Пасля смерці свайго бацькі Кім Чэн Ын атрымаў у спадчыну пасаду кіраўніка самай закрытай краіны ў свеце, атамную праграму і поўны гаспадарчы развал. І калі малады прэзідэнт паступова звыкаецца са сваёй новай роллю, ягоны старэйшы брат, які жыве ў Макао, прадказвае немінучы скон рэжыма.

У дзень смерці Кім Чэн Іра 17 снежня 2011 года я, будучы ў Сінгапуры, на маё вялікае шчасце, знаходзіўся на дастаткова бяспечнай адлегласці ад гаманы амерыканскіх “экспертаў”. Былы дарадца Джорджа Буша-малодшага на старонках New York Times без аніякіх ваганняў адразу ж прадказаў “канец Паўночнай Карэі, такой, якою мы яе ведаем”. (…) Рэжым не здолее захаваць адзінства”, бо сын, з-за адсутнасці вопыту, не з’яўляецца той фігурай, якая зможа супрацьстаяць васьмідзесяцігадовым ваеначальнікам і. Некаторыя назіральнікі нагадвалі пра магчымы дзяржаўны пераварот; іншыя, наадварот, біліся аб заклад, што з выхадам на сцэну Кім Чэн Ына рэжым зробіцца яшчэ больш жорсткім, каб прымусіць вайскоўцаў лічыцца з сабой; былі і тыя, хто маляваў сцэнарый краха краіны, які быццам бы прымусіць амерыканскіх салдат, што знаходзяцца на японскай базе Окінава, умяшацца, каб адабраць ядзерную зброю, перш чым яна не знікне немаведама куды…

Пачынаючы са жніўня 2008 года, калі ў былога паўночна-карэйскага прэзідэнта здарыўся інсульт, найвялікшым страхам Вашынгтона, неаднаразова агучаным ягоным дзяржаўным сакратаром Хілары Клінтан, з’яўляецца барацьба ўнутры кіруючай вярхушкі. Мадэль здаецца такой жа, што і ў Савецкім Саюзе пасля смерці Іосіфа Сталіна альбо ў Кітаі пасля Мао Цзэдуна. Кожны хоча ігнараваць тое, што адбылося ў 1994 годзе пасля смерці Кім Ір Сена – нічога.

Мой першы візіт у Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку (КНДР) пазначаны 1981 годам. Я прыехаў з Пекіна з намерам вярнуцца назад праз Савецкі Саюз, карыстаючыся Транссібірскай магістраллю. Консульская служба тады запатрабавала візу, якую мне павінна была выдаць савецкая амбасада ў Пхеньяне. Як толькі я прыйшоў, дарадца, безумоўна агент КДБ, ласкава запрасіў мяне прадэгуставаць каньяк і растлумачыць яму прычыны майго знаходжання ў Карэі. Зусім хутка ён запытаўся, што я думаю пра Кім Чэн Іра, які быў афіцыйна абвешчаны пераемнікам свайго бацькі падчас шостага кангрэса Камуністычнай партыі ў 1980 годзе. Я адказаў, што ён падаецца мне бязлікім, адрузлым, адным словам, звычайным. “Ох! Вы, амерыканцы, — заўважыў ён, — заўжды прывязваецеся да асобы. Вы не разумееце, што за ім бюракратычны валун з людзей, пад’ём ці падзенне якіх неаддзельныя ад пад’ёму ці падзення самой сістэмы. Гэтыя людзі сапраўды ведаюць, што яны робяць”, — дадаў ён, перад тым, як параіў мне “вярнуцца ў 2020 годзе, каб пабачыць ягонага сына за стырном улады”.

Гэтае прадказанне самае дакладнае з тых, якія мне давялося калі-небудзь чуць пра лёс гэтай дзіўнай дзяржавы – адначасова камуністычнай і дынастычнай – нават нягледзячы на тое, што Кім Чэн Ір памёр у афіцыйным узросце 69 гадоў, што прыспешыла на некалькі гадоў працэс пераемнасці ўлады. Паўночнакарэйскі народ спазнаў тысячагоддзе манархіі і стагоддзе дыктатуры: спачатку эру японскай каланізацыі (з 1910 па 1945 гады), якая прымушала карэйцаў абагаўляць Імператара; потым панаванне сям’і Кім, якое доўжыцца ўжо на працягу шасцідзесяці шасці гадоў. У дзень нараджэння Кім Чэн Ына, 8 студзеня (дакладны год ягонага нараджэння – 1983 альбо 1984 – застаецца таямніцай), нацыянальнае тэлебачанне паказала дакументальны фільм, у якім напрацягу гадзіны маладому чалавеку прыпісваліся ўсялякія магчымыя дабрачыннасці. У гэтым фільме ўнук Кім Ір Сена параўноўваўся з кожным сімвалічным месцам і помнікам, якія наведваў ягоны знакаміты дзядуля, і, асабліва, з “белагаловай гарой”. Гэты доўгі вулканічны горны ланцуг на кітайскай мяжы, кузня паўночнакарэйскай ідэнтычнасці, стаў тэатрам ваенных дзеянняў, якія вёў Кім Ір Сен супраць японцаў у 1930-я гады і афіцыйным месцам нараджэння Кім Чэн Іра ў 1942 годзе. Дакументальны фільм таксама падкрэсліваў мову цела Чэн Ына. Высокі і моцны малады чалавек у фільме ўсміхаўся, паціскаў рукі, цалкам прыняўшы стан палітыка: звычайны чалавек, які выдатна сябе пачувае ў ролі “горача любімага пераемніка”. Больш няма вобраза яго бацькі, суровага, аўтарытарнага і цынічнага, скаванага лыжным анаракам з поглядам, схаваным за велічэзнымі акулярамі ад сонца. Што яшчэ варта заўважыць: фільм робіць акцэнт на падабенстве рыс характару і знешняга выгляду маладога чалавека з ягоным дзядулем, калі той прыйшоў да ўлады напрыканцы 1940-х гадоў; узгадваюцца фотаздымкі, каб прадэманстраваць іхнія ідэнтычныя праборы валасоў. Як быццам унук – прамы нашчадак пакінутага без зменаў генатыпу дзядулі.

Паўночнакарэйская культура – як паэзія, так і літаратура – прасякнутая ўсім тым, што мае дачыненне да цырыманіялу, рытуалаў, традыцый, і нават плётак вакол каралеўскіх сем’яў, асабліва датычна пытання каралеўскага пераемніка. Многія атрымлівалі ўладу вельмі маладымі. Найбольш знакамітаму з іх, каралю Седжону (1397-1450), які прымусіў прыняць нацыянальны карэйскі алфавіт (хангыль), было ўсяго толькі 21 год, калі ён узышоў на трон пры падтрымцы свайго бацькі. Як і Чэн Ын, Седжон быў трэцім сынам: старэйшага выгналі з Сеула за грубасць, малодшы стаў будысцкім манахам. Гэткім самым чынам, у 2001 годзе, Кім Чэн Нам, старэйшы сын Кім Чэн Іра, прывёў у замяшальніцтва рэжым, калі яго затрымалі пры спробе трапіць у Японію па падробным пасведчанні асобы (кажуць, ён хацеў наведаць Дыснэйлэнд). З таго часу, для свайго жыцця ён аддаў перавагу Макаа, сусветнай сталіцы азартных гульняў. Зусім нічога не вядома пра малодшага брата, які нават не прысутнічаў на пахаванні бацькі.

«Не абражайце нашага лідэра»

Сярод шматлікіх стэрэатыпаў наконт азіятаў ёсць меркаванне, паводле якога яны ненавідзяць “губляць твар”. Тэрміны “годнасць” альбо “гонар” будуць больш адпаведнымі. У вачах паўночнакарэйцаў вобраз лідэра адлюстроўвае прэстыж нацыі. У 1981 годзе, ледзь толькі мы выйшлі з аэрапорта і праходзілі паўз велічэзныя партрэты Кім Ір Сена, мой гід мяне па-сяброўску перасцярог: “Калі ласка, не абражайце нашага лідэра” (рэч, якую я ні ў якім разе не меў намеру рабіць, не жадаючы ставіць пад пагрозу мой ад’езд).

Дактрына, якая дзейнічала тады, дзейсная і сёння, «чучхе» – гэта паняцце, якое заключаецца ў тым, каб Карэю трымаць у сваёй свядомасці перад ўсялякай іншай рэччу. Паводле словаў спецыяліста па карэскім паўвостраве Гары Лед’ярда (Gari Ledyard), часцінка е, далучаная да слова kukch, «нацыя», выкарыстоўвалася ў класічным дускурсе, каб узгадваць вобраз краіны, яе годнасць. «Kukch’e, – піша ён, – можа быць пашкоджана, пастаўлена ў непрыемнае становішча, заціснута, абражана, апаганена. Чальцы грамадства павінны паводзіць адпаведным чынам, каб kukche у выніку не было страчана.” Гэтыя словы агучваюць значэнні, якія маюць глыбокія карані ў калектыўным несвядомым паўночнакарэйцаў. Кожны з наведвальнікаў краіны змог пераканацца, наколькі гэтыя значэнні жывучыя, нават калі яны вельмі часта ўвасабляюцца ў непамерную ганарыстасць ці напышлівыя помнікі. Аднак гэта вынікае таксама і з жадання сцвярджаць нацыянальную годнасць, якая застаецца вечнай.

Перадапошняму каралю Карэі Каджону на момант яго ўзыходжання на трон у 1863 годзе было толькі 11 гадоў. Да дасягнення паўналецця кіраваў краінай ягоны бацька Тэвангун. Падчас свайго рэгенства бацька ўзнавіў неаканфуцыянства, дамінуючую ідэалогію эпохі, і праводзіў палітыку поўнай ізаляцыі ў дачыненні да розных прагных імперый, што грукалі да яго ў дзверы. Ён даў бой адначасова і Францыі (1866), і ЗША (1871), а двума гадамі пазней адбіў спробу ўварвання ў краіну, здзейсненую Японіяй у пачатку эпохі Мэйдзі. Гэты перыяд стаў самым сімвалічным для “Самотнага Каралеўства”, падчас якога ідэалогія «чучхе» як ніколі мела сэнс.

Усё змянілася, калі Каджон дасягнуў узросту, неабходнага для кіравання. Ён узяўся за рэфармаванне і мадэрнізацыю Карэі, падпісаў “нераўнапраўныя пагадненні”, адкрываючы краіну для гандлю, і паспрабаваў гуляць на супярэчнасцях паміж вялікімі дзяржавамі. Гэтая сістэма прафункцыянавала напрацягу чвэрці стагоддзя і прывяла да страты суверэнітэту ў 1910 годзе. У музеі Рэвалюцыі ў Пхеньяне, перад якім узвышаецца васемнаццаціметровая статуя Кім Ір Сена, наведвальнікі могуць прысутнічаць на хвалебных сеансах, прысвечаных Тэвангуну, убачыць каменныя стэлы, што сімвалізуюць абарону ад іншаземных варвараў, альбо ў дадатак паслухаць павучальны аповед пра карэйскія перамогі над французамі і амерыканцамі.

На пахаванні Кім Чэн Іра можна было ўбачыць ягонага пяцідзесяцігадовага швагера Чан Сон Тхэка, які ішоў за Кім Чэн Ынам – і ён ужо працяглы час узначальвае сакрэтныя службы. За ім следам ішоў Кім Кі-нам, якому цяпер больш за 80 гадоў і які быў блізкім да Кім Ір Сена. Такім чынам, тры пакаленні ўрачыста ішлі побач з калекцыйным аўтамабілем «Лінкальн Кантыненталь», на якім выбіты фамільны герб – аўтамабілем, што вёз цела да ягонай магілы. Па другі бок лімузіна знаходзіліся кіраўнікі штабоў гэтай вялікай ваеннай дзяржавы.

«Ідэя вызначае ўсё»

Рытуал пахавання адбываўся гэтак сама, як і пасля смерці Кім Ір Сена. Ужо тады эксперты і прадстаўнікі афіцыйных органаў выказвалі розныя меркаванні. Newsweek надрукаваў наступны загаловак «The Headless Beast» («Звер без галавы») іі. Камандуючы амерыканскімі ваеннымі сіламі ў Паўднёвай Карэі безупынку паўтараў, што Паўночная Карэя ў хуткім часе “ўзарвецца знутры ці звонку”. Напрыканцы 1990 гадоў непазбежнасць падзення рэжыма стала лейтматывам Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША (ЦРУ). Аднак, прайшло два дзесяцігоддзі, а Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР) ўсё яшчэ існуе, і праз некалькі гадоў працягласць існавання рэжыма зраўняецца з Савецкім Саюзам. Якраз дзесьці перад смерцю Кім Чэн Іра, адзін амерыканскі ўніверсітэцкі даследчык зладзіў канферэнцыю, каб сцвердзіць, што пасля ягонай смерці натоўпы ўздымуцца, каб зрынуць сістэму: прадказанне не ажыццявілася. У калектыўнай істэрыі натоўпы збіраліся на вуліцах, каб галасіць па сваім лідэры. Гэтак жа ён збіраўся і ў 1919 годзе ў час пахавання караля Каджона, што сталася ферматай нацыянальнага ўздыму супраць каланіяльных японскіх законаў.

Пасля смерці свайго бацькі Кім Чэн Ір сышоў з публічнага жыцця, пакінуўшы шырокую прастору для плётак пра барацьбу за ўладу. Аднак, ён паводзіў сябе так, як і павінен сябе паводзіць прызначаны пераемнік пры былым рэжыме, носячы жалобу па бацьку напрацягу трох гадоў. А ў 1998 годзе, падчас святкавання пяцідзесяцігоддзя стварэння КНДР, Кім Чэн Ір з’явіўся як паўнавартасны кіраўнік, гатовы ўзяць на сябе кіраванне краінай. Каб зрабіць бессмяротнай такую падзею, Паўночная Карэя менавіта гэты дзень абрала для запуска сваёй першай ракеты далёкага радыуса дзеяння.

Прэзідэнт меў звычку гаварыць, што камунізм на Захадзе абрынуўся па прычыне збяднення і размыву сваёй ідэалагічнай чысціні. Але сама Паўночная Карэя перавярнула Карла Маркса з ног на галаву – альбо зноў паставіла на ногі Гегеля, – зрабіўшы выснову, што «ідэя вызначае ўсё»: формула, якая вельмі спадабалася б пісарам-неаканфуцыяністам Тэвангуна.

Ці будзе Кім Чэн Ын таксама захоўваць доўгі час жалобу, перш чым возьмецца за выкананне сваіх абавязкаў? Здаецца, ён не пайшоў па гэтам шляху, бо ўжо некалькі разоў з’яўляўся публічна, у прыватнасці, наведваючы ваенныя базы. Безумоўна, ён зацікаўлены ў тым, каб не недта высоўвацца, набіраючыся досведу, і на нейкі час аддаць стырно ўлады старым вартаўнікам рэжыму.

У гэтым годзе (артыкул быў напісаны ў лютым 2012 года. — Бел. рэд.) адбудуцца прэзідэнскія выбары ў ЗША, а таксама ў Паўднёвай Карэі, паўнамоцтвы Лі Мён Бака, якога так ненавідзіць Поўнач за ягоную надзвычайную цвёрдасць, заканчваюцца, і ён не зможа ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі зноў. У Кітаі Ху Цзіньтаа ў хуткім часе саступіць дарогу іншаму, у Расіі перавыбранне Уладзіміра Пуціна не гарантавана. У гэтым кантэксце пераразмеркавання роляў падаецца разумным не спяшацца. А тым часам улада шукае разам з Кім Чэн Ынам вобраз рэжыму, які будзе нашмат больш прыемным у вачах насельніцтва, чым вобраз ягонага бацькі.

У каторы раз упэўніваюся, што мой савецкі суразмоўца меў рацыю: я памыляўся, калі надаваў занадта вялікае значэнне знешняму выгляду. Неважна да чаго ён падобны: кароль не можа памыляцца. Ён нават можа, як падае легенда, героем якой з’яўляецца Кім Чэн Ір, трапіць ў некалькі лунак з аднаго свінга на сваёй першай дарожцы для гульні ў гольф. У сваім вядомым эсэ «Два Целы караля» Эрнст Кантаровіч (Ernst Kantorowicz) пісаў, што ёсць два караля: першы – гэта звычайны мужчына са сваімі слабасцямі, ён сутыкаецца з усялякімі выпадковымі абставінамі, уласцівымі чалавеку, яго гняце каралеўскі цяжар; і другі, які сваёй бясконцай дасканаласцю ўвасабляе манархію ііі. Такім чынам, паўночна-карэйцы зрабілі з нябожчыка Кім Ір Сена прэзідэнта для вечнасці, пазбавіўшы яго ўсялякіх недахопаў. Маўзалей, пабудаваны ў гонар ягонай славы, з’яўляецца самым велічным будынкам краіны.

Ці зможа вобраз Чэн Ына, які так падобны да дзядулі, у хуткім часе прымусіць забыцца пра сямнаццаць гадоў панавання Кім Чэн Іра, пазначаных бясконцымі стыхійнымі бедствамі, паводкамі, засухамі, поўным абвалам эканомікі і голадам, які стаў прычынай тысячаў смерцяў? У актыў памерлага лідэра можна залічыць ажыццяўленне толькі адной справы, і тое спрэчнай, хоць і асаблівай: авалоданне ядзернай зброяй.

Такі ўжо па натуры чалавек: свядома ці не, але ён заўжды знаходзіцца ў пошуках ідэальнага мінулага. Кім Чэн Ыну няма і 30 гадоў, але калі мой савецкі суразмоўца меў рацыю і на гэты раз, то мы можам ад гэтага моманту рыхтавацца бачыць ягоны твар напрацягу доўгіх гадоў.


Брус Кюмінг загадчык аддзялення гісторыі Чыкагскага ўніверсітэта. Аўтар The Korean War: A History, Random House, New York, 2010.

Пераклад: Наталля Ярмольчык

Арыгінал

Ілюстрацыя: Мікалоюс Чурлёніс, «Казка каралёў» (1909)

і Victor Cha, «China’s Newest Province», The New York Times, 19 снежня, 2011.

іі 18 ліпеня 1994, праз некалькі дзён пасля смерці Кім Ір Сена.

ііі Ernst Kantorowicz, Les Deux Corps du roi. Essai sur la théologie politique au Moyen Âge, Парыж, 1989.