Фатальная памылка, Аляксандр Рыгоравіч! Ёсць рэальная небяспека фарміравання жорсткай ваенна-сыравіннай еўразійскай імперыі, якая мудрагеліста спалучае ў сабе ідэі Гобса і Тамерлана (зрэшты, у эпоху постмадэрну магчыма ўсялякае!)

Той, хто рэгулярна сочыць за вядучай сусветнай знешнепалітычнай перыёдыкай, не мог не звярнуць увагі на эсэ вядомага амерыканскага эксперта і, што асабліва важна, старэйшага навуковага супрацоўніка ўплывовай Рады па міжнародных адносінах Чарльза Купчана, якое выйшла ў свежым нумары «Foreign Affairs» з красамоўным загалоўкам: «Why Russia Should Join the Atlantic Alliance».

Аўтар заклікае да супрацоўніцтва і ўзаемных саступак у стасунках з Расеяй, а таксама заклікае да далучэння Расеі да НАТА наступным чынам: Альянс падчас свайго чарговага лістападаўскага саміту павінен выразна і публічна заявіць, што хацеў бы бачыць Расею ў сваіх шэрагах.

Паказальна, што ў той жа час у маскоўскім часопісе «Расія ў глабальнай палітыцы» (які, дарэчы, выдаецца не без удзелу згаданага вышэй амерыканскага «Foreign Affairs») у артыкуле з загалоўкам «Расея, НАТА і новая архітэктура бяспекі» кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па міжнародных справах Канстанцін Касачоў у адказ таксама згуляў у ліберала на адрас Альянсу.

Часы мяняюцца, а разам з імі кардынальна мяняецца геапалітычная кан’юнктура.

У сакавіку 1992 года тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Валенса падчас свайго візіту ў Германію прапанаваў ідэю стварэння на прасторах Балта-Чарнаморскай дугі саюза НАТА-біс, фактычна, антырасейскага.

Цяпер, падобна, ідзе фарміраванне саюза ўмоўна «НАТА-рус», па сутнасці, антыкітайскага з Расеяй у галоўнай ролі.

Трэба аддаць належнае палякам — яны ўсё ўсвядомілі і не сталі «гоношыцца» і паспяшаліся «ўбудавацца» у новы геапалітычны «трэнд». Гэта наглядна прадэманстравала Варшава падчас нядаўняга пасяджэння міністраў замежных спраў краін-сябраў Веймарскага трохкутніка (Германія-Францыя-Польшча) у Парыжы.

Дарэчы, паказальна, што Расея падчас гэтай сустрэчы ў французскай сталіцы ўпершыню ўдзельнічала ў дыскусіях сумесна з членамі трохкутніка.


Паланез Качыньскага

«Трансфармацыя» Польшчы тут вельмі паказальная.

Нагадаю, спачатку 1990-тых Польшча актыўна падтрымлівала права краін Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа на «самавызначэнне», а таксама традыцыйна «махала шабляй» у бок Расеі.

У дачыненні да Украіны дадзеную пазіцыю выразна выказаў вясной 2005 года ўплывовы дэпутат Еўрапарламента Марэк Сівец у «Gazeta Wyborcza»: «У інтарэсах Польшчы, якая заўсёды будзе адчуваць пагрозу з боку расейскага імпэрыялізму, неабходна існаванне Украіны ў якасці буфера паміж Польшчай і Расеяй».

Аднак з прыходам у Белы дом Барака Абамы сусветная геапалітычная мода змянілася карэнным чынам.

Польшча пачала разумець, што можа апынуцца на перыферыі «вялікай еўразійскай гульні».

У выніку, у Польшчы разгарэлася нежартоўная спрэчка пра змест ўсходняй палітыкі паміж «еўрапеістамі» прэм’ер-міністра Дональда Туска і «традыцыяналістамі» прэзідэнта Леха Качыньскага.

Яе пачалі крыху менш за год таму два знакавыя дзеячы кіруючай цяпер у Польшчы «Грамадзянскай платформы» — сябра Праграмнай рады партыі Бартламей Сянкевіч ў тыднёвіку «Tygodnik Powszechny» і міністр замежных спраў краіны Радаслаў Сікорскі ў «Gazeta Wyborcza».

Перамаглі «тусковцы», па меркаванні якіх умовай ўмацавання ўсходняй палітыкі Польшчы з’яўляецца каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці са «стараеўрапейскімі» дзяржавамі-лідэрамі і нармалізацыя адносінаў з Расеяй.

Польскі ўрад з некаторых часоў устрымліваецца ад крокаў, якія маглі б выклікаць непаразуменне Крамля.

Так, напрыклад, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск публічна дыстанцыяваўся ад нашумелай місіі польскага прэзідэнта Леха Качыньскага ў Тбілісі 12 жніўня 2008 года.

Гібель польскага прэзідэнта і ягоных паплечнікаў у авіякатастрофе пад Катынню з геапалітычнага пункту гледжання з’яўляецца глыбока сімвалічнай. Пад Смаленскам загінулі, па сутнасці, апошнія «рыцары» Балта-Чарнаморскі дугі.

Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Качыньскі, мяркуючы па ўсім, «донкіхоцтвам» займацца не стане і пойдзе на «калябарацыю» з новымі еўразійскімі тэндэнцыямі. Па крайняй меры, гэта вынікае з яго перадвыбарнай праграмы. Што ўжо казаць пра «тускаўца» Камароўскага.

Па сутнасці, Расеі ў балта-чарнаморскім рэгіёне засталося разабрацца толькі з беларускімі геапалітычнымі «партызанамі».


Беларускія геапалітычныя «партызаны»

Цяперашняя расейска-беларуская газавая спрэчка — гэта тыповы прыклад геапалітычнай «зачысткі» тых, хто яшчэ не зразумеў, хто цяпер галоўны аператар еўразійскага прасторы. Масква правяла аперацыю па прымусе да Мытнага саюзу перад ліпеньскіх самітам ў Астане.

І хоць афіцыйная беларуская прэса «бравіруе» на кошт таго, што маскоўскую газавую аперацыю наўрад ці можна лічыць паспяховай, нават самыя зацятыя аптымісты ў Менску разумеюць, што пытанне «фарматавання» Беларусі — гэта толькі пытанне часу.

І венесуэльскага лідэра Уга Чавеса відавочна недастаткова для аказання эфектыўнага супраціву. Зрэшты, як і «шантажу» двума расейскімі вайскоўцамі базамі, якія знаходзяцца пад Баранавічамі і ў Вілейцы, за размяшчэнне якіх, па словах Лукашэнкі, Расея не плаціць.

А ўвогуле беларускага прэзідэнта па-чалавечы шкада. Ён ніяк не можа зразумець, што дарэмна шукаць Дастаеўскага ў «газпромаўскіх» вачах. «Праваслаўны атэіст» Лукашэнка — гэты тыповы паспаліты візантыец — які да гэтага часу наіўна думае, што ў Белакаменнай сядзяць такія ж «браты-візантыйцы», якіх можна прысароміць.

Фатальная памылка, Аляксандр Рыгоравіч! Ёсць рэальная небяспека фарміравання жорсткай ваенна-сыравіннай еўразійскай імперыі, якая мудрагеліста спалучае ў сабе ідэі Гобса і Тамерлана (зрэшты, у эпоху постмадэрну магчыма ўсялякае!).

Гэта, дарэчы, нядаўна зразумелі іншыя візантыйцы — балгарскія «братушкі». Яны таксама маюць шанец быць «па-братэрску» пакаранымі — кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер нядаўна абмеркаваў з міністрам эканомікі Румыніі Адрыянам Відзяну магчымасць будаўніцтва менавіта ў Румыніі, а не ў Балгарыі, транзітнага газаправода і сховішчы газу для «Паўднёвага патоку».

Аднак, гэта асобная тэма.

Дугі і Дугін

З развалам «вялікага і магутнага» з пачатку 1990-тых гадоў на тэрыторыі паміж Балтыкай і Чорным морам пераважалі два геапалітычныя трэнды.

На працягу апошніх 20 гадоў ідэалагічная машына пераможцаў у «халоднай вайне» па цаглінцы аднаўляла ад Балтыкі да Чорнага мора ідэю Вялікай Сарматыі, а таксама ідэю gente Ruthenus natio Polonae, то ёсць ідэю дамоўнага ўваходжання ў склад Рэчы Паспалітай.

Усе — ад сумесных праектаў Балта-Чарнаморскай дугі і да знакамітага гофманаўскага фільма «Агнём і мячом» — рабілася для таго, каб памяняць «карту стэрэатыпаў» ўкраінца з «казацкай», дзе «галоўны вораг — гэта лях», на «паспалітую» з яе рамантычным міфам аб усеагульнай талерантнасці паміж палякамі, літоўцамі, беларусамі і украінцамі ў межах «Вялікай Сарматыі».

Аднак у новым тысячагоддзі геапалітычная кан’юнктура пачала кардынальна мяняцца. Ідэі Дугіназ таварышамі пачалі набываць рэальныя абрысы, і цяпер «еўразійскі каток» метадычна «фарматуе» постсавецкую прастору.

Цікава, ці разумее наша наменклатурная «эліта» усю сур’ёзнасьць гэтага знешнепалітычнага выкліку.

Ці ўсведамляе, што лёгка выкруціцца, «перафарбаваўшыся» ў сіне-жоўты колер як у 1991-м, ці ў аранжавы як у 2004-м, з цяперашняй постмадэрнісцкай «Расеяй Ксеркса», як паказвае лукашэнкаўскі вопыт, не ўдасца.

Для таго каб паспяхова «седлать» цяперашнія геапалітычныя хвалі (а турэцкі вопыт паказвае, што гэта магчыма) трэба кардынальна мяняць прынцыпы фарміравання кадравай палітыкі.

Аднак, і гэта тэма асобнай і вельмі сур’ёзнай размовы.

 

pravda.com.ua