Вельмі часта ў друку і з вуснаў палітычных лідэраў і актывістаў можна пачуць прыстаўку перад назвай палітычнай групоўкі – «аргкамітэт». Такая форма ў беларускіх рэаліях дазваляе існаваць палітычным групоўкам бестэрмінова.

Вельмі часта ў друку і з вуснаў палітычных лідэраў і актывістаў можна пачуць прыстаўку перад назвай палітычнай групоўкі – «аргкамітэт». Да прыкладу: «аргкамітэт» Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады), «аргкамітэт» Беларускай партыі жанчын «Надзея», «аргкамітэт» Беларускай партыі працы, «аргкамітэт» Партыі свабоды і прагрэсу, «аргкамітэт» Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і г.д. Гэта прыстаўка – «аргкамітэт» – дапасоўваецца не толькі да палітычных партый, але і да грамадскіх арганізацый і грамадскіх рухаў з палітычным адценнем.

 

Прыстаўка «аргкамітэт» азначае, што партыя ці грамадскае аб’яднанне знаходзіцца ў стадыі стварэння, але тэрмін, на працягу якога яны могуць знаходзіцца ў гэтакім стане, нашым заканадаўствам не агаворваецца. Вось і дазваляе такая форма, як «аргкамітэт», у беларускіх рэаліях існаваць палітычным групоўкам бестэрмінова.

 

Як паказвае беларуская практыка, «аргкамітэт» узнікае ў двух выпадках: 1) калі нейкая група асоб вырашыла стварыць палітычную арганізацыю (“аргкамітэт” Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, “аргкамітэт” Партыі свабоды і прагрэсу); 2) калі нейкая група вырашыла рэанімаваць старую, якая існавала, але па тых ці іншых прычынах была закрытая рашэннем адпаведных органаў, партыю (“аргкамітэт” Беларускай партыі жанчын «Надзея», “аргкамітэт” Беларускай партыі працы). Ёсць і трэці выпадак: «аргкамітэт» засноўваюць людзі, якія адкалоліся або якіх адкалолі ад легальна існуючых партый (“аргкамітэт” Партыі «Свабода», якую абяцае стварыць Сяргей Скрабец, і “аргкамітэт” Беларускай сацыял-дэмакартычнай партыі (Народнай Грамады), з’езд якой двойчы абяцаў правесці Мікола Статкевіч).

 

Некаторыя з гэтых “аргкамітэтаў” гучна заяўлялі пра намер правесці ўстаноўчыя з’езды партый, але так і не правялі іх.

 

Прыстаўка «аргкамітэт» наглуха прыліпла да шэрагу нефармальных апазіцыйных палітычных груповак і палітызаваных арганізацый. Адсутнасць статутаў гэтых «аргкамітэтаў» і іх завязанасць на першых асобах вядзе да злоўжыванняў, у тым ліку і самім гэтым паняткам.

 

У палітычнай апазіцыйнай гульні гэтыя «аргкамітэты» прэтэндуюць на ролю паўнавартасных суб’ектаў з правам голасу, хоць, калі падумаць, іх ніхто не абіраў, не ўпаўнаважваў, а тэрмін іх паўнамоцтваў дакладна не вызначаны ніякім нарматыўным актам.

 

Апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі практыкуецца такая форма ўдзелу апазіцыі ў палітычным працэсе, як «кааліцыя». Паводле заканадаўства, такое аб’яднанне палітычных суб’ектаў падлягае рэгістрацыі. Але, улічваючы тое, што ў складзе кааліцый заўсёды прысутнічаюць «аргкамітэты», зрабіць гэта ў адпаведнасці з заканадаўствам немагчыма.

 

«АРГКАМІТЭТЫ» СЯРОД ІНШЫХ «АРГКАМІТЭТАЎ»

 

«Аргкамітэты» у апазіцыйным атачэнні прызнаюцца паўнапраўнымі суб’ектамі палітычнага працэсу, а іх прадстаўнікі надзяляюцца правам голасу. А дарэмна, бо яны таму і з’яўляюцца «аргкамітэтамі», што не дацягваюць да таго, каб называцца паўнавартаснай палітычнай партыяй ці арганізацыяй: яны не маюць 1) статутаў; 2) стуктураў у большасці рэгіёнаў краіны, 3) неабходнай колькасці сябраў, 4) палітычных праграм. Але, бадай, самае галоўнае ў тым, што «аргкамітэтаў» ніхто не выбіраў, не надзяляў паўнамоцтвамі, і ў тым, што тэрмін іх «паўнамоцтваў» нявызначаны.

 

Раўняць рэальныя партыі з «аргкамітэтамі» – гэта ўсё роўна што параўнаць здаровага моцнага чалавека з аднаногім, аднарукім, аднавокім і без аднаго паўшар’я.

 

Згодны, апазіцыя пры аўтарытарна-султанісцкім рэжыме заўсёды з’яўляецца слабою. Але “аргкамітэты” – гэта групоўкі, на парадак слабейшыя за дзейныя легальныя партыі і арганізацыі.

 

«Аргкамітэт» грамадскай арганізацыі – з’ява яшчэ больш неадназначаная. Асабліва, калі ўлічыць, што для рэгістрацыі партыі неабходна 1000 чалавек, а лакальнай грамадскай арганізацыі – толькі 10. Прадстаўляць жа «аргкамітэт» лакальнай арганізацыі можа адзін чалавек, за душой у якога няма ніводнага сябра арганізацыі, але які знаёмы з неабходнымі людзьмі. Неабходныя ж людзі заплюшчваюць на гэта вочы і надзяляюць яго «аргкамітэт» правам голасу. Такая практыка, наколькі мне вядома, усталявалася на Кангрэсах дэмакратычных сіл.

 

Вялізарная колькасць такіх вось «аргкамітэтаў» грамадскіх арганізацый на Кангрэсе дэмакратычных сіл 2005 года дазволіла Аляксандру Мілінкевічу стаць «адзіным кандыдатам» на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі. (Нагадаю, што Мілінкевіч, дзякуючы шматлікасці гэтых нефармалаў, адолеў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзька ўсяго 8 галасамі.)

 

ПЫЛ У ВОЧЫ ЗАМЕЖНІКАМ

 

 

«Аргкамітэты» – гэта яшчэ і форма выпампоўвання сродкаў у розных замежных донараў і спонсараў. Пры размове з замежнікамі кіраўнікі «аргкамітэтаў», якія часта нікога, апроч саміх сябе, не прадстаўляюць, націск робяць на існуючую ў Беларусі аўтарытарную сістэму ўлады, немагчымасць атрымаць дзяржаўнаю рэгістрацыю, на пастаянныя рэпрэсіі актывістаў арганізацыі (яны маюць месца, але некаторыя «аргкамітэты» робяць з мухі слана, з дапамогай удалых PR-акцый і кампаній) і г.д. Адзін з магілёўскіх лідэраў аднаго з «аргкамітэтаў» прызнаўся, што яго палітычнай групоўцы значна выгадней існаваць у форме «аргкамітэта», чым мець юрыдычную рэгістрацыю, бо гэта дазваляе даіць донараў і амаль нічога не рабіць, маючы пры гэтым грошы.

 

Здзіўляе, што донары сапраўды вераць (ці то робяць выгляд, што вераць) у існаванне такіх «аргкамітэтаў», як «аргкамітэт» БСДП (Народная Грамада) з лідэрам Міколай Статкевічам, «аргкамітэт» Беларускай партыі працы з лідэрам Аляксандрам Бухвоставым, «аргкамітэт» Беларускай партыі жанчын з лідэркай Аленай Яськовай. У гэтыя маленькія групкі ўваходзяць да 20-50 чалавек (у лепшым выпадку), якія дысперсна рассеяныя па ўсёй Беларусі і якія падзяляюць прынцыпы лідэра. Пры гэтым яны не абавязкова прызнаюць нейкія партыйныя прынцыпы. Калі б гэтыя людзі прытрымліваліся прынцыпаў партыйнай дысцыпліны, то не існаваў бы «аргкамітэт» БСДП(НГ), а яго сябры ўваходзілі б у склад афіцыйна зарэгістраванай і дзейнай БСДП.

 

У выпадку з «аргкамітэтамі» Партыі свабоды і прагрэсу і «аргкамітэта» Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сітуацыя іншая – там маецца дастатковая колькасць людзей для існавання гэтых партый і ў іх хапіла сілаў, каб правесці ўласныя партыйныя з’езды і падаць дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Такія вось перыядычныя з’езды «аргкамітэтаў» партый і падача імі дакументаў у МЮ дазваляюць станоўча меркаваць пра іх патэнцыял і жаданне стаць паўнапраўнымі суб’ектамі палітычнага жыцця Беларусі, нават калі Мінюст і не дае ім дзяржаўную рэгістрацыю.

 

«ЛЕВЫЯ» АРГКАМІТЭТЫ СЯРОД ЛЕВЫХ

 

 

Ідэя левых аб сацыяльна арыентаванай дзяржаве заўсёды была і будзе заставацца папулярнай сярод насельніцтва ўсіх краін свету. Не з’яўляецца выключэннем і Беларусь. Колькасць асобаў, якія спекулююць каштоўнасцямі дэмакратычнага сацыялізму, заўсёды была і будзе высокаю. І таму, што ідэя сацыяльнай справядлівасці папулярная ў народзе, і таму што, спекулюючы на гэтай ідэі, можна заставацца ў палітыцы і мець падтрымку з-за мяжы.

 

СПЕКУЛЯНТ №1: ЛІДЭР «АРГКАМІТЭТА» БСДП(НГ) МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

 

 

Падпалкоўнік Статкевіч так і не здолеў змірыцца з тым, што ён ужо больш не старшыня БСДП(НГ), якая пазней памяняла сваю назву. Чалавек застаўся без кіраўнічага партфеля ў сваёй партыі – таму і ініцыяваў утварэнне ўласнай партыі БСДП (НГ), якая б мела старую назву і лічылася «сапраўднай» у першаю чаргу на Захадзе, дзе асабіста ў яго былі ўкладзеныя немалыя сродкі і дзе ён разам з брэндам БСДП(НГ) меў вядомасць і лічыўся «сваім».

 

Юрыдычная рэгістрацыя БСДП(НГ) Статкевіча не цікавіць, бо на Захадзе яго памятаюць як лідэра дзейнай партыі. «Аргкамітэт» БСДП(НГ) мае дарадчы голас у Сацыялістычным Інтэрнацыянале, затое правапераемніца «старой» БСДП(НГ), афіцыйна зарэгістраваная БСДП, адна з самых жывых партый нават пры аўтарытарна-султанісцкім рэжыме, у Інтэрнацыянале не прадстаўленая. Недарэчнасць? Не. Гэта хутчэй памылка самой Грамады, якая абрала старшынёй партыі Аляксандра Казуліна, чалавека, які не з’яўляўся прыхільнікам сацыял-дэмакратыі да моманту свайго старшынства ў партыі і быў пакрыўджаным выхадцам з каманды Аляксандра Лукашэнкі.

 

Такія нюансы ў Сацінтэрне не маглі прайсці без увагі, тым больш што інфармаваў пра ўсё гэта міжнародную сацыялістычную супольнасць сваімі лістамі сам Мікола Статкевіч. Пасля яго ліста БСДП і пазбавілася членства ў Сацыялістычным Інтэрнацыянале. Гэта абарвала ўсе кантакты з замежнымі сацыялістамі і сацыял-дэмакратамі і прывяло партыю да міжнароднай ізаляцыі. Спрабуючы выйсці з такой сітуацыі, БСДП пастаянна сутыкаецца з велізарнымі цяжкасцямі, бо Мікола Статкевіч пастаянна ставіць ёй палкі ў колы.

 

СПЕКУЛЯНТ №2: ЛІДЭР «АРГКАМІТЭТА» БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ ПРАЦЫ АЛЯКСАНДР БУХВОСТАЎ

 

Другім спекулянтам ідэямі дэмакратычнага сацыялізму з’яўляецца прафсаюзны лідэр Аляксандр Бухвостаў, які за спіной Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (так называлася цяперашняя БСДП да 1996 года), якая на пачатку 1990-х дапамагала Федэрацыі прафсаюзаў распрацаваць і правесці ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання закон аб прафсаюзах, вырашыў стварыць сваю ўласную палітычную партыю і стварыў яе ў 1994 годзе. На думку А. Бухвостава, ягоная партыя мусіла была заняць нішу тагачаснай БСДГ, бо была аб’яднаннем сацыял-дэмакратаў–«інтэрнацыяналістаў», а не «нацыяналістаў». А дапамог яму «выйсці ў людзі» ўжо вядомы нам Мікола Статкевіч, калі ініцыяваў стварэнне альянсу «За сацыяльныя перамены», у які ўвайшлі БСДП(НГ), Беларуская партыя працы, Беларуская партыя жанчын «Надзея» і Партыя камуністаў Беларуская.

 

Мікола Статкевіч прэтэндаваў на лідэрства ў гэтым альянсе і меў намер атрымоўваць і размяркоўваць сродкі, якія мусілі б ісці па праектах на гэтыя структуры. Для нагляднасці ён узяў усіх лідэраў гэтых палітычных партый і павёз знаёміць іх з еўрапейскімі левымі. Але пралічыўся, бо лідэры БПП, «Надзеі» і ПКБ падчас візітаў самастойна наладзілі ўласныя кантакты і пачалі працаваць напрамую, мінуючы таварыша Статкевіча. Гэтыя кантакты існуюць і зараз. Еўрапейцы чамусьці не могуць дацяміць, што, прымаючы Аляксандра Бухвостава, яны падтрымліваюць псеўдаарганізацыю, якая не можа правесці ўстаноўчы з’езд партыі.

 

Прафсаюзы і сацыял-дэмакраты гістарычна былі звязаны шчыльнымі узаемаадносінамі, таму ў таварыша Бухвостава не ўзнікала пытанняў, на якім полі займацца спекуляцыяй і з якіх крыніц чэрпаць праграму і яе прынцыпы. Ствараючы сваю Партыю працы, А. Бухвостаў у аснову яе палітычнай праграмы паклаў (з пэўнымі карэкцыямі) праграму БСДГ 1992 года. Фактычным аўтарам праграмы БСДГ быў гісторык Анатоль Сідарэвіч, які першы заўважыў пісаныя ягонаю рукою цэлыя абзацы ў праграме Беларускай партыі працы. Было толькі адно адрозненне. Аляксандр Бухвостаў, як сапраўдны рускі чалавек, які так і «не апусціўся», каб размаўляць па-беларуску, не мог даволіць, каб і праграма ягонай партыі, і статут былі напісаныя па-беларуску.

 

Калі ў 2006 годзе была зачынена Беларуская партыя працы, я спрабаваў у сваёй магістарскай працы паказаць, што беларускі палітычны рэжым узмацняецца і займаецца зачысткай апазіцыйнага палітычнага поля, а закрыццё гэтай палітычнай партыі з’яўляецца адным з паказчыкам яго ўзмацнення. На гэтае маё выказванне адна з маіх выкладчыц усміхнулася і сказала, што яна згодна са мной у тым, што рэжым Лукашэнкі сапраўды становіцца больш жорсткім, але тое, што была зачынена БПП, з’яўляецца хутчэй заканамернасцю і канстатацыяй яе канца, бо рэальна яна не мела ніякага ўплыву і была прадстаўлена невялічкай групай людзей, якім у спадчыну ад часоў кансалідаванай дэмакратыі засталася юрыдычная рэгістрацыя.

 

Пасля ліквідацыі Беларускай партыі працы таварыш Бухвостаў, не доўга думаючы, прыляпіў да гэтай назвы цэтлік «аргкамітэт» і, зразумела, прадоўжыў сваю спекуляцыйную дзейнасць перад замежнікамі, цалкам спісаўшы закрыццё яго партыі на жорсткасць беларускага рэжыму.

 

СПЕКУЛЯНТ №3: ЛІДЭР «АРГКАМІТЭТА» БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ ЖАНЧЫН «НАДЗЕЯ» АЛЕНА ЯСЬКОВА

 

Трэцім спекулянтам з’яўляецца лідэрка «аргкамітэта» Беларускай партыі жанчын «Надзея» Алена Яськова.

 

Беларуская партыя жанчын «Надзея», як і Беларуская партыя працы, узнікла як праект Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай.

 

Жыццё на міжнароднай арэне і міжнародныя кантакты Беларуская партыя жанчын «Надзея» атрымала дзякуючы, як ужо сказана, Міколу Статкевічу і ўжо вядомаму альянсу «За сацыяльныя перамены».

 

Пасля ліквідацыі Вярхоўным судом Беларускай партыі жанчын «Надзея» партыя пачала існаваць у форме «аргкамітэта», за якім засталіся папярэднія міжнародныя кантакты.

 

ВЫСНОВА

 

«Аргкамітэт», дзейнасць якога не рэгулюецца ніякімі статутамі і палітычнымі праграмамі, – гэта выгадная форма выжывання і існавання невялікіх палітычных груповак ва ўмовах аўтарытарна-султаніцкага рэжыму ў Беларусі. Як правіла, у беларускіх рэаліях яны ствараюцца не для палітычнага ўдзелу ў палітычным працэсе, а для выпампоўвання сродкаў з донарскіх фондаў і замежных партнёрскіх арганізацый.

 

Бадай, усе левыя і правыя дэмакратычныя палітычныя партыі ў Беларусі маюць сваіх дублёраў у выглядзе “аргкамітэтаў”. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) мае дублёраў у выглядзе “аргкамітэтаў” Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускай партыі працы і Беларускай партыі жанчын “Надзея”, Аб’яднаная грамадзянская партыя мае дублёра ў выглядзе “аргкамітэта” “Партыі свабоды і прагрэсу”, КХП-БНФ мае дублёра ў выглядзе маладога “аргкамітэта” Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

 

Такія “аргкамітэты” дробяць і без таго слабыя апазіцыйныя партыі (магчыма, вынятак складае “аргкамітэт” БХД), уносяць разлад у працу з замежнымі партнёрскімі арганізацыямі. Змагаючыся паміж сабой за кантакты, спрабуючы даказаць на Захадзе, хто з іх больш сапраўдны, яны адцягваюць увагу ад уласна беларускіх праблем і адводзячы на другі план змаганне за свабодную дэмакратычную Беларусь.

 

Правыя

 

Абвінаваціць “аргкамітэт” БХД у дублёрстве не паварочваецца язык, але яны пачалі займаць нішу, якая была за КХП-БНФ. КХП-БНФ амаль не прымае ўдзелу ў палітычным жыцці краіны і разгубіла свой колькасны склад. Гэта тлумачыцца яшчэ і тым, што яе лідэр Зянон Пазняк знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі і не ў стане дзейсна ўплываць на ход палітычнага жыцця ў Беларусі. Таму ў параўнанні з КХП-БНФ БХД выглядае больш энэргічнай, маладой і перспектыўнай. Пытанне ж з рэгістрацыяй застаецца за рэжымам, але яно малаімавернае з-за адсутнасці палітычнай лібералізацыі ў грамадстве.

 

Правы цэнтр

 

На гэтым полі за лідэрства спрачаюцца Аб’яднаная грамадзянская партыя і “аргкамітэт” Партыі свабоды і прагрэсу. Вызначальнай ідэяй спадара Навасяда пасля яго членства ў АГП стаў лібералізм. Будучы абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, ён прыпыніў сваё сяброўства ў АГП. Пасля “сканчэння” сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў ён вырашыў стварыць сваю ўласную партыю, у якую ўвайшла частка ягоных сяброў і паплечнікаў з АГП.

 

Левы цэнтр

 

Самыя драматычныя падзеі разгортваюцца на левым полі. Тут існуе дзьве сацыял-дэмакратычныя партыі (БСДП і БСДГ) і тры “аргкамітэты” (БСДП(НГ), БПП і “Надзея”). Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і экс-старшыня Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі БСДГ Сяргей Скрабец пасля выхаду з партыі абвесціў аб тым, што будзе ствараць сваю палітычную партыю. Так на левым флангу, здаецца, з’явіўся яшчэ адзін “аргкамітэт”.

 

Яшчэ адным іграком на левым полі можа стаць экс-старшыня БСДП Аляксандр Казулін, які па-ранейшаму жадае застацца ў палітыцы і цяпер шукае магчымую форму свайго ўдзелу ў ёй. Не выключана, што ў якасці ідэалогіі ў яго палітычнай групоўкі будзе выбрана сацыял-дэмакратыя.

 

Левыя

 

Яшчэ аднымі левымі, якія стаяць значна лявей за сацыял-дэмакратаў, з’яўляецца Партыя камуністаў Беларуская з лідэрам Сяргеям Калякіным. Камуністы пазіцыянуюць сваю арганізацыю ўсё больш як левасацыялістычную, чым камуністычную, і ўмацоўваюць кантакты з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Захаду. Пераход камуністаў на сацыял-дэмакратычнае поле з’яўляецца для іх пажаданым, але малаімаверным з-за кансерватыўных настрояў кіраўнікоў і шарагоўцаў і істотных адрозненняў у палітычных праграмах. Бадай, толькі камуністы не маюць дублёраў у выглядзе “аргкамітэта”, які б наступаў ім на пяткі. Але, трансфармаваўшыся ў левасацыялістычную партыю, яны могуць стаць дублерамі БСДП і БСДГ.

 


 

Ігар Барысаў — сябра ЦК БСДП, старшыня партыйнай камісіі па асноўных каштоўнасцях, магістр палітычных навук