Цяжка, цяжка адбіваюцца на апазыцыі 16 год знаходжаньня ў рэзэрвацыіі. Адсутнасьць вынікаў працы становіцца прычынаю апатыі ды бязьвер’я. Апатыя ды бязьвер’е становіцца прычынаю адсутнасьці вынікаў. І вось каб неяк хаця патлумачыць гэтую безвыніковасьць, апазыцыя пачынае шукаць зьнешнія прычыны. Піша Зьміцер Дашкевіч.

 

Гэта вельмі добры прыём, каб апраўдацца ці заб-ыцца (-іць) на прычыны ўнутраныя. Найбольш дасягнуў у пошуку зьнешніх прычынаў нашага агульнабеларускага становішча, канешне, Зянон Пазьняк. Ягоныя пасажы пра “Лубянку”, “вікаўскую/падстаўную/антыбеларускую/маргінальную апазыцыю”, “наменклатуршчыкаў” і “канторшчыкаў”, “агентаў ФСБ/КДБ” і “функцыянэраў” гэтых спэцслужбаў, ужо сталіся звычайнымі, нават сказаў бы я – абывацельскімі паняткамі для кожнага паважаючага сябе апазыцыянэра-няўдачніка.

Безумоўна, Зянона Станіслававіча зразумець значна прасьцей, чым астатніх прамоўцаў ягоных цытатаў. У заснавальніка беларускага апазыцыйнага слэнгу, па-першае, стан рэзэрвацыйны накладаецца на стан эміграцыйны. А па-другое, для Зянона Пазьняка, фатаздымак каторага на аднайменным сайце стаіць у шэрагу Вітаўта, Каліноўскага і Быкава, пагадзіцца з тым, што без яго, сучаснага “Вітаўта” і “Каліноўскага” магчымая барацьба за беларускую мову, нацыянальныя каштоўнасьці, незалежнасьць ды дэмакратыю – і абсурдна, і дзіка, і нават страшна. Таму, што раз пасьля чарговага Сойму Партыі КХП-БНФ, мы можам чытаць факсы Пазьняка зь пералікам новых і новых імёнаў агентуры.

Ня так даўно шырокае абмеркаваньне атрымалі дадзеныя сьледчага адзелу КХП-БНФ пра апошнія зьмены у “вікаўскай апазыцыі”: “Першае, што здарылася ў вікаўскай апазыцыі – гэта замена кадраў падстаўных, кіруемых і лаяльных на непасрэдных функцыянераў КДБ. Перастаноўкі адбыліся амаль ва ўсіх грамадзкіх і палітычных арганізацыях. Канчаткова захоплена “Бацькаўшчына” (цяпер засталося толькі аб’яднаць яе з “Радзімай”). Прытым такія масьцітыя беларускія інтэлігенты, такія важныя акадэмікі, мастакі, дзеячы культуры пры сваёй поўнай няздольнасьці да грамадзкай арганізацыйнай працы нават, выглядае, не зразумелі, што насамрэч адбылося. Яны, бачыце, палітыкай не займаюцца. Таму пара дзяўчынак-канторшчыц іх усіх элегантна пастроіла, узначаліла і пакінула задаволенымі сваёй безадказнасьцю.” (Зянон Пазьняк: ЗЬМЕСТ ПРАПАГАНДЫ І СУТНАСЬЦЬ ПАДЗЕЙ). Ня ведаю, плакаць ці радавацца кіраўніцам беларускае дыяспары – Алене Макоўскай і Ніне Шыдлоўскай з нагоды гэткіх выкрывальніцкіх сьведчаньняў іхняга ж падначаленага – эмігранта Зянона Пазьняка, але ганарыцца ёсьць чым адназначна. Гэта ж утварыць такое – абдурачыць усю “масьцітую” беларускую інтэлегенцыю! Ды яшчэ так, каб апошняя задаволенаю засталася! Спадзявацца тут можна хіба на тое, што масцітыя інтэлегенты не чытаюць факсы-адозвы сучаснага “Вітаўта” да беларускага народу. Няхай хаця б нехта захавае ілюзіі пра адэкватнага Зянона Пазьняка, “ляцяшчага на крыльлях ночы/парашуце НАТА”.

А для тых хто чытае, працягнем! Бо разьвязка падзеяў проста дэтэктыўная! Ідзем па тэксьце: “Калі ў грамадзкім сэктары гэбоўская рэарганізацыя суправаджалася інфантыльнай камэдыяй, то ў палітычнай апазыцыі ўсё выглядала тупым фарсам. Асабліва паказальным атрымаўся “прагматычны” канец “новай хвалі”, якую ўзначаліў кадравы маладзён – Янукевіч. Нядаўна група кіраўніцтва нашай Партыі (КХП-БНФ) выпадкова “застукала” гэтага хлапца ў час кантакту яго з функцыянэрамі спэцслужбаў. Вось гэта быў пасаж!”.

Як вам гэта ўсё?! Які размах думкі! Якія адточаныя выслоўі! Якое мастацтва слова! Якое веданьне прафэсыйнай лексыкі! – “дзяўчынкі-канторшчыцы”, “непасрэдныя функцыянэры КДБ”, “масьцітыя беларускія інтэлігенты”, “гэбоўская рэарганізацыя”, “інфальтыльная камэдыя”, “кадравы маладзён”! Не, гэта не чытаць трэба, гэта трэба сьпяваць!

Шкада, канешне, Аляксея Янукевіча, каторы па-дзіцячы  папаліўся перад такімі масьцітымі сьледчымі! А спаліўся агент, як вынікае з пакаяльнага тлумачэньня, на роўным месцы. Пасьля акцыі “Дзяды”, што традыцыйна ладзілася ў лістападзе мінулага году, да Аляксея і двух ягоных аднапартыйцаў падышлі АМАПаўцы з загадам згарнуць нацыянальны сьцяг. І як толькі лідэр Партыі БНФ пачаў даваць тлумачэньні міліцэйскаму начальству насьпела опер-брыгада Партыі КХП-БНФ, якая з воклічамі: “Ага! Запалілі!” накінулася на кадравага маладзёна з новай хвалі. Натуральна, што з гэтага агентурнага правалу астатнім кадравікам трэба рабіць высновы, удасканальваючы тэхніку кансьпірацыі.

Далей жарсьці толькі ўзрастаюць, і, як сьведчыць Зянон Пазьняк, “Лубянка пачала артпадрыхтоўку, дала залп сыстэмы “Град”! […] 5 і 6-га сьнежня схапілі па чарзе двух апазыцыйных маладзёнаў, запіхнулі ў машыны, вывезьлі далёка за горад і выкінулі ў лесе. Намэнклятурныя маладзёны ад “апазыцыі” вярнуліся ў Менск і пачалі даваць інтэрвію. Канешне, як Пазьняк мог абысьці працяг працы эскадронаў сьмерці? Тым больш, што Зянон небеспадстаўна перакананы, што на вываз у лес у Беларусі дадзена разнарадка толькі на яго самога. Аб гэтым паўсюль заяўляецца нават і цяпер: “Той эскадрон, які стварылі, першым павінен быць я”. А гэта ўжо як па савецкай класіцы: “На ягоным месцы павінен быць я! – Прыедзеш, будзеш!”

Не пакінуў у баку Пазьняк нават Тацяну Шапуцьку, каторай у тым самым слаўным 1996 годзе, калі Пазьняк паміж агентаў КДБ, ФСБ і іншай навалачу пакідаў Бацькаўшчыну, было толькі шэсьць годзікаў. І гэта ж трэба да чаго дайшло! – ня толькі падрасла за гэтыя 15 гадкоў, але яшчэ ж і беларускую мову недзе вывучыла! І, глянь ты, размаўляць на ёй навучыла палову школы і юрфаку! Аднак спрактыкаванага на адозвах чытача адразу пачнуць “цярзаць смутныя сумненьні” – а ці мажліва тое без Пазьняка?! Адказ рашучы, зразумелы і адназначны – не, не мажліва! І таму цьвёрдая рука сьледчага працягвае: “Да гэтага ж фарсавага лубянскага праекціка ўмела падключылі справу студэнткі Тані Шапуцькі. Тут, праўда, разыгралі дасканала, як па нотах. Мілую студэнтку запрасілі ў Брусэль на Форум грамадзянскай супольнасьці праграмы “Усходняга Партнёрства” (дзе зь ёй сфатаграфаваліся Карл Більдт і Бэніта Вальднэр), а па вяртаньні ў Менск яна была груба адлічаная з унівэрсітэта за пропуск заняткаў. Скандал. Самі ж лубянскія праектанты праінфармавалі пра гэта Брусэль. І вось ужо Карл Більдт, міністар замежных справаў Швэцыі, — краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, — падняў свой голас у абарону Шапуцькі. Наступны выступіў міністар МЗС Эстноніі Урмас Паэт, які заявіў, што “Эстонія будзе сачыць за лёсам Шапуцькі. Словам, машына закруцілася, Лубянка адпачывае.” Тут можна дадаць толькі тое, што Лубянка і сапраўды адпачывае, як і ўсе прапагандысты беларускага рэжыму. У прынцыпе, каб у апошніх было дамяшана да нізасьці і нянавісьці хаця б трошку мазгоў, яны б пісаніну Зянона Станіслававіча ўзялі на ўзбраеньне найперш. Тут і выдумляць нічога ня трэба, і вымызгвацца самім, і сказана – як адрэзана!

І ўжо як бы падводзячы вынік сьледчай дзейнасьці, Зянон Пазьняк у сваёй апошняй адозьве да Сойму партыі КХП-БНФ і беларускага народу робіць канчатковую, безумоўна на бягучы момант, класіфікацыю “маргінальнай вікаўскай апазыцыі”: “Зьвяртаю Вашу ўвагу на тое, як выразна разьмеркавалася цяпер вікаўская маргінальная апазыцыя пасьля зьмены эўрапейскай палітыкі. Частка (зь Мілінкевічам) пайшла на калябарацыю з рэжымам, падтрымаўшы эўрапейскі прагматызм, іншая частка (АГП, Лябедзькі, Раманчукі) зноў скіраваліся на Маскву; трэцяя частка і маладзёвае асяроддзе трапіла ў яшчэ большую (часам у непасрэдную) залежнасьць ад КГБ, ягоных правакацыяў і авантураў.” Вось, адбылося! Усе ў зборы! Ад калябаранта Мілінкевіча да апошняга кадравага і намэнклятурнага маладзёна. Адна надзея, што калісь, адпаведна зь біялагічнымі законамі, Лукашэнка памрэ і тады Бацькаўшчына сустрэне свайго “Вітаўта”, каторы разгоніць усю гэтую вікаўскую хеўру і навядзе парадак!

Калі ж нехта, прачытаўшы вытрымкі з дасье Зянона Пазьняка, падумае, што такі характар палітычнае выведкі ўласьцівы толькі Пазьняку, сьпяшаюся Вас абнадзеіць. Не, ня толькі Пазьняк прамышляе выкрывальніцтвам. На ўзбраеньні такія мэтады стаяць як у ідэалягічных ворагаў Пазьняка – камуністаў/справядлівасьветаўцаў Сяргея Калякіна, так і ў былых аднапартыйцаў – Лявона Баршчэўскага. Першы напачатку выкрываў кіруемы спэцслужбамі “Малады Фронт”, які парушыўшы ўсе догмы Сяргея Іванавіча выйшаў са складу “АДС”: “На мой погляд, яны несамастойна прымалі гэтае рашэньне, ім нехта падказаў гэта зрабіць. Гэта даўно мараць зрабіць спэцслужбы Беларусі”, цяпер выкрывае ў гэтым ужо ўвесь “Беларускі незалежніцкі блёк”: “Я лічу, што гэта праца, у тым ліку і агентаў уплыву са спейцслужбаў, укаранённых у апазыцыю”. А другі акрэсьліў гэты самы “БНБ” не інакш, як “маніфэстам калябаранцтва”. Як бачым – розныя партыі, розныя палітыкі, а падыходы да жыцьця адны і тыя ж.

Вялікае спадзяваньне ўскладвалася гадоў некалькі таму на маладое пакаленьне, але і яно, трошку выгадаваўшыся, пачынае дзейнічаць старымі, праверанымі мэтадамі беларускіх палітыкаў. Так шырока вядомы ў вузкіх колах Артур Фінькевіч, стаціўшы ўладу ў новастворанай арганізацыі “Маладая Беларусь”, усё не стамляецца заяўляць у СМІ аб сваіх былых паплечніках Касьпяровічу і Дранчуку, як штатных агентах спэцслужбаў: “За імі стаіць КДБ. Я гэта кажу і адказваю за свае словы”.

І сапраўды – справаздача за свае словы — галоўны канё кмногіх апазыцыянэраў. Учора за Касьпяровічам і Дранчуком стаяў сам Фінькевіч, а сёньня за імі стаіць ужо КДБ. Учора Касьпяровіч быў намесьнікам, а сёньня аказваецца, што толькі “актывістам для галачкі”. Учора заяўляю, што выхад з АДС – гэта слушна: “Тыя Аб’яднаныя дэмсілы, то яны адмаўляюць эўрапейскі вэктар развіцьця, на дадзены момант ёсць значна большы крэн улева і ў бок Расіі. […] Любая кааліцыя мусіць быць аб’яднаньнем альбо вакол адзінага лідэра, альбо вакол нейкай ідэі, стратэгіі дзеяньняў і гэтак далей. Зараз агульнай стратэгіі, напрыклад, у парлямэнцкай кампаніі, у іх няма.”, а сёньня, правільна(!), што – гэта няслушна: “Паколькі мы ўсё-такі зьяўляліся суб’ектам АДС, я лічу, што выхад з кааліцыі трэба было “зьмягчыць” – напрыклад, абвесьціць аб сваёй пазыцыі ўжо пасьля правядзеньня выбарчай кампаніі, падводзячы яе вынікі”.

Ну, што тут папішаш, падрастаючаму пакаленьню сапраўды ёсьць у каго вучыцца. Можна сабе ўявіць, што пачалося б у краіне, каб гэткі калектыўчык аднадумцаў узяўся кіраваць Беларусьсю. Гэта было б у разы пакруцей разборак у “памаранчавай кааліцыі”. Таму, няхай пакуль кіруе ўсімі намі цьвёрдая і непахісная рука гаранта тройчы зьмененай Канстытуцыі.

P.S. Ёсьць у братоў нашых славянскіх добры лёзунг, які тлумачыць усе беды і няшчасьці “Іванушкі-дурачка”: “Бей жыдоў! – Ратуй Расею!” Пэўна прысьпеў час і беларускай апазыцыі сканцэнтравацца на ісьціннай, ідэйнай і канкрэтнай дзейнасьці, узяўшы на ўзбраеньне лёзунг: “Бей агентаў! – Ратуй апазыцыю!”. А пакуль, пакуль няхай кіруе ўсімі намі цьвёрдая і непахісная рука гаранта тройчы зьмененай Канстытуцыі.

http://www.mfront.net