На час будучых выбарчых кампаній гэтыя палітычныя сілы аб’ядноўваюць высілкі. Іх лідары заявілі аб «стратэгічным партнёрстве».

У панядзелак у Мінску прайшла прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў Партыі БНФ (Аляксей Янукевіч), Руху «За Свабоду» (Аляксандр Мілінкевіч і Юрась Губарэвіч) і кампаніі «Гавары праўду» (Уладзімір Някляеў і Андрэй Дзмітрыеў). Яны заявілі, што аб’ядноўваюцца і заяўляюць пра «стратэгічнае партнёрства на бліжэйшыя выбарчыя кампаніі». Маюцца на ўвазе будучыя мясцовыя выбары, прэзідэнцкія выбары і выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Някляеў: «Тры апазіцыйныя структуры: рух «За Свабоду», Партыя БНФ і грамадзянская кампанія «Гавары праўду» заяўляюць пра стратэгічнае партнёрства. Прычым не пра партнёрства ўвогуле, а пра супрацоўніцтва па рэалізацыі доўгатэрміновай і канкрэтнай палітычнай праграмы».

Згаданыя палітычныя сілы збіраюцца выставіць на прэзідэнцкіх выбарах аднаго кандыдата.

Сваё «стратэгічнае партнёрства» палітыкі назвалі «Народны рэферэндум». Яны збіраюцца ў бліжэйшыя тры месяцы ездзіць па Беларусі, даведвацца пра праблемы людзей, якія пазней вынясуць на рэферэндум.