Партыя  БНФ звяртаецца да Міністэрства інфармацыі з настойлівым  заклікам спыніць вайну супраць свабоды слова і адклікаць з суда неабгрунтаваныя і юрыдычна безпадстаўныя пазовы аб прыпыненні выдання газет «Народная Воля» і “ Наша Ніва”.

Заява Управы Партыі БНФ у сувязі з судовым пераследам незалежных газет.

 

“Управа  Партыі БНФ канстатуе, што пасля  наступу і рэпрэсій супраць  палітычнай апазіцыі і грамадзянскай  супольнасці фокус рэпрэсіўнай актыўнасці рэжыма скіраваны на абсалютнае выкараненне свабоды слова. Пададзеныя Міністэрствам інфармацыі пазовы аб прыпыненні газет “Наша Ніва” і “Народная Воля” з’яўляюцца лагічным працягам палітычных крымінальных працэсаў,  ціску на апазіцыйныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі.

Асаблівую занепакоенасьць і сур’ёзную  трывогу выклікае пагроза знішчэньня газеты Наша Ніва, якая з’яўляецца адзіным у краіне штотыднёвым грамадска-палітычным выданнем на беларускай мове, незалежным ад палітычнай улады.

Управа  Партыі БНФ выказвае салідарнасьць з рэдакцыямі і аўтарскімі калектывамі “Нашай Нівы” і “Народнай Волі”, а таксама заклікае сябраў партыі ды усіх людзей добрай волі падтрымаць газеты напярэдадні разгляду справы ў судзе. Незалежна ад вынікаў судовага працэса Партыя БНФ гатова дапамагаць незалежным газетам у іх дзейнасці, у тым ліку праз арганізацыю выдання  і забеспячэнне распаўсюду накладаў сіламі сябраў партыі.

Управа  Партыі БНФ перасцерагае Міністэрства інфармацыі ад неабдуманых крокаў у накірунку вынішчэння незалежнай ад улады грамадска-палітычнай прэсы. Такія дзеянні ёсць не чым іншым як цемрашальствам на дзяржаўным узроўні.

Дзякуючы  незалежным СМІ,  і асабліва прафесійным, аб’ектыўным і адказным матэрыялам газет “Наша Ніва” і “Народная Воля”, шырокая грамадскасць даведваецца праўду пра бягучую сітуацыю ў краіне. Ліквідацыя гэтых крыніцаў аб’ектыўнай інфармацыіі пазбавіць насельніцтва незалежнай карціны падзей, што можа мець негатыўныя наступствы ва ўсіх сферах жыцця краіны, у тым ліку – сацыяльна-эканамічнай.

Управа  Партыі БНФ заклікае сябраў Партыі, а таксама ўсіх грамадзян, каму неабыякавы лёс свабоды слова  ў Беларусі, прыходзіць да будынка  суда, калі там будуць разглядацца  справы “Нашай Нівы” і “Народнай Волі”, і чытаць гэтыя незалежныя выданні на знак салідарнасці”.

nv-online.info