Арабскія паўстанні паспрыялі з’яўленню ў сродках масавай інфармацыі постаці кіберактывіста, які дакументуе ўмовы жыцця насельніцтва і адчуванне несправядлівасці, якую яны выклікаюць. Родам з гарадскіх, заможных слаёў, часта не маючы аніякага вопыту актывізму, гэтыя маладыя 20-30-гадовыя людзі збольшага заяўляюць аб апалітычным характары свайго ўдзелу. Аднак рэпрэсіі іх аб’ядналі.

У часы Бен Алі, — падкрэслівае туніскі блогер Хамадзі Калутча (Hamadi Kaloutcha) (1), — нас было сто ці дзвесці кібердысідэнтаў. Адны супраць усіх. Сеціўная паліцыя рабіла ўсё, каб падарваць давер да нас. У рэшце рэшт гэтая пагроза нам дапамагла: яна нас прымусіла праявіць бездакорную сур’ёзнасць.”

Калі паміж кіберактывістамі краін Магрыба існуюць агульныя рысы, іхнія асабістыя характарыстыкі, у сваю чаргу, моцна залежаць ад нацыянальнага кантэксту. У Марока найбольш вядомыя блогеры — інжынеры і журналісты. У адрозненне ад Туніса, дзе гэта хутчэй прадстаўнікі света мастацтваў і культуры.

Каментары, што ўспяваюць “Фэйсбукавую рэвалюцыю” ў Тунісе, ніякім чынам не дапамагаюць зразумець, як туніскія блогеры перайшлі ад энтузіязма да расчаравання. Вось як блогер Манікеус (Manichaeus) (2) гаворыць пра іхні сучасны стан: “Яны ў жалобе”. Менавіта ў Сеціве яны зразумелі, што рэжым быў ім невыносны, і што яны могуць яго публічна крытыкаваць. Усе, з кім мы размаўлялі, узгадваюць першасную ролю Тунезіна (Tunezine) — апазіцыйнага сайта, запушчанага ў 2001 годзе эканамістам Зухэрам Ях’яўі (Zouhair Yahyaoui), якому наканавана было зрабіцца першым “кіберактывістам-мучанікам” (3). Уваходжанне ў сусвет Інтэрнэту было для іх вопытам займання крытычнай дыстанцыі ў дачыненні да сістэмы і, глыбей, у дачыненні да туніскага грамадства. Натхнёныя літаратурнымі амбіцыямі, многія блогеры пісалі хронікі штодзённага жыцця, клопатаў і пакут сваіх суайчыннікаў. Але гэта не выратавала іх ад цэнзуры, паліцэйскіх запалохванняў, а некаторых і ад турэмнага зняволення. Як напрыклад, Фатму Арабіку (Fatma Arabicca), чый арышт, у 2009 годзе, выклікаў нацыянальную і міжнародную мабілізацыю, якая дапамагла яе вызваліць (4).

З таго моманту яны ўвесь час змагаліся з “Амарам 404” (уяўным персанажам, які распаўсюджвае “памылку 404”, што сігналізуе карыстальнікам Інтэрнэту, што пэўная вэб-старонка не існуе), няспынна здзекваючыся з яго. Аднак іхняя барацьба прыняла новы размах вясной 2010 года, калі цэнзура закранула ўсіх карыстальнікаў Фэйсбука. Адпаведная анлайн-петыцыя сабрала больш за 10 тыс. подпісаў. Некаторыя кіберактывісты прынялі неймавернае на той час рашэнне — падаць заяўку на афіцыйны дазвол дэманстрацыі супраць цэнзуры, прызначаную на 22 мая. Пасля затрымання паліцыяй яны адмовіліся, аднак запрасілі ўсіх грамадзян выйсці на галоўны праспект Туніса, апрануўшы белую футболку. Ясін Аяры (Yassine Ayari) (5), адзін з ініцыятараў гэтай мабілізацыі, лічыць яе “пераломнай”.

Усе эмацыйна распавядаюць, як у снежні 2010 года яны атрымалі і разпаўсюдзілі выявы паліцэйскіх, якія стралялі сапраўднымі кулямі па маладых дэманстрантах. У той момант яны адчулі сябе носьбітамі надзвычайнага ўздыма нацыянальнай салідарнасці, які іх выштурхнуў на вуліцы і ўтрымліваў цэлымі начыма без сну, за камп’ютарам, каб перадаваць выявы дэманстрацый і паліцэйскіх зверстваў.

Азіраючыся назад, гэтае выпрабаванне паўстае як момант уз’яднання супольнасці, якая потым адразу ж распалася. Калі сыход Зіна эль-Абідзіна Бен Алі святкаваўся ў вялікім парыве нацыянальнай еднасці, гэты сыход таксама выявіў вяртанне раз’яднанасці. Пазбаўленыя постаці ворага, кіберактывісты зрабіліся палітычнымі канкурэнтамі. Іхнія адносіны былі падарваныя суперніцтвам, падазронасцю і паклёпамі: “Ворагі больш не відавочныя; цяпер ужо невядома, хто каму вораг, — апававядае нам A Tunisian Girl (6) , адна з самых «раскручаных» на Захадзе туніскіх блогерак. — Вось так: мы зараз раз’яднаныя. Адны блогеры падтрымліваюць адзін аднаго, іншыя — не.”

Хамадзі Калутча таксама расчараваны: “Пачынаючы з 14 студзеня 2011 года, Інтэрнэт стаўся ўсеагульным гармідарам, пасярод якога мы больш не здольныя думаць. Нам складана быць пачутымі пасярод міжпартыйных баталій.” Трэба адзначыць, што сацыяльныя сеткі прынялі ў свае шэрагі аграмаднае мноства новых карыстальнікаў, сярод якіх шмат «змагароў», што далучыліся ў апошні момант і распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, падрабляюць відэа і фота. Вынікам усяго гэтага ёсць неапісаная какафонія.

Энтузіязм знешніх назіральнікаў зацьміў вопыт туніскіх кіберактывістаў. Аднак да іх сённяшняй разгубленасці варта было б прыслухацца, нават калі яна абвяргае меркаванні, якія шырока разпаўсюдзіліся за мяжой. Зусім не відавочна, што ўрады, СМІ і заходнія даследчыкі, якія высунулі блогераў на грамадскую авансцэну ў якасці легітымных прадстаўнікоў туніскага народу, саслужылі тым самым добрую службу еднасці прагрэсіўных сіл.

Пераклад: Аляксей Федарэнка

Арыгінал

Ілюстрацыя

* СМАІН ЛААШЭР і СЕДРЫК ТЭРЗІ (Smaïn Laacher, Cédric Terzi) — сацыёлагі, сябры Цэнтра вывучэння сацыяльных рухаў пры французскім Нацыянальным цэнтры навуковых даследаванняў (CNRS) — Школе вышэйшых даследаванняў у галіне сацыяльных навук (EHESS).


1. Псеўданім. Старонка ў Фэйсбуку

2. Гэты піянер блогерскага руху спыніў сваю інтэрнэт-дзейнасць у снежні 2010 года, лічачы, што сацыяльныя сеткі выканалі сваю ролю.

3. Зведаўшы катаванні ў турме ў 2002 годзе, Зухэр Ях’яўі абвесціў галадоўку і атрымаў умоўнае вызваленне ў канцы 2003 года. Ён памёр ад сардэчнага прыступу 13 сакавіка 2005 года, ва ўзросце 37 гадоў.

4.  Гэтыя падзеі зрабілі з Фатмы Арабікі адну з цэнтральных фігур у асяроддзі туніскіх кіберактывістаў, нават калі яна далёка не самая раскручаная фігура за мяжой.

6. http://atunisiangirl.blogspot.com