Увосень 1995 года лідэры трох экс-югаслаўскіх рэспублік сабраліся ў Дэйтане, штат Агаё, каб спыніць нарэшце вайну, якая доўжылася амаль чатыры гады і каштавала жыцця тысячам баснійцаў .

Амерыканскі дыпламат Рычард Холбрук, які быў галоўным пасярэднікам на гэтых перамовах, прасіў Кэці Мартан, сваю жонку, правесці як мага больш нефармальных размоваў з экс-югаслаўскімі палітыкамі і вайскоўцамі.

«Падахвоць іх распавесці пра асабістыя мары, пра дзяцей, пра ўнукаў» , — згадвае Мартан словы мужа. І прызнаецца, што нічога з тых яе спробаў не атрымалася: «Тыя людзі былі проста няздольныя ні думаць, ні казаць пра штосьці іншае, акрамя вайны, улады і тэрыторыяў».

Маё ўражанне ад палітыкаў, з якімі я меў зносіны, — падобнае. Большасць з іх зусім няздольная пагаварыць пра нейкую прачытаную кнігу, убачаны фільм. Проста пра нешта асабістае, не звязанае з выкрыццём праціўнікаў, пляценнем інтрыгаў і ўспамінамі — хто каго і на колькі кінуў. Яны жывуць у віртуальным свеце, дзе пацешныя фігуркі — «свае» і «чужыя» — бегаюць па экране . Трэба, як у кампутарнай гульні, пераадолець колькі трэба перашкодаў і сабраць столькі ж бонусаў, назапашваючы дадатковыя «жыцці».

У гэтым свеце нескладана аддаць загад віртуальнаму «Беркуту» збіць віртуальных пратэстуючых, раструшчыць колькі там віртуальных насоў і праліць колькі там віртуальных літраў крыві. Бо атрыманыя бонусы выглядаюць рэальнымі: хапнуць яшчэ адно Межыгор’е, скрасці яшчэ паўтара дзяржаўныя бюджэты, зрабіць яшчэ аднаго Сашу або Сірожу мільярдэрам.

Вось толькі назапашаныя віртуальныя «жыцці» так і застануцца на экране кампутара. Пра што нашы палітыкі , вядома, калісьці даведаюцца. Як і пра тое, што пралітая імі кроў, наадварот, не была віртуальнай.