Яшчэ адно дзесяцігодзьдзе бязьдзеяньня й акупацыі можа пазбавіць Ізраіль аднаго з двух нарожных камянёў сваёй дзяржаўнасьці.

Бадай Бог усталюе паміж вамі й тымі,

з кім вы варагуеце… любоў, бо Бог ёсьць усёмагутным.

Кур’ан, 60:7

 

Ня трэба забывацца на тое, што ўсталяваньне даўгавечнага міру,

заснаванага на дзьвюх дзяржавах,

уваходзіць у собскія інтарэсы Ізраілю….

Каб Ізраіль застаўся габрэйскаю дзяржаваю

і ў маральным, і ў дэмаграфічным пляне,

яму патрэбна Палестынская дзяржава.

 

Шымон Пэрас

У мінулым траўні Ізраіль адзначыў свае 60-я ўгодкі. Адзначыў ціха, бо ізраільскі народ ня прагнуў вялікага сьвяткаваньня. Нават бюджэт сьвята, якое абыйшлося падаткаплатнікам у $28 мільёнаў, быў раскрытыкаваны часткаю грамадзтва як занадта высокі.

Здавалася б, што ў свой Дзень незалежнасьці ізраільскія габрэі (чатыры пятых насельніцтва Ізраілю) маюць што сьвяткаваць. Праз 60 год пасьля ўзьнікненьня габрэйскай дзяржавы Ізраіль працягвае існаваць, нягледзячы на шматлікія войны з арабскімі суседзямі. Пастаяннасьць прысутнасьці Ізраілю на Блізкім Усходзе сёньня фармальна або нефармальна прызнаюць амаль усе, у тым ліку ўсе без выключэньняў арабскія краіны. У той ці іншай форме Ізраіль кантралюе ўсю тэрыторыю былой падмандатнай Палестыны, дарма што ААН ў 1947 г выдала яму мандат толькі на 55% гэтай тэрыторыі. У дадатак да таго, нягледзячы на ўсе свае войны, на кошт акупацыі палестынскіх земляў і на байкот сваёй прадукцыі з боку шматлікіх мусульманскіх краін, Ізраіль мае вельмі высокі ўзровень жыцьця. У апошнім Індэксе чалавечага разьвіцьця, складзеным Праграмаю ААН па разьвіцьцю (UNDP), Ізраіль займае 23-е месца ў сьвеце, паміж Нямеччынай і Грэцыяй [1]. Да таго ж ізраільцяне жывуць у дэмакратычнай краіне.

І ўсё ж ізраільцяне маюць дастаткова паставаў да нараканьня. Як выказалася газэта “New York Times”, у Ізраілі відавочнае “паўзучае адчуваньне дэмаралізацыі”. Гэтаму пасадзейнічала фактычная параза Ізраілю ў вайне супраць лібанскага шыіцкага ўзброенага руху Хізбулла ў 2006 г. Таксама далёка ня ўсе ізраільскія габрэі (ня кажучы ўжо пра арабскіх грамадзянаў Ізраілю) задаволеныя сёньняшняй палітычнай сыстэмай сваёй краіны, дзе шматлікія дробныя партыі маюць вялікую моц у Кнэсэце (парлямэнце). У выніку ў краіне апошнімі гадамі пануюць кааліцыі, сфармаваныя з партый розных, часта супрацьлеглых ідэалягічных напрамкаў. Паводле брытанскага часопісу “Economist”, Ізраіль сёньня мае дэмакратычную сыстэму, у якой палітыкі больш адказныя перад іншымі палітыкамі, чым перад выбарнікамі . Тым часам прэм’ер-міністар Эгуд Ольмэрт ужо пяты раз за два гады знаходзіцца пад сьледзтвам па абвінавачаньні ў карупцыі.

Але больш за ўсё над Ізраілем вісіць велізарны цень акупацыі палестынскіх земляў, захопленых ім у 1967 г. Пакуль працягваецца гэтая акупацыя, ізраільскія жаўнеры абодвух палоў кожны дзень удзельнічаюць у парушэньнях міжнароднага права [2], падтрымліваючы веру (для каго рэлігійную, а для каго ідэалягічную), што габрэі мусяць уладарыць на ўсёй тэрыторыі біблійнай Палестыны. Хоць гэтую ідэю не падзяляе бальшыня ізраільскіх габрэяў, на працягу 41 году акупацыя Палестыны толькі ўзмацняецца. У сваёй кнізе “Палестына: мір, а не апартэід”, былы амэрыканскі прэзыдэнт Джымі Картэр апісвае сёньняшнюю Палестыну, як

бязьлітасна ўцятую… падзеленую на кантоны, акупаваную ізраільскімі службамі бясьпекі і ізаляваную ад вонкавага сьвету [3].

Да таго ж ізраільскія ўзброеныя сілы й перасяленцы часта абмяжоўваюць і парушаюць правы чалавека на палестынскіх землях. У адказ на ўсё гэта палестынцы або проста спрабуюць выжыць, або мірна пратэстуюць, або нападаюць на ізраільскіх жаўнераў ці перасяленцаў. Некаторыя палестынцы чыняць тэрарыстычныя акты супраць мірных ізраільцянаў. У адказ на гэта ізраільская армія выкарыстоўвае артылерыю ды авіяцыю супраць мірнага насельніцтва Палестыны.

Як паказалі два палестынскія паўстаньні-інтыфады, пакуль ня скончыцца акупацыя, паміж Ізраілем і палестынцамі ня можа быць міру. Але ці патрэбны Ізраілю мір з палестынцамі? Сярод ізраільцянаў існуе погляд, паводле якога іхняя краіна дастаткова моцная, каб жыць нармальна і бязь міру з палестынцамі. Напрыклад, Айра Шарканскі, прафэсар паліталёгіі Іўрыцкага ўнівэрсытэту ў Ерусаліме, заявіў падчас лекцыі ў Грынэлеўскім каледжы (штат Аёва) ў 2002 г., што Ізраіль мусіць “сядзець на палестынцах, пакуль ня прыйдзе Мэсія”. Большасьць жа ізраільцянаў мае зусім іншы погляд. Як паказвае леташняе апытаньне службы “Gallup”, з тым, што заключэньне міру з палестынцамі прынясе станоўчыя вынікі ў галіне бясьпекі, згадзіўся 91% апытаных ізраільцянаў, эканомікі — 90%, павагі ў сьвеце — 88%, і будучыні сем’яў — 81% рэспандэнтаў.

Калі амаль усе ізраільцяне мяркуюць, што мір з палестынцамі палепшыць ім жыцьцё, чаму той мір дагэтуль застаецца недасяжным? На маю думку, на гэта ёсьць чатыры прычыны. Перш за ўсё, шмат ізраільцянаў па розных прычынах ня вераць, што палестынцы заслугоўваюць аднолькавых правоў зь імі на зямлі абяцанай. Па-другое, сярод ізраільцянаў, як і сярод шматлікіх эўрапейцаў і амэрыканцаў, існуе тэндэнцыя бачыць у палестынцах (альбо ў арабах, альбо ў мусульманах у цэлым) тэрарыстаў альбо іх прыхільнікаў. Таму сярод іх шырыцца боязь існаваньня незалежнай араба-мусульманскай Палестыны пад бокам габрэйскай дзяржавы. Па-трэцяе, для патрэбаў ізраільскіх перасяленцаў на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў канфіскуюцца і калянізуюцца палестынскія землі, і тым самым падрываецца ідэя ізраільска-палестынскага міру. І апошняе: ізраільская вайсковая перавага на Блізкім Усходзе грунтуецца на амэрыканскай падтрымцы. А амэрыканцы часам падтрымліваюць ізраільскіх палітыкаў, ня надта прыхільных ідэям міру.

Хоць бальшыня ізраільцянаў ня супраць міру з палестынцамі, у Ізраілі бракуе падтрымкі палестынскай незалежнасьці. Праўда, апошнім часам усё больш аналітыкаў, як усярэдзіне краіны, так і за яе межамі, папярэджваюць Ізраіль, што, каб ня страціць сябе, ён павінен пайсьці на прызнаньне палестынскай незалежнасьці. Да іх кола далучаюцца і некаторыя ізраільскія палітыкі, у тым ліку Ольмэрт. Чаму гэтак драматычна ставіцца пытаньне?

Як піша канадзкі гісторык Майкл Пэтру ў артыкуле пад назваю “Чаму Ізраіль ня здолее выжыць”,

панажоўшчына на дарогах, тэрарысты-сьмертнікі, крывавыя сутыкненьні, нават ракетныя атакі з Газы, чыняць Ізраілю боль. [Але] яны ніколі яго ня зьнішчаць.

Пэтру настойвае, што Ізраіль ня выжыве ў той форме, якую ён сёлета споўнілася 60 гадоў:

за адно ці два дзесяцігодзьдзі колькасьць мусульманаў і хрысьціянаў-арабаў, што жывуць пад ізраільскім кантролем… пераўзыдзе колькасьць ізраільскіх габрэяў.

Калі да таго часу ня будзе незалежнай Палестыны, Ізраілю давядзецца выбіраць: альбо ён ператворыцца ў недэмакратычную дзяржаву па мадэлі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі часоў апартэіду, у якой будзе панаваць габрэйская меншыня, альбо ён увядзе палестынцаў у лік грамадзян Ізраілю й ператворыцца ў краіну obojga narodów, тым самым страціўшы статус габрэйскай дзяржавы. Пэтру таксама згадвае трэці варыянт: этнічныя чысткі палестынцаў. Хоць такі варыянт і выглядае нерэалістычна, ён карыстаецца падтрымкай сярод некаторых колаў ізраільцянаў. І ўсё-ткі першыя два варыянты (адмаўленьне ад дэмакратыі альбо габрэйскасьці дзяржавы) – больш імаверныя. Сёньняшні Ізраіль зьяўляецца краінай дэмакратычнай і габрэйскай. Адмова ад аднаго з гэтых прынцыпаў значыць канец таго Ізраілю, які мы ведаем сёньня .

З гэтым падыходам у цэлым згодны Эгуд Ольмэрт:

палестынцы цяпер вядуць супраць Ізраілю кампанію ў стылі Алжыру, але я баюся, што яны паспрабуюць весьці супраць нас кампанію ў стылі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

У такім разе, па словах Ольмэрта, “дзяржаве Ізраіль будзе канец”. Для Ізраіля гэтая думка ня вельмі новая. Як выказаў яшчэ ў 1999 г. былы прэм’ер-міністар (а цяпер міністар абароны) Ізраілю Эгуд Барак,

Любая спроба захаваць гэтую тэрыторыю ў якасьці аднаго ўтварэньня абавязкова прывядзе альбо да недэмакратычнай, альбо да негабрэйскай дзяржавы. Бо калі палестынцы будуць мець права голасу, то дзяржава будзе двухнацыянальнаю. Калі ж яны ня будуць мець права голасу, гэта будзе заснаваная на апартэідзе дзяржава, якая можа пераўтварыцца ў яшчэ адзін Бэлфаст, ці яшчэ адну Босьнію.

Новым зьяўляецца перакананьне некаторых ізраільцянаў, што, каб пазьбегнуць гэтага выбару, трэба заключыць мірнае пагадненьне з палестынцамі.

***

Эгуд Ольмэрт заявіў у сёлетнім ліпені, што Ізраіль ды палестынцы “ніколі не былі настолькі блізкімі да магчымасьці заключэньня дамовы, як сёньня”. А ў верасьні ён дадаў, што Ізраіль павінен вярнуць арабам усе землі, захопленыя ім у 1967 г., у тым ліку і Ўсходні Ерусалім . Апошні раз уражаньне, што мір паміж двума бакамі вельмі блізкі, было ў сярэдзіне 1990-х гг. Восеньню 1995 г., будучы пятнаццацігадовым школьнікам і жывучы ў Кувэйце, я, як і амаль усе жыхары рэгіёну, пільна сачыў за разьвіцьцём мірнага працэсу паміж Ізраілем і палестынцамі. Два гады таму было падпісанае гістарычнае Ослаўскае пагадненьне паміж Ізраілем і Арганізацыяй Вызваленьня Палестыны (АВП), паводле якога палестынцы атрымалі вельмі абмежаваную аўтаномію на акупаваным Заходнім беразе р. Ярдан і сэктары Газа. Таксама гэтае пагадненьне абавязвала два бакі пачаць перамовы аб палестынскіх бежанцах, статусе Ерусаліму й будучай незалежнасьці Палестыны. У дадатак, за год да гэтага было падпісана пагадненьне аб міры паміж Ізраілем і Ярданіяй. У тым жа 1994 г. ізраільскі прэм’ер-міністар Іцхак Рабін (чыя маці была, дарэчы, з Магілёва) і міністар замежных спраў (з 2007 г. – прэзыдэнт) Шымон Пэрас (які нарадзіўся ў мястэчку Вішнева, што ля Валожына) атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру разам са сваім колішнім ворагам, старшынём АВП Ясірам Арафатам.

У выніку гэтых падзей упершыню за маё жыцьцё ў розных канцах сьвету зьявілася надзея на мір паміж Ізраілем і арабамі. А гэта б адначасова значыла сканчэньне ізраільскай акупацыі палестынскіх зямель, узьнікненьне палестынскай дзяржавы й нармалізацыю статусу Ізраілю на Блізкім Усходзе.

Зразумела, што гэтая надзея адчувалася наймацней за ўсё на самім Блізкім Усходзе. Кувэйцкі ўнівэрсытэт нават распачаў выкладаньне іўрыцкай мовы ў чаканьні таго дня, калі паміж Ізраілем і Кувэйтам усталююцца палітычныя, гандлёвыя й турыстычныя адносіны. Кувэйцкі байкот замежных фірмаў, якія выраблялі прадукцыю ў Ізраілі (напрыклад, Кока-Колы й МакДональдзу) быў скасаваны. Дарма што многія кувэйцяне ўсё яшчэ дакаралі палестынцаў за падтрымку, якую выказаў Арафат Садаму Хусэйну падчас ірацкай акупацыі Кувэйту ў 1990-1991 гг., у паветры стаяла эўфарыя.

5 лістапада 1995 г. я зайшоў у краму, каб набыць газэту. На першай старонцы “Arab Times” было напісана велічэзнымі літарамі: “РАБІН ЗАСТРЭЛЕНЫ”. Тады я падумаў, што калі Рабіна забіў палестынец, шкода мірнаму працэсу будзе велізарная. Выявілася, што забіў Рабіна габрэй-экстрэміст Ігаль Амір, каб пакараць прэм’ер-міністра за гатоўнасьць перадаць кантроль над палестынскімі землямі палестынцам. Некалькі дзён тэлебачаньне ўсё паўтарала здымкі Аміра з пісталетам у руцэ, калі ён страляў па Рабіну, а таксама ўхмылкі на ягоным твары пасьля арышту. Хоць я й быў абураны гэтым забойствам, але ўсё ж спадзяваўся, што ізраільскае грамадзтва згуртуецца вакол Пэрэса, і той працягне палітыку Рабіна.

Астатняе, як кажуць, гісторыя. 18 красавіка 1996 г., калі прэм’ер-міністрам быў Пэрэс, пры правядзеньні баявых дзеяньняў супраць Хізбуллы ізраільская артылерыя зьнішчыла ААНаўскую базу ля вёскі Кана, што ў паўднёвым Лібане. У ёй схаваліся некалькі соцень мірных жыхароў Лібану, 106 зь якіх загінулі. У выніку Пэрас не атрымаў на выбарах 1996 г. падтрымкі ізраільскіх арабаў – амаль пятай часткі насельніцтва Ізраілю. Забойствы дзясяткаў цывільных ізраільцянаў сьмяротнікамі ўзброенага палестынскага руху ХАМАС той жа вясною таксама зьменшылі папулярнасьць Пэрэса. У выніку ён прайграў прадстаўніку правай партыі Лікуд Біньяміну Нэтаньягу, які фактычна згарнуў працэс перамоваў з палестынцамі. У 1999 г. да ўлады прыйшоў прадстаўнік Партыі працы (партыі Рабіна й Пэрэса) Эгуд Барак, які ня здолеў істотна палепшыць ізраільска-палестынскія адносіны, а за ім у 2001 г. лікуднік Арыэль Шарон (чые бацькі былі зь Берасьця й Магілёва), які гэтыя адносіны значна пагоршыў. У час кіраваньня Ізраілем Пэрэса, Барака й Шарона гэтыя чатыры вышэйзгаданыя перашкоды міру аказаліся мацнейшымі за жаданьне ізраільскага народу пакласьці канец канфлікту з палестынцамі.

***

У вытоках канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі ляжыць статус палестынцаў на іхняй уласнай зямлі. У 1880 г. у Палестыне, якая ў той час была часткаю Асманскай імпэрыі, жылі 600 тыс. арабаў-мусульманаў і хрысьціянаў. Габрэйскае насельніцтва Палестыны тады складала 30 тыс. чалавек [4]. Лёгка зразумець, чаму ў 1897 г. падчас наведваньня Палестыны два венскія рабіны даслалі дамоў паведамленьне, што “нявеста прыгожая, але замужам за іншым чалавекам” [5]. Рабіны зразумелі, што як бы яны ня прагнулі пабудаваць сабе новы дом у Палестыне, тая зямля ўжо належала іншаму народу – палестынскім арабам.

Вядома, гэта не спыніла сіянізм. Эўрапейскія габрэі працягвалі эміграваць у асманскую Палестыну. У 1917 г., падчас Першай сусьветнай вайны Вялікабрытанія з дапамогаю арабскай дынастыі Гашэмітаў і іх прыхільнікаў захапіла Палестыну. Пасьля вайны новаўтвораная Ліга нацыяў выдала брытанцам “мандат” на кіраваньне гэтай тэрыторыяй. Брытанцы, якія былі ў хаўрусе ня толькі з Гашэмітамі, але й з сіяністамі, падчас вайны, пачалі дапамагаць габрэям усталяваць іх “нацыянальны дом” у Палестыне. Як выказаўся ў 1919 г. сакратар брытанскага ўраду па міжнародных справах граф Артэр Бэлфур,

Сіянізм, слушны ён ці не, добры ён ці благі, усё роўна мае карані ў векавых традыцыях, у цяперашніх патрэбах, у будучых надзеях нашмат большай важнасьці, чым жаданьні й забабоны 700.000 арабаў, што цяпер жывуць на той старажытнай зямлі. [6]

Гашэміты атрымалі ад брытанцаў два троны: у Транc’ярданіі (якая цяпер называецца Ярданіяй, і дзе яны й сёньня кіруюць) і Іраку. А палестынцам засталося толькі глядзець, як іх зямлю калянізуюць габрэі, якія, у адрозьненьне ад арабаў, атрымалі ад брытанцаў аўтаномію ў Палестыне [7]. У выніку ў 1936 г. выбухнула палестынскае паўстаньне, якое было задушана брытанскімі ўладамі ў 1939 г.

Пасьля арабскага паўстаньня брытанскія ўлады прыпынілі далейшую габрэйскую іміграцыю, але габрэйскія імігранты ўсё роўна памагалі брытанцам падчас Другой сусьветнай вайны. Пасьля вайны, калі брытанцы адмовілі габрэям, якія перажылі Халакост у Эўропе, у раве масава эміграваць у Палестыну, ваенізаваныя фармаваньні габрэяў – Іргун і Банда Штэрна – распачалі ўзброеныя дзеяньні. У ліпені 1946 г., Іргун (пад камандаваньнем Мэнахэма Бегіна зь Берасьця, які потым стаў ізраільскім прэм’ер-міністрам) узарваў ерусалімскі гатэль імя караля Давіда, у якім разьмяшчалася брытанская мандатная адміністрацыя. У гэтым тэрарыстычным акце загінулі 92 чалавекі, у асноўным цывільныя брытанцы. Пасьля яго брытанская адміністрацыя пасьпяшаліся зьехаць з Палестыны, пакінуўшы вырашэньне канфлікту палестынскім арабам і габрэям-імігрантам .

Пытаньне будучага ўладкаваньня Палестыны было перададзена ў кампэтэнцыю ААН, якая ў 1947 г. пастанавіла падзяліць падмандатную Палестыну на дзьве незалежныя дзяржавы: габрэйскую й арабскую. Будучай габрэйскай дзяржаве было выдзелена 55% тэрыторыі Палестыны, дарма што ў той час арабаў у Палестыне было удвая болей,чым габрэяў [8]. Для міжнароднай супольнасьці заснаваньне Ізраілю было вельмі зручным спосабам выкупіць віну за Халакост, які адбыўся ўсяго за некалькі гадоў перад гэтым.

14 траўня 1948 г. першы ізраільскі прэм’ер-міністар Давід Бэн-Гурыён абвесьціў незалежнасьць новай габрэйскай дзяржавы. Для сіяністаў вяртаньне ў абяцаную зямлю і ўсталяваньне на ёй габрэйскай дзяржавы было зьдзяйсьненьнем мары, аб якой і сёньня сьпяваецца ў ізраільскім дзяржаўным гімне: “быць свабодным народам на нашай зямлі, зямлі Сіёну й Ерусаліму”. Для палестынцаў ж гэта значыла страту большай паловы сваёй зямлі. Яны адхілілі плян падзелу Палестыны, і ім на дапамогу прыйшлі слабыя, блага ўзброеныя арміі суседніх арабскіх дзяржаў.

У ходзе вайны 700 тыс. палестынцаў былі выгнаныя са сваіх дамоў, і Ізраіль атрымаў не 55%, а 78% тэрыторыі былой падмандатнай Палестыны. Ізраільская гістарыяграфія доўга настойвала, што гэтыя 700 тыс. палестынцаў самі пастанавілі зьехаць з Ізраілю [9]. Магчыма, у нейкіх выпадках так яно й было. Але нашмат больш палестынцаў былі выгнаныя сілком. Паводле г.зв. ізраільскіх “новых гісторыкаў” (Сімха Флапан, Бэні Морыс, Ілан Папэ й Аві Шлаім), этнічныя чысткі палестынскіх гарадоў і вёсак праводзіліся ізраільскай арміяй згодна з плянам “Д” яе камандаваньня. У ходзе яго ізраільская армія зьнішчыла больш як 400 арабскіх вёсак [10].

Ізраільскія ўлады на гэтым не спыніліся. У 1949 г. Давід Бен-Гурыён заснаваў камітэт, каб перайменаваць на іўрыт “усе месцы [ў Нэгеўскай пустыні]: горы, даліны, крыніцы, дарогі і г.д.” Як ён выказаўся,

Мы павінны выкараніць арабскія назвы зыходзячы з клопату аб дзяржаве. Так жа, як мы не прызнаем палітычнай улады арабаў над гэтай зямлёй, гэтак жа мы не прызнаем іхнай духоўнай улады й іхных назваў. [11]

Вытураныя палестынцы разьехаліся па розных краінах, асабліва арабскіх. Для іх узьнікненьне Ізраілю дагэтуль застаецца Бедзтвам зь вялікай літары (па-арабску ан-накба) . На месца бежанцаў прыехалі габрэі з розных канцоў сьвету, пераважна з Усходняй Эўропы і арабскіх краін. Часам новапрыбылых габрэяў ізраільскія ўлады сялілі проста ў дамы, забраныя ад палестынцаў. У кнізе амэрыканскага журналіста Сэндзі Толана “Лімоннае дрэва: араб, габрэйка й сэрца Блізкага Ўсходу” ізраільцянка Далія Эшкеназі, якая нарадзілася ў Баўгарыі й пераехала з сваімі бацькамі ў Ізраіль, апавядае, як яна сымбалічна габрэізавала свой дом, канфіскаваны Ізраілем у палестынскай сям’і Хайры падчас вайны. Малая Далія сарвала з брамы жалезны мусульманскі сымбаль, які там вісеў, каб ніхто больш ня мог казаць, што яна жыве ў “арабскім доме” [12].

Новая дзяржава абапіралася на два галоўныя слупы: габрэйскасьць і дэмакратычнасьць. Выгнаўшы большасьць карэнных жыхароў, г.зн. арабаў-палестынцаў, са сваёй тэрыторыі, Ізраіль паступова даў астатнім грамадзянства й некаторыя дэмакратычныя правы. Закон аб рэпатрыяцыі, паводле якога любы габрэй зь любой краіны меў права на ізраільскае грамадзянства, разам з адмаўленьнем права уцеклых палестынцаў на вяртаньне ў Ізраіль забясьпечваў і працягвае забясьпечваць Ізраілю габрэйскую большасьць. Гэтая сыстэма дзейнічала даволі пасьпяхова (вядома, з ізраільскага пункту гледжаньня) да Шасьцідзённай вайны 1967 г., падчас якой Ізраіль захапіў Заходні бераг р. Ярдан (у тым ліку Ўсходні Ерусалім) і Сэктар Газа, г.зн. астатнія 22% былой падмандатнай Палестыны, якія яшчэ кантраляваліся арабамі (адпаведна Ярданіяй і Эгіптам).

Захоп палестынскіх тэрыторыяў паставіў Ізраіль перад праблемаю легітымнасьці. У той час як ААН раней прызнала краіну ў межах 1949 г., захоп Заходняга берагу й Газы не прызнаваўся нікім, у тым ліку галоўным спонсарам Ізраілю ЗША. Па стратэгічных прычынах Ізраіль вырашыў не вяртаць гэтыя землі арабам, што значыла адмову ад міру зь імі. Адначасова Ізраіль вырашыў не анэксаваць усіх палестынскіх тэрыторыяў, бо гэта б азначала наданьне іх жыхарам ізраільскага грамадзянства, а гэта б паставіла пад сумнеў габрэйскасьць дзяржавы. У 1980 г. Ізраіль анэксаваў найсьвяцейшую для юдаізму частку Заходняга берагу – Усходні Ерусалім (пры гэтым ягоныя палестынскія жыхары адмовіліся ад ізраільскага грамадзянства). Хоць гэтую анэксію таксама амаль ніхто не прызнаў, гэта не перашкодзіла Ізраілю ня проста абвесьціць “аб’яднаны” Ерусалім сваёю “вечнаю, непадзельнай сталіцаю”, але таксама перасяліць на палестынскія тэрыторыі амаль паўмільёна сваіх габрэйскіх грамадзян.

Як ізаляваць палестынскую зямлю ад яе арабскіх жыхароў: так апошнія 40 гадоў ставілі пытаньне некаторыя ізраільскія палітычныя, ваенныя й рэлігійныя дзяячы. Партыя Лікуд доўга імкнулася ператварыць Ярданію ў новую Палестыну й дэпартаваць туды палестынцаў з Заходняга берагу [13]. Паводле ізраільскай газэты “Haaretz”, “відныя асобы з цэнтральнага эшалёну ізраільскага палітычнага й вайсковага істэблішмэнту” на канфэрэнцыі ў 2001 г. сыйшліся ў тымі, што пры неабходнасьці арабскае насельніцтва палестынскіх земляў, а таксама арабаў – грамадзянаў Ізраілю належыць перамясьціць, напрыклад, у Ярданію [14]. Арыэль Шарон заявіў у тым жа годзе, што “вайна за незалежнасьць ня скончылася”. А ў 2000 г. ізраільскі генэрал-маёр Мошэ Яалон сьцьвердзіў, што “другая палова 1948 г.” усё яшчэ працягваецца, і што Ізраілю трэба нэўтралізаваць ня толькі палестынцаў, але й ізраільскіх арабаў [15]. У 2002 г., міністар турызму Ізраілю Бэні Элон папярэдзіў палестынцаў, што Ізраіль можа зьдзейсьніць “яшчэ адну накбу”.

Здаецца, апошнім часам у гэтай галіне ўсё-ткі пачаліся перамены. У 2002 г. прэс-сакратар тагачаснага прэм’ер-міністра Шарона заявіў, што той ня можа дэпартаваць палестынцаў з Палестыны, дзеля “стаўленьня да таго ізраільскай публікі”. Сёлета Ёна Мэцгер, галоўны рабін юдэяў-ашкнназі Ізраілю, прапанаваў пабудаваць для “бедных людзей Газы” новую краіну ў Сінайскай пустэльні Ягіпту й паабяцаў, што Ізраіль, з дапамогаю ЗША й Эўразьвязу, зробіць яе заможнай і мадэрнай. Мэцгер таксама заявіў, што Ерусалім належыць толькі габрэям і ні ў якім разе не мусульманам . Тут уражвае, па-першае, наколькі “мякка” Мэцгер прапаноўвае дэпартаваць палестынцаў і адабраць кавалак іхняй зямлі, а па-другое, што сябра Кнэсэту Аўшалом Вілан параўняў погляды Мэцгера з поглядамі ХАМАСу . Вядома, перад тым, як даць палестынцам незалежнасьць, правая частка ізраільскай эліты павінна звыкнуцца да думкі, што прысутнасьць арабаў на Зямлі абяцанай – зьява пастаянная, і што этнічныя чысткі ня ёсьць прымальным мэтадам рашэньня палітычных праблемаў.

У Ізраілі й за яго межамі кажуць, што палестынцы й іншыя арабы павінны, са свайго боку, прызнаць “права Ізраілю на існаваньне”. На гэта можна адказаць словамі Давіда Бен-Гурыёна:

Калі б я быў арабскім лідэрам, я б ніколі не памірыўся з Ізраілем…. Мы адабралі іхнюю краіну…. Мы паходзім з Ізраілю, але нашыя продкі жылі тут дзьве тысячы гадоў таму, і што ім (арабам) да таго? Былі антысэмітызм, нацысты, Гітлер, Аўшвіц, але ці было гэта іхняю віною? Яны бачуць толькі адну рэч: мы прыйшлі й выкралі іхнюю краіну. Чаму яны павінныя пагаджацца з гэтым? [16]

***

У прынцыпе арабы ўжо згадзіліся з існаваньнем Ізраілю. Летась, на паседжаньні ў саудаўскай сталіцы Рыядзе прадстаўнікі кожнай арабскай краіны (у тым ліку палестынскі прэзыдэнт Махмуд Абас) прынялі саудаўскі плян 2002 г., паводле якога весь арабскі сьвет прызнае Ізраіль і ўсталюе зь ім нармальныя дыпляматычныя й гандлёвыя адносіны, калі той пагадзіцца вярнуць палестынскія й сірыйскія землі, захопленыя ў 1967 г. Гэта значыць, што нягледзячы на боль Накбы й арабскі пункт гледжаньня на канфлікт, паводле якога Ізраіль ёсьць нелегітымнаю калянініяльнай дзяржаваю, Ліга арабскіх дзяржаў усё-ткі гатовая прызнаць Ізраіль і ўсталяваць зь ім добрасуседскія адносіны пасьля прызнаньнем Ізраілем незалежнасьці Палестыны .

Ізраіль саудаўскі плян не адхіліў, але за апошнія шэсьць гадоў таксама не зрабіў прамых крокаў, каб яго зрэалізаваць. У сёлетнім лістападзе Пэрэс назваў яго крыніцаю “надзеі” і “даверу” . Але чаму было чакаць шэсьць гадоў, каб тое сказаць? Адна з прычынаў ляжыць у меркаваньні, даволі распаўсюджаным сярод ізраільцянаў (у тым ліку ў ізраільскай палітычнай эліце), што палестынцы ёсьць фанатамі тэрарызму й прыхільнікамі культу сьмерці, а ізраільская армія бароніць цывілізацыю. Але ці так усё проста на самой справе? Паводле ізраільскай праваабарончай арганізацыі Бецэлем, паміж 2000 і 2008 гг. розныя палестынскія групы забілі 727 цывільных ізраільцянаў. Але ў той жа пэрыяд ізраільцяне забілі як мінімум 2.227 цывільных палестынцаў. Паводле сайту “Памятайце гэтых дзяцей”, які зьбірае дэталёвую інфармацыю аб кожным дзіцяці, забітым у гэтым канфлікце, пачынаючы з 2000 г. дагэтуль забіта 123 ізраільскія дзіцяці й 1.050 палестынскіх дзяцей .

Бессумнеўна, забойства цывільных ізраільцянаў, асабліва дзяцей, палестынскімі тэрарыстамі – гэта зло й вар’яцтва. Але забойства цывільных палестынцаў і палестынскіх дзяцей ізраільскай арміяй ёсьць гэткім жа злом і гэткім жа вар’яцтвам. Многія ізраільцяне кажуць, што няма “маральнай эквівалентнасьці” паміж забойствам, “выпадкова” ўчыненым салдатам, і забойствам, мэтанакіравана ўчыненым тэрарыстам. На гэта шматлікія палестынцы адказваюць, што няма ніякага параўнаньня паміж забойствам, зробленым дзеля акупацыі, і забойствам, зьдзейсьненым у імя нацыянальнага вызваленьня.

Ізраільскія лідэры, асабліва правага кірунку, часта кажуць, што палестынцы, маўляў, вучаць сваіх дзяцей нянавідзець габрэяў і забіваць іх. Аднак паводле вынікаў сёлетняга апытаньня “Gallup”, толькі 14% палестынцаў лічаць дапушчальным забойства цывільных паасобнымі людзьмі альбо маленькімі групамі, і 12% – дапушчальным іх забойства рэгулярнымі ўзброенымі сіламі. Паводле таго ж самага апытаньня, 22% ізраільцян лічаць дапушчальным забойства цывільных асобамі альбо групоўкамі, а 55% (!) – арміяй.

Ізраільскія лідэры таксама наракаюць, што палестынцы часта ўважаюць тэрарыстаў героямі. Так, бывае і такое. Але ня толькі сярод палестынцаў. Напрыклад, у 1994 г., ізраільскі ваенны лекар Барух Гольдштайн забіў 29 палестынцаў падчас ранішняй малітвы ў мячэце ў палестынскім г. Хеброне і быў у сваю чаргу забіты тымі, хто выжыў. За наступныя шэсьць гадоў ягоную магілу адведалі 10 тыс. чалавек. У 2006 г. правыя ізраільскія палітыкі, у тым ліку Біньямін Нэтаньягу (які цяпер адзін з найпапулярнейшых палітыкаў у Ізраілі), урачыста адзначылі 60-я ўгодкі вышэйзгаданага выбуху ў гатэлі імя караля Давіда. Ігаль Амір забіў Іцхака Рабіна на рэлігійным грунце. Апытаньне, праведзенае сярод той часткі ізраільскіх юдэяў, якая лічыць сябе “рэлігійнаю”, выявіла, што 38% зь іх бачаць у забойцу прэм’ер-міністра героя. Экстрэмістаў і экстрэмісцкіх поглядаў хапае з абодвух бакоў. Тыя, хто лепей за ўсё гэта разумее, належаць да форуму, дзе зьбіраюцца сваякі ізраільцян і палестынцаў, забітых супраціўным бокам. Як кажа ізраільскі сябра форуму Рамі Эльханан, чыю дачку забіў палестынскі тэрарыст-сьмяротнік, “для палестынскай маці боль страты сына ня меншы й ня большы за боль ізраільскай маці”. [17]

Калі Ізраіль хоча пазьбегнуць будучага выбару паміж габрэйскасьцю й дэмакратычнасьцю, а таксама пакласьці канец чарадзе забойстваў, ён павінны весьці перамовы з палестынцамі. Ня толькі з тымі, што яму падабаюцца (прэзыдэнтам Абасам і ягоняй партыяй ФАТХ), але таксама й з тымі, каго Ізраіль лічыць тэрарыстамі арганізацыяй (ХАМАС). Шырокалюбімага ў сьвеце былога паўднёваафрыканскага прэзыдэнта Нэльсана Мандэлу толькі ў мінулым ліпені выключылі з амэрыканскага сьпісу былых і патэнцыйных тэрарыстаў . А ў Паўночнай Ірляндыі адзін з былых лідэраў тэрарыстычнай групы “Ірляндзкая рэспубліканская армія” (ІРА) Марцін МакГінэс цяпер займае пасаду намесьніка першага міністра. ІРА раззброілася толькі пасьля падпісаньня мірнай дамовы з брытанцамі. Вядома, лідэры ХАМАСУ – ніякія не Мандэлы. Але эквівалент МакГінэсу ў ХАМАСе знойдзецца.

Ізраільскі народ разумее неабходнасьць перамоў ня толькі з палестынскімі партнэрамі, але й з ворагамі . Таму Эгуд Ольмэрт здолеў заключыць замірэньне з ХАМАСам, і таму міністр абароны Эгуд Барак, які раней выступаў за вайну з ХАМАСам, зараз падтрымлівае замірэньне. Акрамя таго, Ізраіль пад кіраўніцтвам Ольмэрта цяпер вядзе перамовы з Сірыяй і нядаўна вызваліў лібанскіх ваеннапалонных. Усё гэта – ключавыя крокі для ўсталяваньня ізраільска-арабскага міру. Гэты мір патрэбны Ізраілю, як ніколі.

***

Паміж Ізраілем і мірам стаяць гарою ізраільскія пасяленьні ў акупаванай Палестыне і мур, які Ізраіль будуе пераважна на палестынскай тэрыторыі дзеля аховы тых самых пасяленьняў. Гэтыя пасяленьні сьпярша ўзьніклі пасьля вайны 1967 г. як ізраільскія вайсковыя базы на вяршынях палестынскіх гораў. Неўзабаве да вайскоўцаў сталі далучацца цывільныя ізраільцяне, якія верылі, што ўся зямля абяцаная ёсьць вечным падарункам юдэям ад Бога. Падчас кіраваньня ў Ізраілі Партыі працы ўрад падтрымліваў гэтае перасяленьне, бо яно ўзмацняла ізраільскі кантроль над палестынскімі землямі. Гэтая палітыка йшла насуперак спробам некаторых ізраільскіх урадаў знайсьці мірнае рашэньне канфлікту. Але чым даўжэй цягнулася перасяленьне ізраільцянаў у Палестыну, тым цяжэй было яго спыніць, бо перасяленцы ператварыліся ў моцны выбарчы блёк, які шторазу галасуе супраць вяртаньня палестынскай зямлі палестынцам. Па стане на 2005 г., у пасяленьнях жывуць 460 тыс. ізраільцянаў, што складае немалую частку ізраільскага грамадзтва. Як піша “New York Times”, трэцяя частка гэтых пасяленьняў пабудаваная на зямлі, якая ёсьць прыватнай маёмасьцю палестынскіх фізычных асобаў.

На думку Джымі Картэра, эфэктам ізраільскіх пасяленьняў у Палестыне стаў апартэід. Можа здацца, што ён перабольшвае, раўнуючы ізраільскую палітыку ў акупаванай Палестыне да палітыкі белай эліты Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі часоў тамтэйшага афіцыйнага апартэіду. Аднак Картэр добра тлумачыць падставы свайго параўнаньня. Пры адсутнасьці адмысловага дазволу палестынцам забаронена ўваходзіць ня толькі ў самі пасяленьні, але й на прылеглую тэрыторыю за 400 м ад пасяленьняў. Таксама палестынцы часьцей за ўсё ня маюць права карыстаньня дарогамі й іншымі г.зв. “жыцьцёвымі артэрыямі”, якія зьвязваюць пасяленьні паміж сабою і з Ізраілем. Гэтыя “артэрыі” маюць шырыню ад 0,5 да 4 км [18]. Картэр сьцьвярджае, што Ізраіль канфіскуе ўсё больш палестынскай зямлі й іншых рэсурсаў на карысьць пасяленцаў. Мур, пабудаваны Ізраілем пасярэдзіне Палестыны ў імя барацьбы супраць тэрарызму, аддзяліў 375 тыс. палестынцаў ад іх сельскагаспадарчых угодзьдзяў [19]. У палестынскім горадзе Хеўрон і вакол яго дзейнічаюць 150 КПП дзеля аховы некалькіх соцень ізраільскіх перасяленцаў, перашкаджаючы перасоўваньню 150 тыс. палестынскіх жыхароў гораду [20]. Картэр нагадвае, што любое засяленьне чужынскай зямлі акупацыйнай уладай ёсьць парушэньнем Чацьвёртай жэнэўскай канвэнцыі, і што нават Джордж Буш-малодшы лічыць ізраільскі мур у Палестыне перашкодай міру [21].

У першай палове бягучага году ізраільскія ўлады зарэгістравалі 429 выпадкаў нападаў ізраільскіх перасяленцаў на палестынцаў, а таксама на ізраільскіх жаўнераў. Напады на палестынцаў звычайна расьсьледуюцца толькі ў выпадках, калі яны выклікаюць шырокі розгалас у Ізраілі або міжнароднай супольнасьці. Так было, напрыклад, калі палестынка Муна Наўаджаа зьняла на відэа, як чатыры перасяленцы білі палкамі некалькіх яе сваякоў, у тым ліку 60-гадовую жанчыну. Раней яна ніколі не карысталася відэакамэрай. Камэру яе сям’і падаравала вышэйзгаданая ізраільская праваабарончая арганізацыя Бецэлем. Фільм, зьняты Наўаджаа, абышоў сьвет і прымусіў Ізраіль прызнаць існаваньне праблемы свавольных перасяленцаў.

***

Як ні парадаксальна, у Ізраілі ізраільскія праблемы прызнаюцца значна лягчэй, чым у ЗША. І ў гэтым ляжыць апошняя з галоўных перашкодаў міру паміж Ізраілем і палестынцамі. Так “гістарычна склалася”, што адзіная звышдзяржава сьвету аднабакова падтрымлівае Ізраіль нягледзячы на парушэньні міжнароднага права, якія Ізраіль сабе дазваляе. Ізраіль адтрымлівае штогадовую фінансавую падтрымку ад ЗША ў памеры 3 мільярдаў даляраў. Гэта адзіная краіна, якая карыстаецца амэрыканскай дапамогай і пры гэтым ня мусіць даваць справаздачу ЗША, на што яна траціць іх грошы. Адкуль у Ізраіля такая ўнікальная роля ў амэрыканскай зьнешняй палітыцы? На гэта ёсьць тры адказы, калі не лічыць дзьве чорна-белыя вэрсіі: казённую (Ізраіль, маўляў, такая ж дэмакратычная краіна, што й ЗША, і таму заслугоўвае поўную падтрымку) і антысэміцкую (габрэі, маўляў, сакрэтна кантралююць Амэрыку й тым самым прымушаюць падтрымліваць Ізраіль).

Паводле палітолага з Чыкагскага ўнівэрсытэту Джона Мірсхаймэра й яго калегі з Гарварду Стывэна Ўолта, прычына гэтага ў моцы правага ізраільскага лобі ў ЗША, якое можа дзейнічаць насуперак жаданьням лібэральных амэрыканскіх габрэяў. Мірсхаймэр і Ўолт падкрэсьліваюць, што гэтае лобі зусім не хаваецца ў падпольлі, а лабіруе кангрэсмэнаў адкрыта й эфэктыўна. Чым тлумачыцца гэтая эфэктыўнасьць? Сярод амэрыканскіх эвангелісцкіх хрысьціян даволі распаўсюджаны фэномэн г.зв. “хрысьціянскага сіянізму”, які ўяўляе сабою падтрымку Ізраілю дзеля паскарэньня вяртаньня на зямлю Ісуса Хрыста. Хрысьціянскія сіяністы вераць, што Бог загадаў усім народам любіць габрэяў, у той час як іслам для іх ня што іншае, чым падман, прыдуманы Д’ябалам . Эвангелісты, што падтрымліваюць Ізраіль, утвараюць моцную палітычную плынь у складзе Рэспубліканскай партыі.

І ўрэшце, паводле Ўолтэра Расэла Міда, старшага навуковага супрацоўніка амэрыканскай Рады па замежных адносінах, для амэрыканскага правага электарату Ізраіль зьяўляецца своеасаблівым люстэркам, у якім яны бачуць паўтор сваёй гісторыі. Яны глядзяць на засяленьне старажытнай Палестыны габрэямі і бачаць засяленьне Амэрыкі эўрапейцамі. Яны глядзяць на палестынскі супраціў акупацыі й акцыі расплаты ізраільскай арміі і бачаць у іх напады індзейцаў на фэрмы белых і карныя апэрацыі амэрыканскай арміі. У ХІХ ст. амэрыканскі пісьменьнік Гэрман Мелвіл абвесьціў Амэрыку “Ізраілем нашага часу”. Тыя, хто працягвае верыць у мэсіянскую ролю Амэрыкі, бачаць у амэрыканцах новы Абраны Народ і лічаць сваім абавязкам дапамагаць нашчадкам біблійнага Абранага Народу ў сучасным Ізраілі.

Што ЗША яшчэ доўга будуць ва ўсім падтрымліваць Ізраіль, сумневу няма. Але пытаньне ў тым, якую форму тая падтрымка прыме. Журналіст газэты “New York Times” Нікалас Крыстаф сьцьвярджае, што існуе два Ізраілі. Адзін зь іх гэта Ізраіль перасяленцаў, якія сілаю забіраюць палестынскую зямлю, і арміі, якая ім дапамагае тое рабіць. Іншы Ізраіль – гэта Ізраіль змагароў за мір і чалавечую годнасьць накшталт сяброў Бэцэлем. Паводле Крыстафа, Барак Абама павінны вырашыць, які з гэтых Ізраіляў ён падтрымлівае. Журналіст той жа газэты, Роджэр Коэн, кажа, што будучы дзяржаўны сакратар Гілары Клінтан павінна націснуць на Ізраіль, каб той адмовіўся ад далейшай акупацыі Палестыны й тым самым пазьбегнуў “праклёну вечнага мілітарызму” . Нагадаю, што “New York Times” – гэта газэта хоць і лібэральнага кірунку, але ні ў якім разе не антыізраільская. Калі такія думкі выказваюцца ў ёй, гэта значыць, што штосьці пачало мяняцца ў амэрыканскім успрыняцьці Ізраілю. Рэч тут, апроч пытаньняў праў чалавека, зноў у дэмаграфіі. Крыстаф нагадвае пра магчымасьць адмовы альбо ад дэмакратыі, альбо ад габрэйскасьці Ізраілю й кажа, што, каб пазьбегнуць гэтага выбару, палестынскай незалежнасьці павінны дабівацца ў першую чаргу сіяністы.

***

У 1979 г., выступаючы перад Кнэсэтам, Джымі Картэр заявіў, што ізраільскі народ падтрымлівае мірнае рашэньне канфлікту з палестынцамі. На ягоную думку, “перашкодаю міру зьяўляюцца палітычныя лідэры”. Гэтую ж думку ён паўтарае ў сваёй кнізе, напісанай праз чвэрць стагодзьдзя [22]. Дагэтуль не знайшлося ізраільскага прэм’ер-міністра, які б выступіў за вяртаньне арабам усіх земляў, захопленых у 1967 г., акрамя, мабыць, Рабіна, які не пасьпеў тое зрабіць. Ольмэрт кажа, што ён гатовы на гэты крок, але, калі прыйдзе час вяртаньня зямель, ён ужо ня будзе кіраваць краінаю. Ці ажыцьцявіць Цыпі Ліўні пляны Ольмэрта, калі пераможа на выбарах у лютым 2009 г., пакуль не зусім зразумела. Калі ж пераможа Нэтаньягу, працэс мірных перамоваў адкоціцца яшчэ на дзесяцігодзьдзе. Яшчэ адно дзесяцігодзьдзе бязьдзеяньня й акупацыі можа пазбавіць Ізраіль аднаго з двух нарожных камянёў дзяржавы. Па словах Ольмэрта, на “рашэньне (палестынскага пытаньня)… мы на працягу сарака гадоў адмаўляемся паглядзець з расплюшчанымі вачамі”. Каб ізраільцяне з палестынцамі змаглі мірна суіснаваць у дзьвюх дзяржавах на Зямлі Абяцанай, трэба расплюшчыць вочы.

______________________________________________

1. Для параўнаньня, мірная Беларусь сёньня знаходзіцца на 64-м месцы ў гэтым індэксе, на два радкі вышэй Босьніі і Герцагавіны, дзе толькі ў мінулым дзесяцігодзьдзі прайшла найкрывавейшая вайна ў Эўропе з часу Другой сусьветнай.

2. Ізраільская акупацыя палестынскіх земляў зьяўляецца незаконнай паводле рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН № 242 ад 1967 г. Гл. Carter, Jimmy. Palestine: Peace Not Apartheid. New York: Simon & Schuster, 2006. P. 5.

3. Ibid. P. 95.

4. Ibid. P. 65.

5. Shlaim, Avi. The Iron Wall: Israel and the Arab World. New York: W.W. Norton, 2001. P. 3.

6. Khalidi, Rashid. The Iron Cage: The Story of the Palestinian Struggle for Statehood. Boston: Beacon Press, 2006. P. 36.

7. Ibid. P. 37.

8. Abunimah, Ali. One Country: A Bold Proposal to End the Israeli-Palestinian Impasse. New York: Metropolitan Books, 2006. P. 23.

9. Tolan, Sandy. The Lemon Tree: An Arab, a Jew, and the Heart of the Middle East. New York: Bloomsbury Publishing, 2006. P. 115.

10. Shlaim, Avi. Op. cit. P. 31.

11. Suleiman, Yasir. A War of Words: Language and Conflict in the Middle East. Cambridge: Cambridge University Press, 2004. P. 161-162.

12. Tolan, Sandy. Op. cit. P. 115. Дарэчы, ў дарослым жыцьці Далія Эшкеназі ўсталявала сяброўскія адносіны зь сямьёю Хайры, у чыім колішнім доме яна вырасла.

13. Shlaim, Avi. Op. sit. P. 477.

14. Reinhart,Tanya. Israel/Palestine: How to End the War of 1948. New York: Seven Stories Press, 2002. P. 203-204.

15.  Ibid. P. 106-107.

16. Goldmann, Nahum. The Jewish Paradox, trans. Steve Cox. New York: Grosset & Dunlap, 1978. P. 99.

17. Moore, Donald J. Heschel on Israel // Shofar: An Interdisciplinary Journal of Jewish Studies, Vol. 26, No. 1 (Fall 2007). P. 122-123.

18. Carter, Jimmy. Op. cit. P. 151.

19. Ibid. P. 192.

20. Ibid. P. 120-121.

21. Ibid. P. 193.

22. Ibid. P. 211.

______________________________________

Рашэд Чоудхуры нарадзіўся ў Менску. Дактарант Макгілеўскага ўнівэрсытэту (Манрэаль, Квэбэк, Канада), спэцыялізуецца па Асманскай імпэрыі. Атрымаў ступень бакаляўра па міжнародных адносінах у Грынэлеўскім каледжы (Грынэл, Аёва, ЗША) і ступень магістра па ісламазнаўстве ў Макгіле. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Фондзе Карнэгі за міжнародны мір у Вашынгтоне. Аўтарская назва тэксту – “У чаканьні зямлі абяцанай”.