Выбары становяцца цікавымі. Асабліва пасля таго, як з іх зняўся лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, удзельнік выбарчых гонак 2001 і 2006 гг. Сяргей Гайдукевіч.

Цяпер, фактычна, Аляксандр Лукашэнка застаўся без спарынг-партнёра з боку “канструктыўнай апазіцыі”, чалавека, які б здолеў у выніку байкоту апазіцыі легітымізаваць яго абранне і паказаць усяму свету, што кандыдатура яго на выбарах была не адна, а іх было некалькі і ў выніку канкурэнтнай барацьбы перамог дастойны прэтэндэнт.

 

Магчыма, гэта адказ Сяргея Гайдукевіча на кулуарнае няўключэнне яго кандыдатуры ў палату, калі яго партыя адмовілася выстаўляць сваіх кандыдатаў на выбарах 2008 года ў палату. Адмову Гайдукевіча быць спарынг-партнёрам можна патлумачыць і тым, што яму дагэтуль не прапанавалі заняць якую-небудзь важную пасаду ў дзяржаўным апараце. Але ёсць і трэці варыянт адказу на пытанне, чаму С. Гайдукевіч адмовіўся удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

 

Заява аб тым, што членамі яго ініцыятыўнай групы сабрана 100 тысяч подпісаў, выглядае больш чым блефам. Візуальна ў гарадах не кідаліся ў вочы шматлікія пікеты па збору подпісаў, і па кватэрах грамадзян не хадзіў 10-тысячны натоўп зборшчыкаў подпісаў за вылучэнне Сяргея Гайдукевіча ў кандыдатам на пасаду галавы дзяржавы. Словы пра 100 тысяч подпісаў – гэта звычайная бравада і спроба захаваць добрую міну пры кепскай гульні. Цяпер можна казаць што хочаш, бо тыя “сабраныя” 100 тысяч подпісаў так ніхто і не ўбачыць.

 

Такім чынам, з першапачатковых 19 прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла засталося 15. Дваіх з іх (Іллю Дабратвора і Наталлю Старыкаву) не зарэгістраваў Цэнтрвыбаркам, прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Пётр Барысаў зняўся на карысць лідэра аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага. А 8 кастрычніка аб сваім сыходзе з вабарчай гонкі абвесціў Сяргей Гайдукевіч.

 

“Непрыемная сітуацыя”

 

Зразумела, што ўсё самае цікавае разгорнецца тады, калі прэтэндэнты назбіраюць мінімум па 100 тысяч подпісаў, перададуць іх у Цэнтрвыбаркам і апошні зарэгіструе іх кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта. Такіх прэтэндэнтаў будзе не шмат. Можна прадбачыць, што подпісы назбіраюць каманды Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і, магчыма, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага і Алеся Міхалевіча.

 

Усё гэта прадстаўнікі сучаснай беларускай апазіцыі і ўжо даўно вядомыя людзі. Астатнія апазіцыйныя кандыдаты (у тым ліку Мікола Статкевіч і Рыгор Кастусёў) маюць нізкія шанцы сабраць неабходную колькасць подпісаў. Некаторыя, так бы мовіць, “выпадковыя” кандыдаты ў сілу адстунасці арганізацыйных структур у рэгіёнах і фінансавых сродкаў не здолеюць пераадолець 100-тысячны рубеж.

 

У дадзеным выпадку магчымы варыянт, калі ўсе зарэгістраваныя кандыдаты на пасаду Прэзідэнта здымаюцца з-за непразрыстасці выбарчага працэсу і шматлікіх парушэнняў выбарчага заканадаўства і пакідаюць Аляксандра Лукашэнку сам-насам у выбарчым бюлетэні. Гэта можа прывесці да таго, што выбары не будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю, а людзі, якія вераць у перамены і галасавалі б за дэмакратычных кандыдатаў, проста не пойдуць на выбарчыя ўчасткі.

 

Калі такі варыянт здзейсніццца, існуючы ў Беларусі аўтарытарна-султанісцкі рэжым можа стаць яшчэ больш жорсткім. Яшчэ больш істэрычным, бо ў цяперашніх рэаліях адсутнічае інфармацыйная, фінансавая і палітычная падтрымка рэжыму з боку Расіі.

 

Калі ж хтосьці з апазіцыянераў насуперак дамове захоча стаць спарынг-партнёрам Лукашэнкі, то перамога цяпершаняга кіраўніка дзяржавы будзе выглядаць збоку канкурэнтнай і не зменіць сітуацыі ў краіне ў цэлым.

 

“Як у Зімбабве”

 

Адным з прымальных варыянтаў у дадзенай сітуацыя з’яўляецца правядзенне круглага стала паміж прадстаўнікамі ўлады і апазіцыйнымі кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта. У гэтай сітуацыі ўжо не мае значэння рэсурсавы патэнцыял апазіцыйных кандыдатаў – наяўнасць і колькасны склад арганізацыйных палітычных структур, іх рэсурсазабеспячэнне і г.д., бо падтрымка апазіцыйных кандыдатаў у народзе вельмі істотная. Чаго варта тое, што падчас выбарчай збору подпісаў людзі падпісваюцца за ўсіх дэмакратычных кандыдатаў без разбору з каментаром “абы толькі не Лукашэнка”. І з гэтым рэжыму таксама трэба змірыцца.

 

Лукашэнка пасаду сваю не здасць – ён закладнік свайго атачэння, у тым ліку дваіх сваіх ужо дарослых сыноў, якія займаюць не апошняе месца ў нашай дзяржаве. Тым не менш магчымы варыянт абмежавання львінай часткі яго паўнамоцтваў, калі ў краіне на належнае яму месца будзе выходзіць парламент. А каб у ім былі прадстаўлены супрацьстаяння апазіцыйныя партыі, неабходныя датэрміновыя выбары ў палату, прычым па мажарытарна-прапарцыйнай сістэме, калі, скажам, 50% дэпутатаў абіраюцца па партыйных спісах.

 

Гэты варыянт можа знізіць напал барацьбы ў грамадстве і легітымізаваць Лукашэнку як у вачах міжнароднай супольнасці, так і зрабіць сучасную палітычную апазіцыю сістэмнаю, парламенцкай.

 

Такі варыянт адбыўся ў Зімбабве ў 2008 годзе, калі пры пасярэдніцтве прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі Табо Мбэкі было падпісана гістарычнае пагадненне аб раздзяленні паўнамоцтваў паміж прадстаўнікамі апазіцыі і ўлады. Прэзідэнтам застаўся “абраны”  шосты раз запар Робэрт Мугабэ, а прэм’ер-міністрам стаў лідар апазіцыі Морган Цвангіраі. Тады ў Парламенце краіны было прынята рашэнне аб тым, што апазіцыя будзе мець на аднаго прадстаўніка больш, чым кіруючая партыя ўлады.

 

Адступнік

 

У 2000 годдзе апазіцыйным адступнікам быў Мікола Статкевіч. Тады, на парламенцкіх выбарах, насуперак сумесна прынятаму рашэнню Кангрэсу дэмакратычных сілаў аб байкоце выбараў ён выставіў сваіх кандыдатаў (і сваю кандыдатуру таксама) у палату. Гэта адбылося не без пасярэдніцтва нямецкага пасла і амасабадара Віка, якія ўгаворвалі яго паддацца на ўдзел у выбарах і нават абяцалі яму парламенцкае крэсла. Таварыш Статкевіч стаў ахвярай інтрыгі, якую разыграў Лукашэнка пры дапамозе нямецкіх дыпламатаў. Узамен, напэўна, на сумесныя бізнес-праекты. Ці з’явіцца гэтым разам у апазіцыйным атачэнні адступнік, які насуперак рашэнню байкатаваць выбары пойдзе да канца і чарговы раз легітымізуе рэжым, – пакажа час. У кожным разе пакуль што імаверныя толькі два сцэнары – альбо тое, што ёсць зараз будзе, працягвацца з перспектывай большага надання ўнутранай палітыцы больш жосткага характару, альбо апазіцыйныя кандыдаты аб’яднаюцца і будуць супольна прымаць і выконваць рашэнні, а таксама прапануюць цяперашняй уладзе сесці за стол перамоваў пры пасярэдніцтве прадстаўнікоў Еўропы, ЗША і Расіі.

 


 

Ігар Барысаў — сябра Прэзідыума і ЦК БСДП, старшыня партыйнай камісіі па асноўных каштоўнасцях, магістр палітычных навук