Бо страху ў нас ужо няшмат, вера, як ні дзіўна, ў такія дні толькі мацнее. Засталася толькі тыповая беларуская хвароба — нерашучасць.

Мне падаецца яшчэ рана рабіць высновы і падводзіць вынікі. Асабліва, пакуль сядзяць людзі. Але некалькі зацемак, на будучыню, хочацца зрабіць.

1. У нашай краіне каля 15-20 тыс. грамадзян. Ну можа крыху болей. Гэта паказала Плошча. Усе астатнія не дацягваюць нават да назвы «народ».

Прыхільнікаў Лукашэнкі я не залічваю не таму, што яны прагаласавалі за «дыктатара», але таму што прагаласаваўшы ніяк не абазначылі сябе масавай радасцю, гуляннямі, ці скліканнем Антыплошчы, каб абараніць «чэсныя выбары».

2. Іншае пытанне чаму не выйшлі тыя сотні тысяч (нават па афіцыйнай версіі), якія прагаласавалі супраць. Адзінае тлумачэнне — страх і адсутнасць веры. Дзве гэтыя рэчы паралізуюць грамадства.

3. Лукашэнка выйграў выбары, бо нявыхад гэтых людзей фактычна легітымізаваў Лукашэнку. Можна доўга разважаць пра гераізм удзельнікаў Плошчы, але 15 тыс. (і не трэба мне казаць, што нас там было болей) — гэта вельмі мала. Катастрафічна мала.

4. Лукашэнка прайграў выбары, бо разагнаўшы Плошчу, якая б і так «рассмакталася» праз суткі, ён пахерыў увесь свой шлях у Еўропу.

Версія пра трэцюю сілу, якая зрабіла рэжысуру гэтых падзей мне падаецца вельмі верагоднай. БО ні Лукашэнку, ні апазіцыі тая кроў не была патрэбная.

5. Пра кандыдатаў не хочацца нічога казаць, бо яны за кратамі. Адзначу толькі 2 рэчы. Па-першае, адказнасць за біццё шкла ў Доме Ураду ляжыць на іх, бо незалежна ад таго, хто гэта ўсё рабіў, пагромшчыкі былі часткай натоўпу, а значыцца за іх дзеянні адказвалі арганізатары шэсця.

Я памятаю старыя «бэнэфаўскія» дэманстрацыі пачатку 2000-ых колькасцю 2-3 тыс. чалавек. Там заўсёды была дружына, якая кантактавала з міліцыяй і адсякала правакатараў. Сам бачыў. Цяпер ніякай дружыны я не заўважыў. Яе адсутнасць прывяла і да пагрому, і да вялікай колькасці затрыманых.

Па-другое, у падзеях апошніх месяцаў і дзён у апазіцыі з’явіліся новыя лідэры. Як мне падаецца, у першую чаргу, гэта Рымашэўскі і Някляеў. Але менавіта таму іх лёс мяне найбольш і непакоіць.

Плошча-2006 запаліла людзей на якія паўгады. Прыблізна столькі па горадзе хадзілі тысячы людзей са значкамі «За свабоду». Тады ў грамадстве нешта трэснула.

Плошча-2010 можа мець значна большыя вынікі для нас, калі мы гэтага захочам.

Бо страху ў нас ужо няшмат, вера, як ні дзіўна, ў такія дні толькі мацнее. Засталася толькі тыповая беларуская хвароба — нерашучасць.

 

cymus.livejournal.com