У Беларусі з’явіцца арганізацыя па праблеме ігнаравання рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека. Фармальна Беларусь далучаная да нормаў міжнарожных канвенцыяў і брала на сябе абавязкі іх выконваць, але зараз сітуацыя значна пагоршылася.

У Беларусі з’явіцца арганізацыя па праблеме ігнаравання рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека. Гэта інцыятыва была агучана 12 лютага ў Гомелі, дзе адбылася сустрэча грамадскіх і палітычных актывістаў, парушэнне правоў якіх прызнана Камітэтам ААН па правах чалавека альбо чые скаргі знаходзяцца на разглядзе.

Вырашылі стварыць рэспубліканскую грамадскую арганізацыю, якая непасрэдна будзе займацца пошукам шляхоў рашэнняў, здольных змяніць практыку ігнаравання цяперашнім кіраўніцтвам краіны абавязацельстваў па Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і рашэнняў структур ААН.

Мяркуецца, што арганізацыя аб’яднае намаганні ўсіх, хто мае адпаведныя рашэнні Камітэта, а таксама хто звярнуўся са скаргамі і хто проста цікавіцца дадзенай праблемай і гатовы працаваць над яе рашэннем.

Удзельнікі сустрэчы прапанавалі ў створаны аргкамітэт арганізацыі ўключыць з прысутных Леаніда Судаленку (“Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы”), Віктара Карняенку (сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары”) і Паўла Левінава (“Беларускі хельсінскі камітэт”).

Штогод Камітэт па правах чалавека ААН прымае на разгляд заявы ад беларусаў. Па шэрагу з іх ужо прынятыя рашэнні і выстаўленыя рэкамендацыі да беларускіх уладаў. Але паколькі яны маюць рэкамендацыйны характар, выкананне рашэння афіцыйны Мінск ігнаруе. Больш за тое, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, як і найвышэйшае кіраўніцтва, неаднаразова падкрэслівалі, што лічаць гэта ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны. І гэта пры тым, што фармальна Беларусь далучаная да нормаў міжнарожных канвенцыяў і брала на сябе абавязкі іх выконваць.

Прыгадаем найбольш гучныя справы, якія сталі нагодай звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека.

Праблема смяротнага пакарання

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што Беларусь абавязана выдаваць целы расстраляных і паведамляць пра дату смерці іх сем’ям. Згодна з беларускім заканадаўствам, целы пакараных сваякам не выдаюцца, аб месцы пахавання не паведамляецца, і нават дакладная дата смерці застаецца невядомай. Адзіная інфармацыя, якую атрымліваюць сваякі — гэта паведамленне аб факце прывядзення смяротнага прысуду ў выкананне.

У снежні 2011 года ў Камітэт па правах чалавека ААН ад імя Уладзіслава Кавалёва была накіравана скарга аб парушэнні права на жыццё.

Камітэт, у адпаведнасці з працэдурай разгляду падобных скаргаў, накіраваў афіцыйным асобам Беларусі просьбу аб адтэрміноўцы смяротнага пакарання да разгляду справы па сутнасці. Улады Беларусі гэтую просьбу праігнаравалі.

Такім чынам, справу Уладзіслава Кавалёва разглядалі ўжо пасля выканання смяротнага прысуду.

Раней у Камітэт ўжо неаднаразова паступалі скаргі ад імя асуджаных да смяротнага пакарання. Ігар Ляшкевіч і Антон Бандарэнка былі расстраляныя да разгляду іх спраў у Камітэце па правах чалавека. Паведамленні па іх справах былі зарэгістраваныя ўжо пасля пакарання, тым не менш, справы былі разгледжаны Камітэтам па сутнасці.
Камітэт па правах чалавека, разгледзеўшы гэтыя справы, прыняў Меркаванні, у якіх прызнаў сакрэтнасць вакол смяротнага пакарання жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем са сваякамі расстраляных. Такое абыходжанее, на думку Камітэта, парушае артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Акрамя таго, Беларусь абавязалі забяспечыць сваякам расстраляных эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы інфармацыю аб месцы іх пахавання і кампенсацыю за перанесеныя пакуты.

Беларусь, па рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, павінна прызнаць, што ў адносінах да Уладзіслава Кавалёва былі парушаны права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэння. Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўлення Вярхоўнага Камісара паведамленне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага года ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах. Пакуль жа ўлады амаль не ідуць на кантакт. Пры разглядзе справы многія пытанні ААН былі пакінутыя без адказаў.

Масавыя рэпрэсіі і катаванні

Пасля жорсткага разгону і масавых рэпрэсіяў апанентаў улады ў снежні 2010 года на 16-й сесіі Савета ААН па правах чалавека прадстаўнік дэлегацыі Літвы агучыў сумесную заяву 45 дзяржаў па сітуацыі ў Беларусі. Яго падпісалі ўсе члены ЕС і краіны-кандыдаты, Нарвегія, Швейцарыя, ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Ізраіль, Замбія, Габон.

У заяве, адрасаванай беларускім уладам, і ў першую чаргу прэзідэнту Лукашэнку, дзяржавы выказваюць сваю занепакоенасць парушэннямі правоў чалавека пасля 19 снежня 2010 года, якія выявіліся ў ўжыванні гвалту да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту, у арыштах і вынясенні прысудаў палітычным апанентам.

Аўтары заявы таксама выказалі асаблівую заклапочанасць паведамленнямі аб запалохванні адвакатаў, якія аказвалі юрыдычную дапамогу адвольна затрыманым, а таксама аб прымяненні да арыштаваных катаванняў.

Заява заклікала ўлады Беларусі неадкладна і без якіх бы то ні было ўмоваў вызваліць і рэабілітаваць усіх затрыманых па палітычных падставах пасля выбараў 19 снежня 2010 года, выконваць правы чалавека арыштаваных і іх сем’яў, у першую чаргу права на абарону ў судзе. Акрамя таго, аўтары заявы настойліва рэкамендавалі спыніць пераслед незалежных СМІ, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў, а таксама паважаць права на свабоду сходаў, асацыяцый і свабоду выказвання меркавання.

Прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь у сваім зваротным выступе тады заявілі: “Мы не лічым неабходным каментаваць змешчаныя ў гэтым выступе галаслоўныя абвінавачванні”. Беларускі бок аўтараў заявы абвінаваціў у палітыцы “падвойных стандартаў”, паколькі і ў тых краінах, ад імя якіх яно было зроблена, “знойдзецца нямала актуальных у тым кантэксце праблем у сферы правоў чалавека”. У адказе прадстаўнікі Беларусі адзначылі, што акцыя пратэста 19 снежня не з’яўлялася мірным сходам, а суправаджалася гвалтам і беспарадкамі, у сувязі з чым ўлады краіны лічаць “наступ прававых наступстваў” заканамерным.

Ліквідацыя грамадскіх арганізацыяў

Скасаванне рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” таксама стала нагодай разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН. У 2007 годзе Камітэт прыйшоў да высновы, што аўтар і сааўтары індывідуальнай заявы (праваабаронцы) маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, якія ўключаюць у сябе перарэгістрацыю “Вясны” і кампенсацыю.

Аднак беларускі ўрад не выканаў гэтае патрабаванне. МЗС патлумачыў гэта наступным чынам: “Рэалізацыя абавязкаў Рэспублікі Беларусь па Факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 году улічваецца, у прыватнасці, рэкамендацыйны характар меркаванняў Камітэта па правах чалавека”.

Расія імкнецца супрацоўнічаць з ААН

Цікава, што ў Расіі, у адносінах якой міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама маюць шмат пытанняў, Кастытуцыйным судом было прызнана, што невыкананне рашэнняў Камітэта ААН з’яўляецца адмовай прызнаваць правы і свабоды грамадзян.

Так, разглядаючы адно з рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека, прынятым па скарзе расіяніна Андрэя Харашэнкі, вышэйшы судовы орган РФ падкрэсліў, што стаўшы ўдзельнікам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўнага пратакола да яго Расійская Федэрацыя прызнала кампетэнцыю Камітэта па правахчалавека прымаць і разглядаць скаргі яе грамадзян.

“Нягледзячы на тое, што ні Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ні Факультатыўны пратакол да яго прама не абавязваюць дзяржавы выконваць меркаванні Камітэта па правах чалавека, гэта не вызваляе Расійскую Федэрацыю ад добрасумленнага і адказнага выканання прынятых рашэнняў. Іншае не толькі ставіла б пад сумнеў выкананне РФ добраахвотна прынятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, але і сведчыла б аб невыкананні абавязкаў прызнаваць і гарантаваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама абяссэнсівала б права кожнага звяртацца ў Камітэт па правах чалавека”, — такую прававую пазіцыю выказаў КС РФ.

Беларускія ўлады негатыўна адрэагавалі на ўвядзенне пасады спецдакладчыка ААН па Беларусі

Беларускія суды ды чыноўнікі дэманструюць поўную супрацьлегласць у меркаваннях адносна рашэнняў Камітэта.

Магчыма, новаствораная арганізацыя дазволіць больш шырока агучваць праблему невыканання Беларуссю прынятых міжнародных нормаў.

Дарэчы, у сувязі з неспрыяльнай сітуацыяй з правамі чалавека, падчас 21-й сесіі Савета па правах чалавека ААН было прынята рашэнне пра аднаўленне мандату спецдакладчыка ААН па Беларусі.

На гэтую пасаду быў прызначаны венгерскі дыпламат Міклаш Харашці, які з 1 лістапада 2012 афіцыйна прыступіў да працы. У сваёй першай заяве на гэтай пасадзе ён заклікаў грамадзянскую супольнасць і ўрад Беларусі да адкрытага дыялогу дзеля прасоўвання і абароны правоў чалавека ў краіне. Але беларускія ўлады негатыўна адрэагавалі на ўвядзенне пасады спецдакладчыка, традыцыйна назваўшы гэта ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны і навязваннем падвоенных стандартаў.