Рыхтуймася да горшага. Прырода рэжыму нязменная, і метады яго барацьбы за выжыванне – таксама.

Гэта як наркатычная (алкагалічная) залежнасць. Можна трываць месяц, два, тры, але зрыў немінучы, і тады ўжо гора ўсім – блізкім і далёкім. Гэта як маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз: чалавек як быццам адэкватны і тыдзень, і два – і раптам прыступ агрэсіі…

 

На гэты раз трывання хапіла на некалькі месяцаў. Пасля лютаўска-летніх налётаў на офісы рэдакцый, на актывістаў грамадзянскай акцыі “Гавары праўду”, пасля вывазаў маладзёвых лідэраў за горад нібыта наступіла адліга. Наіўныя паспадзяваліся, што ў чаканні абяцаных Еўропай трох мільярдаў яны ўтаймуюцца.

 

Наіўныя забылі, што за ўзор прэзідэнцкай рэспублікі даўно ўзята гітлераўская Нямеччына. Забылі прызнанне, што за ўсё ў гэтай краіне (у тым ліку за знікненне палітычных апанентаў) адказнасць нясе яе першы чыноўнік. Забылі і фразу пра тое, што ўладу, грошы і ўласнасць не аддаюць.

 

Можна ўявіць, якія пакуты давялося перажыць у тыя месяцы, калі на вуліцах Менску ды іншых гарадоў беззабаронна залуналі нацыянальныя сцягі і сцягі Еўрасаюза, калі апаненты атрымалі мажлівасць распаўсюджваць сваю літаратуру, а на сустрэчах з грамадзянамі, па радыё і тэлебачанні казаць тое, што думаюць (зрэшты, і тае мажлівасці было вобмаль, і апаненты былі даволі карэктныя).

 

Зрыў, прыступ агрэсіі быў немінучы. Асабліва калі ясна стала, што большасць народу стамілася сузіраць на экранах тэлевізараў адзін і той самы твар, пачала ўглядацца ў новыя твары і ўбачыла, што гэтыя твары ўсё ж сімпатычнейшыя. Гэта невыносна, калі ты, не надзелены пачуццём самаіроніі, думаеш пра звышкаштоўнасць уласнай персоны, а ад цябе адварочваюцца. Гэта абуральна: ты думаў, што быў карміцелем і выхавацелем, а моладзь цябе не любіць і высмейвае ў сеціве, нягледзячы на тое, што ты ўвёў татальны, ледзь не кітайскі кантроль у яго беларускім сегменце.

 

Помста рыхтавалася, прадумвалася. Мірны паход грамадзян ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, мірны мітынг не маглі задаволіць. Калі б улада абышлася мірнымі сродкамі, гэта азначала б, што я нічога не зразумеў у прыродзе рэжыму і што рэжым памяняўся.

 

Я быў гатовы пабіцца аб заклад, што без правакацыяў не абыдзецца. Калі б людзі засталіся на Кастрычніцкай плошчы, правакатары завязалі б бойку ў натоўпе, а АМОН ды спецназ яе ўтаймоўвалі б. Не ўдалося. Але тыя ж правакатары былі выкарыстаныя каля Дому Ўраду. Не паспелі яны пачаць “штурм”, як “у патрэбны час у патрэбным месцы” апынуліся казённыя тэлевізійшчыкі (назваць іх журналістамі і нават рэпарцёрамі не выпадае). Дзеяннямі правакатараў, калі карыстацца літаратурнымі алюзямі, і было дасягнута апраўданне крыві, жорсткіх распраў з апанентамі.

 

…Сёлета напрадвесні я заклікаў: рыхтуймася да горшага. У траўні я паўтарыў свой заклік і нават канстатаваў: на жаль, прагноз спраўджваецца. Тое, што здарылася ў ноч з 19 на 20 снежня і ўранку сёння, – яшчэ не самае горшае, бо ў той вакханаліі, што распачалася ўчора, маюцца еўрасюзаўскія і маскоўскія адвакаты. Казімера Прунскене ўжо сказала сваё слова. Нешта скажа Даля Палікарпаўна. Будуць шукаць апраўдання сваёй палітыцы Радаслаў Сікорскі з Дональдам Тускам. І вядома, слова скажа кліент афіцыйнага Менску Зюганаў з прыснымі.

 

Можна таксама прадказаць і наступныя крокі. У 2006–2008 гг. рэжым выкарыстоўваў у якасці заложніка Аляксандра Казуліна. Цяпер заложнікаў будзе больш. Яны і стануць прадметам торгу з Еўропай. І Еўропа зноў наступіць на тыя самыя граблі.

 

Паўтараю: рыхтуймася да горшага. Прырода рэжыму нязменная, і метады яго барацьбы за выжыванне – таксама.