Разлік на тое, што статус адзінага можна будзе здабыць у выніку кулюарных межпартыйных перамоваў, быў разьбіты сапраўдным дэмакратычным характарам гэтага мерапрыемства.
Грамадзкая кампанія па вылучэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай кааліцыі была распачатая правядзеньнем першай абласной канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў 3 красавіка 2005 года ў Гомелі. Ужо падчас гэтага стартавага пункта кампаніі выявіліся супярэчаньні паміж суб’ектамі кааліцыі што да задачаў, якія павінныя былі быць вырашаныя падчас гэтай грамадзкай кампаніі.

Гомельская вобласьць лічылася вотчынай Аляксандра Мілінкевіча, паколькі тутэйшы абласны лідэр АГП, Віктар Карняенка, ад самага пачатку кампаніі падтрымаў Мілінкевіча і нават быў кіраўніком ягонай групы падтрымкі — Карняенка ўзначальваў дэлегалізаваны ў 2003 годзе абласны рэсурсовы цэнтр “Грамадзянскія ініцыятывы”, які ўваходзіў у блізкую Мілінкевічу сетку Беларускай асацыяцыі рэсурсовых цэнтраў. У выніку абласной канфэрэнцыі пераважная большасьць удзельнікаў сходу прагаласавала за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў, а іншы фаварыт, Анатоль Лябедзька, набраў меньш за палову галасоў і не быў вылучаны. Нагадаем, што ўдзельнікі канфэрэнцыяў маглі падтрымаць любую колькасьць асобаў, унесеных у спіс для галасаваньня, пры гэтым і Мілінкевіч, і Лябедзька ўжо былі фармальна вылучаныя праз механізм партыйнага вылучэньня. Такім чынам, не падтрымаўшы Лябедзьку, удзельнікі канфэрэнцыі фактычна зладзілі ганебную абструкцыю лідэру АГП і справакавалі дыскусію аб мэтах грамадзкай кампаніі і месцы ў ёй абласных канфэрэнцыяў.

Па заканчэньні гомельскай абласной канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька выказаў шкадаваньне тым, што адбылося: “Гомельская канфэрэнцыя – гэта класічны прыклад кіраванай дэмакратыі. Зьнешне ўсё выглядала прыстойна – квоты, бюлетэні, хто за, хто супраць. Высьветлілася, што мы па-рознаму разумеем месца і ролю абласных канфэрэнцыяў. Дамовіліся, што гэта будзе сіта для выпадковых прэтэндэнтаў, што гэта мэханізм прыцягненьня ў працэс моцных асобаў і інструмэнт кансалідацыі.  Але прэтэндэнты давалі розныя ўстаноўкі сваім патэнцыйным групам падтрымкі. Адным – галасаваць за ўсіх, іншым – галасаваць за сваяго”. Па меркаваньні Лябедзькі, рэсурсовыя цэнтры і ПБНФ неабгрунтавана разглядалі абласныя канфэрэнцыі як мерапрыемства па абраньні адзінага кандыдата да Кангрэса. У адказ старшыня ПБНФ Вінцук Вячорка заявіў, што канфэрэнцыя ў Гомелі прайшла ў абсалютнай адпаведнасьці з зацьверджаным кааліцыяй Парадкам вылучэньня, празрыста й дэмакратычна. Бальшыню яе ўдзельнікаў – 43% – складалі сябры АГП, прадстаўнікоў ПБНФ было толькі 12%. Ужо таму, маўляў, абвінавачваньні ПБНФ у нейкіх “маніпуляцыях” сходам неабгрунтаваныя й ня могуць мець за сабой рэальных фактаў. Партыя БНФ запатрабавала ад АГП публічных прабачэньняў і зьняпраўджаньня абвінавачваньняў праз сайт і прэсавую рассылку АГП.

Відавочна, што ў дадзеным выпадку абодвума бакамі ў абмене меркаваньнямі кіравалі эмоцыі. Але ў ходзе наступнай дыскусіі на СНДС высьветлілася, што прэтэнзіі АГП былі хутчэй абгрунтаваныя. Як адзначыў Сяргей Калякін, мэтаю канфэрэнцыяў была кансалідацыя абласнога дэмакратычнага актыву, падрыхтоўка для супольных дзеяньняў. Але ў выпадку гомельскай канфэрэнцыі, па словах Калякіна, мэта кансалідацыі не была дасягнутая. Галоўным вынікам дыскусіі па гэтай праблеме  стала рашэньне правесьці неўзабаве ў Менску сустрэчу з удзелам усіх нацыянальных і абласных кіраўнікоў суб’ектаў АДС дзеля узгадненьня падыходаў да практычнай арганізацыі абласных канфэрэнцыяў. 9 красавіка 2005 года такая нарада адбылася і яна дазволіла прыняць некалькі кансэнсусавых дамаўленьняў, а таксама пастанавіла вынесьці на абмеркаваньне кожнай наступнай абласной канфэрэнцыі пытаньне аб месцы й даце правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Такім чынам, не зусім канструктыўная нэрвовасьць, што ўзьнікла пасьля Гомельскага сходу, была паспяхова пераадоленая праз наяўныя кааліцыйныя мэханізмы. Большасьць лідэраў усьвядоміла, што сэнс працэсу не ў здабыцьці большага працэнту галасоў удзельнікаў канфэрэнцыяў альбо большага ліку вылучэньняў.

Надалей этап абласных канфэрэнцыяў адбываўся без істотных збояў. Падчас іх былі вылучаныя ў якасьці кандыдатаў А.Мілінкевіч, С.Калякін, А.Лябедзька й С.Шушкевіч, прычым кожны зь іх набраў большасьць галасоў дэлегатаў некалькіх з канфэрэнцыяў. Высьветлілася, што канкурэнты, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтве за званьне прэтэндэнта ў адзіныя кандыдаты, маюць прыкладна роўныя шансы, хоць А. Мілінкевіч і карыстаецца трохі большай падтрымкай. Па-запартыйныя прэтэндэнты на ролю адзінага прысутнічалі на некаторых канфэрэнцыях альбо дасылалі на іх сваіх прадстаўнікоў, але свае кандыдатуры не выстаўлялі на разгляд. Канферэнцыйны этап дазволіў кансалідаваць рэгіянальных актывістаў кааліцыйных структураў. Пры гэтым абласныя канфэрэнцыі ўсё ж такі атрымалі характар сваеасаблівыхнефармальных праймэрыз, якія дазволілі ацаніць пэрспэктыўнасьць кандыдатаў і пазмагацца рэгіянальным партыйным структурам за ўплыў на мясцовым узроўні. Гэта была магчымасьць пазмагацца, памерыцца сіламі з канкурэнтамі ў сапраўды дэмакратычнай барацьбе. Пазьней гэтай яшчэ больш яскрава праявілася падчас раённых і гарадзкіх сходаў па вылучэньні дэлегатаў на кангрэс. Там партыйныя структуры біліся паміж сабою зусім адчаяна, але там і стаўка была высокая.

Вынікі абласных канфэрэнцыяў дэмакратычных сілаў

Гомель-
ская

вобл.

Мінск Берась-
цейская

вобл.

Менская вобл. Магілеў-
ская вобл.
Гарадзен-
ская вобл.
Віцеб-
ская вобл.
Коль
касьць вылу-
чэньняў
ад канфэ-
рэнцыяў
03.04. 13.04. 16.04. 17.04. 23.04. 24.04. 15.05.
Лябедзька 34 56* 49* 41* 49 25 46 3
Мілінкевіч 48* 51* 43* 35 64* 57* 68* 6
Шушкевіч 6 55* 25 57* 35 49* 27 3
Калякін 30 61* 47* 44* 53 32 53* 4
Бусьнюк 22 10 15 8 2 21 0
Грыцук 7 7 9 0
Арцішэўскі 7 9 9 0
Статкевіч 39 0
Агульная колькасьць

удзельнікаў канфэрэнцыіякія галасавалі

79 73 82 80 109 83 105

* Канфэрэнцыі, паводле якіх кандыдат набраў больш за палову галасоў і лічыўся вылучаным.

На наступнай стадыі ажыцьцяўленьня грамадзянскай кампаніі, у часе правядзеньня раённых сходаў, прыкметна ўзмацнілася процідзеяньне з боку ўладаў. У абсалютнай большасьці выпадкаў на ўдзельнікаў сходаў аказваўся ціск, ім пагражалі звальненьнем з працы, улады ладзілі несанкцыянаваныя вобыскі ў памяшканьнях сходаў, перашкаджалі правядзеньню сходаў пры дапамозе пажарнай службы альбо санітарнай інспекцыі. Платай за правядзеньне кампаніі рэгіянальных сходаў былі дзесяткі арыштаваных і прыцягнутых да адміністратыўнай адказнасьці. Нягледзячы на гэты перасьлед, дзякуючы самаахвярнай працы рэгіянальных партыйных і грамадзкіх актывістаў, заплянаваная праграма раённых і гарадзкіх сходаў па вылучэньні дэлегатаў Нацыянальнага Кангрэсу дэмакратычных сілаў была выкананая. Але з-за рэпрэсіяў не атрымалася вывесьці гэтую кампанію за межы дэмакратычнага гета. Прэтэндэнты на ролю адзінага ў суправаджэньні партыйных функцыянэраў ездзілі па краіне, наведвалі сходы і ладзілі сустрэчы з дэмакратычным актывам, іхняе вылучэньне папулярызавалася ў шматтысячных накладах нелегальных газэтаў і бюлетэняў. Але збольшага гэткая дзейнасьць не была заўваждная для паспалітага насельніцтва. Парадаксальна, але згаданыя рэпрэсіўныя захады ўладаў болей спрацавалі дзеля папулярызацыі працэсу вылучэньня адзінага кандыдата: калі ў невялічкім мястэчку з’яўлялася абласное начальства ў суправаджэньні АМАПу, квартал правядзеньня сходу ачапляўся міліцыяй, а на ўсіх прадпрыемствах ладзіліся палітінфармацыі і даваліся “сяброўскія рэкамэндацыі” не наведваць дэмакратычны сход – хоцькі-няхоцькі мясцовая грамада даведвалася пра дэмакратычны працэс. Але як такой шырокай агітацыйнай і інфармацыйнай кампаніі ўсё роўна не атрымалася, ступень далучанасьці насельніцтва да працэсу апынулася досыць невялікая.

Пачынаючы з 15 чэрвеня і да 15 верасьня 2005 года сходы адбываліся ва ўсіх рэгіёнах краіны. Паводле інфармацыі аргамітэту Кангрэсу, усяго па Беларусі быў праведзены 121 раённы сход (у шэрагу мясцінаў сходы так і не адбыліся з-за моцнага процідзеяньня ўладаў), у якіх ўзялі ўдзел 4.301 чалавек. Падчас гэтых сходаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў было вылучана 223 дэлегаты, сярод якіх 57 беспартыйных актывістаў, 57 прадстаўнікоў АГП, 54 сябра ПБНФ, 28 сябраў ПКБ, 8 сябраў БСДП (Г), 7 актывістаў Маладога Фронту, 6 прадстаўнікоў БСДП (НГ) (“фракцыя Статкевіча”), 4 сябры БПП, 1 – КХП-БНФ, 1 – сябра Беларускай партыі “Зялёныя”. Адзначым, што актыўны ўдзел у сходах бралі прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў, асабліва – грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэсрупэктыва” і маладзёвай арганізацыі “Правы альянс”. Удзельнічалі ў працэсе і прадстаўнікі групы Казуліна ад БСДП (Г), а некаторыя з іх нават былі абраныя дэлегатамі побач з вылучэнцамі БСДП НГ “фракцыі Статкевіча”. Кіраўніцтва КХП-БНФ пазьней дэзэвуявала інфармацыю пра наяўнасьць у шэрагах дэлегатаў сябры гэтай партыі.

У кантэксце стратэгіі блякаваньня групаў найбольш моцных прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата падчас раённых сходаў назіраўся хаўрус паміж ПКБ і АГП, якія ўзаемна падтрымлівалі сваіх кандыдатаў ў дэлегаты. Група Мілінкевіча абапіралася пераважна на структуры ПБНФ, “Маладога Фронту” і няўрадавых арганізацыяў, звязаных з Беларускай асацыяцыяй рэсурсовых цэнтраў.

Вынікі выбараў дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў ад раённых і гарадзкіх сходаў

Менск

Цэнтр тэрытарыяльнай адзінкі,  дзе адбыўся сход Колькасьць удзельнікаў Абраныя дэлегаты
1. Маскоўскі раён 57 ПБНФ, ПБНФ
2. Кастырчніцкі раён 58 АГП, ПКБ
3. Савецкі раён 71 АГП, ПКБ
4. Заводзкі раён 35 ПБНФ, ПБНФ
5. Партызанскі раён 37 Беспартыйны, беспартыйны
6. Фрунзенскі раён 78 ПБНФ, ПБНФ
7. Ленінскі раён 90 АГП, ПКБ
8. Цэнтральны раён 67 АГП, ПКБ
9. Першамайскі раён 56 МБНФ, МФ
Усяго узялі ўдзел 549 чалавек, абрана 18 дэлегатаў: 7 ад БНФ, 4 ад АГП, 4 ад ПКБ, 2 беспартыйных, 1 ад МФ.

Берасьцейская вобласьць

10. Маларыта 24 АГП, ПКБ
11. Камянец 23 ПБНФ, ПКБ
12. Пружаны 25 АГП, АГП
13. Кобрын 41 ПБНФ, беспартыйны
14. Берасьцейскі раён 31 ПКБ, беспартыйны
15. Брэст, Ленінскі раён 57 ПБНФ, МФ
16. Брэст, Маскоўскі раён 85 ПБНФ, ПБНФ
17. Бяроза 35 ПБНФ, КХП-БНФ
18. Баранавічы 54 БСДП (Г), беспартыйны
19. Драгічын 29 ПБНФ, беспартыйны
20. Янава 16 ПБНФ
21. Столін 27 ПКБ, ПКБ
22. Лунінец 29 ПБНФ, беспартыйны
23. Івацэвічы 29 АГП, ПКБ
24. Пінск 20 ПБНФ
25. Ганцэвічы 25 Беспартыйны, беспартыйны
Усяго узялі ўдзел  550 удзельнікаў, абрана 30 дэлегатаў: 12 ад БНФ, 7 беспартыйных, 5 ад ПКБ, 3 ад АГП, 1 ад МФ, 1 ад КХП, 1 ад БСДП (Г).

Гарадзенская вобласьць

26. Сьвіслач 26 ПБНФ, ПБНФ
27. Дзятлава 16 БСДГ
28. Масты 29 МФ, беспартыйны
29. Ашмяны 35 АГП, ПБНФ
30. Воранава 25 ПБНФ, беспартыйны
31. Наваградак 27 АГП, ПКБ
32. Слонім 43 ПБНФ, беспартыйны
33. Астравец 27 АГП, АГП
34. Смаргонь 35 ПБНФ, беспартыйны
35. Шчучын 31 ПБНФ, ПБНФ
36. Ваўкавыск 42 АГП, АГП
37. Ліда 65 ПБНФ, БСДП (Г)
38. Гародня, Кастрычніцкі раён 66 АГП, АГП
39. Гародня, Ленінскі раён 72 ПБНФ, БСДГ
40. Зэльва 27 МФ, беспартыйны
41. Іўе 15 Беспартыйны
Усяго узяў удзел  581 удзельнік, абрана 30 дэлегатаў: 10 ад БНФ, 8 ад АГП, 6 беспартыйных, 2 ад МФ, 2 ад БСДГ, 1 ад ПКБ, 1 ад БСДП (Г)

Віцебская вобласьць

42. Верхнядзьвінск 26 БСДП (НГ), беспартыйны
43. Бешанковічы 25 Беспартыйны, беспартыйны
44. Гарадок 29 БСДП (НГ), беспартыйны
45. Лёзна 26 Беспартыйны, беспартыйны
46. Сянно 25 АГП, беспартыйны
47. Глыбокае 26 ПБНФ, беспартыйны
48. Аршанскі раён 26 ПКБ, ПКБ
49. Лепель 26 Беспартыйны, беспартыйны
50. Паставы 26 БСДП (Г), БСДП (Г)
51. Талачын 26 ПБНФ, беспартыйны
52. Орша 80 ПБНФ, БСДП (Г)
53. Віцебск, Першамайскі раён 79 ПКБ, беспартыйны
54. Віцебск, Чыгуначны раён 35 ПКБ, беспартыйны
55. Віцебск, Кастрычніцкі раён 50 БСДП (Г), беспартыйны
56. Чашнікі 41 БСДП (НГ), беспартыйны
57. Полацак 40 ПКБ, беспартыйны
58. Наваполацак 37 ПБНФ, ПБНФ
59. Шаркаўшчына 28 ПБНФ, ПБНФ
60. Докшыцы 14 ПБНФ
61. Віцебскі сельскі раён 15 Беспартыйны
Усяго узялі ўдзел  680 удзельнікаў, абрана 38 дэлегатаў: 17 беспартыйных, 8 ад БНФ, 5 ад ПКБ, 4 ад БСДП (Г), 3 ад БСДП (НГ), 1 ад АГП

Менская вобласьць

62. Маладэчна 38 АГП, ПБНФ
63. Барысаў 45 БПП, беспартыйны
64. Жодзіна 27 ПБНФ, МФ
65. Вілейка 41 ПБНФ, беспартыйны
66. Смалявічы 28 ПБНФ, МФ
67. Мар’іна Горка 27 ПБНФ, ПКБ
68. Барысаўскі раён 30 АГП, беспартыйны
69. Дзяржынск 33 БПП, беспартыйны
70. Крупкі 28 Беспартыйны, беспартыйны
71. Стоўбцы 38 ПКБ, БСДП (Г)
72. Менскі арён 28 АГП, ПКБ
73. Валожын 25 ПБНФ, беспартыйны
74. Слуцак 47 Беспартыйны, беспартыйны
75. Салігорск 85 АГП, беспартыйны
76. Клецак 52 АГП, АГП
77. Беразіно 26 АГП, беспартыйны
78. Лагойск 26 ПБНФ, ПБНФ
79. Мядзел 36 АГП, ПБНФ
80. Узда 31 Беспартыйны, беспартыйны
81. Любань 25 АГП, АГП
82. Капыль 13 Беспартыйны
83. Нясьвіж 14 БСДП (НГ)
84. Чэрвень 30 ПКБ, беспартыйны
Усяго узялі ўдзел  773 удзельнікі, абрана 44 дэлегаты: 15 беспартыйных, 10 ад АГП, 9 ад Партыі БНФ, 4 ад ПКБ, 2 ад Маладога Фронту, 2 ад Партыі працы, 1 ад БСДП (НГ), 1 ад БСДП (Г).

Магілёўская вобласьць

85. Шклоў 25 ПБНФ, БСДП (Г)
86. Быхаў 27 АГП, беспартыйны
87. Клічаў 25 АГП, беспартыйны
88. Бабруйск, 1-ы раён 34 АГП, АГП
89. Бабаруйск, 2-гі раён 30 ПКБ, ПКБ
90. Асіповічы 28 ПКБ, беспартыйны
91. Магілёў, Ленінскі раён 60 БПП, БПП
92. Магілёў, Кастрычніцкі раён 49 АГП, АГП
93. Горкі 26 ПКБ, беспартыйны
94. Дрыбін 26 ПБНФ, ПБНФ
95. Круглае 25 АГП, АГП
96. Бялынічы 25 ПКБ, беспартыйны
97. Крычаў 26 АГП, ПБНФ
98. Касьцюковічы 13 ПБНФ
99. Хоцімск 13 МФ
Слаўгарад 25 ПБНФ, ПБНФ
Кіраўск 32 АГП, АГП
Клімавічы 14 АГП
Усяго узялі ўдзел  503 удзельнікі, вылучана 33 дэлегата: 12 ад АГП, 7 ад БНФ, 5 ад ПКБ, 5 беспартыйных, 2 ад Партыі працы, 1 ад Маладога Фронту, 1 ад БСДП (Г).

Гомельская вобласьць

Сьветлагорск 38 АГП, беспартыйны
Жлобін 30 АГП, ПКБ
Петрыкаў 25 АГП, АГП
Мазыр 42 АГП, АГП
Гомель, Савецкі раён 75 АГП, ПБНФ
Гомель, Цэнтральны раён 60 АГП, АГП
Гомель, Чыгуначны раён 102 ПКБ, беспартыйны
Гомель, Навабеліца 25 АГП, БСДП (НГ)
Гомельскі раён 15 Беспартыйны
Рагачоў 64 ПКБ, ПКБ
Рэчыца 33 АГП, БСДП (НГ)
Калінкавічы 25 АГП, АГП
Чачэрск 26 АГП, беспартыйны
Жыткавічы 13 АГП
Лельчыцы 16 АГП
Буда-Кашалёва 26 АГП, АГП
—- 14 Беспартыйны
Добруш 22 Партыя “Зялёныя”
Акцябрскі раён 14 АГП
Усяго узяло ўдзел  665 удзельнікаў, вылучана 32 дэлегата: 19 ад АГП, 5 беспартыйных, 4 ад ПКБ, 2 ад БСДП (НГ), 1 ад Партыі БНФ, 1 ад партыі “Зялёныя”.

* Пазначаныя назвы раённых цэнтраў, дзе адбываліся раённыя сходы, альбо назвы гарадоў ці раёнаў у горадзе.

Правядзеньне VI Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі мусіла стаць вяршыняй  грамадзянскай кампаніі па вызначэньні адзінага кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Гэтая задача была выкананая – сапраўды, падобнага маштабу мерапрыемства гісторыя беларускай дэмакратычнай апазыцыі дагэтуль ня ведала. Прычым маштабнасьць Кангрэсу заключалася не толькі ў назвычай вялікай колькасьці ўдзельнікаў, якія прадстаўлялі самыя розныя палітычныя сілы. Унікальнасьць мерапрыемству была нададзеная праведзенай да кангрэсу падрыхтоўкай, грамадзянскай кампаніяй па вылучэньні прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата і дэмакратычным парадкам вылучэньня дэлегатаў Кангрэсу. Гэта дазволіла Кангрэсу стаць легітымным выяўленьнем палітычнай волі ўсёй дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі. Прынятыя на Кангрэсе рашэньні мелі вагу большую за любыя кааліцыйныя ўгоды і дамоўленасьці. Вылучаны Кангрэсам адзіны кандыдат меў падтрымку тысячаў актывістаў і прызнаваўся грамадзкасьцю як легітымны прадстаўнік дэмакратычнай альтэрнатывы.

Трэба адзначыць, што падчас грамадзкай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата і падрыхтоўкі Кангрэса палітычнае жыцьцё ў кааліцыі АДС эвалюцыянавала. Акрамя барацьбы паміж групамі розных прэтэндэнтаў і спрэчкі вакол даты Кангрэсу варта ўзгадаць некалькі ініцыятываў, якія паўставалі ў гэты час. Так, яшчэ 31 скавіка 2005 года Анатоль Лябедзька высунуў ідэю стварэньня агульнанацыянальнага надпартыйнага руху прыхільнікаў пераменаў, а 2 траўня гэтая прапанова была афіцыйна заяўленая Палітрадай АГП. Шырокі грамадзкі рух прыхільнікаў пераменаў, на думку АГП, меўся б аб’яднаць ня толькі партыйных актывістаў і сябраў няўрадавых арганізацыяў, а ўсіх неабыякавых людзей, гатовых падтрымаць адзінага кандыдата ад апазыцыі на выбарах. Прыкладам падобнага руху бачылася польская “Салідарнасьць”. Але пры гэтым аніякай ідэялягічнай асновы пад падобны праект, які канкураваў з ідэяй Кангрэсу, прапанавана не было. ПБНФ і іншыя ўдзельнікі кааліцыі былі супраць, справядліва разглядаючы ў гэтым праекце пагрозу партыйным і кааліцыйным інтарэсам. Аргумэнт жа пашырэньня электаральнай базы, які клаўся ў падмурак гэтай прапановы, быў сугуба спекулятыўным, заснаваным на сумнеўнай інтэрпрэтацыі сацыялягічных дадзеных. Адначасова АГП прапанавала пераіменаваць Нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі (назва якога адсылала да традыцыі пяці ранейшых Кангрэсаў, што ладзіліся беларускімі дэмакратамі ад сярэдзіны 1990-х) ў Кангрэс прыхільнікаў пераменаў. Прапанова была адхіленая, але АГП пастаянна падкрэслена ўжывала гэтую неканвенцыйную і правакатыўную назву. АГП таксама настойвала на наданьні Кангрэсу статуса сталадзеючага органа, легітымнага парлямэнту дэмакратычных сілаў. Аднак кааліцыя і гэтую прапанову палічыла заўчаснай. Літаральна напярэдадні Кангрэсу  было вырашана адмовіцца ад слова “Нацыянальны” у назве мерапрыемства – цяпер афіцыйная назва стала гучаць  проста як“Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі”.

БСДП (Г) на чале з Аляксандрам Казуліным таксама прапаноўвала стварыць шырокі грамадскі рух за перамены, а адзінага кандыдата вызначаць паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў. Адначасова гучала крытыка з боку БСДП (Г) датычна пераемнасьці гэтага мерапремства з тымі пяцьцю кангрэсамі дэмакратычнай апазыцыі, што адбываліся ў Беларусі да таго. Апошні такі кангрэс адбыўся ў 2001 годзе напярэдадні выбараў прэзідэнта і таксама быў зьвязаны з працэдурай абраньня адзінага кандыдата, але не выканаў сваёй ролі (адзіны кандыдат тады быў вызначаны келейна). Хаця V Кангрэс у 2001 годзе абраў пастаянны Аргкамітэт на чале з Юрыям Хадыкам і намеснікам Мячыславам Грыбам, вызначыў Рэглямэнт будучага мерапрыемства, прынцыпы, прадстаўнічы фармат, склад удзельнікаў і кворум, але  новы Кангрэс пачаў працу з чыстага аркуша. Паводле задумы арганізатараў, новае мерапрыемства ня мела аналагаў да таго па сваёй прадстаўнічасьці і легітымнасьці.

Шмат інтрыгаў і непаразуменьняў было зьвязана з месцам правядзеньня Кангрэсу. АДС ад самага пачатку намагалася правесьці мерапрыемства ў Беларусі, але з улікам хвалі рэпрэсіяў у дачыненьні да ўдзельнікаў грамадзкай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата дэмакраты не вельмі спадзяваліся на такую магчымасьць. 54 дамы культуры Беларусі адмовілі арганізатарам. Шукаліся рэзэрвовыя пляцоўкі, у якасьці якіх разглядаліся Кіеў альбо Смаленск, пры гэтым заявы на правядзеньне сходу былі пададзеныя ў Менскі гарадзкі выканкам. Даволі нечакана за некалькі тыдняў да дня мерапрыемства А.Лукашэнка даручыў старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаілу Паўлаву аказаць дапамогу апазыцыі ў правядзеньні Кангрэсу у Менску. Гэта было заяўлена ў адказ на пытаньні журналістаў пра стаўленьне прэзідэнта да правядзеньня гэтага мерапрыемства. Верагодна, адміністрацыя меркавала скарыстаць нагоду ў выглядзе Кангрэсу для дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў і будучага адзінага кандыдата, ці мела месца саманадзейнае самадурства беларускага дыктатара. У якасьці адваротнай ласкі АДС запрасіла самога Лукашэнку на Кангрэс, правёўшы яго праз квоту для былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

Пытаньне квот таксама выклікала спрэчкі сярод удзельнікаў палітычнага працэсу. Праблемаў не было толькі з вылучэнцамі ад рэгіянальных сходаў, а вось ўдзел прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і дэпутатаў мясцовых саветаў вельмі жвава абмяркоўваўся. Спіс дапушчаных да ўдзелу ў кангрэсе грамадзкіх аб’яднаньняў то пашыраўся, то звужаўся. Квота на ўдзел для няўрадавых арганізацыяў у выбарах адзінага кандыдата зьмянялася кожны тыдзень. Тут адбывалася перацягваньне канату паміж А. Мілінкевічам, які, як лічылася, быў найбольш падтрыманы структурамі грамадзянскай супольнасьці, і А. Лябедзькам. Паводле апошняга рашэньня, да ўдзелу ў Кангрэсе былі запрошаныя толькі тыя няўрадавыя арганізацыі, якія маюць блізкія стасункі з палітычнымі структурамі АДС, а ў апошні момант на прапанову А. Лябедзькі запрашэньне на Кангрэс было дадзена трыццаці малавядомым у дэмакратычным асяродку грамадзкім аб’яднаньеям. У рэшце рэшт Аргкамітэт вызначыў што на Кангрэс было  вылучана 930 дэлегатаў. Трэцяя частка іх была абраная на раённых сходах, па 10 чалавек наўпрост дэлегавалі палітычныя партыі — удзельніцы кааліцыі-“дзясяткі”, 195 няўрадавых арганізацыяў накіравалі па аднаго прадстаўніка кожная. Шэраг вядомых асобаў, былых дэпутатаў парлямэнту, кіраўнікоў недзяржаўных СМІ атрымалі пэрсанальнае запрашэньне.

Літаральна за некалькі дзён да Кангрэсу нечакана нагадала пра сабе былая група дзеячоў няўрадавых арганізацыяў “Разам”, якая заклікала структуры грамадзянскай супольнасьці адмовіцца ад удзелу ў Кангрэсе. Яны  патлумачылі сваю пазыцыю тым, што ўвесь працэс арганізацыі Кангрэсу быццам бы быў прыватызаваны лідэрамі партыяў, а вылучэньне адзінага кандыдата ня ставіць за мэту дасягненьне перамогі. Паралельна і ў асяроддзі дэлегатаў Кангрэсу адбываліся спробы карэктаваць заплянаваную кааліцыяй схему развіцьця Кангрэсу. Так, сфармаваная на базе прадстаўнікоў АГП так званая Міжрэгіянальная група дэлегатаў Кангрэсу прасоўвала раней адхілены праект пераўтварэньня Кангрэсу ў сталадзеючы вышэйшы прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў.

Пагатоў, напярэдадні Кангрэсу, кіраўнікі партыяў АДС і чатыры вылучаныя  прэтэндэнты на званьне адзінага, правялі супольную прэсавую канфэрэнцыю, на якой пацьвердзілі сваю еднасьць і гатовасьць прапанаваць рэальную альтэрнатыву дзейнай уладзе на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Было паведамлена пра палітычнае пагадненьне паміж усімі ўдзельнікамі прэцэсу адносна таго, якім чынам будзе будавацца праца кааліцыі пасьля абраньня адзінага. У пагадненьні была вызначаная функцыя адзінага кандыдата і ягонага штаба, а таксама прадугледжвалася стварэньне Нацыянальнага камітэту (ценявы ўрад). Дзеля кансалідацыі дзеяньняў дэмакратычных сілаў стваралася Палітычная рада ў складзе ўдзельнікаў СНДС, кіраўнікоў штабу і Нацыянальнага камітэту, былых кандыдатаў у адзіныя кандыдаты і самога адзінага кандыдата.

1 і 2 кастрычніка 2005 года, як і было заплянавана, ў палацы культуры МАЗ адбыўся Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі. У ім прынялі ўдзел 843 дэлегаты, які прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі, палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні. У прэс-цэнтры Кангрэсу атрымалі акрэдытацыю больш за 150 карэспандэнтаў ад 80 беларускіх і замежных друкаваных і электронных СМІ. Агульная колькасьць удзельнікаў мерапрыемства перавысіла 1250 чалавек. Ахова сходу ладзілася сіламі грамадзкага аб’яднаньня “Правы альянс” з прыцягненьнем сяброў іншых маладзёвых ініцыятываў. Нягледзячы на добрую ахову ўнутры памяшканьня, не абыйшлося без правакатараў на ганку палаца, да якіх радасна беглі здымачныя групы беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня. Агульнае меркаваньне большасьці дэлегатаў і ўдзельнікаў Кангрэсу: Кангрэс пачаў новы этап у найноўшай гісторыі Беларусі – вяртаньне краіны на цывілізаваны шлях развіцьця зрабілася рэальнай пэрспэктывай 2006 году.

На Кангрэсе мелі магчымасьць выступіць не толькі прадстаўнікі АДС, але і па-за-партыйныя кандыдаты-самавылучэнцы і іншыя палітыкі – В. Лявонаў, В. Фралоў, А. Вайтовіч, П. Краўчанка, А. Клімаў. Падчас адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў часе кангрэсу яны выказалі падтрымку будучаму адзінаму кандыдату. Была прыятая палітычная рэзалюцыя, што замацоўвала згаданае палітычнае пагадненьне ўдзельнікаў кааліцыі, заявы аб неканстытуцыйнасьці рэфэрэндуму 2004 года, пра абарону беларускай мовы і ў абарону свабоды слова. Асобна былі зацьверджаныя патрабаваньні што да парадку правядзеньня выбараў (скасаваньне датэрміновага галасаваньня і стварэньне ўмоваў для працы назіральнікаў ды іншыя дэмакратычныя навэллы) і зварот да беларускага народу з заклікам падтрымаць кандыдатуру адзінага кандыдата, а таксама плятформа прыхільнікаў пераменаў “Беларусь: дарога ў будучыню”.

Але галоўнай інтрыгай Кангрэсу было абраньне адзінага кандыдату. Незадоўга да Кангрэсу кандыдатуру А. Мілінкевіча падтрымалі іншыя суб’екты кааліцыі – у. Навасяд ад Партыі свабоды і прагрэса, П. Севярынец і іншыя маладзёвыя лідэры ад Маладога Фронту, Н. Матусевіч ад Жаночай партыі “Надзея”, М. Статкевіч ад сваёй часткі БСДП (НГ). Ужо ў дзень галасаваньня С. Шушкевіч зьняў сваю кандыдатуру на карысьць мацнейшага. Усе кандыдаты выступілі са сваімі праграмнымі прэзэнтацыямі, таксама прагучалі выступы ў падтрымку кандыдатаў. Тут не абыйшлося без непрыемных момантаў – падчас выступу С. Калякіна гучалі крыкі “ганьба”, а прадстаўнік “Маладога фронту” у парушэньне кааліцыйных дамоўленасьцяў правакацыйна заявіў, што ягоны рух не будзе працаваць на адзінага кандыдата-камуніста. У гэткай нэрвовай і ўзбуджанай атмасфэры дэлегаты падыйшлі да вызначальнага моманту – таемнага галасаваньня па прапанаваных кандыдатурах.

Па выніках  першага тура галасы разьмеркаваліся наступным чынам:

Аляксандр Мілінкевіч – 383

Анатоль Лябедзька – 263

Сяргей Калякін – 152

Супраць усіх – 13.

Такім чынам, у першым туры ніхто з прэтэндэнтаў не набраў большасьці, у другі тур выйшлі А. Мілінкевіч і А. Лябедзька. Перад пачаткам галасаваньня па прапанове аргкамітэту ў рэглямэнт былі ўнесеныя экстрэнныя карэктывы – для перамогі ў другім туры не трэба было мець больш за 50% галасоў, дастаткова было набраць простю большасьць.

Паводле другога туру галасы разьмеркаваліся наступным чынам:

Аляксандр Мілінкевіч – 399

Анатоль Лябедзька – 391

Супраць усіх – 16.

Такім чынам, адзіным кандыдатам быў абраны Аляксандр Мілінкевіч. Ягоная перавага аказалася нечакана малая – усяго толькі восем галасоў.

Аналізуючы вынікі галасаваньня можна меркаваць, што блёк АГП і ПКБ захаваўся і ў момант другога туру, але пахістнуўся з-за таго, што некалькі прыхільнікаў Калякіна (не абавязкова з ліку сябраў ПКБ) прагаласавалі за Аляксандра Мілінкевіча. Такім чынам, разлік на тое, што статус адзінага можна будзе здабыць у выніку кулюарных межпартыйных перамоваў быў разьбіты сапраўдным дэмакратычным характарам гэтага мерапрыемства. Пасьля галасаваньня па другім туры (і пазьней, у тым ліку ў публічных прамовах на пасяджэньнях партыйных органаў) прайграўшы бок абвінавачваў апанэнтаў у фальсіфікацыі (вялося пра фальсіфікацыю пратаколаў аб вылучэньні ад няўрадавых арганізацыў). Штопраўда, у адказ на гэтае абвінавачаньне адваротны бок прад’явіў доказы фальсіфікацыі вынікаў некаторых раённых сходаў. Такім чынам, пра афіцыйную нязгоду з падлікам галасоў нікім не было заяўлена. Да гонару спадара Лябедзькі трэба адзначыць, што ён адразу выказаўся пра безуморўнае прызнаньне вынікаў галасаваньня і пра ўласнае ўключэньне ў працу каманды адзінага кандыдата Мілінкевіча. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін таксама зазначыў, што выбар зроблены, і ўсе дамоўленасьці захоўваюць моц.

Паводле папярэдняй угоды, былі створаныя новыя органы кіраваньня кааліцыяй, якія мусілі працаваць ужо ў рэжыме выбарчай кампаніі адзінага кандыдата. Ставраюцца новыя органы кіраваньня кааліцыяй – Палітсавет (галоўны орган кааліцыі), штаб адзінага кандыдата (выканаўчы орган на час кампаніі) і нацыянальны камітэт (ценявы ўрад). Нацыянальны Камітэт узначаліў Анатоль Лябедзька. Штаб адзінага кандыдата ўзначаліў Сяргей Калякін. На чале Палітычнай рады, якая мусіла быць каардынуючым органам паміж партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі і структурамі кампаніі стаў сам адзіны кандыдат. Менавіта Палітычная рада мусіла несьці адказнасьць за стратэгію кампаніі, забяспечваць кантроль за яе правядзеньнем і разьмяркоўваць рэсурсы.

Такім чынам, у выніку працяглай працы шматлікіх самаахвярных актывістаў і ўзаемадзеяньня ўсёй дэмакратычнай супольнасьці была вызначаная асоба, якая будзе прадстаўляць прагрэсіўныя сілы на выбарах прэідэнта Беларусі 2006 года. Быў вызначаны фармат узаемадзеяньня дэмакратычных структураў у ходзе будучай кампаніі і складзеная агульная схема кіраваньня кампаніяй. Дэмакратычня сілы стварылі машыну, якая павінная была перамагчы дыктатуру.

Пачатак

Працяг