ЕС спрабуе выкарыстаць Лукашэнку. На гэтыя граблі ўжо шмат хто наступіў, але па еўрасаюзаўскіх ілбах яны яшчэ не гулялі.

У ГРЫБАЎСКАЙТЭ НА ЯЗЫКУ ТОЕ, ШТО Ў БРУСЕЛЯ НАЎМЕ

 

Заява Далі Грыбаўскайтэ, зробленая на закрытай сустрэчы з амбасадарамі краін ЕС і распаўсюджаная агенцтвам Reuters, дагэтуль не абвергнута, а таму можа лічыцца сапраўднай. Сэнс прамовы прэзідэнта Літвы палягаў у тым, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца гарантам палітычнай і эканамічнай стабільнасці, а таксама суверэнітэту Беларусі. Таму Грыбаўскайтэ лічыць, што Захаду выгадна, каб на будучых выбарах перамог той, каго зусім нядаўна называлі (а дзе-нідзе і працягваюць называць) “апошнім дыктатарам Еўропы”.

 

Гэта можна было б палічыць асабістым меркаваннем прэзідэнта Літвы. Але выглядае так, што ў Грыбаўскайтэ на языку тое, што ў Бруселя наўме. Незвычайна мяккая пазіцыя Еўропы ў адносінах да беларускіх улад на гэта намякае даволі празрыста.

 

Тлумачэнне тут можа быць простае: паколькі ў Лукашэнкі сапсаваліся адносіны з Крамлём, кіраўніка Беларусі можна выкарыстаць у вялікай палітычнай гульні, каб абмежаваць уплыў Расіі на постсавецкай прасторы. Гэтая думка выглядае цалкам лагічна, калі не ведаць найноўшай гісторыі нашай краіны.

 

Маніпуляваць Лукашэнкам спадзяваліся яшчэ некаторыя ягоныя саюзнікі на выбарах 1994 года. Тады два маладыя бліскучыя юрысты Дзмітрый Булахаў і Віктар Ганчар вырашылі, што папулярны старшыня антыкарупцыйнай камісіі здолее паваліць тагачасны наменклатурны клан прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. У гэтым яны, сапраўды, мелі рацыю. Пралічыліся Булахаў і Ганчар у іншым: яны думалі, што пасля будуць кіраваць Лукашэнкам. Аднак атрымалася зусім інакш.

 

Ганчар, дарэчы, вельмі хутка зразумеў сваю памылку і адышоў ад Лукашэнкі. Больш за тое, ён паспрабаваў выправіць становішча. І заплаціў за гэта жыццём…

 

А колькі было маскоўскіх дзеячаў рознага калібру, якія самаўпэўнена чакалі, што Лукашэнка зробіць усё паводле іх сцэнара! Аднак вынік атрымаўся несуцяшальны: мала таго, што кіраўнік Беларусі шмат гадоў “даіў” Расію, дык у пэўны момант ён ледзь не захапіў “капялюш Манамаха”. І сёння ўсе спробы атрымаць ад Лукашэнкі тое, што ён абяцаў (у палітыцы, эканоміцы і г.д.), дарэмныя. Менавіта таму і сапсаваліся адносіны паміж мінскім і маскоўскімі кіраўнікамі: апошнія стаміліся ад таго, што іх рэгулярна “кідаюць”.

 

УРОКІ І НЕВУКІ

 

І вось цяпер знайшліся чарговыя жадаючыя выкарыстаць Лукашэнку. Няма сумневу ў тым, якая доля іх чакае.

 

Дзякуй Богу, што не ўсе на Захадзе цешаць сябе салодкімі ілюзіямі. Да прыкладу, выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэймер кажа: “Ствараецца ўражанне, што ЕС робіць стаўку на Лукашэнку, разлічваючы з ягонай дапамогай захаваць незалежнасць Беларусі ад Расіі”. Аднак, на думку эксперта, гэта заганная практыка. Крэймер лічыць, што Лукашэнка па-майстэрску выкарыстоўвае Захад супраць Расіі.

 

Між тым, менавіта Лукашэнка быў і застаецца галоўнай пагрозай для беларускага суверэнітэту. Пра гэта піша старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў сваім адкрытым лісце да Далі Грыбаўскайтэ.

 

“У студзені 1991 года, калі Гарбачоў вырашыў увесці ў Літве “надзвычайнае становішча”, каб знішчыць незалежнасць Літвы, маскоўскія войскі атакавалі тэлецэнтр у Вільні, загінулі мірныя людзі. Гэтыя дзеянні Крэмль тлумачыў у тым ліку і неабходнасцю “захаваць стабільнасць” у савецкай імперыі”, — нагадвае Івонка Сурвіла. Цяпер вельмі падобныя размовы пра “захаванне стабільнасці ў Беларусі” можна пачуць з вуснаў прэзідэнта Літвы.

 

На жаль, гэты ўрок гісторыі Даля Грыбаўскайтэ не вывучыла. Яе нага ўжо занесена над граблямі, якія чакаюць свайго часу.

 

svabodaby.net