Супернікі Лукашэнкі спрабавалі разгуляць этнічную карту, якая паказала сваю эфэктыўнасьць на Ўкраіне і ў Літве. Яны спрыялі беларускаму нацыяналізму і тарашкевіцы, але абодва праекта засталіся няздзейсненымі.
Прадстаўнік Вікілікс Ісраэль Шамір, якога Ню-Ёрк Таймз нядаўна назвала «notorious anti-Semite Israel Shamir» — сумнавядомым антысэмітам, надрукаваў свае ўражаньні аб Беларусі і выбарах. Артыкул завялікі, канешне. Вырашыў перакласьці, але потым адклаў у бок. Але ўсё ж такі вырашыў перакласьці і выкласьці, магчыма нехта ўсё ж прачытае. Ёсьць вельмі цікавыя думкі і погляды. Вядома артыкул арыентаваны на англамоўнага чытача, таму ёсьць шэраг спрашчэньняў, але гэта звычна, ні воднага разу ня бачыў, каб спрашчэньняў не было ў артыкулах для замежнікаў. Дарэчы, хто пажаде і больш сьвежыя артыкулы Шаміра там пачытае, мяне ж погляд на Беларусь зацікавіў.

 

 

Менскія выбары ў люстэрку Вікілікс

 

 

Wikileaks чарговы раз даў доказы, якія прыадкрываюць таямніцы. Гэты матэрыял не вызначаецца «жоўтымі» загалоўкамі і не прыдатны для рэтвіта, але гэта выдатна ілюструе, як ДзяржДэп ЗША можа арганізаваць беспарадкі ў ціхай усходнеэўрапейскай краіне. Як міжнародны назіральнік выбараў у сьнежні 2010 года ў Беларусі, я быў сьведкам і належным чынам арганізаванага галасаваньня, і агіднага бунту. Гэта гісторыя Беларусі і таго, як выкарыстоўваліся даляры, каб спляжыць гэтую мірную канстытуцыйную рэспубліку.

 

 

Аб краіне

 

 

Беларусь у сьнежні — царства зімы; нібы пекная скандынаўская лясная німфа апранула раскошны беласьнежны плашч — бо холадна, каб як звычайна хадзіць голай. Па-за горадам, здаецца, што бясконцую белую прастору парушаюць толькі рэдкія будынкі і цэрквы. Самотныя дарогі ажыўляюць толькі белыя зайцы, якія скачуць ад ледзяных абочын, а небасхіл перакрэсьлівае растань дзікіх качак. Усё з’яўляецца белым ў гэтай краіне, нібы, каб апраўдаць ейнае імя: Беларусь азначае Белая Русь. Рускімі былі дзяржавы вікінгаў, заснаваныя тысячы гадоў таму на землях славянаў, такім чынам Беларусь назаўсёды зьнітаваная са Старажытнай Русьсю.

Людзі ў Беларусі ня вельмі адрозьніваюцца ад іх расейскіх суседзяў, але ў іх сапраўды ёсьць свае асаблівасьці, таксама, як і жыхары паўночнага Ёркшыра адрозьніваюцца ад жыхароў паўднёвага Самэрсэта. Яны з’яўляюцца справядлівымі і спакойнымі, мірнымі і акуратнымі, паслухмянымі і талерантнымі. Маланаселеная беларуская памежная тэрыторыя на працягу некалькіх стагодзьдзяў была месцам спрычак паміж Усходам і Захадам; апошняя вайна каштавала траціну насельніцтва, гэта найвышэйшыя страты, якія былі атрыманыя якой-небудзь краінай у Другой Сусьветнай. Сталіца краіны — Менск, быў цалкам зруйнаваны люфтваффэ, па тыпу сёньняшняй Эль-Фалуджы. Некалі лясы і балоты сталі пасткай для элітных нямецкіх падразбдзяленьняў SS; зараз яны натхняюцца супакоем і мірам,  гоячы раны шматлікімі сьнегападамі.

Апасьля ўсёй гэтай бясперапыннай дзікай і аўтэнтычнай мясцовасьці Менск з’яўляецца надзіва цывілізаваным і прыдатным для чалавека месцам; ён быў адноўлены ў 1950-ых і адрэстаўраваны адносна нядаўна. Вуліцы ахайныя і прыдатныя для пешаходаў, невялікія кавярні абсталяваныя камінамі і на кожным стале ёсьць ангельскія газэты (аўтар пэўна наведваў тыя кавярні, якія адмыслова на замежнікаў ня бедных арыентуюцца, у звычайных газэтаў вядома ж няма :)прым. маё) . Вялікая сьвяточная Калядная елка ўпрыгожвае галоўную плошчу, якая была ператвораная ў коўзанку дзеля сьвят. Коўзанка адкрытая і свабодная для ўсіх такім самым чынам, як і ў Скандынавіі. Сапраўды, Беларусь — ўсходнеэўрапейская калега скандынаўскіх сацыялістычных краінаў; але ў той час, як швэды ды датчане зараз занятыя, дэмантуючы іхныя сацыяльныя сістэмы, Беларусь да сёньня супрацівілася руху да прыватызацыі.

Вам спратрэбіцца доўгі час перад тым, як вы знойдзеце першага міліцыянэра, хутчэй за ўсё звычайнага ДАІшніка. Няма ніякіх прыкметаў паліцэйскай дзяржавы: ніякіх таямнічых чорных аўто, ніякай ўтоенай нерухомасьці, ніякай цьмянасьці савецкага стылю, ніякай пастсавецкай рэзкасьці. Моладзь элегантная, прыязная і адкрытая. Вуліцы людныя, брукаваныя і чыстыя. Прэзідэнт Беларусі, якога Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША называе апошнім дыктатарам Эўропы, вольна ходзіць сярод людзей.

Але каго называюць дыктатарам сёньня? Эпітэты, скіраваныя на сусьветных лідараў звычайныя і добра вядомыя, але самі словы і іх сэнс былі перагледжаныя. Сёньня, каб атрымаць тытул «дыктатара», здаецца, лідару дастаткова толькі адмовіць парады МВФ. Калі нейкі лідар не гуляе сумесна з НАТА, дык ён мае выдатную магчымасьць атрымаць тытул «крывавага дыктатара». Нам сказалі, што Кастра — «дыктатар». Нам сказалі, што Чавэс — «дыктатар». Нам зараз гавораць, што Ахмадынежад — «крывавы дыктатар». Крыніца сталага раздражненьня амэрыканскага імпэрыялізма ў рэшце рэшт мадэрнізуецца да статусу ‘монстра’, якімі былі некалі Сталін і Мао. Беларусь атрымала ад Дзярждэпу адну з такіх мянушак: інакш можна сказаць, што Беларусь — «мяцежныя штаты» (па аналёгіі з амэрыканскай гісторыяй — прым. маё). Калі СССР быў разламаны на прывабныя кавалкі, засталася малюсенькая Беларусь, якая пажадала аставіць свой «савецкі» сьцяг, «савецкую» зброю і сацыялістычныя ідэалы. Беларусь не сьпяшалася, як іньшыя, адкінуць усё добрае, што было пры Савецкай уладзе. У той час, як іньшыя краіны пакутавалі ад наступстваў праведзенай пад кіраўніцтвам МВФ прыватызацыі, Беларусь абрала павольны і ўстойлівы шлях, каб разумна мадэрнізаваць і аднавіць свае галіны прамысловасьці і гарады. Вынік: Беларусь ня меньш сучасная, чым любая іньшая краіна на ўсходзе.

19 сьнежня 2010

 

Я знаходзіўся ў Беларусі, каб назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі, і, шчыра кажучы, чакаў невялікіх арганізаваных правакацыяў. Вынік выбараў сумневаў не выклікаў. Людзі былі шчасьлівыя, малі працу і былі задаволеныя палітыкай ураду. Яны выдатна ведалі, што адбылося, калі суседнія краіны трапілі ў залежнасьць ад МВФ, і яны не адчувалі ідэалягічнай неабходнасьці крочыць той самай цьмянай дарогай. Некаторыя людзі аднак больш матываваныя далярамі, чым патрыятызмам, і гэта людзі, якіх я чакаў убачыць. На празаходні натоўп ‘Gucci’ заўсёды можна разьлічваць, каб запярэчыць выбару большасьці. Яны фактычна сарвалі галасаваньне ў суседняй Украіне ў 2005-м, і «памаранчавыя» брыгады скралі прэзідэнцтва на доўгіх пяць год. Калі ў іх не атрымліваецца «пераканаць» людзей з даляравай заходняй дапамогай, дык яны ўсчынаюць бунт і спрабуюць атрымаць «сваё» сілай.

Цэлы дзень я назіраў за людзьмі, якія стаяць у чэргах да іхных выбарчых кабінак. Я размаўляў шмат з кім з іх. Іхны прэзідэнт Лукашэнка — усходнеэўрапейскі Чавэс, які ўпарта прытрымліваецца сацыялістычнага накірунку. Сябар Уга Чавэса і рэжыму Кастра, ён атрымлівае сваю нафту з Вэнэсуэлы і Расеі, мае дзелавыя зносіны з кітайцамі і спрабуе падтрымліваць добрыя адносіны з суседзямі. Людзі ведаюць яго і ведаюць чаго ад яго чакаць. І наадварот, далёка ня кожны ведаў апазыцыйных кандыдатаў па імені. Былі афіцыйныя выбарчыя плякаты, якія віселі на кожным выбарчым участку, і гэтыя плякаты зьмяшчалі імя і фота кожнага кандыдата, але гэтыя незнаёмцы і іхныя лёзунгі, скіраваныя да пачуцьцяў выбарцаў, не маглі закрануць нацыянальны дух.

Галасаваньне было такое ж празрыстае, як і любыя іньшыя эўрапейскія выбары, і было наведанае сотнямі міжнародных назіральнікаў; ніхто не заўважыў парушэньняў. Голас кожнага чалавека быў таемным і яны аддавалі свае галасы бяз страху. Нават большасьць празаходніх аналітыкаў, як, напрыклад, Аляксандар Рар з Нямеччыны, пагадзілася: Лукашэнка перамагаў на выбарах з неверагоднымі 80 адсоткамі. Экзыт-полы давалі падобныя ж вынікі. Падабаецца гэта ці не: ён перамог.

Гэта здарылася, калі навіны пачалі паведамляць аб выніках экзыт-полаў. Апазыцыя — каля пяці тысячаў чалавек — пачынае рушыць ад галоўнай плошчы да ўрадавых будынкаў. Яны йшлі мірна, не патрабуючы вялікай прысутнасьці міліцыі. Міліцыі дарэчы было нашмат меней,чым калі б падобны марш адбыўся недзе ў Лёндане або Маскве. Урад чакаў мітынг на плошчы. Яны не чакалі, што добра апранутыя людзі пачнуць штурмаваць будынак, дзе лічаць галасы! Натоўп адукаваных і добрапрыстойных людзей разьбіў шыбы і зламаў дзьверы, каб уварвацца ў будынак. Усім сьведкам было добра зразумела, што гэты бунт быў зусім не хаатычным і што гэта было спробай пашкодзіць падліку галасоў і зрабіць выбары несапраўднымі.

Жывая трансляцыя спробы мяцежнікаў уварвацца ў будынак шакавала рэспубліку. Беларусы паважаюць парадак і законапаслухменства. Гэта заўсёды момант ісьціны для ўлады: калі нехта ідзе супраць закона, з ім трэба зладзіцца з непасрэдным і правамерным гвалтам. Міліцыя спыніла супрацьпраўныя дзеяньні і затрымала мяцежнікаў. Але Беларусь не Кітай і гэта не была плошча Цяньаньмэнь. Гэта ня быў нават Сыетл ці Гётэборг. Не было ніякіх ахвяраў; увогуле здарэньне было параўнальнае з беспарадкамі, якія ўчынілі заўзятары Манчэстэр Юнайтэд, ці нават Лутана апасьля іхнай паразы Ёрку. Яшчэ адна ганебная рэч; у адзін момант, нібыта па камандзе мае калегі-журналісты з прэс-цэнтра пачалі адпраўляць гістэрычныя паведамленьні, смакуючы жудаснае кравапраліцьце, якое выклікала тайная паліцыя апошняга дыктатара. Дзякуй Богу, беларусы паводзяць сябе даволі разумна у падобных эксцэсах. Нават апазыцыйная камуністычная партыя падтрымала удзел паліцыі ў ахове грамадзскага парадку. Пагроза законным выбарам — пагроза ўсім; гэта пагроза існаваньню любой дэмакратыі.

Мой цынічны сябар — выкладчык мясцовага ўнівэрсітэта, якога ніякім чынам нельга запісаць у сымпатызанты Лукашэнцы (ен называе прэзідэнта калхозным дурнем) сказаў мне: апазыцыя павінна была зрабіць якаснае шоў, каб апраўдаць свае гранты. Даляры ў апазыцыю ідуць ад Дзярждэпартамэнта, NED (Нацыянальны фонд за дэмакратыю — прым. маё), Фонда Сораса і ЦРУ, каб скінуць апошні сацыялістычны рэжым у Эўропе. Усе гэтыя грошы патрабуюць, каб часам лідары апазыцыі паказвалі сваю работу.

Wikileaks прывёў зьвесткі, як нідзе не пазначаныя амэрыканскія грошы трапляюць да беларускай «апазыцыі». У канфэдэнцыйнай тэлеграме з Вільні 000732, датаванай 12 чэрвенем 2005 года, амэрыканскі дыплямат паведамляе дзярждэпу, што літоўская мытня затрымала беларускую супрацоўніцу USAID (Агенства ЗША па міжнародным развіцьці, дарэчы, шчэ год таму «чыноўнік USAID пацьвердзіў, што ЦРУ выкарыстоўвае USAID для прадастаўленьня грашовых сродкаў і кантрактаў трэцім асобам, якія дапамагаюць апэрацыям ЦРУ: http://www.rebelion.org/noticia.php?id=97124 — прым. маё) па абвінавачваньню ў кантрабандзе грошаў. Кур’ер быў арыштаваны пры спробе вывезьці з Літвы на Беларусь 25 000 US$. Акрамя таго яна прызнала, што ў дзьвух папярэдніх паездках перавязла з Літвы агулам 50 000 US$.

Вядома ж гэта толькі вяршыня айсбэрга той гатоўкі, якая забіраецца ад амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў, каб фінансаваць беларускую апазыцыю. Адзін літоўскі службовец выхваляўся, што ўрад Літвы “выкарыстоўвае мноства людзей і маршрутаў, каб паслаць грошы групам у Беларусі, уключаючы нават дыпламатаў краіны”. Лукашэнка таксама шмат сьцвярджаў, што ЗША выдаткавалі мільёны даляраў, каб дэмантаваць урад малюсенькай Беларусі. Заходнія ж чыноўнікі аўтаматычна адмаўлялі гэтае. Заходняя прэса высмейвала гэта: КРЫВАВЫ ДЫКТАТАР УСКЛАДАЕ АДКАЗНАСЦЬ ЗА АПАЗІЦЫЮ НА ЎМЯШАЛЬНІЦТВА ЯНКІ. Доказы пазначаныя ў канфідэнцыйнай дэпешы ад амэрыканскай амбасады ў Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША. Гэта неабвержная праўда.

Фэномен Лукашэнкі
Чаму ЗША павінны плаціць людзям, каб яны выступілі супраць Лукашэнкі? Які сакрэт крыецца за шармам Лукашэнкі? Ён быў абраны ў 1994-м годзе дэмакратычным чынам, калі развальваўся СССР. У нейкім сэнсе ён змог спыніць хаатычны крах і элегантна выйсьці са складанага становішча. Ён спыніў прыватызацыю, ён гарантаваў поўную занятасьць для ўсіх, ён змагаўся з арганізаванай злачыннасьцю і перамагаў яе; адным словам, ён захаваў парадак і падтрымаў існую сацыяльную сыстэму. Для заходняга жыхара, які наведвае Беларусь, яна выглядае, як даволі чыстая і добра функцыянуючая нязначная ўсходнеэўрапейская краіна, якая ня вельмі адрозьніваецца ад яе балтыйскіх суседзяў. Але для тых, хто прыязджае з Расеі альбо Украіны, яе непасрэдных суседзяў — гэта Шангры-Ла пастсавецкага разьвіцьця, якое б яны магчыма мелі б. У іх, як і ў Беларусі, магчыма, былі б чыстыя вуліцы, поўная занятасьць, крамы, якія прадаюць мясцовыя прадукты, паліцыя, якая не вымагае хабар, пенсыі для старых і эканамічная роўнасьць.Лукашэнка спыніў схемы прыватызацыі на капыл МВФ, якія разбурылі суседзяў Беларусі. У Расеі некалькі блізкіх сяброў колішняга прэзідэнта Ельцына (напрыклад сёньняшні зьняволены ў турму Хадаркоўскі) атрымалі цэлыя галіны прамысловасьці, рудні і нафтавыя басэйны. Большую частку гэтага яны прадалі заходнім кампаніям, якія зрабілі заваяваньне, якога не было з часоў заваяванне Амэрыкі Картэсам. У той час, як звычайныя расейцы гублялі працу, свае дамы і сацыяльнае забесьпячэньне, супэрбагатыя алігархі пачалі набываць нерухомасьць ў Белгрэйвіі (фешэнэбельны раён Лёндану недалёка ад Гайд-Парку — прым. маё) і на Кот-д’Азюр, вялікія яхты і футбольныя каманды. Менавіта прэзідэнт Пуцін паклаў канец гэтаму арганізаванаму МВФ тэрміноваму распродажу актываў і выратаваў Расею, але ніхто ніколі не забудзе жахаў 90-х.

Арганізаваная злачыннасьць — вялікая праблема на пастсавецкай прасторы. Толькі ў мінулым месяцы расейцы чыталі пра банду, якая дзейнічала на Кубані, гвалтуючы і забіваючы цягам некалькіх гадоў, гангстэраў і паліцыянтаў, якія разма цчынялі злачынствы і разам падзялялі здабычу. Але ў Беларусі няма ніякай арганізаванай злачыннасьці, ніякіх падобных мафіёзных структураў. «Гангстэры зьбеглі ў 90-х», — казалі мне беларусы. Паліцыянты не бяруць хабару ў Беларусі, подзьвіг недасягальны для любой іньшай пастсавецкай дзяржавы. Лукашэнка дасягнуў гэтага даўшы былым паліцыянтам добрыя пэнсыі, значна пераўзыходзячыя сярэдні ўзровень, і бязлітасна пазбаўляючыся карумпаваных паліцыянтаў.

У Беларусі няма ніякіх алігархаў. Сацыялізм абмяжоўвае буйных працадаўцаў; але прыватную ўласнасьць і прыватныя фірмы паважаюць. Мясцовыя бізнэсмэны паведамілі мне, што троху карупцыя існуе, але гэта нашмат меней, чым у суседніх краінах. Ёсьць шмат пасьпяховых людзей, але няма супербагатых; ёсьць шмат добрых аўто на вуліцах Менску, але ў адрозьненьні ад Масквы тут недбга сказацб «або вы едзеце ў Бэнтлі, або ідзеце пешкам». Пераважная большасьць аўто ў Менску — сучасныя эўрапейскія і японскія машыны. Прадстаўнікоў старога савецкага аўтапраму амаль не засталося.

У Беларусі няма ніякай нацыянальнай, этнічнай або рэлігійнай варажнечы. Каталіцкія касцёлы і праваслаўныя цэрквы знаходзяцца на адной плошчы; шмат мячэтаў і сынагог былі пабудаваныя тут за шмат стагодзьдзяў перад тым, як тэрмін «мультыкультуралізм» з’явіўся. Усход аб’ядноўваў розныя культуры: праваслаўнае сялянства, каталіцкая шляхта, габрэйскія гандляры і татарскія вершнікі жыді разам на Беларусі шчэ да ХV стагодзьдзя, калі гэтыя землі былі часткай Вялікага Княства Літоўскага, найбольшай эўрапейскай дзяржавы таго часу. Беларуская мова была дзяржаўнай мовай ВКЛ, а беларускія ваяры — разам з польскімі і рускімі ваярамі — перамаглі ў Грунвальдзскай бітве 500 год таму.

Супернікі Лукашэнкі спрабавалі разгуляць этнічную карту, якая паказала сваю эфэктыўнасьць на Ўкраіне і ў Літве. Яны спрыялі беларускаму нацыяналізму і тарашкевіцы, але абодва праекта засталіся няздзейсненымі ідэямі. Блажэннае ўяўленьне апазіцыі пра беларускае этнічнае адраджэньне з’яўляецца вельмі паэтычным, як і адраджэньне валійскай мовы, але жывыя людзі не жадаюць змагацца за гэтае.

Лукашэнкаўская эканоміка савецкага тыпу захавала мясцовую вытворчасьць і таму побач з усюдыісным імпартам вы ўбачыце, што прадукты збольшага мясцовыя. Беларускія сыр, малако, хлеб і гародніна — усе натуральныя і расейскія наведвальнікі заўсёды набываюць з сабой недарагія і якасныя беларускія прадукты. Прамысловасьць таксама захавалася, якраз у той час, калі МВФ пераводзіў беларускіх суседзяў у статус краінаў трэцяга сьвету шляхам дэіндустрыялізацыі. Беларусь да сёньня вырабляе ўсё ад тэлевізараў да трактароў, ад велізарных грузавікоў да вырабаў з калекцый Іў Сэн Ларана.

У Беларусі няма ніякіх палітычных партыяў. Гэта ня выпадак адной шматлікай палітычнай партыі як у Расеі і гэта не good-guy/bad-guy падвойная партыйная сыстэма як ў ЗША. Ніякіх палітычных партыяў увогуле. Забароны партыяў няма, але яны ня маюць разьвіцьця. Гэта была адна з выдатных ідэяў Сымоны Вэйль, скрайне радыкальнага французскага філёзафа, хаця яна б забараніла іх увогуле.

Беларусь прадстаўляе цікава паспяховую мадэль эканамічнага развіцьця. Гэта нагадала сьвету, што разумны кіраўнік можа выратаваць краіну. Гэты ўрок — асабліва своечасовы, бо МВФ засьмеціў зямную кулю незаможнымі і неплацежаздольнымі краінамі. Сьвет зараз глядзіць на МВФ і іньшых міжнародных інвэстараў з асьцярожнасьцю. Ідэя манэтарызма — банкрот. Вайсковая агрэсыя, на якую спадзяваўся Буш, атрымала няўдачу. Мы жывем у пасткрызысны час. Зараз робяцца спробы знайсьці іньшы шлях развіцьця. Людзі пачынаюць задумвацца: дзе лепшы шлях? Беларусь можа зрабіцца лідарам на гэтым шляху.

Адно з галоўных дасягненьняў Беларусі — тое, што яна змагла выдзюжыць супраць буйных міжнародных кампаніяў. Цягам 20 гадоў «заходніх набегаў» па ўсім сьвеце маленькая Беларусь змагла захаваць свае актывы. Гэта — вельмі важкі ўрок для шматлікіх краінаў. Беларусь не выпрадукавала ніводнага Абрамовіча, але краіна з’яўляецца радзімай для мільёнаў задаволеных звычайных грамадзянаў.

Пераважная большасьць жыхароў Беларусі задаволеная сваім жыцьцём. Іх заробкі нязначныя ў параўнаньні з суседняй Расеяй, але ў іх няма ніякага беспрацоўя і яны не хвалююцца з-за таго, што іхнае месца працы можа быць зліквідаванае. Іх гарады чыстыя, іх ежа не дарагая, ацяпленьне і квартплята ў вялікай ступені субсыдаваныя, іхны транспарт добра арганізваны. Яны не падпарадкоўваюцца Ўол-Стрыту, Голдман Сакс, Пентагону, ні Гаспадарам Дыскурсу (Masters of Discourse адназ кнігаў Шаміра — прым. маё) ў рэшце рэшт. Яны — чыньнік пераацэньваньня каштоўнасцяў для іхных суседзяў, жывы доказ, што Савецкі Саюз не павінен быў быць разбураны, што сацыялізм можа працаваць, і што гэта часта працуе лепш чым фінансавы капіталізм.

Менавіта праз гэтае Беларусь жадаюць спляжыць.

Краіна ізаляваная з Захаду: беларусу вельмі цяжка наведаць сваяка ў суседняй Польшчы або ў Літве, таму шта ЭЗ неахвотна дае візы. Польшча паводзіць сябе найбольш варожа: гэта Крэсы Ўсходнія і палякі разглядаюць сябе як авангард палітыкі Захада на Ўсходзе. Візы надзвычай дарагія для мясцовага насельніцтва. Адзіны міжнародны аэрапорт фактычна пусты, рэйсаў вобмаль.

Адносіны з Расеяй зусім не выдатныя. Расейскія алігархі прыклалі вялізныя намаганьні, каб атрымаць актывы Беларусі, галіны прамысловасьці і трубаправоды. Лукашэнка супрацьстаяў налётчыкам з Ню-Ёрку і Бэрліну, і ле ня меў ніякіх сантымэнтаў і да іхных калегаў з Масквы. Адсюль і напружаньне. Беларусь выдатна разумее, што стаіць за расейскімі прыемнымі словамі пра дружбу і «добрымі» ўсьмешкамі. Апетыт у алігархаў ненасытны.

Пакуль, Лукашэнка аддае перавагу складанай гульні з EC, нават абмяркоўваючы магчымы ўваход Беларусі ў аб’яднаную Эўропу. Але гэта немагчыма: эканамічна Беларусь знаходзіцца ў непараўнальна лепшай форме, чым большасьць усходнеэўрапейскіх дзяржаваў, удзельнікаў ЭЗ.

Беларусь мае сяброўскія адносіны з Вэнэсуэлай і Кубай, Кітаем і Віетнамам. Гэта сацыялістычная краіна, але з мяккім сацыялізмам, з вялікімі магчымасьцямі для прыватных прадпрыемстваў і прыватных свабодаў. Беларусь знайшла новае жыцьцё ў захаваньні і разьвіцьці элементаў сацыялізма, якія ў пачатку 1990-х былі збольшага дыскрэдытаваныя. Насуперак жаданьню МВФ перамагчы сацыялізм, ён зноў адрадзіўся: у новай вопратцы, з новымі паводзінамі і ён нясе новыя надзеі. Цікава, што Беларусь змагла прайсьці гэты шлях па нацягнутаму канату не зважаючы на развальваючыйся Савецкі Саюз і ўмяшаньні звонку. Расейскі палітоляг Сяргей Кара-Мурза сказаў неяк, што беларуская мадэль магла б служыць узорам для аднаўленьня сацыялістычнай дзяржавы.

Урок вельмі актуальны.

Зьвязацца з Ісраэлем Шамірам можна праз мэйл adam@israelshamir.net