецца перадрукамі. Лішні раз бачна, што аналітычная плынь у ёй слабаватая. Адна рэч, калі ў рэдакцыях маюць справу са звыклымі міфалагізаванымі сюжэтамі кшталту маніхейскай барацьбы апазіцыі супраць рэжыму. Заўжды зручна атакаваць уладу даўно назапашаным наборам стэрэатыпных закідаў, калі пішаш пра эканамічнае становішча, залежнасць ад Расіі, адсутнасць рэформ, наяўнасць палітзняволеных.

Нестандартныя ж гісторыі кшталту сюжэту са Сноўдэнам заганяюць нашы медыі ў ступар. Затое шмат якія рэсурсы ахвотна падхапілі (прычым даўшы не пытальныя, а сцвярджальныя загалоўкі) спекуляцыйную, на мой погляд, версію “Газеты выборчай”, што Пуцін спіхне Сноўдэна ў Беларусь, “бо фармальна ў гэтай краіны няма мяжы з Расіяй. Мясцовыя ўлады на вайскова-транспартным самалёце даставяць яго ў адну з краін Афрыкі, а адтуль — у Лацінскую Амерыку…”.

Сапраўды, чаму б не павесіць апрыёры яшчэ адну гіпатэтычную сабаку на “апошнюю дыктатуру Еўропы”? Тым болей што версія нібыта складная. Але ў незамбаваных чытачоў можа ўзнікнуць дзіцячае пытанне: а што, у расійцаў ужо скончыліся свае вайскова-транспартныя самалёты?

Гэтаксама марудна беларускія медыі асэнсоўваюць цяпер прысуд Навальнаму. Бліснула хіба што “Радыё Свабода”: у дзень прысуду Юры Дракахруст аператыўна адрэагаваў спачатку каментаром у сваім блогу, а потым яшчэ і “Праскім акцэнтам”.

Спекуляцыі замест даследавання

Высновы ж з гэтага экспрэс-агляду гарачых тэм відавочныя. Дзяржаўная прэса хранічна пакутуе на сіндром плюшавага дэсанту. Якія б холдынгі ні стваралі чыноўнікі дзеля падвышэння эфектыўнасці дзяржСМІ, гэта будзе нагадваць “Квартэт” Крылова.

Недзяржаўныя ж медыі, асабліва анлайнавыя, грашаць рэактыўным, фрагментарным асвятленнем шматслойных тэмаў, найчасцей задавальняючыся слізганнем па іх паверхні. Сапраўднай паліфаніі і заглыблення ў прадмет бракуе. Замест даследавання — спекуляцыя.

Даследаваць няма калі, ды і хто за гэта заплаціць лішнюю капейчыну?