Колькі дзён таму на сайце Украінскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва навін (УНІАН) можна было прачытаць, што што Нідэрланды (разам з Брытаніяй) патрабуюць перагляду палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Расіі. А трохі раней можна было з таго самага сайту даведацца: “трагедыя самалёта Boeing-777 адкрыла вочы Еўропе на тое, што адбываецца ва Украіне”.
Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Нідэрландаў Франс Тымерманс у час сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Кожны бачыць тое, што хоча бачыць. А хоча ён бачыць тое, што адпавядае яго асабістым або карпаратыўным інтарэсам.

Мне ўспамінаецца, як восенню мінулага года ў Нідэрландах разгарэлася дыскусія: ехаць каралю Вілему Аляксандру і каралеве Максіме ў Расію ці не ехаць? Нагадаю, што летась у Расіі былі арыштаваныя актывісты Greenpeace, якія на галандскім караблі Arctic Sunrise наладзілі акцыю пратэсту каля нафтаздабываючай платформы “Газпрома”, а пазней невядомыя забраліся ў Маскве ў кватэру нідэрландскага дыпламата Она Элдэрэнбоша, звязалі яго і жорстка збілі.

Нягледзячы на даволі шырокія пратэсты нідэрландскай грамадскасці, караля з каралевай літаральна выштурхнулі ў Маскву. І першы, хто паведаміў аб маючым адбыцца візіце Вілема Аляксандра і Максімы да Уладзіміра Пуціна, быў міністр замежных спраў Франс Тымерманс: маўляў, мы – краіна малая і не нам заядацца з Расіяй.

Акт нацыянальнага самапрыніжэння быў учынены дзеля інтарэсаў нідэрландскага нацыянальнага капіталу. Інтарэсы капіталу не дазвалялі сацыял-дэмакрату Франсу Тымермансу ўбачыць фашысцкую сутнасць ўсталяванага ў Расіі палітычнага рэжыму. А калі і бачыў ён тую сутнасць, то не хапіла ў яго мужнасці, захаваўшы чалавечую і нацыянальную годнасць, гучна сказаць “не”.

Цяпер, калі расійскія найміты расійскай ракетай пазбавалі жыцця гэтулькі грамадзян Нідэрландаў, у прафесійнага дыпламата Франса Тымерманса, які нямала працаваў у еўраструктурах, “раптам” адкрыліся вочы. І цяпер ён са сваімі калегамі патрабуе перагляду палітыкі ЕС у дачыненні да Расіі.

На пэўны час змоўк і адскочыў у бок (ва ўсякім разе Барак Абама і Дэвід Кемэран з ім не кансультаваліся) яшчэ адзін сацыяліст – Франсуа Алянд.

Палітыку прэзідэнта Французскай Рэспублікі цяжка назваць рацыянальнай. Так, і ён кіруецца інтарэсамі нацыянальнага капіталу. Але ж Францыя, як-ніяк, уваходзіць у НАТО. І вось краіна – член НАТО узбройвае Расію, робіць на яе заказ два верталётаносцы. Гэта абсурдна, але такая праўда.

Выяўляецца, што не адна Францыя ўзройвае Расію. Брытанскія капіталісты таксама не супраць зарабіць мільён-другі на мілітарным бізнесе з Расіяй. Цяпер, пасля трагедыі ў небе над Данбасам, брытанскі ўрад нібыта збіраецца згарнуць гэтае супрацоўніцтва.

Супрацоўніцтва ў ваеннай галіне краін НАТО і Расіі – поўны нонсэнс. Яно паказвае, наколькі прага прыбыткаў засляпіла вочы і буржуазіі, і палітыкам. Паўстае пытанне: а ці ёсць у Заходняй Еўропе сур’ёзная палітычная аналітыка, якая б давяла гаспадарчай і палітычнай эліце Еўропы, што Расія – гэта іншая цывілізацыя, у грунце рэчы варожая Захаду?

Хто давядзе нямецкаму бізнесу і палітычнаму класу, што ўсе іх спробы наладзіць трывалыя сувязі з Расіяй будуць вітацца расійскімі кіруючымі коламі ў той меры, наколькі гэта адпавядае геапалітычным інтарэсам Імперыі Зла?

Зрэшты, у знешняй палітыцы сучаснай Германіі відавочная старая пруская традыцыя шукаць кампрамісу з Расіяй “над галовамі” краін і народаў, якія знаходзяцца паміж Берлінам і Масквою. З’яўленне на мапе Еўропы незалежных Беларусі і Украіны было для нямецкага бізнесу і палітычнага класа надарэчнасцю і непатрэбшчынай, бо навошта капіталу новыя межы і новыя мытні? Немцы ва ўпор пыталіся ў нас: чаму вы не хочаце жыць у адной дзяржаве з Расіяй? І наша нежаданне яны расцэньвалі як нацыяналізм (вядома, які сэнс надаецца гэтаму паняццю ў Германіі). Таму не дзіўна, што федэральная канцлерка Германіі Ангелай Мэркель стала актыўнай правадніцай расійскіх інтарэсаў ва Украіне.

Не, Ангела Мэркель не заклікала Украіну да капітуляцыі. Яна – разам з Франсуа Аляндам –  выступала як міралюбца і міратворца ды заклікала Украіну спыніць ваенныя дзеянні. Каб Расія (так атрымлівалася) тым часам павялічвала свой кантынгент ва Украіне, узбройвала яго аж да ракетаў “Бук” ды адхоплівала новыя тэрыторыі.

Некаторыя тлумачылі палітыку Мэркель і Алянда тым, што, яны, маўляў, не ведаюць Расію, не разумеюць сутнасці пуцінскага рэжыму.

Усё яны выдатна ведаюць і разумеюць. Але нямецкія і французскія дзелавыя інтарэсы настолькі спляліся з расійскімі, што ўчыняць жорсткія санкцыі супраць Расіі, тым больш рваць з ёю азначала б рэзаць па жывым, чыніць шкоду самім сабе. Замест абароны ахвяры агрэсіі яны выбралі палітыку абароны агрэсара. Кіруючыся інтарэсамі нацыянальнага капіталу, Мэркель і Алянд хацелі (і, праўдападоьна, хочуць) дапамачы Пуціну захаваць добрую міну пры кепскай гульні, годна выйсці з сітуацыі, з цугцвангу, у які ён сам сябе загнаў.

Жаданнем дапамагчы Пуціну выйсці з сітуацыі тлумачыцца і тое, што Германія і Францыя – партнёры Польшчы па “Ваймарскім трохкутніку” – адціснулі ў бок Польшчу, польскую дыпламатыю, якая вяла і вядзе адзначную палітычную лінію ў дачыненні да расійска-ўкраінскага збройнага канфлікту. Кажуць, што “Ваймарскі трохкутнік” распаўся пасля таго, як былі апублікаваны выказванні польскага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, зробленыя ім у прыватным парадку. Але ж і публікацыя гэтых выказванняў нейк дзіўным чынам супала ў часе з абвастрэннем сітуацыі вакол Украіны і ва Украіне. Не выключана, што тут спрацавала расійская агентура.

Нагадаю, што міністр Сікорскі папярэджваў Еўропу і свет: узброеныя Расіяй тэрарысты робяць рызыкоўным цывільнае паветраплаванне над Данбасам. Трагедыя 17 ліпеня паказала, што Сікорскі і польская дыпламатыя глядзелі значна далей і глыбей, чым палітыкі ў Берліне і Парыжы. І гэта не здзіўляе: у палякаў, як і ў нас, ёсць досвед працяглага жыцця з Расіяй у адным дзяржаўным арганізме і ў адным лагеры, абнесеным калючым дротам.

Падзеі ва Украіне і вакол Украіны наглядна паказваюць, што маладых дзяржаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе не было няма надзейных сяброў і саюзнікаў на Захадзе. Еўрапейскі выбар краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку Украіны, – гэта выбар паміж большым і меншым злом. З гэтага вынікае выснова: еўраінтэграцыя еўраінтэграцыяй, але трэба думаць аб рэгіянальным саюзе былых падрасійскіх і падсавецкіх тэрыторый. У Варшаве, Вільні і Кіеве гэта, думаецца, ужо зразумелі. Нанова паўстае ідэя Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.