Услед за «СБ — Беларусь сегодня» «інфармацыйную бомбу» пад назвай «За кулісамі адной змовы» надрукавала газета «Звязда», якая да апошняга часу лічылася адносна ліберальнай. У «Звяздзе» друкуецца поўны пераклад першай часткі артыкула на беларускую мову. (Працяг)

Штурм Дома ўрада выклікаў абурэнне ў беларускім грамадстве. Падаплёка гэтых падзей вядомая: замежныя аналітычныя цэнтры сфарміравалі і прафінансавалі пэўныя структуры радыкальнага кірунку. Яны і паспрабавалі звергнуць законную ўладу і навязаць грамадству сваё разуменне «дэмакратыі». Цяпер гэтыя падзеі інтэрпрэтуюцца па-рознаму. Грамадскаму меркаванню навязваецца абсурд. Узмоцнена ўтлумачваецца, што на плошчу прыйшлі выключна мірна настроеныя грамадзяне, якія пажадалі ўсяго толькі «даведацца пра вынікі прайшоўшага галасавання». Гаворыцца, што ніякага арганізуючага пачатку ўвогуле не было, што ўсё адбылося выпадкова.

 

Тыя, хто так несумленна інтэрпрэтуе падзеі, што адбыліся, нагадваюць і пра прыезд у Мінск міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі, іх прапановы «добра заплаціць» за «правільна праведзеныя выбары». Моцна гучаць заклікі такіх агрэсіўных палітыкаў, як фрау Бек, спадар Бузек, якія раз’юшана патрабуюць для Беларусі ўсіх неймаверных пакаранняў.

 

Усім вядома, што знешняя палітыка, якая праводзіцца вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, носіць выключна дружалюбны характар, нацэленая толькі на развіццё добрасуседскіх адносін з усімі краінамі, а ўнутраная — забяспечвае стабільнае і паступальнае развіццё беларускага грамадства. Унікальнасць і эфектыўнасць беларускай мадэлі сёння вымушаны прызнаць нават самыя ярыя апаненты ўлады як у самой Беларусі, так і за мяжой.

 

Аднак сам факт існавання такой незалежнай дзяржавы, якая будуе палітыку, зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў, выклікае рэзкае раздражненне з боку некаторых знешнепалітычных сіл, што імкнуцца падпарадкаваць сваім інтарэсам яшчэ не ахопленыя ўплывам дзяржавы на постсавецкай прасторы, да якіх у цяперашніх умовах адносіцца Рэспубліка Беларусь.

 

Прычына такой пільнай увагі і інтарэсу замежных паліттэхнолагаў да нашай краіны відавочная.

 

Яна абумоўлена ў першую чаргу не праблемамі «дэмакратыі», а выключным геапалітычным значэннем нашай краіны на еўразійскай прасторы.

 

Імкненне некаторых знешнепалітычных сіл Захаду звысоку глядзець на Усход само па сабе не новае. Гэтае імкненне і раней праяўлялася ў даўніх «крыжовых паходах» Захаду на Усход і адносна нядаўнім «Drаngеn nасh Оstеn» у часы Другой сусветнай вайны. Але часы змяніліся. Ваеннае ўварванне ў краіну з мэтай звяржэння кіруючага рэжыму ўжо не дае «станоўчага» выніку. На ўзбраенне ўзята другая стратэгія — інспіраванне кіруемых звонку ўнутрыпалітычных канфліктаў. Яскравымі прыкладамі рэалізацыі гэтай стратэгіі з’яўляюцца т.зв. «каляровыя рэвалюцыі» ў шэрагу краін постсавецкай прасторы.

 

Ужо не першы год робяцца спробы рэалізацыі гэтай стратэгіі і ў Беларусі.

 

Але, нягледзячы на дасканаласць метадаў уздзеяння і вытанчанасць інструментарыю, такога, як эканамічны ціск, запалохванне, увядзенне рознага роду санкцый і абмежаванняў, Беларусь па-ранейшаму застаецца пры сваіх інтарэсах і працягвае рэалізоўваць палітыку ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі, у тым ліку праз удзел у розных прапануемых Захадам праектах, цэнтральным з якіх у цяперашні час з’яўляецца ініцыятыва ЕС «Усходняе партнёрства».

 

Варта канстатаваць, што гэтая праграма (яна ўяўляе сабой, па сутнасці, абалонку, якая можа быць напоўнена любым зместам у залежнасці ад бягучай кан’юнктуры) была неадкладна ўзята на ўзбраенне сіламі, што імкнуцца выкарыстаць працэс паляпшэння беларуска-еўрапейскіх адносін ва ўласных вузкакарыслівых мэтах. Была зроблена спроба задзейнічаць «Усходняе партнёрства» для аслаблення ўзаемадзеяння Беларусі з Расіяй і ў канчатковым выніку ператварэння рэспублікі ў свайго роду буфер паміж Расіяй і ЕС (па сутнасці — санітарны кардон), а таксама трансфармацыі рэспублікі ў крыніцу танных рэсурсаў, уключаючы працоўныя, і збыту прадукцыі ЕС.

 

Нездарма адзін з заходніх палітыкаў у гутарцы са сваімі аднадумцамі ў лістападзе 2009 г. заявіў, што «Беларусь — гэта тое месца, дзе яшчэ можна штосьці ўрваць».

 

Наўрад ці з’яўляецца супадзеннем, што асноўныя афіцыйна дэкларуемыя пастулаты «Усходняга партнёрства» як нельга лепш падыходзілі для ўвасаблення ў жыццё стратэгіі па «дэмакратызацыі» Беларусі: эфектыўнае кіраванне і стабільнасць, эканамічная інтэграцыя з еўрапейскімі палітычнымі працэсамі, энергетычная стабільнасць і ўсталяванне міжнацыянальных і асабовых стасункаў і, нарэшце, самае галоўнае — «развіццё дэмакратыі».

 

Вытрымкі з канфіскаванага дакумента ГК «Гавары праўду»  «Новая стратэгія ўзаемаадносін Беларусі і Расіі»: Задачы новай стратэгіі

 

Прыярытэтная задача новай стратэгіі — садзейнічаць падтрымцы Расіяй на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах Лідара той палітычнай сілы, палітычная платформа якой гарантуе — на працягу года пасля выбараў — змяненне грамадскага ладу і сацыяльна-эканамічнай структуры дзяржавы — змяненне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і заснаванне парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі. Выйгрышнасць такога развіцця падзей — відавочная:

 

Перанос цэнтра цяжару «барацьбы за краіну» на парламенцкія выбары — абнадзейвае ўсіх «значных» гульцоў на палітычным рынку Беларусі.

 

Актывізуецца скрытная падтрымка «кандыдата» вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, старшымі афіцэрамі спецслужбаў і арміі, дырэктарамі дзяржаўных прадпрыемстваў. Бо парламенцкія выбары дазволяць ім у далейшым самастойна змагацца за ўладу.

 

З «пераходнай» фігурай — прэзідэнта-архітэктара новай сістэмы ўсе будуць мець справу. І таму — вакол «пераходнай» фігуры, на пераходны перыяд — змогуць аб’яднацца нават «непрымірымыя».

 

Пасля ўстанаўлення парламенцкай формы праўлення ў Беларусі — у краіне з’явіцца не тое каб «кіруемы», але, безумоўна, «больш прадказальны» палітычны лідар.

 

Акрамя таго, сапраўдная структура беларускай эканомікі так ці інакш садзейнічае сітуацыі — «пераможца атрымлівае ўсё». І толькі парламенцкая мадэль можа стаць устойлівай, азначаць «барацьбу па правілах», і ўлічваць інтарэсы ўсіх груп, у якой ніводзін суб’ект не зможа дыктаваць сваю волю ўсім астатнім.

 

Менавіта гэтыя мэты былі сфарміраваныя А. Федутам у праграме У. Някляева.

 

З улікам сур’ёзнасці ставак пад «Гавары праўду» былі выдзелены салідныя фінансавыя сродкі, а ў аснову метадаў яе рэалізацыі, як наглядна паказалі падзеі 19 снежня, быў пакладзены «ліберальны» прынцып: выкарыстанне любых сродкаў аж да правакавання масавых беспарадкаў і кровапраліцця.

 

Знойдзены быў і новы твар кампаніі — У. Някляеў.

 

*   *   *

 

Інфармацыя да разважання

 

З тлумачальнай запіскі распрацоўшчыка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» (далей ГК ГП) А. Федуты аб праведзенай рабоце па развіцці ГК ГП:

 

«У. Някляеў — прадстаўнік так званай творчай інтэлігенцыі. Валодае пэўнай харызмай, працяглы час не ўдзельнічае ва ўнутрыпалітычных працэсах. Не асацыюецца ў насельніцтва з вобразам радыкальнага апазіцыянера, будучы больш вядомым як паэт.

 

Яго слабыя бакі могуць таксама быць выкарыстаныя намі. У мінулым фактычны алкаголік (хвароба многіх мастакоў). Паводле заключэння нашых экспертаў, гэта стварае ўмовы для фарміравання ў яго звышідэі сваёй выбранасці, прызначэння для здзяйснення вышэйшай місіі. Мы таксама маем на яго істотны кампрамат для дадатковага стымулявання на любой стадыі рэалізацыі праекта.

 

Мяркуем мэтазгодным выкарыстаць прапанаваную кандыдатуру ў якасці асноўнай для твару кампаніі. Раней прапанаванага кандыдата можна прасоўваць паралельна як запасны варыянт».

 

*   *   *

 

Сёння праваахоўным органам дакладна вядомы акалічнасці сустрэчы ў адной з кавярняў Бруселя, дзе супрацоўнікі іншаземных разведак М., К. і Ш. давалі наказ кіраўніку кампаніі «Гавары праўду».

 

Гэта цяпер былы кандыдат на пост Прэзідэнта з горыччу шкадуе аб учыненым: «Мяне выкарысталі, як г…н», — а тады гэтым наказам ён быў вельмі натхнёны.

 

Ужо першапачаткова грамадзянская кампанія «Гавары праўду», цалкам падпарадкаваная волі замежных «куратараў», разглядалася як «запасны доўгатэрміновы праект», арыентаваны не на перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах, а на далейшае «змяненне сітуацыі ў краіне» і ўдзел у парламенцкіх выбарах 2012 г.

 

У арыгінальным тэксце рэкамендацый замежных донараў для Дырэктарата (кіраўніцтва) грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» прадугледжваўся шэраг тактычных установак, у т.л.:

 

«дыстанцыраванне ад «бесперспектыўнай апазіцыі», прадстаўленай «дэмакратычнымі» палітычнымі партыямі;

 

задача У. Някляева пасля выбараў — часткова заняць нішу А. Мілінкевіча, пры гэтым не праводзіць з ім якіх-небудзь перамоў;

 

пазбегнуць сітуацыі, пры якой У. Някляеў становіцца «адзіным».

 

У. Някляеў неаднаразова заяўляў у сваім блізкім акружэнні, што яму неабходна «прыгожа сысці з перадвыбарнай гонкі» для таго, каб «застацца палітыкам». Ён быў сур’ёзна настроены на ўдзел у выбарах у Парламент 2012 г. і разам з А. Мілінкевічам бачыў сябе да гэтага часу ў ролі «лідара буйной апазіцыйнай партыі».

 

Грошай на ўсё гэта Захад не шкадаваў… Паказальная схема з фінансаваннем такога апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурса, як Хартыя’97. Гэты сайт вядомы тым, што праз яго вялася агітацыйная кампанія за кандыдата Саннікава. Ніхто нават не спрабаваў хаваць ангажаванасць вышэйназванага рэсурсу. Фінансавым забеспячэннем яго дзейнасці займаўся добра вядомы А. Бябенін. Вось хроніка ўсяго толькі некалькіх месяцаў яго дзейнасці:

 

— Супрацоўніца «хельсінскай групы ЗША» Кэтрын Фітцпатрык перадае яму грант на суму 211 тысяч долараў;

 

— Міжнародны фонд «Фронт-лайн» на «забеспячэнне бесперапыннай работы сайта» выдзяляе Бябеніну 6 тысяч еўра;

 

— Арганізацыя «Альянс лібералаў і дэмакратаў «За Еўропу» пералічвае на падтрымку дзейнасці Хартыі’97 26,5 тысячы еўра;

 

— Нарвежскі Хельсінскі камітэт перадае 98 тысяч долараў.

 

Гэта толькі невялікая крыха тых сродкаў (гаворка ідзе пра некалькі месяцаў), якія з падачы замежных спецслужбаў выдаваліся на патрэбы Саннікава рознымі фондамі і арганізацыямі на правядзенне інфармацыйнай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў. І гэта ўжо ніякая не дабрачыннасць, гэта палітычныя ўклады да запатрабавання…

 

Для стварэння славутай тэлевізійнай карцінкі, якая займае асаблівае месца ў сцэнарыях «каляровых рэвалюцый», выкарыстоўваецца наступная тэхналогія. Эмацыйна падагрэты, вядзёны абучанымі людзьмі натоўп моладзі бярэ на прыступ уплывовую дзяржаўную ўстанову, пранікае ўнутр, разбурае ўсё і вывешвае пераможныя флагі. У рэжыме рэальнага часу гэта транслюецца па ТБ, і карэспандэнты даюць паведамленні аб тым, што «дэмакратыя перамагла» і ўлада перайшла да новага палітычнага класа.

 

Гэтую навіну адразу ж падхопліваюць усе камунікацыі, на працягу гадзіны—дзвюх адпаведныя дыппрадстаўніцтвы разглядаюць падзеі як факт, што адбыўся, і гаворка ідзе пра афіцыйнае прызнанне новых пераможцаў. Прынята лічыць, што назад адкруціць гэты працэс ужо немагчыма. Так было ў Сербіі і іншых краінах, дзе тэхналогіі «каляровых рэвалюцый» у выніку аказаліся ў выйгрышу.

 

Падзеі на пл. Незалежнасці паказалі, што некалькі соцень тэлежурналістаў прыбылі ў Мінск з-за мяжы толькі дзеля гэтай карцінкі. На выбарчых участках яны не з’яўляліся, але, як па камандзе, суправаджалі кандыдатаў (Някляеў, Статкевіч, Саннікаў) і стаялі на прыступках Дома ўрада, чакалі пачатку здымак…

 

Дзіўна, але ў іх шэрагах было мала шараговых рэпарцёраў. Сярод тых, хто павінен быў даць карцінку, быў, напрыклад, кіраўнік усяго вяшчання навін расійскага Першага канала Антон Вярніцкі. Зоркі «крызіснага рэпартажу» прыехалі з Варшавы, Берліна, іншых еўрапейскіх сталіц. Большасць з іх былі знаёмыя па сумесных акцыях ва Украіне, Кыргызстане і Малдове. Такая пільная і спецыфічная ўвага прэсы да беларускіх выбараў сведчыць аб тым, што сам электаральны працэс мала каго цікавіў. Ангажаваная прэса ўзгоднена прыехала асвятляць чарговую «каляровую рэвалюцыю», хоць быццам бы ніякіх перадумоў да гэтага ў Беларусі не было відаць, і заходнія палітыкі гэта публічна прызнавалі.

 

Факты і існуючыя дакументы, якія былі пацверджаныя логікай развіцця падзей 19 снежня, сведчаць аб наступным.

 

Прыкладна да пачатку 2009 года аналітыкі заходніх спецслужбаў (у першую чаргу Польшчы і Германіі), якія ўважліва адсочваюць палітычныя падзеі ў Беларусі, прыйшлі да салідарнай думкі і праінфармавалі свае ўрады аб тэрміновай неабходнасці карэктаваць існуючыя падыходы ў адносінах да Мінска. У прыватнасці, было прызнана, што пастаянная канфрантацыя, крывадушнасць і несумленнасць «традыцыйных» кіраўнікоў беларускіх палітычных партый і рухаў прывялі іх да поўнай дыскрэдытацыі ў вачах грамадскасці. Сістэма, якую стварыў былы кіраўнік германскай знешняй разведкі (БНД) Вік, які стварыў ў Беларусі легендзіраваную сетку, якая ў афіцыйных дакументах называлася «Аб’яднанай апазіцыяй», распалася ў выніку разнавектарных інтарэсаў яе кіраўнікоў. Гэта было звязана перш за ўсё з тым, што «адзіны кандыдат» ад дэмакратычных сіл Мілінкевіч быў выкрыты ў адкрытым лабіраванні польскіх знешнедыпламатычных інтарэсаў, вольным расходаванні фінансавання, што выдзялялася, і махінацыях, звязаных з дзейнасцю сваёй жонкі І. Кулей. У значнай меры дыскрэдытаваў сябе і шматгадовы кандыдат на лідарства Лябедзька, які стаў удзельнікам цэлага шэрагу скандалаў, у тым ліку і фінансавага характару.

 

Аналітыкі польскіх і германскіх спецслужбаў адзначалі таксама і такі факт. Інтрыгі і публічныя скандалы ў БНФ прывялі да поўнага падзення аўтарытэту гэтай апазіцыйнай партыі. Фіксаваліся фактычны распад і атамізацыя найбуйнейшай апазіцыйнай партыі БСДПГ. Адзначалася, што на парламенцкіх выбарах, нягледзячы на ўсе намаганні, што рабіліся заходнімі палітычнымі і фінансавымі цэнтрамі, апазіцыя не змагла правесці ў органы ўлады ніводнага дэпутата. У сваіх дыскрэтных паведамленнях аналітыкі адзначалі, што справа тут не ў «ціску ўлады» і не ў фальсіфікацыі выбараў. Адзначаліся арганізацыйная слабасць апазіцыі, крадзеж сум, выдзеленых для правядзення гэтай работы, поўны разрыў апазіцыйных палітыкаў і актывістаў з электаратам. Аналітыкі прапаноўвалі сваім урадам не абмяжоўвацца «касметыкай», а радыкальна змяніць карціну. Мелася на ўвазе прыняцце вычарпальных мер, перш за ўсё стварэнне практычна новага апазіцыйнага асяроддзя. Па задумцы спецслужбаў і падкантрольных ім фондаў, якія працавалі пад прыкрыццямі культуралагічных арганізацый, планавалася наступная работа. 1) Вызначыць у Беларусі людзей, знаёмых з сучаснымі палітычнымі тэхналогіямі, якія маюць практычны вопыт удзелу ў буйных выбарчых кампаніях. 2) Уступіць з імі ў перамовы, у працэсе чаго ўцягнуць у супрацоўніцтва. 3) Прапанаваць гэтым асобам скласці план паслядоўных дзеянняў. 4) Скласці агульны каштарыс фінансавання гэтай праграмы. Далей па адпаведных методыках рэкамендавалася правесці рэкруцінг і абучэнне актывістаў, якія ўдзельнічалі ў новым праекце. Кіраўнікоў праекта «Гавары праўду» пасля стараннай праверкі прапаноўвалася праверыць праз існуючыя аператыўныя магчымасці, у тым ліку прапусціць праз «дэтэктар хлусні». Пасля атрымання здавальняючых вынікаў кіраўнікі павінны быць азнаёмленыя не толькі са сваімі непасрэднымі куратарамі, як правіла, афіцэрамі разведкі, што працуюць пад прыкрыццём гуманітарных фондаў, але і прадстаўленыя кіраўнікам найбуйнейшых дзяржаў ЕС і ЗША. Пасля правядзення ўсіх падрыхтоўчых мерапрыемстваў кіраўнікі праекта пасвячаліся ў мэту задуманага. Мэта была ў наступным. Паколькі спробы «мяккай дэмакратызацыі» і падобных намаганняў у выніку слабасці і раз’яднанасці апазіцыі фактычна праваліліся, то неабходна засяродзіцца на стварэнні новых масавых структур, якія змогуць выкарыстаць будучыя прэзідэнцкія выбары як рашучую атаку на ўладу. Пры гэтым недвухсэнсоўна ўказвалася, што не варта спыняцца ні перад чым. У выпадку, калі беларускія выбаршчыкі ўсё ж аддадуць перавагу дзейнаму Прэзідэнту, то неабходна стварыць абстаноўку, якая дазволіць вывесці на вуліцы спецыяльна падрыхтаваных і аплачаных баевікоў, задача якіх будзе складацца ў тым, каб захапіць адзін з урадавых будынкаў, навязаць сілавую барацьбу органам правапарадку, справакаваць уладу і фактычна сарваць выбары. Кіраўнікоў праекта «Гавары праўду» запэўнілі, што ў гэтым выпадку шэраг урадаў краін ЕС выступіць кансалідавана, асудзіць дзеянні ўлады, маральна і матэрыяльна падтрымае тых, хто пацерпіць у выпадку сілавога выхаду на «плошчу», і паспрабуюць дабіцца дыскрэдытацыі Беларусі на міжнароднай арэне.

 

Пад прыкрыццём ветлівых усмешак і запэўніванняў у карэктнасці ў Мінск у літаральным сэнсе чамаданамі перавозіліся сотні тысяч долараў. Яны ішлі на стварэнне створаных падчас рэалізацыі ГК ГП магутных структур, агітацыйнай і арганізатарскай накіраванасці. Кіраўнікі гэтых структур запрашаліся ў сталіцы шэрагу краін Еўрапейскага саюза і Вашынгтон, дзе дзяржаўныя кіраўнікі не толькі абнадзейвалі мінскіх «рэвалюцыянераў», але і гарантавалі ім прамую маральную і фінансавую падтрымку. Некаторыя паслы краін Еўрасаюза ў літаральным сэнсе ўзвальвалі на сябе абавязкі інструктараў і папячыцеляў для тых, хто павінен быў сілай і хітрасцю змяніць уладу ў Беларусі.

 

Гэтая разнапланавая работа праводзілася на працягу некалькіх месяцаў.

 

У той час, калі спсп. Сікорскі (Польшча) і Вестэрвеле (Германія) наведвалі Мінск і афіцыйна запэўнівалі Урад Беларусі ў шчырым жаданні дапамагчы развіццю дэмакратыі, афіцыйныя асобы з шэрагу пасольстваў выконвалі непрыстойную ролю падпальшчыкаў. Трэба думаць, што гэтыя крывадушныя дзеянні ўсялілі ўпэўненасць у тых «паліттэхнолагаў», якія палічылі, што супраць добра змазаных валютай інструментаў «каляровай рэвалюцыі» супрацьяддзя няма і не можа быць! На абсалютную большасць беларускага народа, на яго волевыяўленне асаблівай увагі не звярталася. У сваіх разліках арганізатары і ідэолагі чарговай «рэвалюцыі» рабілі стаўку на грошы, якія павінны былі б стаць усеразбуральнай сілай.

 

На Захадзе не маглі не бачыць, што сярод кандыдатаў у Прэзідэнты няма ніводнай рэальнай значнай фігуры, хто меў бы хоць якую-небудзь зразумелую палітычную праграму і электаральны аўтарытэт. Тыя, хто за авантуру расплачваўся грашыма еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў, цудоўна разумелі, што ў выпадку поспеху «рэвалюцыі» ў цэнтры кантынента немінуча ўзнікне крызіс, што Беларусь умыецца крывёю. Але на гэта ніхто ўвагі не звяртаў. Галоўным было змясціць Лукашэнку, паставіць на чале краіны нейкую паслухмяную марыянетку і спакойна назіраць пакуты народа, якога штучна ўвагналі ў хаос.

 

Гэта — кароткі пераказ задумы, прывезенай у краіну арганізатарамі і натхняльнікамі чарговай «каляровай рэвалюцыі», якая правалілася.

 

Нягледзячы на абмежаванасць людскіх рэсурсаў, што падтрымліваюць радыкальную апазіцыю, яе замежныя спонсары мэтанакіравана арыентавалі арганізатараў несанкцыянаванай акцыі пратэсту на збор 100 тыс. чалавек.

 

Пры гэтым агучваліся два магчымыя варыянты развіцця падзей. Першы зыходзіў з таго, што на «плошчы» збяруцца 100—150 тысяч, пры якіх гвалтоўны захоп улады быў найбольш рэальны. Таму задоўга да 19 снежня Дом урада быў выбраны ў якасці асноўнага аб’екта для захопу апазіцыяй.

 

Другі план меў на ўвазе наяўнасць на «плошчы» не больш як 10 тысяч чалавек, што, на думку лідараў ГК ГП, дазволіла б хоць неяк сябе паказаць і апраўдаць сваю дзейнасць перад замежнымі спонсарамі.

 

М. Статкевіч заяўляў у «незалежных» СМІ аб «трох варыянтах развіцця падзей» пасля выбараў: «Калі 100 тысяч і больш людзей прыйдуць на плошчу — гэта будзе свабодная і шчаслівая краіна; калі значна менш, але яны будуць рашуча змагацца, — то Беларусь таксама зменіцца да лепшага, няхай і не адразу; калі ж «плошча» пройдзе па прынцыпе «прыйшлі, пастаялі, паслухалі музыку і разышліся — краінай канчаткова авалодае страх і безнадзейнасць».

 

На Кастрычніцкай плошчы Мінска, трымаючыся нарыхтаванага і ўхваленага замежнымі экспертамі сцэнарыя, Андрэй Саннікаў зрабіў сенсацыйную аб’яву: «Рэжым Лукашэнкі паў, створаны ўрад народнага выратавання, у які ўвайшлі кандыдаты ў Прэзідэнты». Далей Саннікаў заклікаў прысутных ісці да Дома ўрада, дзе, паводле яго слоў, адбудуцца перамовы з уладай, якая капітулявала. Аплачаныя правакатары ровам і авацыямі сустрэлі гэты заклік, легкаверныя людзі рушылі за імі на Кастрычніцкую плошчу, да Дома ўрада. Відавочна тое, што была агучана грубая хлусня, але, па сутнасці, было аб’яўлена аб дзяржаўным перавароце і многія людзі былі ўцягнутыя ў абсалютна антызаконную і небяспечную акцыю. Далейшае вядома. Улада не стала мірыцца з беззаконнем і навяла парадак.

 

На месца пагрому прыбыў АМОН, на працягу некалькіх хвілін плошча была ачышчана.

 

Вялікі пшык, т.зв. «снежаньская рэвалюцыя» бясслаўна завяршылася.

 

На сваёй прэс-канферэнцыі 20 снежня Прэзідэнт даў указанне спецслужбам апублікаваць для інфармавання грамадскасці рассакрэчаныя дакументы, якія павінны паказаць падаплёку таго, што адбылося, бескампрамісна назваць імёны арганізатараў, натхняльнікаў і ўдзельнікаў беспарадкаў, у тым ліку і замежных, абнародаваць схемы фінансавання дэструктыўных арганізацый, патлумачыць, як пад шырмай сейбітаў «дэмакратыі» арудуюць людзі, для якіх нічога не каштуе ў ХХІ стагоддзі ў еўрапейскай краіне спланаваць і паспрабаваць наладзіць штучную і згубную «рэвалюцыю». З цынічнай і нахабнай мэтай навязаць народу іншы палітычны лад.

 

Магчыма, некаторых чытачоў шакіруюць лічбы фінансавых паступленняў, што ідуць да нас для падсілкоўвання «рэвалюцыянераў» з Захаду. Магчыма, у кагосьці выклічуць агіду паводзіны некаторых дыпламатаў і прадстаўнікоў спецслужбаў, якія груба ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай краіны…

 

Хтосьці, азнаёміўшыся з рассакрэчанымі дакументамі, з тэлефоннымі перагаворамі галоўных дзейных асоб, падцісне вусны, маўляў, што гэта за татальны кантроль? Не спяшайцеся рабіць высновы, спадары!

 

Па-першае, усе прававыя дзяржавы пакідаюць за сабой права кантраляваць дзейнасць дэструктыўных палітычных груп, каб перашкаджаць тэрарызму і масавым беспарадкам. Па-другое, пасля заведзенай па факце пагрому крымінальнай справы тэлефонныя размовы «дзейных і замешаных» асоб падлягаюць праверцы. Так наказвае закон! Па-трэцяе, калі б запушчаны працэс «каляровай рэвалюцыі» набраў ход, спыніць яго было б вельмі цяжка. Таму адпаведныя дзяржаўныя органы не толькі пільна адсочвалі абстаноўку, якая складвалася, але і змаглі на працягу некалькіх хвілін аднавіць парадак і законнасць.

 

Вінаватым у падбухторванні і беспарадках, іншых учынках прад’яўлены ў адпаведнасці з законам абвінавачанні.

 

ПЛАНАВАННЕ ДЗЕЙНАСЦІ

 

Вытрымкі з канфіскаванага «Стратэгічнага плана ГК ГП»

 

«Магчымыя дамінанты будучай контрпрапагандысцкай кампаніі. Фонавая кампанія (чуткі)».

 

«…Адным з элементаў кампаніі ў падтрымку кандыдата нацыянальнага даверу павінна стаць мэтанакіраванае прадуцыраванне імпульсаў для распаўсюджвання чутак. Чуткі — гэта інфармацыя, якая перадаецца з вуснаў у вусны і носіць вірусны характар распаўсюджвання. Ідэальным інфармацыйным носьбітам для такой кампаніі служыць інтэрнэт, асабліва сацыяльныя сеткі, блогі, «Твітэр» (сацыяльная інтэрнэт-сетка).

 

Добра праведзеная кампанія чутак прымушае ўладу пастаянна апраўдвацца, ствараецца так званая прэзумпцыя вінаватасці ўлады, узмацняецца ўзровень недаверу да яе.

 

Адной з базавых чутак, якая павінна іграць на працягу ўсёй кампаніі, з’яўляецца чутка аб магчымай адстаўцы Лукашэнкі. Яе задача — прывучыць грамадскую думку і думку эліты да самой магчымасці такога адыходу.

 

Прапануемыя цыклы чутак:

 

Персона Лукашэнкі і яго сям’я, чуткі аб прэзідэнце аслабляюць яго асабістую пазіцыю, разбураюць імідж моцнага і смелага, рашучага чалавека.

 

Прыводзім галоўныя накірункі і мэты «фонавай кампаніі»:

 

— Дрэннае здароўе Лукашэнкі і членаў яго сям’і.

 

— Лукашэнка лечыцца за мяжой і выдаткоўвае на гэта вялікія грошы.

 

— Асабісты капітал Лукашэнкі ў замежных банках. Гэтую акалічнасць варта падкрэсліваць і пастаянна павялічваць сумы.

 

Эканоміка. Чуткі аб эканамічных праблемах павінны супрацьдзейнічаць звесткам, што краіну крызіс амаль не закрануў.

 

Эфектыўныя таксама наступныя чуткі:

 

— Звольненых з кожным днём усё больш, наперадзе новыя звальненні.

 

— Краіну распрадаюць танна, прыватызацыя прадпрыемстваў ідзе скрытна і поўным ходам. Чыноўнікі за хабары распрадаюць дзяржаўную ўласнасць арабам і кітайцам.

 

— Урад не выканаў патрабаванняў МВФ, і патрабуецца датэрміновае вяртанне крэдытаў.

 

Падвяргаецца сумненню бяспека найбуйнейшых дзяржаўных праектаў.

 

— Пры будаўніцтве АЭС будзе выкарыстаны кітайскі рэактар, які можа быць выбухованебяспечным.

 

— Атамны рэактар на АЭС — насамрэч будучыя ракеты, платформа для ядзернага шантажу…».

 

*   *   *

 

Вытрымкі са «Стратэгічнага плана ГК ГП»

 

Для стварэння палітычнага крызісу ў краіне неабходна:

 

«Першы этап. Стварэнне ўмоў для дэлегітымізацыі вынікаў галасавання пры дапамозе «незалежнага» назірання, а таксама шляхам подкупу членаў выбарчых камісій.

 

Дырэктарат «Гавары праўду» прыступіў да вывучэння кіраўніцтва і членаў тэрытарыяльных выбаркамаў і патэнцыяльных кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі на месцах. Асаблівы акцэнт рабіўся на т.зв. перспектыўных выбарчых участках, дзе У. Някляеў карыстаўся пэўнай вядомасцю сярод выбаршчыкаў.

 

Мяркуецца пачаць персанальную работу з членамі камісій і іх кіраўнікамі на выбраных участках, каб на матэрыяльнай аснове схіліць іх да публічных заяў аб фальсіфікацыі аб’яўленых ЦВК вынікаў галасавання і агучвання «рэальных» лічбаў аддаўшых галасы за У. Някляева на канкрэтным участку».

 

Даведка. Для схілення службовых асоб да супрацоўніцтва з «кампаніяй» ім была паабяцана «кампенсацыя» ў памеры да 100 тыс. долараў ЗША.

 

ГК ГП разлічвала на тое, што, калі па рэспубліцы з падобнымі заявамі выступяць ад 3 да 5 («а калі атрымаецца, то і больш») кіраўнікоў выбарчых камісій, апаненты ўлады атрымаюць магчымасць «аргументавана» апратэставаць афіцыйныя вынікі выбараў, апеляваць да замежных структур і пачаць «абгрунтаваную» кампанію грамадзянскага непаслушэнства.

 

«Другі этап. Правядзенне масавых акцый пратэсту. Па меры праходжання асноўных стадый выбарчага працэсу апанентамі ўлады планавалася сінхронна нагнятаць сацыяльную абстаноўку ў краіне, павялічваючы па меры набліжэння даты выбараў колькасць удзельнікаў плануемых акцый пратэсту».

 

ФІНАНСАВАННЕ

З аператыўных матэрыялаў

 

«А. Міхалевіч адзначыў, што праходзіў навучанне ў Англіі, выязджаў у Польшчу і Германію. У адной з паездак у Германію яму пазваніла жанчына, якая назвалася нямецкай журналісткай А.М., і прапанавала сустрэцца. Падчас гэтай сустрэчы «журналістка» пачала задаваць пытанні, якія не датычыліся раней агаворанай тэмы гутаркі. У прыватнасці, яе цікавілі палітычныя і эканамічныя працэсы, што адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Пасля гэтага А. Міхалевіч яшчэ двойчы сустракаўся з ёю. На думку А. Міхалевіча, гэта была не журналістка, а прадстаўніца спецслужбаў Германіі.

 

А. Міхалевіч расказаў, што фінансаванне партыі БНФ ажыццяўляецца ў асноўным з ЗША, Германіі і Польшчы. Са слоў А. Міхалевіча, асноўная частка грантаў раскрадалася вярхушкай БНФ, не даходзячы да простых членаў партыі».

 

*   *   *

 

З аналітычнай запіскі

 

«Фінансавае становішча кандыдатаў ад апазіцыі.

 

Адзначана, што ў сувязі з адмовай донараў аказаць фінансавую дапамогу А. Мілінкевічу (экс-кандыдат у Прэзідэнты на выбарах 2006 года, лідар руху «За свабоду») і адсутнасцю грашовых сродкаў на збор подпісаў ён знаходзіцца ў дэпрэсіі. На тэлефонныя званкі па мабільным тэлефоне не адказвае.

 

Я. Раманчук атрымаў каля 150—200 тыс. долараў ЗША ад ІRІ на правядзенне лакальных акцый, пасля чаго паехаў у Германію і ЗША для атрымання дадатковага фінансавання.

 

А. Казулін балатавацца ў Прэзідэнты не мае намеру, разам з тым за матэрыяльную ўзнагароду гатовы аказваць садзейнічанне кампаніі «Гавары праўду» ў вылучэнні У. Някляева. Удзел у выбарах А. Казулін пазіцыянуе як магчымасць зарабіць грашовыя сродкі».

 

Са зводкі

 

Падчас папярэдніх перамоў з У. Някляевым А. Саннікаў заявіў, што «супрацоўніцтва з лідарам «Гавары праўду» для яго — удар па рэпутацыі, які будзе каштаваць не менш як 500 тыс. долараў ЗША.

 

«…А. Фядутам (ідэолагам ГК ГП) і А. Вардамацкім (дырэктар даследчай лабараторыі «Новак») абмеркаваны пытанні фінансавання ГК ГП у перыяд выбарчай кампаніі. На збор подпісаў у донараў плануецца атрымаць каля 400 тыс. долараў ЗША, на агітацыйную кампанію — 600 тыс. долараў ЗША. Падчас размеркавання грашовых сродкаў на збор подпісаў Ю. Слуцкая (у мінулым галоўны рэдактар газеты «Комсомольская правда в Белоруссии») заявіла, што ёй на медыйнае суправаджэнне неабходна 100 тысяч, С. Вазняк (давераная асоба Някляева) запрасіў 250 тысяч на выраб друкаванай прадукцыі. Кіраўніцтвам структуры прынята рашэнне аб пераносе гэтага пытання на наступны дырэктарат. Адзначана, што ў верасні А. Дзмітрыеву (кіраўнік штаба Някляева) будзе выдадзена 150.000 долараў ЗША (А. Фядута — 70.000 і А. Вардамацкі — 80.000).

 

З мэтай падрыхтоўкі для ГК ГП аналітычных дакументаў аб сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы А. Фядута прапанаваў выдзеліць са свайго пазабюджэтнага фонду 50.000—100.000 долараў ЗША для арганізацыі работы знешніх кансультантаў ГК ГП (В. Сіліцкі і інш.). На наступным Дырэктараце ім будзе прадстаўлены спіс кансультантаў і іх заработныя платы.

 

А. Фядута паведаміў, што на яго ініцыятыўна выйшаў старшыня ЛДП С. Гайдукевіч (лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі), які прапанаваў за 1.000.000 долараў ЗША аказаць садзейнічанне кампаніі «Гавары праўду» па прасоўванні яе кандыдата на будучых выбарах і зняць сваю кандыдатуру ў яго падтрымку. Члены Дырэктарата палічылі, што гэта — правакацыя праваахоўных структур. А. Фядута адзначыў, што, магчыма, С. Гайдукевіч з’яўляецца правадніком дыялогу з уладай.

 

С. Вазняк паведаміў, што ў «Гавары праўду» ён быў запрошаны асабіста А. Фядутам.

 

Паводле слоў С. Вазняка, «спонсарамі» ГК ГП з’яўляліся прадстаўнікі «дзяржаўнай структуры» Рэспублікі Польшча (МЗС Польшчы).

 

Іншаземцы кантактавалі выключна з выбранымі імі кіраўнікамі «кампаніі»: першапачаткова з А. Фядутам і далей (прыкладна з мая 2010  г.) з А. Дзмітрыевым і У. Някляевым.

 

У задачы С. Вазняка ўваходзіла перапраўка перададзеных яму А. Фядутам і А. Дзмітрыевым за мяжой фінансавых сродкаў у Беларусь. Атрымаўшы грошы ад названых асоб, ён (асабіста са спонсарамі не кантактаваў) павінен быў даставіць іх у РБ».

 

*   *   *

 

З аператыўнай зводкі органаў дзяржбяспекі

 

19 ліпеня, пасля таго, як А. Дзмітрыеў даў згоду кіраўніку NЕD Р. Патоцкаму прыняць удзел у моладзевай групе па арганізацыі «плошчы», на яго выйшаў лідар «Маладога фронту» (МФ) Д. Дашкевіч з прапановай абмеркаваць план дзеянняў структуры, якая стваралася. Д. Дашкевіч прапанаваў выклікаць моладзевую групу «Беларусь за свабоду» або «Свабодная плошча». Адзначыў, што ў яе склад увойдуць прадстаўнікі «Маладога фронту», «Правага альянсу», БНФ і руху «За свабоду» або «Свабодная плошча». Каардынатары — Д. Дашкевіч і прадстаўнік «За свабоду».

 

У пачатку жніўня ў Еўрапейскім саюзе Д. Дашкевіч правядзе азнаямляльную сустрэчу прадстаўнікоў моладзевай групы, дзе будуць распрацаваны прапановы па арганізацыі «плошчы» і бюджэт структуры (мяркуецца да 2.000.000 долараў ЗША — частка будзе асвоена «МФ»). Паступленне грошай запланавана на верасень. З верасня па кастрычнік у г. Мінску ў спартыўных магазінах і на рынках актывісты структуры будуць закупляць палаткі (каля 500 шт.) і іншы інвентар, якія будуць захоўвацца на канспіратыўных кватэрах. Д. Дашкевіч плануе сабраць на «плошчы» каля 3.000 чалавек. У выпадку блакіравання праваахоўнымі структурамі Кастрычніцкай плошчы разглядаецца іншае месца, дзе будзе ўсталяваны палатачны гарадок».

 

*   *   *

 

 

Копія кантракта на атрыманне гранта праваахоўным цэнтрам «Вясна» ад «Абаронцаў грамадзянскіх правоў». Сродкі выдаткоўваліся на праваабарончую дзейнасць, але выкарыстоўваліся вельмі адвольна…

 

Фрагмент электроннай перапіскі па сістэме «Скайп» паміж А. Бяляцкім (віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, Мінск) і каардынатарам ад фонду «Свабода і дэмакратыя» (Варшава)

 

— Добры дзень, гэта Марэк. Ёсць невялікая просьба. Дашлі, калі ласка, звесткі. На англійскай можна?

 

— Добры дзень, слухаю.

 

— Просьба такая: ці можна з вашага боку — калі хтосьці з Польшчы будзе ў вас пытацца — пацвердзіць, што наш фонд саўдзельнічаў у стварэнні вашай вялікай базы па рэпрэсіях у рамках праекта па рэпрэсіраваных? Наўрад ці хтосьці будзе пытацца, але раптам… Справа ў тым, што наш МЗС хоча ведаць, які інфармацыйны эфект ад нашага праекта. Нам трэба штосьці ім адказаць. Ну вось так і адказалі, што дапамагалі бясплатна. Сам разумееш, у чым тут справа.

 

— ОК, добра, калі просяць — пацвердзім.

 

— Дзякуй! А што датычыцца гэтага года, то на выплаты для рэпрэсіраваных 200 тысяч злотых. Плюс ганарар для вашай каардынатаршы. 200 тысяч злотых — гэта дзесьці 7 тысяч долараў будзе.

 

— Ужо зацвердзілі?

 

— Так.

 

— Супер!

 

— Цяпер чакаем грошай на рахунак. І можа, мы з вамі папярэдне потым узгоднім у Варшаве, хто атрымае?

 

— Я думаю, што можна будзе вызначыцца.

 

— МЗС урэзаў напалову. Мы прасілі 500 тысяч злотых.

 

— Літаральна сёння і пачнём тады. Але і гэта добра, бо ў нас ёсць каля 40.000 з НЭДа, але палову з іх мы ўжо выдаткавалі…

 

— Там поўнае выкраданне грошай ідзе. Далі камусьці ў Беларусь на два праекты па супрацоўніцтве ў галіне… ветэрынарыі. 10 працэнтаў усіх грошай МЗСа на замежную дапамогу атрымала адно аграпрадпрыемства з паўночнай Польшчы! Два з паловай мільёны злотых ім далі! Карупцыя поўная.

 

— Ад нас гэта далёка… вам бачней…

 

— А ўчора вашым апазіцыянерам Сікорскі выхваляўся, што ён вельмі дапамагае рэпрэсаваным, і давалі прыклад нашага праекта. Хлусня татальная.

 

— Ха-ха-ха!!! Баюся, што ПАЛІТЫКІ, ЯНЫ ўсе такія.

 

*   *   *

 

З аператыўнай зводкі

 

«У шэрагу выпадкаў С. Вазняк выклікаў рэгіянальных каардынатараў ГК ГП у Вільнюс, дзе ў абумоўленым месцы (гасцініца альбо кавярня) выдаваў кожнаму агавораную суму ў наяўнай валюце.

 

У іншых выпадках С. Вазняком была распрацавана іншая схема. Так, атрымаўшы грошы ад А. Дзмітрыева, ён размяркоўваў выдадзеную яму суму па камерах захоўвання на чыгуначным вакзале Вільнюса (альбо па банкаўскіх ячэйках). Далей, звязаўшыся па сістэме «Скайп» з рэгіянальнымі каардынатарамі, ён называў кожнаму нумар, код ячэйкі, дату і час, калі названаму функцыянеру альбо выбранай ім асобе неабходна было прыбыць у Літву і забраць грошы.

 

Такім чынам, С. Вазняк персанальна дыстанцыраваўся ад асабістага ўдзелу ў раздачы грошай, а абазначэнне зададзенай даты дазваляла ўпэўніцца ў тым, што кур’еры не змогуць убачыць адно аднаго падчас вымання сродкаў з названых камер захоўвання ў Літве.

 

Грошы перапраўляліся ў Рэспубліку Беларусь толькі ў выглядзе наяўнай валюты выбранымі кур’ерамі.

 

С. Вазняк адзначыў, што летам 2010 г. ён атрымаў ад А.  Дзмітрыева ў Вільнюсе сумку з вялікай сумай наяўнай валюты (па асабістай ацэнцы — больш за 700 тыс. долараў ЗША).

ТАЙНА СЛЕДСТВА

 

Няма ніякіх сумненняў, што да падзей 19 снежня прыклалі руку перш за ўсё спецслужбы Польшчы і Германіі, якія спланавалі і арганізацыйна аформілі ГК ГП, якая па задуме павінна была стаць «Новай апазіцыйнай сілай», здольнай змяніць уладу ў краіне. Для дасягнення гэтай мэты былі падабраны арганізатары і тэхнолагі, прыцягнуты буйныя фінансавыя сродкі, якія пад «дахам» розных фондаў кантрабандна перапраўляліся ў Беларусь. Палігонам для арганізацыйнага фарміравання сілы, здольнай змяніць у Беларусі законную ўладу, стала Польшча. Там былі наладжаны спецыяльныя і трэніровачныя лагеры для «актывістаў», там рыхтаваўся будучы кіруючы клас, там узгадняліся асноўныя знешнепалітычныя рашэнні з прыцягненнем дыпламатычнага корпусу. Усё гэта выклікае шкадаванне, хоць бы таму, што народ брацкай Польшчы мае самыя цесныя сувязі з беларускім народам. Шкада, што гэтага не хочуць разумець некаторыя палітыканы.

 

Як вядома, цяпер асноўныя падбухторшчыкі і завадатары арыштаваныя, ім прад’яўлена абвінавачанне, ідзе следства, якое расставіць усё па сваіх месцах. Гэтых людзей затрымалі не за іх палітычныя погляды. Іх арыштавалі за канкрэтныя дзеянні, якія выявіліся ў т.л. у спробе захапіць Дом урада і ўцягнуць краіну ў хаос. За стварэнне незаконнага «ўрада».

 

Прыводзіцца фрагмент допыту аднаго з фігурантаў крымінальнай справы, які пралівае святло на многія падзеі. І перш за ўсё на актыўны ўдзел у мінскіх падзеях афіцыйных прадстаўнікоў з Варшавы і Берліна.

 

*   *   *

 

З пратакола

 

Супрацоўнік (М) задае пытанні высокапастаўленаму функцыянеру ГК ГП (М1)

 

«М1. Наконт крыніцы грошай я вам ужо ўчора сказаў, мая думка будзе нязменнай, мне ўсё адно, хто што скажа. Гэта нямецкія грошы, гэта нямецкая палітыка. І далей, гэта проста выкарыстанне краін, якія, скажам, да Германіі маюць непасрэднае дачыненне.

 

М. Гэта Польшча і краіны Балтыі?

 

М1. Гэта ў асноўным Балтыя, гэта Польшча, гэта крыху Швецыя. Цяпер не маецца на ўвазе фінансава, тут маецца на ўвазе арганізацыйна. І тут у мяне няма іншага адказу, я гэта казаў.

 

М. Зразумела.

 

М1. Я зусім упэўнены, калі ўчора гаварылі наконт Мілінкевіча, я якраз лічу, што проста Германія зрабіла так, каб Мілінкевіча сярод фінансаваных не было. Гэта была, магчыма, нейкая дамова, а не адабранне грошай у Мілінкевіча.

 

М. Скажы, вось дзесьці месяц таму ты ездзіў у Польшчу, калі ўзніклі першыя праблемы «перагону» грошай, з кім ты там кантактаваў?

 

М1. Калі я быў з Някляевым, вы маеце на ўвазе?

 

М. Так, нібыта ты быў з Някляевым.

 

М1. Дык гэта быў афіцыйны візіт.

 

М. З кім гутарылі наконт фінансавання?

 

М1. Я там з усімі размаўляў наконт фінансавання. Мы размаўлялі з Літвіным (намеснік міністра замежных спраў Польшчы) і з людзьмі, якія нам назваліся, як з канцылярыі. Гэта значыць, мы з імі гутарылі як просьбіты: «Так, нам патрэбны дадатковыя сродкі, ці можаце вы нам чым-небудзь дапамагчы?» Плюс у нас там была вельмі важная сустрэча, дарэчы, менавіта ў Польшчы ў нас была вельмі важная сустрэча з немцамі.

 

М. А з якімі немцамі?

 

М1. Там была падборка экспертаў.

 

М. Хто арганізоўваў сустрэчу з палякамі?

 

М1. Немцы і арганізоўвалі для нас сустрэчу з палякамі. Але я ўжо таксама гаварыў учора, што калі мы былі ў прыёмнай, мне памочніца кінула такую фразу, што…

 

М. У прыёмнай у каго?

 

М1. Па-мойму, у Літвіна, я цяпер ужо… Кінула такую фразу… або прыёмная Сікорскага, або прыёмная Літвіна, не памятаю, чыя гэта памочніца была, якая кінула фразу: «Вы павінны быць удзячныя вашай сустрэчы ў Польшчы».

 

М. А як ты лічыш, у сувязі з чым было скарочана фінансаванне? Крыху сталі самастойнымі?

 

М1. Не, прэзідэнцкія выбары, яны павінны былі быць прамежкавымі, мэта — паціху ўваходзіць у парламент, такім чынам, легалізацыя адносін і нібыта работа з Беларуссю. І прэзідэнцкія выбары павінны былі быць проста этапам. Мы павінны былі сябе паказаць, мы павінны былі праявіць лідарства, мы павінны былі сфарміравацца як новая апазіцыя, з якой будуць размаўляць у Еўропе.

 

М. Гэтую стратэгію хтосьці агучваў?

 

М1. Гэтую стратэгію не агучвалі, у апошні раз у Бруселі проста сказалі Някляеву, не так, як можа быць, але ў прынцыпе Някляеву сказалі: «Мы зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі прызнаныя настолькі, наколькі гэта Еўропа можа прызнаць, што гэта быў дыялог і гэтак далей. Мілінкевіч ужо адыграны, і ніхто з ім не будзе працягваць дыялог, патрэбен новы лідар, новая структура, гэта дасць нармальную магчымасць весці міжнародную палітыку, але пры гэтым будзе паралельны дыялог. Адпаведна ў далейшым, калі раптам гэтая структура пачне дыялог з уладай, усе будуць гэтаму дыялогу давяраць. Гэта значыць, Еўропа зможа яго падтрымліваць. Ёсць людзі, дыялог з якімі, хоць іх і лічаць апазіцыяй, яны апазіцыяй для іх не з’яўляюцца.

 

Цярэшчанка, Гайдукевіч, цяпер ужо Міхалевіч. Еўропа не можа прыняць такую апазіцыю, для яе гэта немагчыма з-за палітычных прычын. Патрэбна апазіцыя, якая будзе такая дастаткова, ну не радыкальная, але апазіцыя, тады пачнецца дыялог, які будзе ўсім выгадны».

 

…Працяг гутаркі

 

«М. Фядута ад’язджаў з дакументамі якімі-небудзь?

 

М1. Так. Мы працягвалі працаваць, ён там ад’язджаў, вяртаўся. Але ў цэлым стратэгію напісалі мы, гэта значыць, там не было кагосьці, хто нам гаварыў, як правільна. Вы ведаеце, я вось думаю, адзін з варыянтаў, напрыклад, чаму не сказалі адразу там, што Германія. Адзін з варыянтаў можа быць: таму што Германія ніколі не працавала з вялікімі праектамі тут палітычнымі. Магчыма, гэта такая спроба, скажам, спусціцца на тых, хто з’яўляецца прывычнымі спонсарамі, кшталту краіны Балтыі, Польшча тая ж самая. Гэта значыць спусціцца на тым, што будзе прывычна для ўлады. З іншага боку, у выпадку, напрыклад, правалу Германія застанецца, самі разумееце, з незаплямленай рэпутацыяй. Бо можна было проста дамовіцца з Польшчай, каб Польшча больш не фінансавала.

 

М. Хто спрабаваў арганізаваць дыялог Мілінкевіча? Германія? Гэта ў дачыненні да пытання, удзельнічала яна ў праектах якіх-небудзь або не.

 

М1. Мне проста здаецца, што Польшча не самастойны гулец у такой палітыцы.

 

М. Але яна вельмі хацела быць самастойным гульцом. Я разумею, пра што ты гаворыш. Але ёй проста маглі даць якія-небудзь паўнамоцтвы, шанц.

 

М1. Зыходзячы з апошніх нашых сустрэч, дзе ўжо былі размовы з Вестэрвеле, мне якраз здавалася, што ў выпадку працягу Германія будзе больш выходзіць з ценю.

 

М. А ініцыятыва сустрэчы зыходзіла ад каго?

 

М1. Ініцыятыва сустрэчы з Вестэрвеле?

 

М. Так.

 

М1. У нас не было сустрэчы, у нас была тэлефонная размова Някляева з ім. Але гэта была ініцыятыва нямецкага боку, калі мы былі ў Бруселі.

 

М. А пра што яны гаварылі?

 

М1. Там нейкія агульныя рэчы. Ён пацвердзіў тое, што было сказана на сустрэчы ў Бруселі наконт таго, што Беларусь павінна рухацца ў еўрапейскім кірунку, што, безумоўна, Расія не будзе так лёгка адпускаць Беларусь…»

 

 

Сцэнар развіцця падзей, які рыхтаваўся і прывёў да штурму Дома Урада, спачатку базіраваўся на вялікім фінансаванні, ільвіная доля якога паступала на дзейнасць ГК  »Гавары праўду».

 

*  *  *

 

З аператыўнай зводкі

 

«У. Някляеў напярэдадні дня выбараў кантактаваў з пасламі Польшчы, Германіі, Швецыі па пытанні несанкцыянаванага мітынгу, які павінен быў адбыцца.

 

У. Някляеў напярэдадні выбараў сустракаўся з Е. Бузекам (старшыня Еўрапарламента), Р. Сікорскім (міністр замежных спраў Польшчы), В. Клаусам (прэзідэнт Чэхіі), Г. Вестэрвеле (міністр замежных спраў Германіі). На сустрэчах абмяркоўваліся пытанні дапамогі і асабістай падтрымкі кандыдата.

 

У Расіі У.  Някляеў сустракаўся з прадстаўніком адміністрацыі Прэзідэнта РФ, якому сумесна з А. Саннікавым прапаноўваў варыянт эканамічнай блакады Рэспублікі Беларусь праз аб’яўленне небяспечнымі для здароўя беларускіх тавараў. Мэта — страта Беларуссю выхаду на рынак Расіі і праблемы ў эканоміцы. 01—02.09.2010 лідары «Гавары праўду» У. Някляеў і А. Фядута наведалі Маскву з мэтай устанаўлення кантактаў з супрацоўнікамі адміністрацыі Прэзідэнта РФ для аказання фінансавай і метадычнай дапамогі кампаніі «Гавары праўду», а таксама яе лідару па вылучэнні кандыдатам на выбарах. Падрыхтоўкай візіту займаўся А. Фядута.

 

Адбылася сустрэча У. Някляева і А. Фядуты з кіраўніком Міжнароднага фінансавага цэнтра Расіі А. Валошыным, які ўзначальваў у 1999—2003 гг. адміністрацыю Прэзідэнта РФ. Гаворка ішла пра магчымае фінансаванне ГК ГП з боку буйнога бізнэсу, у сферу інтарэсаў якога ўваходзіць набыццё па мінімальных цэнах буйных прамысловых прадпрыемстваў і перспектыўных зямельных участкаў для будаўніцтва.

 

* * *

 

Асноўныя артыкулы расходаў ГК «Гавары праўду»:

 

1. Функцыянаванне штабоў — зарплаты, арэнда офісаў, аргтэхніка, службы бяспекі.

 

2. Інфармацыйная кампанія, кампанія ў інтэрнэце — аплата вытворчасці, размяшчэння ў СМІ, арэнда сервераў, стварэнне і падтрымка сайта і іншых інфармацыйных рэсурсаў, набыццё газеты на час перадвыбарнай кампаніі.

 

3. Праца валанцёраў — збор подпісаў, агітацыя, пікеты, распаўсюджванне матэрыялаў.

 

4. Спадарожныя расходы — аплата мабільных тэлефонаў, транспартных расходаў, пражывання і харчавання ў камандзіроўках, іншых расходаў, звязаных з вядзеннем кампаніі.

 

5. Навучанне камандаў.

 

6. Юрыдычная служба і аператыўнае юрыдычнае рэагаванне.

 

7. Сацыялагічная служба.

 

8. Арганізацыя кантролю над галасаваннем.

 

9. Мабілізацыя на абарону вынікаў выбараў.

 

Разлік агульнага кошту зарплата кампаніі можа быць зыходзячы з 3 долараў за выбаршчыка. Пры неабходнасці адпрацоўкі 5 млн выбаршчыкаў.

 

Формула наступная: 5 USD*3 млн = 15 млн + 10% ад бюджэту закладаецца на непрадбачаныя расходы і змяненні ў планах = 16,5 млн. USD. У гэтую суму ўваходзіў і кошт мабілізацыі на плошчу.

 

Прыкладны кошт «плошчы» разлічваўся па схеме:

 

Харчаванне — 50 000 человек*10 USD = 500 000 USD в день.

 

Меркавалася, што колькасць людзей, якія стаяць на плошчы, паступова нарастае, 50 000 чалавек — найбольшая колькасць, якая адначасова знаходзіцца на плошчы.

 

Загадзя (мінімум за 4 месяцы да выбараў) закупляецца інвентар для адначасовага знаходжання на плошчы 15 000 чалавек з разліку 30 долараў на аднаго чалавека = 450 000 USD.

 

Кошт захоўвання і дастаўкі — 100 000 USD.

 

З аналітычнай запіскі

 

Адносна крыніцы паходжання грошай члены Дырэктарата ГК ГП адзначалі, што гэтыя сродкі афіцыйных еўрапейскіх структур («з Бруселя»). На іх думку, ні ў кога гэтых грошай больш няма. Ні Польшча, ні Германія, ніякая іншая краіна не можа аднаасобна выдзеліць такую суму. Пры гэтым у схеме фінансавання ГК ГП Германія з’яўляецца асноўным гульцом. «Спонсарамі» таксама з’яўляліся прадстаўнікі «дзяржаўнай структуры» Рэспублікі Польшча.

 

У якасці аднаго з асноўных каналаў дастаўкі грошай у Беларусь каардынатар кампаніі С. Вазняк выкарыстоўваў кур’ераў з ліку студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (г. Вільнюс), з якімі падтрымліваў добрыя сувязі. Кур’еры пераважна пераходзілі мяжу пешшу, бо ў гэтым выпадку менш рызыкі іх асабістага дагляду. Прадугледжвалася, што ў Беларусі грошы захоўвацца не будуць, а адразу раздавацца зацікаўленым (членам Дырэктарата). У некаторых выпадках за раз перавозілася 150—200 тысяч долараў ЗША. Пасля дастаўкі ў максімальна сціснутыя тэрміны фінансавыя сродкі раздаваліся ўсім службам ГК ГП. У Літве, Польшчы, Эстоніі і Латвіі рэзерваваліся ячэйкі ў банках, куды донар змяшчаў грошы для кур’ераў.

 

Інструкцыя для функцыянераў ГК «Гавары праўду»
па дастаўцы, захоўванні і легалізацыі фінансавых сродкаў у Беларусі

 

Існуюць чатыры этапы ў рабоце з фінансамі па праекце:

1. Дастаўка грошай у Беларусь

Існуе некалькі варыянтаў дастаўкі грошай у Беларусь, у кожнага з іх ёсць свае станоўчыя і негатыўныя бакі. Ніводзін варыянт не можа быць адзіным, аптымальным з’яўляецца спалучэнне розных варыянтаў у залежнасці ад сітуацыі. Асноўным будзе з’яўляцца варыянт «Кур’ер».

 

Безнаяўны разлік — такі спосаб магчымы для сацыялагічнай службы і часткова медыяслужбы.

 

Як гэта працуе: грошы перадаюцца ў межах ЕС (Варшава, Вільнюс, Рыга, Талін) кіраўніку сацыялагічнай службы. Ён перадае грошы ў кампанію ў гэтай краіне, і кампанія робіць афіцыйны заказ Лабараторыі ў Беларусі на правядзенне сацыялагічнага даследавання, аплачваючы паслугі па безнаяўным разліку. Па такой жа схеме можа быць часткова аплачана медыяслужба.

 

Кошт: падатак з прыбытку 15%, банкаўская камісія да 3%, ПДВ 18% + працэнт кампаніі, якая пералічвае.

 

Плюсы:

 

а) легалізацыя дзейнасці Лабараторыі ў Беларусі і медыякампаніі;

 

б) легалізацыя грошай.

 

Мінусы: абмежаваны аб’ём грошай, які можа быць пералічаны (да 60 000 долараў у год).

 

«Mаstеr Саrd» — некаторыя банкі дазваляюць адкрываць рахункі, у тым ліку і на імёны, не пацверджаныя дакументамі. Гэта дае магчымасць мець некалькі рахункаў на розныя імёны, як звязаныя, так і не звязаныя з праектам. Важным з’яўляецца, што пры зняцці грошай з банкамата картка не рэгіструецца, а рэгіструецца толькі ў выпадку аплаты карткай паслуг.

 

Як гэта працуе: грошы прывозяцца ў патрэбны горад або бяруцца з ячэйкі ў банку (гл. варыянт захоўвання «Сейф») і кладуцца на рахункі ў банку, каб пасля зняць іх праз банкаматы. Сума, якую можна пакласці за раз, — 25 000 долараў, перыядычнасць — прыкладна раз у месяц. Такім спосабам карыстаюцца бізнэсмены.

 

Кошт: банкаўская камісія 3%, камісія пры здыманні — да 2%.

 

Плюсы:

 

а) адсутнасць патрэбы перасякаць мяжу і легалізацыя грошай у краіне;

 

б) магчымасць здымаць грошы ў краіне;

 

в) кіраванне сумай кожным, хто здымае грошы;

 

г) гэты спосаб не выклікае падазрэнняў, у тым ліку ў банка, што гэта грошы бізнэсу, а не палітыкі, што для банка звычайна.

 

Мінусы:

 

а) абмежаваная сума за раз;

 

б) абмежаванне пры зняцці грошай у банкамаце ў памеры 1000 еўра ў дзень.

 

«Партнёр» — у суседніх з Беларуссю краінах рэгістрацыя грамадскіх арганізацый вельмі простая. НГА могуць існаваць на ахвяраванні сваіх членаў і трэціх асоб, а таксама самі выступаць у ролі донара. Грошы, атрыманыя ў Беларусі як ахвяраванне, могуць абкладацца падаткам да 15% і далей выкарыстоўвацца па сваім вырашэнні.

 

Як гэта працуе: рэгіструецца арганізацыя, на рахунак якой уносіцца сума грошай. Гэта арганізацыя ахвяруе грошы ўстанове «Гавары праўду», за якія ўстанова аплачвае офіс і накладныя штодзённыя расходы, а таксама наймае на працу персанал. Важна, каб у заснавальніках гэтай арганізацыі выступалі толькі грамадзяне іншай дзяржавы (знаёмыя і сябры членаў Дырэктарата, акрамя грамадзян Рэспублікі Польшча). Такіх арганізацый можа быць некалькі, і яны могуць узнікаць адразу адна пасля закрыцця другой. Кожная арганізацыя не можа быць выкарыстана больш чым тры-чатыры месяцы. Сума грошай можа быць розная і павінна быць дадаткова ўзгоднена з юрыстамі.

 

Кошт: рэгістрацыя арганізацыі, 5-7% за перавод, банкаўская камісія.

 

Плюсы: легалізуецца дзейнасць і расходы цэнтральнага штаба.

 

Мінусы:

 

а) абмежаванасць рэсурсаў, такі метад можа быць толькі для забеспячэння жыццядзейнасці Цэнтральнага штаба;

 

б) за час правядзення кампаніі неабходна будзе зарэгістраваць і ліквідаваць;

 

в) неабходны час для рэгістрацыі арганізацый партнёраў.

 

«Кур’ер» — гэты спосаб будзе асноўным за час кампаніі. Гэты варыянт з’яўляецца самым распаўсюджаным і, нягледзячы на найбольшую рызыку, самым эфектыўным. Ён заснаваны на веданні псіхалогіі пагранічных службаў і паводзінах у адпаведнасці з гэтым. У Беларусь без дэкларавання можна ўвезці да 10 000 долараў.

 

Наём кур’ера. Кожны член Дырэктарата падбірае сваю каманду кур’ераў, якія, прытрымліваючыся агульных правіл бяспекі, дастаўляюць грошы ў адпаведнасці з графікам гэтага члена Дырэктарата. Пажаданым з’яўляецца наём кур’ераў праз трэціх асоб. Кур’ерам з’яўляецца чалавек, які не мае дачынення да кампаніі, палітыкі і грамадскага жыцця ў Беларусі. Іншымі словамі, «звычайны грамадзянін».

 

Найлепшымі варыянтамі кур’ераў з’яўляюцца: 1) Пажылыя людзі. 2) Сям’я з маленькім дзіцем. 3) Студэнт. 4) Інвалід. Кур’еры ніколі не ведаюць адзін аднаго.

 

Кур’ер не ведае сапраўднага прызначэння грошай, а толькі легенду. Згодна з легендай, грошы ўвозяцца ў Беларусь як наяўны прыбытак бізнэсу, які не дэкларуецца. Таксама кур’еру даводзяцца правілы паводзін і інфармацыя ў адпаведнасці з Інструкцыяй.

 

Дастаўка грошай. Кур’ер прыязджае ў краіну знаходжання грошай і атрымлівае суму для транспарціроўкі. Сума выдаецца не ў горадзе знаходжання, а ў іншым горадзе або месцы. Рэйс, на якім ён вяртаецца ў Беларусь, павінен перасякаць мяжу ўначы, што выклікае псіхалагічныя складанасці ў правядзенні дадатковых пошукаў пагранічнымі службамі. У кур’ера не павінна быць шмат рэчаў, і ўсё яны павінны адразу ляжаць такім чынам, каб знаходзіцца ў прамой бачнасці пагранічных службаў, што стварае пачуццё «даверу і празрыстасці». Усё, што выстаўляецца ў поле зроку пагранічных службаў, павінна быць гатова да агляду. Грошы знаходзяцца ў спецыяльным поясе на целе кур’ера, так што знайсці іх можна толькі з дапамогай асабістага дагляду. Асабісты дагляд робіцца толькі па прамым загадзе з цэнтра, такія загады аддаюцца ў дачыненні да асоб, занесеных у спецыяльны спіс. У дачыненні да звычайнага грамадзяніна асабісты дагляд практычна не ўжываецца з-за складанасці працэдуры (неабходна затрымліваць транспарт, складаць падрабязны пратакол, указваць прычыну дагляду).

 

У кур’ера ёсць толькі адзін нумар (літоўскі і да т.п.), на які ён павінен выслаць sms у выпадку правалу. Пажадана, каб паралельна быў наняты «назіральнік», пра якога кур’ер не мае ўяўлення. «Назіральнік» не ведае аб праекце і аб падрабязнасцях, звязаных з кур’ерам. Задача «назіральніка» — знаходзіцца побач з кур’ерам, сачыць за магчымай сочкай, паведамляць у выпадку экстранных сітуацый на літоўскі нумар. Таму яму купляецца білет у тое ж купэ або на той жа рэйс побач з кур’ерам. Кур’ер не знаёмы з «назіральнікам». Аднаго кур’ера можна выкарыстоўваць чатыры разы не часцей чым раз-два ў месяц. Сам кур’ер не ведае графіка сваіх паездак і атрымлівае інфармацыю асобна пра кожную паездку, не маючы ўяўлення, ці будуць да яго яшчэ раз звяртацца.

 

Пры рэалізацыі такога варыянта неабходна візавая падтрымка з боку МЗС для кур’ераў: член Дырэктарата прыходзіць у пасольства РП са спісам людзей, якія «ўдзельнічаюць у серыі семінараў, якія праводзяцца ў розны час у РП з рознай тэматыкай, напрыклад, «Дэмакратычныя інстытуты РП», падае гэты спіс з пашпартамі і запоўненымі анкетамі і пасля прыходзіць і забірае пашпарты. Патрэбны будуць 6-месячныя мультышэнгенскія візы. Прыкладная перыядычнасць падачы на візы — раз у два месяцы, за 5 месяцаў да выбараў — раз у месяц.

 

У асобных выпадках у якасці кур’ераў могуць выступаць арганізаваныя групы.

 

Напрыклад, з 10 снежня па 13 снежня 2009 года ў Вільнюсе будзе праходзіць семінар, наладжаны членам Дырэктарата кампаніі. У ім возьмуць удзел 28 беларусаў, якія змогуць выступіць у ролі кур’ераў і вывезці з Літвы ў Беларусь суму ў межах дазволенай (10 000 долараў ЗША) кожны. Напрыклад, 9000 долараў ЗША кожны. Такім чынам, калі грошы будуць дастаўлены ў Вільнюс да 12 снежня, група можа вывезці ў Беларусь 252 000 долараў ЗША, лічачы, што гэта грошы праекта, у якім яны бяруць удзел.

 

Члены Дырэктарата кампаніі і члены іх сем’яў могуць выступаць у ролі кур’ераў да канца 2009 года.

 

Кошт: аплата праезду кур’ера да 60 долараў ЗША, харчаванне на адзін дзень 30 долараў, аплата паслугі да 2% ад сумы, якая перавозіцца, sіm-карткі літоўскага аператара, танны мабільны тэлефон.

 

Плюсы: магчымасць перакідваць вялікія сумы наяўнымі грашыма (да 200 000 за адну паездку).

 

Мінусы: рызыка выяўлення кур’ера і страты грошай.

 

2. Легалізацыя грошай у Беларусі

 

Легалізацыя асноўнай масы грошай адбываецца праз распаўсюджванне чутак пра тое, што кампанія «Гавары праўду» з’яўляецца праектам, які прафінансаваны Бруселем, праз нямецкага партнёра. Гэта пераканаўча, таму што ўсе ведаюць, што ў Бруселі ёсць грошы, і не ведаюць, як іх атрымаць, таму ніхто не здзівіцца, што камусьці ўсё ж гэта ўдалося. Наяўнасць нямецкага партнёра кажа пра тое, што кампанія не можа быць накіравана супраць улады ў Беларусі. Чутка распаўсюджваецца «па сакрэце» пры наборы супрацоўнікаў службаў і пры камунікацыях з трэцімі асобамі.

 

Частка грошай будзе легалізавана пры рэалізацыі варыянтаў дастаўкі «MаstеrСаrd», «Безнаяўны разлік» і «Партнёр». Таксама часткова грошы будуць легалізаваныя праз афіцыйнае запазычанне і дэкларацыю іх у падатковай службе, а таксама праз фіктыўныя кантракты з кампаніямі на выкананне нейкай працы. Сума легалізаваных сродкаў на кожнага члена Дырэктарата, а таксама на кандыдата павінна складаць не менш за 10 000 долараў ЗША.

 

3. Захоўванне грошай

 

Пры захоўванні грошай дзейнічае тая ж сістэма, што і пры дастаўцы. Гарызантальныя сувязі паміж людзьмі больш трывалыя і надзейныя, чым інстытуцыйныя. Таму першапачаткова варыянты зняцця ячэек у беларускіх банках адпадаюць.

 

«Сейф» — заканадаўства Літвы, Латвіі, Эстоніі — дазваляе іншаземцам здымаць ячэйкі ў банках, гэтая інфармацыя з’яўляецца банкаўскім сакрэтам і не падлягае выдаванню трэцім асобам. Важнай з’яўляецца магчымасць доступу некалькіх асоб да адной ячэйкі.

 

Як гэта працуе.

 

Этап 1. Арэнда ячэек

 

Кожны з членаў Дырэктарата арандуе ячэйкі ў Рызе, Вільнюсе, Таліне разам з прадстаўніком МЗС, даючы яму права аднаасобнага доступу да ячэйкі.

 

Важна: У кожнага члена Дырэктарата, такім чынам, у наяўнасці ёсць дзве-тры ячэйкі ў сталіцах краін Балтыі, якія напаўняюцца ў адпаведнасці з агульнай фінансавай заяўкай, а грошы бяруцца па меры патрэбнасці кожнага з членаў Дырэктарата. Пры зняцці ячэйкі членам Дырэктарата пажадана, каб доступ да ячэйкі быў дазволены камусьці яшчэ з Дырэктарата на экстранны выпадак.

 

Этап 2. Напаўненне ячэек

 

Прадстаўнік МЗС Польшчы прывозіць неабходную суму ў Вільнюс, Рыгу, Талін і напаўняе ячэйку кожнага з членаў Дырэктарата сумай, загадзя абумоўленай у заяўцы на фінансаванне.

 

Этап 3. Выманне грошай з ячэйкі

 

Член Дырэктарата прыязджае ў горад, дзе пакінуты грошы, забірае патрэбную яму суму з ячэйкі. Пасля гэтага ў сілу ўваходзіць адзін з планаў па дастаўцы грошай у Беларусь (гл. вышэй).

 

Кошт: а) арэнда ячэек у банку на год, б) праезд і пражыванне прадстаўнікоў Дырэктарата, в) праезд і пражыванне прадстаўніка МЗС Польшчы.

 

«Сябар» — як казалася раней, самым эфектыўным спосабам у Беларусі, улічваючы спецыфіку краіны, з’яўляецца перадача грошай на захоўванне давераным асобам.

 

Як гэта працуе: пры пападанні грошай у Беларусь сума дзеліцца мінімум на 5 і больш частак і перадаецца на захоўванне сябрам або, што лепш, блізкім людзям сяброў. Тэлефанаваць «Сябру» па грошах можна толькі адзін раз і забіраць усю суму адразу. З сябрамі загадзя абмяркоўваецца спецыяльная мова, якая не выклікае падазрэння пры праслухоўванні сродкаў сувязі, якой мы гаворым, што нам патрэбны грошы. Напрыклад: «Давай паабедаем сёння шчыльна не ў цэнтры». У выпадках выкарыстання «Сябра» некалькі разоў фраза кожны раз мяняецца.

 

Кошт: бутэлька каньяку і шакаладка, шэнгенская віза на год.

 

Інструкцыя для наймальніка па інструктажы кур’ера і перавозе грошай па Беларусі

(гаворыцца вусна, а лепш пісьмова, з наступным знішчэннем напісанага наймальнікам)

 

Грошы, якія вязе кур’ер, — гэта грошы бізнэсу, якія з’яўляюцца наяўным прыбыткам бізнэсмена, які не дэкларуецца;

 

сума грошай кур’еру не абвяшчаецца;

 

называецца час і месца, дзе кур’ер сустракаецца з наймальнікам (кур’ер не ведае, як і калі наймальнік будзе ехаць у пункт сустрэчы);

 

кур’ер павінен перасячы мяжу без мабільнага тэлефона;

 

забаронена інфармаваць трэціх асоб пра сам факт паездкі;

 

за час знаходжання кур’ера ў краіне атрымання грошай забаронена карыстацца інтэрнэтам і іншымі сродкамі сувязі і паведамляць трэцім асобам пра месца знаходжання;

 

называецца пералік рэчаў, якія кур’ер можа ўзяць з сабой: невялікую сумку, кнігу, ручку, блакнот, асабістыя рэчы.

 

Пры сустрэчы ў названым месцы:

 

Варыянт № 1

 

Перадаецца сума грошай, пажадана запакаваная ў «пояс», і правяраецца правільнасць яе размяшчэння кур’ерам (кур’ер не павінен ведаць, дзе і як грошы забяруць);

 

перадаецца сотавы тэлефон з адным убітым у памяць нумарам замежнага аператара, папярэдзіць кур’ера, што ніякіх іншых званкоў і sms, акрамя названых ніжэй, рабіць нельга і што мы адсочваем яго тэлефон і пры парушэнні гэтага правіла ён пазбаўляецца платы;

 

перадаецца зваротны білет (да гэтага часу кур’ер не ведае, як будзе вяртацца);

 

грошы на харчаванне;

 

праводзіцца інструктаж, што трэба рабіць пасля перасячэння мяжы.

 

Варыянт № 2

 

Перадаецца сотавы тэлефон з адным убітым у памяць тэлефона нумарам замежнага аператара, папярэдзіць кур’ера, што ніякіх іншых званкоў і sms, акрамя названых ніжэй, рабіць нельга і што мы адсочваем яго тэлефон і пры парушэнні гэтага правіла ён пазбаўляецца платы, а таксама з убітым у памяць тэлефона нумарам ячэйкі на вакзале і кодам ад яе, дзе ляжаць грошы, пажадана запакаваныя ў «пояс» і зваротны білет (да гэтага часу кур’ер не ведае, як будзе вяртацца);

 

грошы на харчаванне;

 

праводзіцца інструктаж, што трэба рабіць пасля перасячэння мяжы.

 

Пры паспяховым перасячэнні мяжы: кур’ер адпраўляе sms на ўбіты ў памяць тэлефона нумар, што ўсё добра;

 

у адказ атрымлівае далейшыя інструкцыі. У любым выпадку правярае свой багаж на наяўнасць пабочных прадметаў (GРS-навігатара): у выпадку выяўлення пабочнага прадмета яго трэба непрыкметна для навакольных дастаць з сумкі і палажыць у любое іншае непрыкметнае месца ў транспартным сродку.

 

Пры правале аперацыі: кур’ер павінен адключыць тэлефон;

 

на пытанне, чые гэта грошы, казаць, што грошы папрасіў перавезці літовец, якога ён сустрэў (літовец падсеў за яго столік) у рэстаране, і што грошы трэба было пакінуць на вакзале ў аўтаматычнай камеры захоўвання. За правоз грошай яму заплацілі.

 

Інструкцыі пры паспяховым перасячэнні мяжы: кур’еру паведамляецца, у якім населеным пункце ён павінен выйсці з транспартнага сродку і што яго сустрэнуць і скажуць пароль (выбіраецца на вырашэнне наймальніка); кур’ер перадае грошы і сотавы тэлефон; пасля сустрэчы кур’ер вяртаецца ў транспартны сродак і едзе далей па маршруце; кур’ер не ведае, калі яму патэлефануюць у наступны раз; сотавы тэлефон адключаецца, дастаецца батарэйка, sіm-картка выкідваецца.

 

* * *

 

З аналітычнай запіскі

 

Каардынуе працу Дырэктарата «Гавары праўду» з-за мяжы т.зв. «малы штаб». Яго рашэнні перадаюцца Дырэктарату праз А. Фядуту, які асабіста знаёмы з усімі членамі штаба. Адзін з членаў «малога штаба», немец, які называе сябе Рафаэль М., рэгулярна сустракаецца з членамі Дырэктарата ў сумежных з Беларуссю краінах. Сустрэчы назначае А. Фядута, для экстраннай сувязі членаў Дырэктарата з Рафаэлем М. выкарыстоўваецца праграма «Скайп».

 

Маецца фрагмент канспіратыўнай перапіскі Рафаэля М. з Дырэктаратам ГК ГП: «…Ёсць прапанова. Мы дапаможам вам наладзіць некалькі сустрэч з людзьмі, якія будуць вам дапамагаць. Падрыхтуйце пісьмо на гэтую тэму. Мы пастараемся звесці вас з Галоўным і яшчэ з уплывовымі ў Парламенце. Гэта вельмі важна, таму што названыя людзі валодаюць рэсурсамі, якія вам спатрэбяцца пасля 19 снежня. Калі вы наладзіце з імі кантакты, то вам стане магчыма арганізаваць гэтыя рэсурсы. Называю: Войцэх Пачынскі (САSЕ), Ежы Казьмінскі (Польска-амерыканскі фонд Свабоды), Агнешка Камароўска (фонд Стэфана Баторыя), Ян Малінскі (Варшаўскі ўніверсітэт Усходняй Еўропы). Я адпраўляю гэта таксама і Сашу (Фядуту) — падумайце над пісьмом і паспрабуйце адправіць яго ў пачатку тыдня. Гэтыя людзі дапамогуць вам у піяры».

 

* * *

 

З аператыўнай зводкі

 

Лідару «Маладога фронту» Д. Дашкевічу было выдзелена 70 тыс. долараў ЗША на арганізацыю «баявых груп» для ўдзелу ў акцыі «плошча», якія ён атрымаў ад М. Статкевіча.

 

Сумесна з А. Палажэнка Д. Дашкевіч прысвоіў сабе частку названых сродкаў, а таксама сродкі, атрыманыя раней ад адной з замежных некамерцыйных арганізацый. Прысвоеныя грошы патрачаны ім на набыццё аўтамабіля «Крайслер», які ў мэтах недапушчэння «дыскрэдытацыі» Д. Дашкевіча зарэгістраваны на А. Палажэнка.

 

Ужо непасрэдна напярэдадні выбараў кіраўнік арганізацыі «Правы альянс» Юрый Карэтнікаў ажыццяўляў паездкі па рэгіёнах для сустрэчы з прадстаўнікамі ў абласцях. Асноўная мэта — прыцягненне максімальна магчымай колькасці актывістаў радыкальных структур і іх сувязяў да ўдзелу ў масавых выступленнях у г. Мінску 19.12.2010.

 

На забеспячэнне дзеянняў баявой дружыны на «плошчы» Ю. Карэтнікаву было выдадзена 15 тыс. долараў ЗША. Пры гэтым функцыянерам «Правага альянсу» было абяцана каля 50 дол. ЗША за кожныя 4 гадзіны ўдзелу ў масавых выступленнях пратэсту 19 снежня г.г. і наступных акцыях. У выпадку затрыманняў і звальнення з працы або адлічэнняў з ВНУ актывістам абяцалі матэрыяльную падтрымку і ўладкаванне на новае месца працы або вучобы.

 

Меркавалася, што 19.12.2010 на Кастрычніцкай плошчы кандыдаты ў прэзідэнты створаць «Камітэт прыняцця рашэнняў», які павінен будзе стаць каардынуючым органам акцыі пратэсту. Канкрэтныя дзеянні тых, хто пратэстуе, павінны былі вызначацца з колькасці тых, хто сабраўся на Кастрычніцкай плошчы. Пры наяўнасці вялікай колькасці людзей «іх неабходна будзе некуды весці». Зыходзячы з гэтага, вызначаліся і варыянты шэсця — Адміністрацыя Прэзідэнта, Белтэлерадыёкампанія або іншыя дзяржаўныя СМІ, а таксама значныя дзяржаўныя ўстановы.

 

Непасрэдна напярэдадні акцыі пратэсту П. Севярынец у стасунках з актывістамі БХД і МФ настойліва патрабаваў прыбыць на акцыю «плошча» з ломікамі, каб «выкалупваць плітку і закідваць АМАП». Ім жа навязвалася неабходнасць прамых сутычак з праваахоўнымі органамі, захопу будынкаў органаў улады і кіравання і г.д.: «кароча, галоўнае не стаяць, а Менск пасля нас павінен выглядаць, як у 1943-м…». І гэты, з дазволу сказаць, чалавек можа заяўляць пра тое, што «дбае пра хрысціянскія каштоўнасці».

 

Для закупкі неабходнага для «дружыны» ГК «Гавары праўду» аснашчэння актывістам структуры А. Янушавым было выдаткавана 4 тыс. долараў ЗША.

 

* * *

 

З аналітычнай запіскі

 

«Немалаважнае месца ў планах Захаду традыцыйна адводзіцца спецслужбам. У прымяненні да цяперашняй электаральнай кампаніі неабходна ўказаць, што дакументальна вызначаны неаднаразовыя факты наведвання рэспублікі ўстаноўленымі замежнымі разведчыкамі і іх агентамі. Напрыклад, N — агент адной з заходнееўрапейскіх краін — у перыяд наведвання нашай краіны актыўна збіраў звесткі пра «недэмакратычнасць» выбараў, прысутнічаў у месцах правядзення несанкцыянаваных масавых акцый, назіраючы за дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у рэжыме рэальнага часу перадаваў інфармацыю, якую атрымліваў, за мяжу».

 

* * *

 

З матэрыялаў Дзяржпагранкамітэта

 

«15 снежня на ўкраінскім напрамку ў пункце пропуску «Макраны»… была выяўлена група маладых людзей з 5 чалавек, жыхароў горада Роўна, якія ўязджалі ў РБ на аўтамабілі пад выглядам паездкі на «навучальны семінар». У выніку аказалася, што такога семінара не існуе. З сабой яны везлі цёплыя рэчы, палаткі, спальнікі, фота- і відэаапаратуру. Адрасы, якія яны заявілі, на самай справе не існуюць. Пры сабе мелі нязначныя сумы грошай да 50 долараў, заявілі тэрмін знаходжання да 21 снежня г.г.

 

Аналагічная група не была прапушчана з ліку 4 жыхароў Івана-Франкоўскай вобласці. Усе яны землякі, з адной вёскі. Пры апытанні заявілі, што адзін аднаго не ведаюць. Не змаглі дакладна сфармуляваць мэту паездкі. Тэрмін знаходжання таксама заявілі да 20-га чысла. Акрамя цёплых рэчаў, пры сабе мелі ідэнтычныя наборы нажоў у колькасці 30 штук.

 

Для гэтых груп характэрна тое, што яны пасля рабілі неаднаразовыя спробы ўезду ў РБ праз іншыя пункты пропуску і ў іншыя дні, праяўляючы пры гэтым пэўную настойлівасць.

 

Польскі напрамак. Не былі прапушчаны двое маладых людзей, якія пры сабе мелі сцягі, палаткі, цёплыя рэчы, з яўнай арыенціроўкай «на плошчу».

 

…Аператыўнымі органамі пагранічнай службы, з агентурных крыніц, у пачатку лістапада была атрымана інфармацыя пра тое, што група спецыялістаў-падрыўнікоў з краін Азіяцкага рэгіёна (не краін СНД), дзе вядуцца баявыя дзеянні, планавала трапіць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і наладзіць у дзень правядзення выбараў шэраг тэрарыстычных актаў. Гэтая група меркавала дзейнічаць праз этнічную групоўку ў Мінску, выкарыстоўваючы «ўцёмную» магчымасці дыяспары.

 

На літоўска-беларускім напрамку 19 снежня затрыманы кур’ер (Семяняка Ігар Уладзіслававіч, 1986 г.н.), які спрабаваў увезці ў Рэспубліку Беларусь каля 7 тысяч доз наркотыкаў. Наркатычныя сродкі павінны былі ў гэты ж дзень трапіць у г. Мінск для распаўсюджвання ў час акцый пратэсту.

 

13 снежня г.г. у пункце пропуску «Мохра» выяўлена група з 7 асоб, якая спрабавала незаконна перамясціць праз дзяржаўную мяжу дымавую шашку, электрашокер, 5 гумавых дубінак, адну кідальную рагатку. Высветлена, што названыя асобы бралі актыўны ўдзел у вулічных акцыях т.зв. «аранжавай рэвалюцыі» ва Украіне, вывучалі метады сілавога супрацьстаяння праваахоўным органам актывістаў руху «Зубр» напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2006 г.

 

16.12.2010 г. праз пункт пропуску «Брэст-Цэнтральны» чыгуначным транспартам ехалі 2 грамадзяніны Рэспублікі Польшча (1986 і 1988 гадоў нараджэння адпаведна), якія мелі пры сабе 2 упакоўкі (па 5 штук) траўматычных патронаў да гладкаствольнай зброі, электрашокер, халодную зброю. Пры апытанні названыя асобы не змаглі выразна патлумачыць мэту наведвання Рэспублікі Беларусь, назвалі адрасы ў г. Мінску, якія не існуюць. Было высветлена, што гэтыя людзі — актыўныя прыхільнікі антыглабалісцкага руху, бралі ўдзел у акцыях пратэсту і сутыкненнях з паліцыяй у краінах Заходняй Еўропы.

 

17 снежня 2010 г. выяўлены і не дапушчаны ўезд з Расіі мікрааўтобуса з 12 актывістамі радыкальнай структуры «Абарона». У пасажыраў транспартнага сродку знойдзены 2 металічныя тэлескапічныя дубінкі і кастэт, 4 нажы і заточка, шэраг металічных прадметаў, якія маглі выкарыстоўвацца ў якасці зброі, 6 палатак і 14 спальных мяшкоў, а таксама камплект форменнага адзення супрацоўніка Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь».

 

* * *

 

З аналітычнай запіскі

 

«З усіх кандыдатаў у Прэзідэнты М. Статкевіч заняў найбольш агрэсіўную пазіцыю. Паводле папярэдняй дамоўленасці з тэлеканалам «БелСат» (Польшча) правакацыйна аб’явіў загадзя сфальсіфікаваныя звесткі экзіт-полаў (дзейны Прэзідэнт, маўляў, набраў усяго 31% галасоў) і заклікаў тых, хто сабраўся, «пайсці да А. Лукашэнкі і прасіць вызваліць рэзідэнцыю і саступіць уладу».

 

* * *

 

З аналітычнай запіскі

 

«На ўдзеле замежных прадстаўнікоў у акцыі «плошча» варта спыніцца асобна, паколькі дзякуючы дзеянням спецслужб храналогія падзей адноўлена практычна па хвілінах.

 

Трэба адзначыць, што, валодаючы звесткамі пра падрыхтоўку асобнымі дэструктыўнымі сіламі правакацыйных акцый, было зроблена ўсё магчымае, каб пераканаць замежных дыпламатаў адмовіцца ад удзелу ў мітынгу апанентаў улады, паколькі гэта магло быць расцэнена іх удзельнікамі як выказванне прамой падтрымкі іх дзеянняў.

 

16 снежня МЗС Рэспублікі Беларусь было праінфармавана аб непажаданасці ўдзелу дыпламатаў у несанкцыянаванай у адпаведнасці з заканадаўствам акцыі. Праваахоўнымі органамі адзначалася, што найбольш радыкальнымі прадстаўнікамі абмяркоўваюцца пытанні магчымай арганізацыі ў час несанкцыянаванага мерапрыемства «плошча» дзеянняў, накіраваных на ўскладненне становішча і правакацыю сутыкненняў з праваахоўнымі органамі шляхам выкарыстання піратэхнічных вырабаў. У ліку арганізатараў акцый сілавога характару фігуруе адзін з кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і яго давераныя асобы. Пры гэтым плануецца паказаць дзеянні дэманстрантаў як вынік правакацыі спецслужб у ходзе «мірнай» акцыі, выкарыстаць панічны настрой, які ўзнік, для дасягнення сваіх мэтаў».

 

* * *

 

З аператыўнай зводкі

 

«Адбылася тэлефонная размова супрацоўніка МЗС Беларусі Маліноўскага з паслом Германіі К. Вайлем, у ходзе якой Маліноўскі давёў інфармацыю аб правакацыйных дзеяннях М. Статкевіча, які плануе весці натоўп да будынка Адміністрацыі Прэзідэнта. У сувязі з магчымай наяўнасцю кантактаў у партыі Статкевіча з нямецкімі калегамі Маліноўскі звярнуўся да пасла з просьбай аказаць уздзеянне на беларускага апазіцыянера. Вайль адзначыў, што «заклікі могуць застацца мірнымі», пасля чаго даў зразумець, што «не будзе ўмешвацца ў сітуацыю».

 

«Нягледзячы на папярэджанне пра магчымыя пагромы і масавыя беспарадкі, «ажыццяўляць нагляд» за акцыяй на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня г.г. планавалі супрацоўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі, Швецыі, Латвіі, Чэхіі, Венгрыі, Балгарыі.

 

Пры гэтым асобныя дыпламаты ўжо на гэтым этапе выступалі ў якасці «адвакатаў» арганізатараў і патэнцыйных удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.

 

Трэба асобна адзначыць, што з улікам актыўнай дзейнасці пасла Швецыі ў Мінску С. Эрыксана па развіцці самых шчыльных адносін з асобнымі асобамі, якія выношваюць экстрэмісцкія намеры, па іх задумах, ён і яго некаторыя калегі-дыпламаты павінны былі забяспечыць «ураду народнага ратавання» «міжнародны» дах і дапамагчы апраўдаць пагромы і правакацыі.

 

Удзел дыпламатаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве ўспрымаўся натоўпам як падтрымка іх дзеянняў і падштурхоўваў асабліва бойкіх да самых рашучых дзеянняў».

 

* * *

 

З аператыўнай зводкі. Хроніка

 

У 22.05 А. Саннікаў заклікаў мітынгуючых ісці ў Дом Урада і «праводзіць перамовы з уладай», пасля чаго натоўп рушыў да цэнтральнага ўваходу ў будынак. У 22.21 пратэстуючыя змаглі адчыніць адны дзверы і пачалі пранікаць унутр. А. Саннікаў пры гэтым выкрыкваў: «Нам толькі што адчынілі дзверы Урада, мы чакалі гэтага 16 гадоў. Тут шмат журналістаў, нашых сяброў, падцягвайцеся, мы робім гісторыю».

 

У 22.30 пачалася аперацыя органаў унутраных спраў па спыненні незаконнай акцыі шляхам рассячэння натоўпу і ізалявання найбольш актыўнай групы.

 

У 22.50 Р. Кастусёў заклікаў моладзь «трымаць абарону да канца». Частка мітынгуючых паспрабавала ўлезці праз разбітыя дзверы ў Дом Урада.

 

З 23.05 да 23.30 ажыццёўлена «зачыстка» пл. Незалежнасці сіламі спецпадраздзяленняў органаў унутраных спраў.

Удзельнікі дэманстрацыі былі рассеяны. Найбольш буйная група ў складзе 500 чалавек рушыла ў бок Кастрычніцкай плошчы, аднак была блакіравана і раз’яднана.

У ходзе рассейвання натоўпу частка маладых людзей спрабавала пазбавіцца ад сродкаў вулічнай барацьбы (арматура, манціроўкі і інш. прадметы для нанясення калецтва), выкідваючы іх на месцы акцыі па маршруце адыходу».

 

* * *

 

З аператыўных матэрыялаў (19 снежня, 23.20)

 

А. Лябедзька тэлефануе кіраўніку вільнюскага прадстаўніцтва Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (ІRІ, ЗША).

 

А. Лябедзька: «Пайшоў на гэта Статкевіч. Ён прама заявіў: «Цяпер мы ідзём у будынак». І пайшлі. Дайшлі туды, і зразумела, што там дзверы ўсе зачыненыя».

* * *

З аператыўных матэрыялаў

фрагмент тэлефоннай размовы Д. Садоўскага, сустаршыні БХД, актывіста штаба экс-кандыдата В. Рымашэўскага, з гомельскім прыхільнікам БХД К. Жукоўскім (20.12.2010 г. — 1:03:40).

 

С.: Слухаю.

 

Ж.: Як вы там? Усё нармальна з вамі?

 

С.: Нічога тут нармальнага няма. Жах нейкі…

 

Ж.: Вы мне скажыце адно. Хто ламае дзверы? Гэта былі правакатары?

 

С.: Не, Кастусь, на жаль, гэта не былі правакатары.

 

Ж.: А калі б мы не ламалі, а палаткі паставілі, было б усё інакш, так? Або ўсё роўна гналі б?

 

С.: Я ўжо не ведаю. Думаю, што было б інакш.

 

* * *

З аператыўных матэрыялаў

 

«20 снежня г.г. у гутарцы з А. Мілінкевічам С. Калякін заявіў: «Мы павінны зрабіць акцэнт, што гэта спланаваная ўладамі акцыя. Нам трэба падумаць, як адыграць палітычна. Трэба спісаць гэта на ўладу. Спісаць на сябе — проста ідыятызм». Па яго словах, «тыя, хто сядзяць, павінны сцвярджаць, што гэта правакацыя ўладаў. Гэта важна зрабіць для Захаду. Трэба падабраць фатаграфіі, правесці прэс-канферэнцыю і патрабаваць расследаванняў».

ЯНЫ ШТУРМАВАЛІ ДОМ УРАДА

Спіс актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу 19.12.2010 г.
(якія падпадаюць пад арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і 339 («Хуліганства») КК)

 

1. Вінаградаў Павел Юр’евіч 1988 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, пр-т Газеты «Звязда»… Актывіст «Еўрапейскай Беларусі», адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» (ГК КП) па Фрунзенскім раёне. Актывіст руху «Джынс», у 2008 годзе ўдзельнічаў у дзейнасці т.зв. «ударнай групы» моладзевых радыкальных палітызаваных груповак, якая праводзіла вулічныя акцыі пратэсту ў агрэсіўным фармаце, з адкрытым непадпарадкаваннем праваахоўным органам. Рэгулярна ўдзельнічае ў вулічных акцыях.

 

Непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада з выкарыстаннем бытавых прадметаў (малаток), разбіваў шкло, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў.

 

2. Гнедчык Алег Андрэевіч 1986 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, вул. Панчанкі… Адзін з каардынатараў ГК КП па Фрунзенскім раёне г. Мінска. Актывіст «Маладога фронту». Рэгулярна ўдзельнічае ў вулічных акцыях. У маі 2006 года ўдзельнічаў у навучальных семінарах і трэніроўках па баявой падрыхтоўцы ў лясным лагеры ў Заходняй Украіне, арганізаваным украінскім нацыяналістычным фарміраваннем «Моладзевы нацыянальны кангрэс». У 2006 годзе асуджаны да 1 года папраўчых работ па арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь.

 

Непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў.

 

3. Ліхавід Мікіта Юр’евіч 1990 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, вул. Шугаева… Актывіст руху «За свабоду». Браў удзел у семінары на тэму «Лідарства — уплыў моладзі» ў г. Бірштонас (Літва), арганізаваным пры падтрымцы шведскага фонду SІLСА». Прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

 

Непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў з выкарыстаннем бытавых прадметаў (палкі, арматура), заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў.

 

4. Парфянкоў Васіль Пятровіч 1983 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, вул. Цікоцкага… Прыхільнік ГК КП. У перыяд з 2001 па 2005 год з’яўляўся членам «Зубра» і «Маладога фронту». З кастрычніка 2004-га па студзень 2005 года браў удзел у перадвыбарнай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Украіны В. Юшчанкі (збор подпісаў, акцыі пратэсту, у т.л. на майдане) у г. Кіеве. Удзельнічаў у захопе штаба В. Януковіча сумесна з членамі УНА УНСА, з якімі падтрымлівае таварыскія сувязі.

 

Непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў з выкарыстаннем бытавых прадметаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў.

 

5. Федаркевіч Алег Уладзіміравіч 1961 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, зав. Пуцейскі… Раней — член БНФ.

 

У стане алкагольнага ап’янення непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, адзін з асноўных хуліганаў. Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, пазіраваў перад камерай, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў, выкрыкваў пагрозы на адрас улады.

 

6. Хамічэнка Уладзімір Мікалаевіч 1986 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Слуцк, вул. Урочышча Пупарава… Беспартыйны.

 

У стане алкагольнага ап’янення непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, адзін з асноўных хуліганаў. Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы, з выкарыстаннем бытавых прадметаў (палкі, арматура) наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў пазіраваў перад камерай, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў, выкрыкваў пагрозы на адрас улады.

 

7. Апішаў Дзмітрый Аляксандравіч 1973 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, вул. Янкі Маўра… Актывіст ГК КП. Браў актыўны ўдзел у падзеях на пл. Незалежнасці.

 

8. Новік Дзмітрый Леанідавіч 1981 г.н., супрацоўнік аховы пасольства ААЭ ў Мінску. Актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

 

Браў непасрэдны ўдзел у пагромах. Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы.

 

9. Квяткевіч Аляксандр Аляксандравіч 1987 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, вул. Варанянскага… Актывіст ГК КП.

 

У ліку першых браў непасрэдны ўдзел у пагромах. Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы.

 

10. Класкоўскі Аляксандр Аляксандравіч 1978 г.н., вул. Ракасоўскага… Былы супрацоўнік Ленінскага РУУС.

 

У стане алкагольнага ап’янення непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы.

 

11. Лобан Уладзімір Уладзіміравіч 1988 г.н., г. Верхнядзвінск, вул. Першамайская, ТАА «ГСРИК», рабочы. Актыўны ўдзельнік «Еўрапейскай Беларусі».

 

Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы. Наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў. Спрабаваў завалодаць спецсродкамі супрацоўнікаў МУС для выкарыстання ў сілавой акцыі.

 

12. Навіцкі Леанід Аляксандравіч 1973 г.н., праж. у Барысаве, вул. Нармандыя—Нёман… Удзельнік «Джынса».

 

Аказваў супраціўленне работнікам міліцыі.

 

13. Васілевіч Ілья Леанідавіч 1991 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Баранавічы, вул. Дамашэвіцкая…

 

Ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы. Наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў.

 

14. Васілеўскі Аляксандр Уладзіміравіч 1985 г.н., зарэгістраваны па адрасе: г. Мінск, Лагойскі тракт…

 

Актыўна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома Урада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў з выкарыстаннем бытавых прадметаў.

 

15. Брэус Арцём Юр’евіч 1983 г.н., Мінск, вул. Даўгабродская… Не працуе, грамадзянін Расіі, від на жыхарства ў Эстоніі.

 

Актыўны ўдзельнік сутыкненняў з міліцыяй.

 

16. Гапонаў Іван Ігаравіч 1988 г.н., Пухавіцкі р-н, г.п. Свіслач, вул. Будаўнікоў… Не працуе, грамадзянін Расіі, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Актывіст «Джынса».

 

Актыўна ўдзельнічаў у сутыкненнях з АМАПам.

 

17. Мядзведзь Дзмітрый Леанідавіч 1990 г.н., Мінск, вул. Карбышава…

 

Актыўна ўдзельнічаў у сутыкненнях з АМАПам.

 

18. Пазняк Андрэй Аляксандравіч 1977 г.н., г. Жодзіна, вул. Гагарына… Удзельнік «Маладога фронту».

 

Наносіў удары рукамі і нагамі супрацоўнікам праваахоўных органаў.

 

19. Каваленка Усевалад Генадзевіч 1961 г.н. Праж.: г. Мінск, вул. Чарвякова… Не працуе.

 

Удзельнічаў у сутыкненнях з АМАПам.

 

20. Бяляеў Аляксандр Леанідавіч 1982 г.н., Мінскі р-н, в. Каралішчавічы, вул. Камуністычная… СЗАТ «Белтэлекабель», прэсоўшчык.

 

Удзельнічаў у сутыкненнях з АМАПам.

 

Іншыя асобы, якія бралі ўдзел у пагромах, органамі міліцыі ўстанаўліваюцца.

(Працяг будзе.)

 

zviazda.by