27–28 красавіка ў Кіеве пад эгідай Украінскага незалежнага цэнтру палітычных дасьледаваньняў (Кіеў) адбылася міжнародная канфэрэнцыя «Дадатковыя магчымасьці Ўсходняга Партнэрства для эўрапейскай інтэграцыі Украіны і ўсходніх партнэраў». Сваю думку адносна пэрспэктываў Усходняга Партнэрства (УП) выказалі высокапастаўленыя супрацоўнікі МЗС Украіны і аналітыкі ды экспэрты з шасьці краін-удзельніц УП.

АГУЛЬНАЯ ДУМКА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ

 

1. УП – геапалітычны праект Эўрапейскага Зьвязу. Уварваньне Расеі ў Грузію дазволіла ініцыятарам УП (Польшчы і Швэцыі) пераканаць іншыя краіны ЭЗ падтрымаць УП. Галоўная мэта УП – садзейнічаць умацаваньню незалежнасьці ўсходнеэўрапейскіх краін-суседак Расеі, пашырыць іх супрацоўніцтва з ЭЗ.

 

2. Адзін з істотных выклікаў УП – недастатковае фінансаваньне. Фінансаваньне УП з боку ЭЗ несупастаўнае зь “Міжземнаморскай сынэргіяй” і дапамогай, якую ЭЗ аказвае Турцыі. Самі ж краіны-ўдзельніцы УП ня маюць дастатковых рэсурсаў для істотнага разьвіцьця супрацоўніцтва паміж імі.

 

3. Супрацоўніцтва з ЭЗ будзе для краін-удзельніц УП больш важным напрамкам вонкавай палітыкі, чым супрацоўніцтва зь іншымі краінамі-ўдзельніцамі УП.

 

4. Расея будзе выкарыстоўваць свае «асаблівыя адносіны» зь Нямеччынай, Францыяй, Італіяй дзеля таго, каб стварыць перашкоды для рэалізацыі УП.

 

5. Нягледзячы на скептыцызм шэрагу эўрапейскіх палітыкаў, УП не зьяўляецца заменай сяброўству ў ЭЗ. Зацікаўленыя ў інтэграцыі ў ЭЗ краіны могуць выкарыстаць разьвіцьцё супрацоўніцтва ў рамках ЭЗ для падрыхтоўкі да ўступленьня ў ЭЗ.

ДУМКА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ПРА ПРАБЛЕМЫ І ПЭРСПЭКТЫВЫ ІХНЫХ КРАІНАЎ У УП

 

Азэрбайджан

 

У грамадзтве распаўсюджаная думка пра тое, што Азэрбайджан больш патрэбны Эўрапейскаму Зьвязу, чым Эўрапейскі Зьвяз Азэрбайджану, бо мае вялікія запасы нафты і газу. Акрамя таго, Азэрбайджан мае важнае геапалітычнае значэньне, разам з Грузіяй зьяўляючыся маршрутам доступу да касьпійскіх і цэнтральнаазіяцкіх энэрганосьбітаў. Гэта вароты ў Цэнтральную Азію.

 

У адрозьненьне ад іншых краін-удзельніц УП, Азэрбайджан ня ставіць сабе за мэту інтэграцыю ў ЭЗ нават у пэрспэктыве.

 

Арменія

 

Нармалізацыя адносінаў з Турцыяй стварае магчымасьці для разьвязаньня праблемы Нагорнага Карабаху (НК). Арменія і Азэрбайджан (якому не застаецца іншага выбару, бо ён траціць падтрымку Турцыі ў гэтым пытаньні) могуць дамовіцца па НК на наступных умовах: Азэрбайджан пагаджаецца прызнаць вынікі рэфэрэндуму ў НК аб незалежнасьці НК; Арменія вяртае Азэрбайджану акупаваныя ў ходзе вайны раёны вакол НК (так званы «пояс бясьпекі»). Нармалізацыя армяна-турэцкіх адносін, урэгуляваньне праблемы НК пацягне за сабой значнае паслабленьне ўплыву Расеі ў рэгіёне Закаўказьзя.

 

У грамадзтве і палітычнай эліце Арменіі ўзрастаюць настроі на карысьць інтэграцыі ў ЭЗ у пэрспэктыве. Калі ў ЭЗ уступіць Турцыя, уступленьне Арменіі стане магчымым.

 

Беларусь

 

Рэжым Лукашэнкі зацікаўлены ва ўдзеле ў УП дзеля трох асноўных прычын:

 

1. Гэта дазваляе ўмацаваць незалежнасьць Беларусі ад Расеі;

 

2. Кіроўная эліта Беларусі зацікаўленая ў прыходзе эўрапейскіх інвэстараў, бо ў Беларусі адбываецца намэнклятурная прыватызацыя;

 

3. Удзел Беларусі ў УП умацоўвае пазыцыі кіроўнай эліты і ў самой Беларусі.

 

Грузія

 

М.Саакашвілі траціць падтрымку электарату. Робіцца магчымым ягонае адхіленьне ад улады. Апазыцыю Саакашвілі складаюць партыі, якія выступаюць за больш рашучыя крокі Грузіі ў напрамку інтэграцыі ў НАТО і ЭЗ.

 

Расея ня можа стварыць моцных “агентаў уплыву” ў Грузіі, у тым ліку і дзеля гэтага яна пайшла на фактычную анэксію Паўднёвай Асетыі і Абхазіі. Такім чынам Расея імкнецца стварыць перашкоды для інтэграцыі Грузіі ў НАТО і ЭЗ і ставіць пад пагрозу маршруты транзыту касьпійскіх энэрганосьбітаў.

 

Малдова

 

Камуністычны ўрад шмат гаворыць пра перавагі інтэграцыі краіны ў ЭЗ, аднак робіць гэта толькі для таго, каб дагадзіць электарату. Камуністы імкнуцца захаваць уладу. Пагромы ў будынках парлямэнту і адміністрацыі прэзыдэнта і вывешваньне румынскага сьцягу былі ажыцьцёўленыя агентамі камуністычнага ўраду, каб апраўдаць рэпрэсіі.

 

Палітычная ізаляцыя камуністычнага ўраду з боку ЭЗ створыць умовы для дэмакратычных рэформаў у Малдове і руху Малдовы ў ЭЗ. Камуністычны ўрад насамрэч ня хоча і няздольны скарыстацца з магчымасьцяў УП.

 

Украіна

 

Унутрыпалітычная нестабільнасьць з’яўляецца галоўнай прычынай таго, што Ўкраіна страціла многія магчымасьці для паскарэньня руху ў ЭЗ і НАТО, якія мела пасьля “памаранчавай рэвалюцыі” 2004 г. Сярод “памаранчавых” (В. Юшчанка, Ю. Цімашэнка) ідзе змаганьне за тое, хто ўзначаліць рух Украіны ў ЭЗ і НАТО. Аднак і ў гэтых умовах МЗС Украіны робіць максымум магчымага ў інтарэсах эўрапейскай інтэграцыі.

 

Нягледзячы на страчаныя магчымасьці, Украіна ў параўнаньні зь іншымі ўдзельнікамі УП праўшла большую дыстанцыю на шляху збліжэньня з ЭЗ і валодае большым патэнцыялам для паскарэньня руху.

 


 

Андрэй Ляховіч — палітоляг.