Дзяржава – гэта арганiзм, якi павінен спраўна выконваць задачы, для якіх ён быў створаны, не абмяжоўваючы без пільнай патрэбы свабоды сваіх грамадзян.

Прычым забеспячэнне гаспадарчага і тэхналагічнага лідэрства ў нашым рэгіёне палягае не столькі ў вынаходстве рэформаў, колькі ў якасці дзяржаўных інстытутаў, якія будуць ажыццяўляць гэтыя рэформы. Каб удала правесці структурныя пераўтварэнні, беларускі дзяржаўны сектар павінен быць простым, празрыстым, гнуткім, кампетэнтным і эфектыўным.

ІІ. Эфектыўная дзяржава

Справядлівая Беларусь. Свой статус цывілізаванай дзяржавы Беларусь можа зацвердзіць, стварыўшы сучасную дэмакратыю, пабудаваную на пастулаце падзелу ўлад і шанаванні правоў чалавека. Я упэўнены, што актыўны ўдзел грамадзян у грамадска-палітычным жыцці краіны будзе гарантаваць Беларусі гнуткасць палітычнай сістэмы, забяспечыць ратацыю палітычных эліт і паставіць уладу ў непасрэдную залежнасць ад грамадскай думкі. Беларуская дзяржава павінна вярнуцца на службу грамадзянам. Таму я выступаю ЗА:

 

— узмацненне грамадскага кантролю за дзеяннямі дзяржаўных інстытутаў;

 

— незалежнасць судовай сістэмы і ўзмацненне ролі Канстытуцыйнага суда ў агульным падзеле дзяржаўнай улады;

 

— увядзенне крымінальнай адказнасці за спробу ўздзеяння на суд;

 

— канстытуцыйную рэформу, якая забяспечыць выкананне прынцыпу «вяршэнства закона» і зробіць немагчымым узурпацыю ўлады;

 

— развіццё партыйнай сістэмы і ўзмацненне ролі парламента;

 

— абранне кіраўнікоў абласцей і мэраў беларускіх гарадоў жыхарамі дадзеных рэгіёнаў;

 

— увядзенне і замацаванне прынцыпу выбарнасці для беларускіх суддзяў;

 

— падначаленне Генеральнай пракуратуры парламенту;

 

— рэформу выбарчага заканадаўства і ўсталяванне празрыстых працэдур галасавання і падліку галасоў;

 

— стварэнне належнай прававой базы для развіцця грамадзянскай супольнасці, лібералізацыю заканадаўства аб няўрадавых арганізацыях;

 

— расфармаванне КДБ і стварэнне на яго месцы новай спецслужбы;

 

— кантраляванне дзейнасці праваахоўных органаў і рэфармаванне міліцыі, якая будзе абараняць не ўлады, а грамадзян Рэспублікі Беларусь.

 

— Для раённых і абласных пракурораў павінны быць уведзеныя абмежаванні працягласці службы на выбарнай пасадзе з немагчымасцю перавыбірацца на наступны тэрмін.

 

Толькі тады, калі судовая сістэма вызваліцца ад фактычнага падпарадкавання выканаўчай уладзе, а СМІ стануць значнай сілай, грамадства зможа прымусіць уладу служыць сваім інтарэсам.

 

Свабодная Беларусь. Свабодная краіна пачынаецца са свабоды слова. Таму я

 

— Супраць кантролю дзяржавы над СМІ;

 

— ЗА кантроль СМІ над дзяржавай;

 

— ЗА дэманапалізацыю інфармацыйнай прасторы;

 

— ЗА скасаванне ўсіх упраўленняў і аддзелаў па ідэалогіі;

 

— ЗА ліквідацыю цэнзуры і стварэнне грамадскага тэлебачання;

 

— ЗА паступовую прыватызацыю дзяржаўных газет.

 

Моцная Беларусь. Прыярытэтнымі задачамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца абарона дзяржаўнага суверэнітэту і палітычнай незалежнасці, забеспячэнне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці меж. Наша войска павінна быць баяздольным, сучасным, прэстыжным і не на словах, а на справе быць надзейным абаронцам Айчыны, таму я выступаю ЗА:

 

— узмацненне і мадэрнізацыю беларускага войска;

 

— пераход на прафесійную (кантрактную) аснову вайсковай службы;

 

— забеспячэнне вайскоўцаў жыллём і падвышэнне іх сацыяльнага статусу;

 

— тэхналагічную перабудову абаронна-прамысловага комплексу Беларусі і закупку новых відаў узбраення;

 

— захаванне дактрыны, якая грунтуецца на ваенным нейтралітэце Беларусі (мы не дапусцім удзелу беларусаў у міжнародных канфліктах за межамі нашай краіны!);

 

— дзейсную сістэму сацыяльнай абароны беларускіх вайскоўцаў: распрацоўку і рэалізацыю адрасных праграм падтрымкі звольненых у запас, воінаў-інтэрнацыяналістаў і ваенных пенсіянераў.

 

Годная Беларусь. Нашай краіне патрэбна сур’ёзная пенсійная рэформа, якая будзе гарантаваць кожнаму беларусу годную старасць. Таму я ЗА:

 

— стварэнне накапляльнай сістэмы з персанальнымі пенсійнымі рахункамі;

 

— стварэнне ўмоў для рэалізацыі страхавых прынцыпаў у пенсійным забеспячэнні;

 

— канкурэнцыю прыватных пенсійных фондаў пры захаванні дзяржаўных сацыяльных пенсій;

 

— гарантаваную кожнаму беларусу пенсію, якая будзе адпавядаць яго стажу, кваліфікацыі і ўмовам працы;

 

— скасаванне для пенсіянераў, якія працягваюць працаваць, усіх відаў падаткаў.

 

Эфектыўная Беларусь. У справе паляпшэння якасці функцыянавання дзяржаўных службаў я выступаю ЗА:

 

— рэформу дзяржаўнага апарата і падвышэнне эфектыўнасці дзяржаўных інстытутаў шляхам укаранення новых метадаў працы і памяншэння дакументазвароту;

 

— правядзенне атэстацыі чыноўнікаў на прадмет службовай адпаведнасці;

 

— увядзенне прынцыпу конкурснага прыёму на бюджэтную службу;

 

— спрашчэнне вертыкалі ўлады на карысць выбарных органаў і самакіравання.

 

Дыпламатычная Беларусь.  Я з’яўляюся прыхільнікам збалансаванага падыходу ў знешняй палітыцы і захавання прынцыпаў беларускага нейтралітэту. Мы знаходзімся паміж двума гігантамі: Расіяй і Еўрасаюзам. І менавіта нейтралітэт можа прынесці нам найбольшыя эканамічныя і геапалітычныя выгады. Мы павінны будаваць узаемавыгадныя, сяброўскія і стабільныя адносіны з Расіяй і краінамі СНД, але пры гэтым забяспечыць стратэгічнае партнёрства з Еўрапейскім Саюзам і Украінай. Наша ніша – гэта надзейны транзіцёр энергарэсурсаў, тавараў і паслуг паміж Еўрасаюзам і Расіяй, паміж краінамі Чарнаморскага і Балтыйскага рэгіёнаў. На дадзены момант галоўнымі задачамі беларускай міжнароднай палітыкі з’яўляюцца наступныя:

 

— актывізацыя палітычных адносін, якія маюць на мэце доступ да заходніх рынкаў, тэхналогій, інвестыцый і абарону інтарэсаў беларускіх фірмаў за мяжой;

 

-уключэнне краіны ў міжнародную гандлёва-эканамічную сістэму і ўступленне у Сусветную Гандлёвую Арганізацыю ў 2012 годзе;

 

— паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян і ў перспектыве ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам;

 

— уключэнне ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Я перакананы, што нашыя адносіны з Еўрасаюзам павінны будавацца на прынцыпах добрасуседства і ўзаемапавагі інтарэсаў. Аднак яшчэ даволі доўга чакаць таго моманту, калі Беларусь зможа стаць членам ЕС. Я лічу важным фактарам адпаведнасць нашай краіны еўрапейскім стандартам, але пытанне аб уступленні Беларусі ў Еўрапейскі Саюз мусіць разглядацца з улікам канкрэтнай эканамічнай і геапалітычнай сітуацыі.

 

Экалагічная Беларусь. Ахова навакольнага асяроддзя павінна стаць іміджаўтваральным элементам беларускай палітыкі. Я перакананы, што будаўніцтва ўласнай АЭС ніякім чынам не ўпісваецца ў канцэпцыю стварэння іміджу «Краіны блакітных азёр пад белымі крыламі». Больш таго, патэнцыйная эканамічная эфектыўнасць станцыі падаецца вельмі сумніўнай. Беларусі па сілах стаць адным з цэнтраў зялёнага руху ў Еўропе і свеце, краінай, якая выступае ініцыятарам абароны прыроды, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і развітой медыцыны, прыродаахоўных тэхналогій і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Гуманнасць беларускай дзяржавы павінна выказвацца ў стаўленні да жывёл. Неабходна адмовіцца ад знішчэння беспрытульных жывёл, стварыць сістэму прытулкаў, а таксама забяспечыць чыпізацыю свойскіх жывёл і ўзмоцніць пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі.

Камфортная Беларусь. У жыллёва-камунальнай сферы я буду дамагацца:

 

— правядзення рэформы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дэманапалізацыі рынка паслуг ЖКГ;

 

— прыцягнення прыватных фундатараў і мадэрнізацыі функцыянальнай структуры;

 

— падвышэння якасці і пашырэння асартыменту паслуг;

 

— аптымізацыі сабекошту ЖКГ;

 

— рэалізацыі правоў уласнікаў на кіраванне домам і зямлю;

 

— забеспячэння празрыстасці і справядлівасці ў сістэме фармавання камунальных тарыфаў.

 

Паўстанне канкурэнтаздольнай эканомікі вымагае спрыяльнага асяроддзя. Таму трэба зрабіць усё магчымае для выхавання здаровага чалавека, падрыхтаванага да дзейнасці ў постіндустрыяльным грамадстве.

 

Аснова дабрабыту Беларусі – гэта Мы, наш інтэлект, воля, ініцыятыва, самастойнасць і актыўная пазіцыя.

 

Назапашванне сацыяльнага капіталу, якім з’яўляецца актыўнае і самадзейнае грамадства, стане залогам выхаду нашай краіны на новыя цывілізацыйныя далягляды.

 

ПАЧАТАК ЧЫТАЙЦЕ ТУТ.

 

michalevic.livejournal.com