Прэзідэнцкія выбары 2010 года надаюць значна большыя магчымасці для альтэрнатыўных кандыдатаў і іх камандаў для правядзення агітацыі ў параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі  2006 года.

Прэзідэнцкія выбары 2010 года надаюць значна большыя магчымасці для альтэрнатыўных кандыдатаў і іх камандаў для правядзення агітацыі ў параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі  2006 года. Яшчэ напярэдадні мясцовых выбараў былі прынятыя змены ў Выбарчы кодэкс, якія заканадаўча пашырылі магчымасці дзейнасці камандаў альтэрнатыўных кандыдатаў падчас збору подпісаў і агітацыі. Аднак кантроль над фармаваннем і дзейнасцю выбарчых камісій усіх узроўняў быў па-ранейшаму пакінуты “прэзідэнскай вертыкалі”, якая максімальна абмежавала прысутнасць у камісіях усіх узроўняў прадстаўнікоў незалежных грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Варта зазначыць, што змена замежнапалітычнай арыентацыі з усходняга на заходні вектар прымусіла дзеючае кіраўніцтва мяняць і падыходы ў правядзенні выбарчай кампаніі: дзеянні мясцовых органаў улады сталі менш рэпрэсіўнымі ў адносінах да сябраў выбарчых камандаў апазіцыйных кандыдатаў, нягледзячы на асобныя выпадкі павелічэння ўвагі праваахоўных органаў да палітычна актыўных грамадзян. Пры гэтым з набліжэннем дня галасавання выбарчы працэс усё болей пачынае нагадваць спружынны механізм: чым бліжэй да даты выбараў, тым болей улады пачынаюць аказваць супраціў у правядзенні выбарчай кампаніі.

На працягу 16 гадоў “зачыстак” палітычнага поля ў рэгіёнах з кожнай выбарчай кампаніяй становіцца ўсё менш актывістаў, якія далучаюцца да камандаў апазіцыйных кандыдатаў. Падчас гэтай прэзідэнскай кампаніі колькасць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта паўплывала на спісачную колькасць сябраў ініцыятыўных груп, а адносна мяккія ўмовы першага этапу выбарчай кампаніі – збору подпісаў – на колькасць сабраных подпісаў і вылучэнне рэкорднай для Беларусі колькасці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны.

Варта зазначыць, што ў рэгіёнах актывісты сённяшняй выбарчай кампаніі, якія ўваходзяць у ініцыятыўныя групы апазіцыйных кандыдатаў, маюць меншую матывацыю, чым гэта было ў 2006 годзе.  Яны скардзяцца на адсутнасць успрыняцця гістарычнасці гэтых выбараў, правядзенне якіх амаль не заўважнае ў сярэдніх і невялікіх гарадах, а часам і ў абласных цэнтрах.

Падчас сённяшніх прэзідэнцкіх выбараў, асабліва на першых этапах, адсутнічае жорсткае супрацьстаянне паміж аўтарытарным рэжымам і дэмакратычнымі сіламі, няма яўна акрэсленага жорсткага ціску рэпрэсіўнага апарату дзеючага кіраўніцтва, які мог бы выклікаць адпаведную рэакцыю з боку маладога пакалення, радыкалізаваць дэмакратычна настроеную моладзь на супраціў аўтарытарнаму кіраўніку дзяржавы і рамантызаваць гэты супраціў. Улады імкнуцца дзейнічаць у межах беларускага заканадаўства і не правакаваць падобнай актыўнасці.

Напрыклад, падчас выбарчай кампаніі 2006 г. на Гарадзеншчыне было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў супраць дэмакратычных актывістаў: у Мастах за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”, якая планавала праводзіць незалежнае назіранне падчас выбараў, у Шчучыне за падрыхтоўку для правядзення масавых акцый пратэстаў у Менску ў дзень галасавання, у Астраўцы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На самым пачатку прэзідэнскай кампаніі 2006 г. у некалькіх гарадах на Гарадзеншчыне былі праведзены ператрусы ў грамадскіх актывістаў, а ў некаторых з іх была забрана аргтэхніка. Рэпрэсіі з боку ўладаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года выклікалі адпаведную зваротную рэакцыю і мабілізацыю апазіцыйна настроенай часткі грамадства, асабліва маладога пакалення.

У адрозненне ад 2006 года прэзідэнская кампанія 2010 года праходзіць без правакацый з боку дзеючага кіраўніцтва, якое прымае ўсе меры, каб загадзя не разгойдваць палітычную сітуацыю. Улады імкнуцца да максімальнага адмежавання грамадзян ад выбарчага працэсу, стварэння вакууму вакол выбараў і альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

На пачатку кампаніі падчас збору подпісаў у рэгіёнах амаль адсутнічалі прыкметы правядзення ў краіне выбараў, акрамя рэдкіх пікетаў па збору подпісаў за асобных апазіцыйных кандыдатаў. У адрозненне ад сталіцы ў правінцыйных гарадах чэргі каля пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне апазіцыйных палітыкаў не выстройваліся, а мясцовыя ўлады не рашаліся выходзіць на вуліцы гарадоў і традыцыйна рабілі стаўку на адміністацыйны рэсурс і збор подпісаў па месцы працы, а ў рэдкіх выпадках і абыход кватэраў. Візуальны ландшафт правінцыйных гарадоў не ўтрымліваў звестак пра асноўную палітычную падзею апошніх пяці гадоў. Толькі на асобных адміністрацыйных будынках змяшчаліся непрыкметныя для вока абывацеля чырвона-зялёныя плакаты, якія нагадвалі пра галоўную палітычную падзею пяцігодкі. Разам з прыхаванымі агітацыйнымі матэрыяламі за дзеючага прэзідэнта ў мясцовай прэсе гэтыя плакаты павінны былі замацаваць у насельніцтва думку аб пачатку чарговай працэдуры зацвярджэння дзеючага прэзідэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Тым болей, што для большасці грамадзян за апошнія 16 год словы “прэзідэнт” і “лукашэнка” пачалі набываць адценне сінонімаў, дзеля чаго нямала высілкаў было зроблена штатнымі прапагандыстамі і ідэалагічным апаратам дзеючага кіраўніцтва дзяржавы.

Само ж асвятленне прэзідэнскай кампаніі ў мясцовых дзяржаўных сродках масавай інфармацыі адсутнічала за выключэннем паведамленняў аб тэхнічных момантах выбарчага працэсу, напр. кароткага паведамлення аб фармаванні тэрытарыяльных камісій. Адначасова, адсутнасць негатыўнай кампаніі ў адносінах да апазіцыйных лідэраў у цэнтральных СМІ і мяккая пазіцыя дзеючага прэзідэнта паўплывала на ажыўленне грамадства: многія людзі ахвотна падпісваліся і цікавіліся патэнцыйнымі кандыдатамі. Тым не менш, вядомы выпадкі, калі мясцовыя адміністрацыі настойліва рэкамендавалі сваім супрацоўнікам “не апынуцца ў непажаданых спісах”. Для людзей, якія на працягу 16 год неаднаразова зведалі наступствы невыканання падобных “рэкамендацый”, гэтага было дастаткова, каб прыняць рашэнне.

Пасля збору подпісаў на некалькі тыдняў у рэгіёнах зноў наступіла зацішша, якое вызначалася збольшага сеткавай актыўнасцю апазіцыйных кандыдатаў. Каманды альтэрнатыўных кандыдатаў праз адсутнасць доступу да традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі імкнуцца ў большай ступені выкарыстоўваць для агітацыі сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, у першую чаргу Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

З часу заканчэння збору подпісаў і на працягу першага тыдня агітацыі, а ў некаторых рэгіёнах і за два тыдні да галасавання, у актывістаў штабоў апазіцыйных кандыдатаў у рэгіёнах адсутнічалі агітацыйныя матэрыялы часткова па віне ЦВК і друкарняў, з якімі традыцыйна ўзнікаюць праблемы, а часткова па віне выбарчых штабоў, якія праз адсутнасць дастатковай колькасці людскіх і іншых рэсурсаў не справіліся з неабходным аб’ёмам працы. Таксама назіраўся выразны падзел сярод кандыдатаў па рэгіёнах у наяўнасці актывістаў: у большасці гарадоў былі прадстаўнікі толькі двух або трох апазіцыйных кандыдатаў, якія распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы і праводзілі агітацыю. Таксама як і на першым этапе мясцовыя адміністрацыі некаторых гарадоў працягвалі аказваць супрацьдзеянне ў правядзенні агітацыі за альтэрнатыўных палітыкаў, у тым ліку ў размяшчэнні і распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў.

Адміністрацыі ўстаноў нягледзячы на рашэнні мясцовых выканаўчых органаў перашкаджала размяшчаць агітацыйныя плакаты і матэрыялы ў дазволеных месцах, пры гэтым часта ігнараваліся заўвагі выканкамаў і тэрытарыяльных камісіяў наконт  парушэнняў выбарчага заканадаўства, нават супрацоўнікі праваахоўных органаў не маглі ўплываць на сітуацыю. Працэс пачаў нагадваць нейкі рухавік, які працуе на халастым ходзе: выканкамы прымаюць ліберальныя рашэнні, якія тычацца правядзення агітацыі, і афіцыцыйна патрабуюць іх выканання, аднак нейкая невядомая рука не дае магчымасці рэалізаваць гэтыя рашэнні.

У той жа час сістэматычнасць гэтых парушэнняў паказвае на тое, што ёсць пэўная стратэгічная лінія паводзін, якой вымушаны трымацца мясцовыя органы ўлады, каб паказаць “давер да сённяшняй улады” з боку насельніцтва і адначасова забяспечыць для замежных назіральнікаў прагрэс у правядзенні чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Варта зазначыць, што з набліжэннем даты выбараў адчуваецца ўсё большы разагрэў як актывістаў выбарчых штабоў апазіцыйных кандыдатаў, так і шараговых грамадзян.

Падобныя настроі пачынае адчуваць і кіраўніцтва дзяржавы, якое ўжо замест пацукоў у сістэме водазабеспячэння пачынае запалохваць насельніцтва выбухоўкай на плошчы. На беларусаў, якія былі сведкамі тэракту падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 годзе, падобныя пагрозы маюць большую значнасць чымсці дохлыя пацукі.

Сітуацыя з набліжэннем да дня галасавання пачынае развівацца па аналагічнаму 2006 годзе сцэнару, які быў адаптаваны пад рэаліі 2010 года. Наколькі ўстойлівы дзяржаўны механізм першага прэзідэнта Беларусі, на які нагрузка з кожным днём выбарчай кампаніі павялічваецца, будзе бачна ў апошні дзень галасавання. Пакуль што ён быў здольны адаптавацца да ўсіх знешніх выклікаў і вытрымліваць націск.

 

Агенцтва палітычнай экспертызы BISS, www.belinstitute.eu