Зрэшты, напісаць гэты артыкул мяне падбілі роздумы над правільнасцю ўжывання і сэнсавымі вызначэннямі такіх паняткаў як “грамадзкая” ці ўсё ж “грамадзянская” журналістыка. Аднак, калі ў другім выпадку, мы маем справу хутчэй з вузкаакрэсленымі катэгорыямі ўніверсітэцкага курсу па “Тэорыі дзяржавы і права”, то ў першым – сэнсавы змест набывае значэнне куды шырэйшае. Але, самае цікавае, што на беларускай мове, ўжыванне абодзьвух гэтых паняткаў ў дачыненні да тэмы артыкулу будуць правільнымі.

 

 

Сінанімачнасць ужывання ўдакладненняў “грамадзкая” і “грамадзянская” адносна журналістыкі, з філалагічнага пункту гледжання тлумачыць не буду. На мой погляд, тут і так усё зразумела. Іншая справа – якую ролю адыгрываюць СМІ ў фармаванні нашага грамадзтва і грамадзянскай пазыцыі асобы , а гэтаксама, якім чынам уплывае грамадзтва ці самі грамадзяне на журналістыку? З гэтым, не ўсё так проста.

«Піпл хавае!”, ці інфармацыйнае “спажывецтва”

Ніколі не “лавілі” сябе на тым, якой інфармацыі мы больш за ўсё давяраем? Апеляцыя да “аўтарытэтных” і “кампетэнтных” думак, ідэй ды меркаванняў закладзена ў чалавеку амаль генетычна (калі-некалі іх называюць нават гістарычным вопытам). Нас з дзяцінства вучаць прыслухоўвацца да “старэйшых і разумнейшых” не дужа зважаючы на тое, што “тэарэтычная абгрунтаванасць” некаторых іх аналізаў “сітуяцый” ці “стратэгій” больш нагадвае “прагнозы” васьмінога Паўля (прынамсі, такое ўражанне складаецца пры праглядзе дзяржаўных тэлеканалаў).

Менавіта гэтае, “спажывецкае”, імкненне атрымаць гатовыя адказы на ўсе пытанні з чужой галавы ў шмат чым і абумоўлівае сучасны стан рэчаў як у Беларусі, так і ў шмат якіх іншых краінах. Апеляцыя да “так па целевізары гаварат” звонку падаецца смешнай, аднак, менавіта яна ў шмат чым уплывае на фармаванне грамадзкай думкі. Дарэчы, такім чынам і ствараюцца стэрыятыпы ды сацыяльныя міты, але – гэта ўжо зусім іншая тэма.

Доўгі час крытычнасць мыслення ў савецкім грамадзтве была пад негалосным дзяржаўным “табу”. І гэты час не прайшоў для старэйшых пакаленняў безвынікова. Амаль сакральная вера ў “светлую будучыню”, яшчэ з часоў “культу асобы” фармавала слепы давер і захапленне “кірункам партыі” ды яе лідэрамі. Нярэдка, нават у навуковых дыспутах апошнім аргументам апаненту была цытата з “Капіталу” ці нават “Малой зямлі”. Тое ж самае тычылася “друкаванага слова”, радыё і тэлебачання.

Галоўнай функцыяй тагачасных сродкаў масавай інфармацыі было штучнае стварэнне “правільнай” грамадзкай думкі, а асоба разглядалася толькі як спажывец “прадукту” навешанага на яго вушы. Адзінай “крыніцай” непадцэнзурнай інфармацыі ўплываўшай на грамадзкую думку, былі бадай што толькі плёткі, з якімі таксама вялася “непремиримая борьба”. Гэта быў час з’яўлення шматлікіх “штампаў”, “шаблонаў”, ды іншых “клішэ”. І не толькі на газэтных палосах ці ў тэле-радыёэфірах.

Калі яшчэ камусці не зразумела да чаго я вяду, раскажу старую, “барадатую” показку з савецкай “спадчыны”.

У застойныя часы, прапагандыст чытае лекцыю аб дасягненнях мінулай “пяцігодкі”:

  • У мінулай “пяцігодцы”, у суседнім горадзе быў пабудаваны новы шпіталь у якім будуць рабіцца звышскладаныя аперацыі і які абсталяваны па апошняму слову тэхнікі…

Рэпліка з залі:

  • Я на днях ездзіў ў гэты горад, ніякага новага шпіталю там няма, толькі яшчэ адная амбулаторыя з’явілася!

Лектар:

  • У мінулай “пяцігодцы”, ў суседнім раёне распачата будаўніцтва новай гідраэлектрастанцыі…

Голас з залі:

  • Я толькі ўчора адтуль, ніякай станцыі там няма, проста адрамантавалі старую дамбу!

Лектар не вытрымлівае:

  • Малады чалавек, замест таго каб бадзяцца невядома дзе, лепш бы селі ды пачыталі, што ў газэтах пішуць!

Мабыць, менавіта з такіх рэплік грамадзяне краіны Саветаў ўпершыню спазналі “грэх” свабоды думкі. На змену “правільнаму” пункту гледжання прыходзяць альтэрнатыўныя меркаванні і высновы, ў часы славутай “галоснасці” з’яўляецца цэлая генерацыя маладых журналістаў, засноўваюцца і хутка набываюць папулярнасць незалежныя выданні, аднак… чытач як быў, так і застаецца толькі ўсяго “спажыўцом” інфармацыі.

Амаль да гэтага часу, нібы седзячы ў той самай “аўдыторыі”, большасць сучаснага грамадзтва здзіўленымі вачыма пазірала то на “лектара-прапагандыста”, то на дзёрскага прадстаўніка “няправільнай” прэсы. Што зробіш – “піпл хавае!”…

Нашчадак “самвыдату” і залежнасць “незалежных” СМІ

Што такое блог і “з чым яго ядуць”, мяркую, тлумачыць гэтаксама не трэба.

Узнікшы ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, пераважна як сродак асабістай камунікацыі (сваеасаблівы прадвеснік такіх папулярных сацыяльных сетак), у хуткім часе блог набыў і іншую, бадай, самую запатрабаваную зараз функцыю, – распаўсюд інфармацыі ў шырокіх колах грамадзтва. Прычым, — у імгненне вока, дзякуючы шматлікім перапостам, анатацыям ды абмеркаванням. І тут, трэба звярнуць увагу на адную важную акалічнасць.

З развіццём ды пашырэннем інтэрнэт- прасторы ў апошні час, асабісты “інтэрнэт-дзённік” ператварыўся ў сваеасаблівую “ўлётку”, “баявы лісток” дзе замест “класічных” запісаў кшталту “Як мне назваць маю котку?”, тэксты ў шмалікіх вядомых блогах пачалі набываць рэзкае грамадзка-палітычнае, і ледзь не рэвалюцыйнае гучанне. У некаторым сэнсе, блог стаў “нашчадкам” усім вядомага “самвыдату” які ва ўсе часы ствараў альтернатыву традыцыйным СМІ. На змену флегматычнаму “Што бачу – аб тым і спяваю”, прыходзіць дзёрзкае і агрэсіўнае “Прачытаў – перадай іншаму!”. Менавіта ў гэтым “Перадай іншаму!!!”, на мой погляд і трэба шукаць прычыны з’яўлення ды матывацыі не толькі самой блогасферы, але і ў шмат чым такога соцыякультурнага фенамену як “грамадзянская журналістыка”.

Крыху засяроджу ўвагу на такім панятку як “незалежныя СМІ”. На пачатку 90-х іх развялося даволі шмат, і ледзь не кожнае выданне пазіцыянавала сябе менавіта як “незалежнае”. Але, ці так яно было і ёсць на самой справе? Ці з’яўляецца “незалежнае” СМІ, насамрэч незалежным?

Засноўваючы любое перыядычнае выданне, ствараючы інфармацыйны сайт ці медыяпартал, кожны рэдактар кіруецца ў першую чаргу, на сваю мэтавую аўдыторыю. Так сказаць, на “чытача”. І ўжо зыходзячы з зацікаўленняў гэтага кантынгенту выпрацоўвае інфармацыйныя прыярытэты свайго СМІ. Прасцей кажучы, вырашае, што з’яўляецца, так бы мовіць, “фарматным”, а што – “нефарматным” для гэтага выдання ці рэсурсу. Гэта, па-першае.

Па другое. Амаль кожны, ў тым ліку і “незалежны” СМІ, пачынаючы працу, павінны будзе абапірацца на сваіх заснавальнікаў, сузаснавальнікаў, дэрэктарат, спонсараў, грантадаўцаў ды іншае шматлікае кіраўніцтва, якое, хай сабе і не цалкам, але будзе мець ўплыў на рэдакцыйную палітыку гэтай інфармацыйнай крыніцы.Разумееце, да чаго я вяду?

Прынамсі, тут мне можна запярэчыць, спасылаючыся на вядомыя прынцыпы і правілы якімі павінен кіравацца незалежны журналіст у сваёй працы. Аднак, нават прымаючы да ўвагі вышэйназваныя “акалічнасці”, аб якой аб’ектыўнай незалежнасці СМІ мы можам казаць? Хіба што толькі ў ідэале, да якога павінны імкнуцца.

Такім чынам, на мой погляд, любое са сродкаў масавай інфармацыі (да каго б яно сябя не адносіла) ужо apriori  з’яўляецца залежным як ад сваёй карыстальніцкай ці чытацкай аўдыторыі, так і ад шматлікіх “унутраных фактараў” (напрыклад, ад пункту гледжання таго ж галоўнага рэдактара).

Грамадзкая і традыцыйныя журналістыка

Тым ня меньш, асабісты блог, з’яўляецца далёка не адзіным “жанрам” у грамадзкай журналістыцы. Пачатак шырокага распаўсюду шматлікіх тэхнічных “дэвайсаў” і павелічэння ролі сацыяльных сетак, дараваў магчымасць фіксацыі ды распаўсюду інфармацыі не толькі прафесійнымі журналістамі-навіноўцамі, але і звычайнымі грамадзянамі. Датычна гэтага, лічу што нават прыклады прыводзіць ня трэба.

Аднак, тут мы мусім крыху спыніцца на тэрмінах. У прыватнасці, гэта тычыцца адрозненняў такіх катэгорый як фрылансер, і ўласна, грамадзкі журналіст.

Калі ў першым выпадку аўтар працуе пераважна на замову, ці прапануе ўжо гатовы аўтарскі матэр’ял і атрымоўвае за гэта ганарары, то ў выпадку з грамадзкімі журналістамі, зазвычай такога няма. У сваёй большасці, прадукт грамадзкіх журналістаў, як правіла адразу трапляе на ўсеагульнае “спажывецтва”, дзесяткі а то і сотні разоў перадрукоўваючыся шматлікімі “фрэндамі” з сацыяльных сетак і блогаў (якія і ствараюць рэзананс). Гэтым, дарэчы, вельмі ўдала карыстаюцца некаторыя традыцыйныя СМІ, папросту перадрукаваўшы гэты прадукт на сваім рэсурсе, ўсяго пакінуўшы спасылку на аўтара і першакрыніцу. Без усялякіх фінансавых дамоў і абавязкаў. Выключэнні могуць складаць мабыць толькі найбольш эксклюзіўныя ды сенсацыйныя матэр’ялы ці асабістыя стасункі аўтара з тым, ці іншым СМІ.

Такім чынам, кажучы пра грамадзкую журналістыку, мы маем справу не толькі з мастацка-публіцыстычнымі жанрамі, але і, як мінімум, з пачаткам развіцця гэтаксама жанраў навіновых. Прычым, трэба заўважыць, што апошнія ўсё часцей ствараюць канкурэнцыю інфармацыі пададзенай журналістамі-прафесіяналамі з-за іх большай “смажанасці”, сітуатыўнай аператыўнасці і фактычнага матэр’ялу (найчасцей гэта фота, відэа і аўдыё зробленыя непасрэдна на месцах здарэнняў ці падзей і выкладзеныя на асабістых старонках). Гэта асабліва важна ў краінах з таталітарна-аўтарытарнымі рэжымамі, дзе правы і праца традыцыйных недзяржаўных журналістаў і СМІ абмежавана заканадаўча, ці то яны падвяргаюцца ціску з боку улады.

Разам з тым, нярэдка фота ці відэа зробленыя грамадзянскімі журналістамі і выкладзеныя ў сеціва, могуць адыгрываць вялікую ролю пры складанні доказнай базы як адміністрацыйнага так і крымінальнага следзтва ці суду, і тым самым ратаваць свабоду несправядліва абвінавачаным, ці то наадварот – з’яўляюцца пэўным доказам з боку абвінавачвання.

У гэтым сэнсе “што бачу – аб тым і спяваю!”, набывае сваю грамадзкую і сацыяльную значнасць. Але, менавіта пры ўмове і толькі праз “Прачытаў – перадай іншаму!”. Прасцей кажучы, пры ўмове грамадзянскай актыўнасці і камунікацый, асабісты інтэрнэт-дзённік ледзь не кожнага блогера ці акаўнт карыстальніка сацыяльных сетак, “ператвараецца” ў амаль паўнавартасны сродак масавай інфармацыі, так бы мовіць, прыватнае “міні-СМІ”. З другога боку, як не цяжка заўважыць, шматлікія інтэрнэт-СМІ гэтаксама маюць ў сваёй рубрыкацыйнай сістэме месца для асабістых старонак блогераў. Чым гэта не “ўзаемаўплыў” ў фармаванні грамадзкай думкі і грамадзкіх адносін?

Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць некалькі высноў. Па першае, з кожным годам усё больш сціраюцца межы паміж прафесійнай і грамадзкай журналістыкай. Гэта абумоўліваецца ў першую чаргу, як развіццём тэхнічных магчымасцяў ў масавым ужытку, так і ўзнікненнем новых форм грамадзянскай актыўнасці і камунікацый. У сваю чаргу, гэта вымушае рэдакцыі і выдавецтвы шукаць больш шчыльныя кантакты ў зваротнай сувязі, прапануючы мэтавай аўдыторыі не толькі большыя магчымасці ўплыву на рэдакцыйную палітыку, але, і асабістага ўдзелу ў стварэнні журналісцкіх матэр’ялаў.

Па другое, ўлічваючы профільную абмежаванасць тэарэтычных ведаў большасці грамадзкіх журналістаў, рэдакцыі шматлікіх выданняў (асабліва тыя, ў якіх ільвіная доля кантэнту прыпадае менавіта на грамадзкіх журналістаў ці фрылансераў) адмыслова робяць стаўку на т. зв. “вольны стыль” падачы матэр’ялаў, ці нават, найбуйнейшыя з іх, час ад часу ладзяць спецыяльныя курсы і семінары для падрыхтоўкі сваіх сталых грамадзкіх аўтараў. У сваю чаргу, гэты, умоўна кажучы “непрафесіяналізм”, стварае дадатковыя магчымасці для творчых памкненняў журналістаў- прафесіяналаў, дазваляючы ім глядзець на журналістыку “незамыленым вокам”, адчыняе новыя межы ў працы з жанрамі і выкарыстанні іх спалучэнняў, “вынаходніцтва” новых падыходаў, кропак чытацкай увагі і г.д. Прасцей кажучы, з’яўляецца адным з неабходных фактараў развіцця журналістыкі ў новых інфармацыйных умовах.

І – апошняе, трэцяе, шчыльна звязана з рэгіянальнай навіновай інфармацыяй. У сучасных умовах, нават рэдакцыі буйных СМІ не могуць дазволіць сабе ўтрыманне рэгіянальных корпунктаў, і, найчасцей, маюць аднаго – дзвух карэспандэнтаў ў тым ці іншым рэгіёне, якія асвятляюць толькі найбольш відавочныя ды “планавыя” інфармацыйныя нагоды. І вось тут ужо аніяк не абыйсціся без грамадзкай журналістыкі. Сітуацыйнасць, аператыўная падача матэр’ялу ад “першай асобы”, магчымасць апытання відавочцаў і г.д. – грае вельмі вялікую ролю. Менавіта грамадзкая, а не прафесійная журналістыка, ў шматлікіх выпадках аказваецца першай у авангардзе рэгіянальных навін ды на “барыкадах” падзеяў, менавіта яна робіць свой значны ўнёсак у “рэпартажнасць” матэр’ялаў з месцаў здарэння і, такім чынам, у большасці пазаштатных выпадкаў, — менавіта грамадзкая журналістыка з’яўляецца першакрыніцай рэгіянальных навін для традыцыйных СМІ.

Звяржэнне “ідалаў”, ці “суаўтарства” грамадзкай думкі

На сённяшні дзень, дзякуючы адноснай лёгкасці атрымання інфармацыі з розных крыніц, друкаваныя СМІ, пачынаюць ўсё больш выконваць дадатковыя ці нават, дэкаратыўныя функцыі ў сегменце “рынку навін”. Аператыўнасць атрымання і распаўсюду інфармацыі павялічваюцца ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі, і зараз большасць часопісаў і газэт выклікаюць цікавасць бадай што толькі ў сегменце сітуацыйна-аналітычных і дыялагічных жанраў журналістыкі. То бок, можна сказаць, што па вялікаму рахнку, іхняя роля паступова зводзіцца да каментавання навін, аналітычных артыкулаў ды інтэрв’ю са знакавымі асобамі. У гэтым кантэксце, можна ўзгадаць сітуяцыю, калі яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, традыцыйныя СМІ стваралі свае інтэрнэт-сайты як дапаможны рэсурс, сваеасаблівы “дадатак” да асноўнага выдання ці тэлеканалу. Аднак, менавіта сайты, з часам сталі граць галоўную “скрыпку” і роля друкаваных выданняў як дапаможная, ўсё больш становіцца відавочнай. Мяркую, тое ж самае можна будзе сказаць і пра традыцыйную і грамадзкую журналістыку. З часам.

Аналізуючы ролю грамадзкай журналістыкі у сучасным свеце і, ў прыватнасці на постсавецкай прасторы, на маю думку, аніяк нельга пакінуць па-за ўвагаю яе спецыфічную адметнасць і ўплыў на ўспрыманне і функцыі інфармацыі ў масавай свядомасці. І гэта, бадай, самая галоўная яе рыса.

Апошнім часам стала распаўсюджаным выслоў’е: “кожны сам сабе СМІ”, якое ў інфармацыйную эпоху прыйшло на змену індустрыяльнаму “колькі людзей – столькі і думак”. Прынамсі, з гэтым цяжка спрачацца, бо колькасць крыніц інфармацыі за апошняе дзесяцігодззе вырасла ў шмат крот. Перадусім, у выглядзе мноства блогаў, а гэтаксама аккаўнтаў ў сацыяльных сетках, як спосабу трансляцыі ці рэтрансляцыі інфармацыі. І кожнае з іх, мае “сваю праўду”.

Падобныя працэсы, з аднаго боку, сведчыць аб паступовым адыходзе нашага грамадзтва ад стэрыятыпу “так па цілівізары гаварат”, аб нараджэнні крытычнасці мыслення ў масавай свядомасці, а ў нашым выпадку – аб трансфармацыі “спажывецкага” тыпу карыстання інфармацыяй, ў, так бы мовіць, тып “суаўтарства” грамадзкай думкі. З другога боку, вышэйназванае, у сваю чаргу гаворыць аб стане самога грамадзтва, яго паступовага сталення, крышталізацыі камунікацыйных працэсаў як ў малых, так і (з пэўнымі агаворкамі) ў вялікіх сацыяльных групах.

Так, падобна Давіду, маладая грамадзкая журналістыка перамагае старыя Галіяфавы забабоны як з боку традыцыйных СМІ, так і з боку грамадзтвазнаўчых стэрыятыпаў. Грамадзтва адмаўляецца ад звычайнага інфармацыйнага “спажывецтва” і ўсё больш робіцца суб’ектам, часткаю “вытворчасці” інфармацыйных нагод.

Магчымыя перспектывы развіцця

Калі ў медыях павялічваецца ўплыў грамадзкай журналістыкі, гэтаксама павялічваецца і роля саміх грамадзкіх журналістаў. Яны робяцца знакавымі, грамадзка вядомымі асобамі. Калі яшчэ пяць-сем год таму блогасфера была хутчэй “закрытай”, спецыфічнай вобласцю камунікацый і абмену інфармацыяй, то на сённяшні дзень мы маем справу ўжо са значным медыйным сегментам уплыву як на грамадзкую думку, так і на фармаванне грамадзянскай пазыцыі, адносін да той ці іншай падзеі, ці працэсу з боку канкрэтна ўзятага чалавека. У гэтых умовах, асоба аўтара становіцца публічнаю. Яго не толькі перадрукоўваюць, але і цытуюць, прычым, некаторыя з такіх выразаў і цытат у пэўнай меры прэтэндуюць на некаторую “крылатасць”.

За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба. Блог Яўгена Ліпковіча, які з’яўляецца бадай што самым папулярным у беларускай блогасферы, ў 2010 годзе трапіў ў “чорны спіс” інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх быў для беларускіх улад “непажаданым”, аднак, гэтыя захады толькі павялічылі як папулярнасць рэсурсу, так і яго аўтара не толькі ў медыя-прасторы, але і па-за яе межамі.

Звычайны працоўны МАЗа Руслан Мірзоеў, які здымаў рэзанансныя відэаролікі пра рэальныя ўмовы працы на згаданым заводзе, а гэтаксама, пра рэчаіснасць умоў жыцця ў адным з мікрараёнаў Менску, маўляў, як бы за “дробнае хуліганства” атрымаў пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага, хлопцам усур’ёз зацікавіліся незалежныя СМІ, ён пачаў даваць інтэрв’ю і г.д. а апошнім часам, стала вядома што ў адносінах да “недобранадзейнага” для ўлад грамадзкага відэажурналіста, пачалі “шыць” крымінальную справу. Прычым, трэба заўважыць, што да гэтага, Руслан не меў ніякіх кантактаў ні з незалежнымі СМІ, ні з палітычнымі апанентамі дзеючага рэжыму.

Аднак, самай розгалоснай асобай на тэрыторыі СНД, з’яўляецца блогер Аляксей Навальны, які зусім нядаўна ледзь не стаў мэрам г. Масквы, нягледзячы на процідзеянні расейскіх улад. Ня маючы, ні падтрымкі нейкай палітычнай партыі, ні сталага фінансавання, ні вялікай падтрымкі з боку расейскіх палітычных і бізнэс-эліт, блогер здолеў правесці цудоўную палітычную кампанію, па выніках якой, Навальнага зараз можна лічыць ліэрам усёй расейскай апазыцыі.

Згаданыя прыклады, на мой погляд, з’яўляюцца ўсяго толькі верхавінай “айсбергу”, самай відавочнай часткай працэсу развіцця і росту папулярнасці грамадзкай журналістыкі і самых грамадзкіх журналістаў як у Беларусі, так і на прасторах СНД.

Якія высновы магчыма зрабіць з усяго вышэйназванага?

Па-першае, адмова ад інфармацыйнага “спажывецтва” ды преаход да, так бы мовіць, суаўтарства грамадзкай думкі, з’яўляецца фактарам наўпрост узаемадзейнічаючым з масавай свядомасцю і ўплываючым на фармаванне грамадзкай пазыцыі асобы, што, ў сваю чаргу, можа з’яўляцца паказчыкам нейкіх значных зрухаў ў кантэксце грамадзянскай актыўнасці. Аднак, на мой погляд, зараз яшчэ рана казаць аб тым, што ў гэтых працэсах з’яўляецца першасным: рост грамадзкай актыўнасці які праяўляецца ў тым ліку і ў грамадзкай журналістыцы, ці, наадварот, гэта магчымасці грамадзкай журналістыкі стымулююць грамадзкую актыўнасць? Гэта – пытанне для прафесійных даследчыкаў.

Па другое, ўжо зараз становіцца відавочным, што формы журналістыкі змяняюцца. І, ўлічваючы фактары мабільнасці, аператыўнасці ды сітуатыўнасці, традыцыйная журналістыка не заўсёды “паспявае” за бегам падзей, то бок, яе роля ўсё больш зводзіцца да каментавання, разбору “па косткам” нейкіх ужо адбыўшыхся навін, чымся іх непасрэднае асвятленне з месца падзей ці здарэнняў.

І па трэцяе, апошнім часам у грамадзтве ўсё большую ролю пачынаюць адыгрываць асобы грамадзянскіх журналістаў і блогераў. Яны, з пэўнымі агаворкамі, ўсё часцей становяцца як фармальнымі так і нефармальнымі лідэрамі ў публічнай палітыцы, грамадзянскай супольнасці, сацыяльных групах. З іхнімі імёнамі звязваюцца надзеі і яны ўжо гавораць не толькі ад свайго асабістага імя, але з’яўляюцца персаніфікаванымі выказчыкамі грамадзкіх памкненняў, новых ідэй, форм і мэтод, так бы мовіць, ад “першай асобы”. На маю думку, менавіта гэты чыннік можа зрабіць значны ўнёсак не толькі ў фармаванне новых сістэм грамадзкіх адносін, але і паўплываць на станаўленне новага, інфармацыйнага грамадзтва.