Фактычна гэта азначае ліквідацыю так званай «Саюзнай дзяржавы», паколькі так не бывае, каб адна частка «дзяржавы» была ў адной мытнай прасторы, а другая — ў іншай.

Адзін з самых буйных поспехаў знешнеэканамічнай палітыкі Лукашэнкі пагражае ператварыцца ў аглушальны правал. Калі ён не здолее ў чарговы раз дашантажаваць Расею, братэрскі саюз Беларусі і Расеі разваліцца.

За шмат гадоў мы паспелі прывыкнуць, што энерганосьбіты ў Беларусь пастаўляюцца па кошце нашмат ніжэйшым коштаў сусветнага рынку. Да 2007 года Беларусь мела ад падпісанага з Расеяй мытнага саюза падвойны бонус:

— танныя энерганосьбіты для беларускай эканомікі, што дазваляла беларускім таварам захоўваць канкурэнтаздольнасць;

— дадатковы заробак на перапрацоўцы таннай расейскай нафты дзеля продажу на Захад дарагіх нафтапрадуктаў.

З 2007 года па зніжаных коштах пастаўляецца нафта толькі для ўнутранага спажывання. А ўсё астатняе (больш чым 2 / 3 пастаўляемай нафты) — па двайным кошце. З 2009 года з-за крызісу ўпалі кошты на прадаваемыя нафтапрадукты. У выніку рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі ў 2009 годзе склала крыху больш за 5% у параўнанні з 12% у 2007 годзе.

Падобная сітуацыя адбываецца і з коштам на газ. Экспарт расейскага газу прывязаны да сярэднееўрапейскага кошту. Продажам паловы «Белтрансгазу» Беларусь выгандлявала зніжку. Але і за гэты газ мы ўжо павінны з пачатку года 200 млн. даляраў. А зніжкі з кожным годам скарачаюцца, і з 2011 года кошт для Беларусі будзе такі ж, як і для іншых пакупнікоў.

У 2010 годзе ў Мытны саюз з Расеяй уключыўся Казахстан, які пагадзіўся на расейскія ўмовы, па якіх мыта на энерганосьбіты не ўключаецца ў агульныя мытныя тарыфы. Беларусь адмаўляецца ратыфікаваць дамову аб Мытным кодэксе, які прадугледжвае такі падыход.

Калі Беларусь не ратыфікуе да 1 ліпеня гэтую дамову, то на нашай усходняй мяжы могуць з’явіцца мытні, пра што ўжо папярэдзіў расейскі амбасадар Сурыкаў. А іх жа ўрачыста прыбралі яшчэ ў 1995 годзе, пры Ельцыне … Пуцін ужо заявіў аб намеры Расеі далучыцца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі з Казахстанам, але без Беларусі.

Фактычна гэта азначае ліквідацыю так званай «Саюзнай дзяржавы», паколькі так не бывае, каб адна частка «дзяржавы» была ў адной мытнай прасторы, а другая — ў іншай.

Час эканамічнай і палітычнай халявы падыходзіць да канца. На жаль, мільярдныя «гранты» у выглядзе таннага газу і таннай нафты бяздарна праедзеныя. Замест таго, каб на гэтыя сродкі рэфармаваць эканоміку і зрабіць яе канкурэнтаздольнай на сусветным рынку, яны былі выдаткаваныя на стварэнне ілюзіі росквіту. У бліжэйшыя гады беларусам трэба будзе плаціць за гэтыя памылкі.

 

zapraudu.info