19 снежня 2010 года Аляксандр Лукашэнка свядома завяршыў працэс палітычнай лібералізацыі ў Беларусі. Што б ні стала прычынай такога ўчынку, факт застаецца фактам: за пару гадзінаў Беларусь перайшла ад трошкі лібералізаванай аўтакратыі да абсалютнай дыктатуры.

Гэта не абясцэньвае еўрапейскую стратэгію дыялогу, скіраваную на стварэнне глебы для дэмакратычнага прарыву. Гэтая стратэгія зрабіла свій унёсак  у стварэнне атмасферы бясстрашнасці ў канцы 2010, якая дазволіла апазіцыі дзейнічаць па-за межамі палітычнага гета. Гэтая «няскончаная» стратэгія – пераслед пераменаў праз уцягванне, як з рэжымам Франка ў Гішпаніі, – не правалілася: яна змарнавала сістэму, як магла.

Зараз з’явілася рызыка развіцця новага – кубінскага – сцэнару. Краіна, якая перажыла не адно дзесяцігоддзе эканамічных санкцыяў, Куба некаторых дысідэнтаў са сваёй тэрыторыі выкінула, у той час як астатнія засталіся там у якасці закладнікаў. Яе супольнасць пацярпела ад эміграцыі, пакуль ізаляцыя ў разы палегчыла аўтакратычнае кіраванне, нават пры жудасным стане эканомікі. Непрыманне з боку Захаду практычна пазбавіла Кубу любых рычагоў кіравання.

Ці не да гэтага рухаецца Беларусь? Удумайцеся: больш за 30 актывістаў, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты, усё яшчэ за кратамі. Дзясяткі, калі ня сотні, актывістаў краіну пакінулі. Рэжым ужо абдумвае магчымасць даць эміграваць большай частцы затрыманых.

Лукашэнка цяпер гуляе ў Кубу (ці ў балгарскіх сясцёр у Лівіі, калі заўгодна): ён выштурхвае апанентаў, прызначае кошт за галовы астатніх, беручы ад гэтай ізаляцыі ўсё.

ЕЗ цяпер знаходзіцца ў складанай сітуацыі, якая толькі павялічвае рызыку. У яго практычна не засталося рычагоў, а тыя, што ёсць, могуць нашкодзіць у першую чаргу дзяржавам-сябрам і кампаніям ЕЗ. Вынікам працяглых дэбатаў стала рашэнне замежных міністраў ЕЗ пайсці на сімвалічны крок: замест эканамічных санкцыяў выказаць сваю нязгоду забаронай на ўезд.

Шмат хто ў беларускай апазіцыі бачыць у гэтым здраду. Але санкцыі, прапанаваныя імі (напрыклад, забарона на гандаль нафтапрадуктамі), пашкодзілі б звычайнаму чалавеку і, такім чынам, супярэчылі б правілам ЕЗ. Кажучы шырэй, жаданне пакараць Беларусь не павінна пераважаць над іншымі пытаннямі, такімі як вызваленне зняволеных і захаванне нейкага ўплыву на тэрыторыі краіны. Калі выбіраць паміж дрэнным і горшым, трэба шукаць лепшае ў дрэнным.

Вось пяць ідэяў, якія маглі б дапамагчы ЕЗ пазбегнуць кубінскага сцэнара.

Па-першае, пазбягаць прыняцця простых рашэнняў, якія можа прапанаваць Менск у дачыненні лёсу палітычных зняволеных (эміграцыя ў абмен на прызнанне віны).

Па-другое, перагледзець свае рычагі ўплыву. Рана ці позна Менск вернецца за стол перамоваў, і ЕЗ варта падрыхтавацца. ЕЗ мае ўплыў на міжнародныя фінансавыя арганізацыі, пра гэта ня варта забывацца, асабліва з прычыны пагаршэння плацежаздольнасці Беларусі.

Па-трэцяе, будаваць падтрымку як мага шырэй. Скаардынаваць сваю палітыку з ЗША і, па магчымасці, з Расеяй. Адныя толькі размовы аб сумеснай працы з Расеяй могуць выклікаць хваляванні ў Менску.

Па-чацвёртае, пазбягаць стварэння апазіцыйнай сітуацыі, аналагічнай Кубе. Дапамагаць апазіцыі, але траціць грошы ўнутры Беларусі. Падтрымліваць таксама непалітызаваныя ініцыятывы, якія будуць спрыяць зменам у соцыуме і дапамогуць пабудаваць прарэформенныя супольнасці. Калі гэта азначае падтрымку афіцыйных асобаў і членаў адміністрацыі, якія не былі адказныя за рэпрэсіі, хай будзе так. Любым коштам пазбягаць дробных сутычак і асабістых канфліктаў ўнутры апазіцыі.

Па-пятае, нават улічваючы ўведзеныя санкцыі, шукаць кантакт у Беларусі і з Беларуссю. Асабліва ў галінах, дзе афіцыйныя асобы будуць адкрытыя для супрацоўніцтва (пытанне візаў).

Такая палітыка не была б ні «жорсткай», ні «мяккай», але дапамагла б у прасоўванні таго, чаго так баіцца Лукашэнка – пераменаў.

Драматычны канец дыялогу 2008-2010 гадоў здарыўся, таму што рэжым не змяніў сваіх пазіцыяў. Але абуджэнне беларускага грамадства, уздым праеўрапейскіх настрояў, падвышаная падтрымка пераменаў і салідарнасці ў барацьбе з аўтакратыяй сведчыць пра тое, што намаганні ЕЗ у гэтым дыялогу не былі марныя. Пазбяганне дзесяцігоддзяў змроку ў кубінскім стылі – годная мэта.

 

Агенцтва палітычнай экспертызы

 

Артыкул па тэме: Рух “За Свабоду” – супраць эканамічных санкцый для Беларусі