Мадура перамагае, апазіцыя захоплівае сымбалі, а для Венесуэлы надыходзяць цяжкія часы

Пакуль уся ўвага ёсьць прыцягнутай да Майдану, у Венесуэле прайшлі выбары, на якіх мусілі быць абранымі галовы 335 муніцыпалітэтаў краіны. Па выніках падліку 97,52% галасоў вымалёўваецца наступная карціна.

У выбарах прынялі ўдзел 58,92% венесуэльцаў, якія зрабілі такі выбар: 44,16% (4 584 477 галасоў) выказалі падтрымку кандыдатам ад Аб’яднанае Сацыялістычнае партыі Венесуэлы (партыя чавістых); 40,96% (4 252 082 галасы) – кандыдатам ад Аб’яднананага Дэмакратычнага Круглага Сталу (апазіцыя). Яшчэ 1,6% (167 049 галасоў) прагаласавалі за камуністых, і 13,26% (1 376 056) – за іншых кандыдатаў.

Пакуль можна казаць, што чавістыя атрымліваюць 196 пасадаў мэраў, апазіцыя – 53, астатнія – 8. Невядомым застаецца вынік у 78 муніцыпалітэтах. Такім чынам, у параўнаньні з папярэднімі выбарамі 2008 году, апазіцыя павялічыла колькасьць «сваіх» мэраў (тады апазіцыянеры атрымалі 46 пасадаў). Але яна, пакуль, ня здолела выканаць пастаўленую апазіцыйнымі лідарамі мэту: павялічыць гэтую лічбу ўдвая.

Пры гэтым чавістыя перамагаюць у сельскае мясцовасьці, за апазіцыяй застаецца перавага ў буйных гарадох. У тым ліку, за апазіцыянерамі засталася перамога ў чатырох зь пяці муніціпіях Каракасу (як і ў самім Каракасе), а таксама ў такіх гарадох як Маракаіба (штат Сулія), Валенсія (штат Карабоба), Ірыбарэн (штат Лара), Сан Крыстабаль (штат Тачыра) і Барынас (штат Барынас). Гэта азначае, што апазіцыя дасягнула посьпеху, які мае значны сімбалічны характар. Мала таго, што апазіцыянеры перамаглі ў двух «пэрліцах» краіны: Каракасе – палітычнае сталіцы Венесуэлы, і Маракаіба – сталіцы нафтаздабычы. Яны яшчэ й адабралі ў чавістых Барынас – радзіму не каго іншага як самога Чавесу, горад, у якім чавесаўскі клян меў доўгую гісторыю перамогаў.

Такім чынам, выбары прадэманстравалі, што Мадура, які «на тоненькага» прайшоў паўгады таму на пасаду прэзідэнту, на фоне жудаснае інфляцыі, росту крыміналу, разгрому бізнесу і размоваў з нябожчыкамі, здолеў захаваць падтрымку з боку, прынамсі, траціны насельніцтва. Як цытуе сайт news.yahoo.com дырэктара сацыялягічнае агенцыі Datanálisis Люіса Вісэнтэ Леона (Luis Vicente León), «здарыўся вар’яцкі парадокс: адзіны, хто перамог у выніку крызісу, – гэта Мадура». Пры гэтым робяцца прагнозы, што цяпер у Мадура зьявіліся добрыя шанцы дасядзець да канца свайго прэзідэнцкага тэрміну (2018 г.).

Аднача, як адзначаюць іншыя каментатары на форумах, быў бы дзіўным іншы варыянт пры ўмовах амаль татальнага кантролю дзяржавы над СМІ. Некаторыя кажуць пра ўплыў на вынікі галасаваньня прысутнасьці вайскоўцаў, быццам бы «для падтрыманьня парадку».

Што характэрна, ніхто не ганьбіць апазіцыю і яе лідараў. Затое гучыць занепакоенасьць, што Мадура можа забараніць апазіцыйныя партыі.

Гэтае меркаваньне, сапраўды, падаецца слушным. Бо, нягледзячы на пэўную перамогу, чавістыя ня вырашылі асноўных праблемаў, у тым ліку, праблемы рэсурсаў. Разгром прыватнага бізнэсу (а як яшчэ можна пазначыць «эканамічную вайну», пра якую кажа апошнім часам Мадура?) яшчэ больш павялічвае цяжар сацыяльнае адказнасьці дзяржавы. А для выкананьня сацыяльных абавязкаў патрэбны рэсурс. На фоне падзеньня коштаў на нафту падобнага рэсурсу на гарызонце ня бачыцца. «Газпрам», канечне, выдзеліў крыху больш за тыдзень таму крэдыт у 1 мільлярд даляраў венесуэльскае нафтаздабываючае кампаніі Petroleos de Venezuela SA (PdVSA ), а ў гэтым месяцы, кажуць, выдзеліць яшчэ 1,2 млрд., што дазволіць PdVSA разплаціцца з даўгамі і, маўляў, удвая павялічыць аб’ёмы нафтаздабычы. Але гэта, відавочна, часовая мера: праблемаў сістэмы менэджменту, якая давяла дзяржаўную нафтаздабываючую кампанію ў даўгавую яму, яна не вырашыць. Плюс, ізноў жа, падзеньне коштаў на нафту, якое будзе толькі падхлествацца павялічэньнем здобычы і ростам канкурэнцыі на сусьветных ранках (памятаем пра сланцавы газ, ЗПГ, зьняцьцё санкцыяў зь Ірану і г.д.). Так што, застаецца пытаньнем, наколькі хопіць у «Газпраму» сродкаў цягнуць яшчэ аднаго «брата».

Таму для Мадура натуральным падаецца выкарыстаньне рэпрэсіўных метадаў для падаўленьня незадаволенасьці, у тым ліку, і забарона ці абмежаваньне дзейнасьці апазіцыйных партыяў.

Такі сцэнар выглядае вельмі небясьпечным для Венесуэлы. Бо, як адзначыў лідар апазіцыі Капрылес Радонскі, нацыя ёсьць разколатай, і ёй неабходны дыялёг, каб яго пераадолець. Але, дадам, урад пакуль не выглядае надта гатовым да размовы.

Сапраўды, выбары 8 сьнежню паказалі, што падзел венесуэльцаў на два прыкладна роўныя лягеры захаваўся. Калі ўрад абярэ канфрантацыйную мадэль, гэтае процістаяньне можа набыць гарачыя формы. Прычым, ініцыятарамі могуць выступіць як раз прапаненты ўлады. Такія выпадкі ўжо здараліся за часам элекцыйнае кампаніі: адна невялічкая леварадыкальная групоўка абвесьціла, што 20 лістападу зьдзейсьніла тры выбухі ля штаб-кватэраў апазіцыйных сілаў. (Што цікава, адной з падставаў для гэтых акцыяў было тое, што адзін з апазіцыйных лідараў загадаў зьнесьці помнік Фідэлю Кастра, ды яшчэ й «цынічна паскокаў» на павержаным куміры левакоў).

Таму для апазіцыі, як і для Венесуэлы ў цэлым, бліжэйшая будучыня выглядае даволі сумна. Як напісаў адзін з удзельнікаў абмеркаваньня працытаванага вышэй артыкулу з YAHOO!news: «Гэта яшчэ не час апазіцыі. Трагедыя мусіць быць адыгранай да канцу».