У варшаўскім акруговым судзе ідзе працэс беларуса Сяргея М., абвінавачанага ў шпіянажы. Сяргей М. – першы ў гісторыі польскай разьведкі іншаземны шпіён, якога схапілі за мяжой і судзяць у Польшчы. Працэс закрыты.

Суд выносіць рашэньні ў аднаасобным складзе, бо прысяжныя не гарантуюць захаваньня таямніцы. Нават заля, у якой адбываецца справа, вызначаецца ў апошні момант, і туды не дапускаюцца грамадзкасьць і журналісты. Але грыф сакрэтнасьці – адно, а судовыя працэдуры – другое. Таму мы можам выпадкам натрапіць на адпаведную залю (як нядаўна пад № 352), на дзьвярах якой вісіць так званы сьпіс справаў для разгляду зь імёнамі і прозьвішчамі падсуднага і галоўнага сьведкі абвінавачаньня. Беларуская “Народная газэта” і літоўская “Lietuvos Rytas” падалі поўныя зьвесткі аб польскім сьведку, за імі перадрукавала іх польская “Angora” (тыднёвік, які спэцыялізуецца на аглядах польскай і сусьветнай прэсыПер.).

 

Гэты сьведка, назавём яго Зянон Белік – ключавая фігура. Ён сьвядома дапамог Агенцтву Выведкі, стаўшы прынадай на агента замежнай службы. Раскрыцьцё асабовых дадзеных сьведкі бясспрэчна паставіць яго пад пагрозу, тым больш што ніхто ня можа мець ілюзіяў, што беларускія службы, ня толькі дыпляматычныя, цікавяцца гэтай справай. Белік адыграў у гэтай гісторыі ролю сакрэтнага агента, цяпер ён можа быць лёгкай мішэньню.

 

Мы даведаліся пра невядомыя падрабязнасьці акцыі, якую польская выведка пад кіраўніцтвам Зьбігнева Новака (пад час кіраваньня ўраду Права і Справядлівасьці) занесла ў сьпіс найвялікшых дасягненьняў. Да гульні далучылася таксама літоўская выведка. Пасьля паказальнага затрыманьня Сяргея М. у Вільні і яго выдачы Польшчы кіраўнікі выведак абедзьвюх дзяржаў былі ў 2007 г. адзначаныя. Новак атрымаў адну з найвышэйшых літоўскіх адзнак – ордэн “За заслугі” Літоўскай Рэспублікі, а прэзыдэнт Лех Качынскі ўзнагародзіў ордэнам “За заслугі” Польскай Рэспублікі Арвідаса Поцюса, кіраўніка літоўскай выведкі. Афіцэры выведак Літвы і Польшчы атрымалі адпаведныя ўзнагароды і ўсе былі задаволеныя.

 

Не адзначылі толькі Зянона Беліка. Ён зрабіў сваё і ўжо перастаў быць патрэбны. Зрэшты, падчас будаваньня ІV Рэчы Паспалітай ён не пасаваў на ролю героя, які падстаўляе грудзі пад узнагароды. Наадварот, яго трэба было глыбока закансьпіраваць, тым больш што ён гадамі працаваў у выведцы ПНР, а менавіта ў І дэпартамэнце Службы бясьпекі.

 

Нататка ў тыднёвіку “Agora”: “Польскім грамадзянінам, зь якім сустрэўся Сяргей М., зьяўляецца (тут было названа сапраўднае імя і прозьвішча – мы пасьлядоўна ўжываем зьмененыя дадзеныя) Зянон Белік. Нарадзіўся ў 1956 г., скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту, працаваў у польскім Міністэрстве асьветы. З канца 80-х працаваў у польскім МЗС. Працаваў консулам ў амбасадзе Польшчы ў Беларусі. паводле інфармацыі, апублікаванай ў літоўскай газэце “Lietuvos Rytas”, зьяўляецца агентам спэцслужбаў”.

 

Так здарылася, што мы ведаем сапраўдную гісторыю Зянона Беліка. Пасьля навучаньня ў 1979 г. ён атрымаў прапанову працаваць у выведцы і ахвотна на як пагадзіўся. Пазьней прызнаўся знаёмым, што заўжды марыў быць кімсьці накшталт капітана Клоса (галоўны герой польскага сэрыялу “Стаўка большая за жыцьцё”Пер.) і нават прыдумаў сабе крыптанім – J-24. Але яму яго ніколі не прысвоілі.

 

Белік скончыў 9-месячную падрыхтоўку ў Старых Кейкутах – цэнтры для шпіёнаў. Яму прапанавалі працу, як гэта кажуць на мове агентаў, нелегала. Пасьля падрыхтоўкі ён пайшоў бы на так званую “выкідку”. Забясьпечаны адпаведнай біяграфіяй, ён паехаў бы на Захад, а там шукаў бы доступу да эмігранцкіх асяродкаў і, атрымаўшы сыгнал ад цэнтру, пачаў бы шпіёніць. Але Белік адмовіўся – праўдападобна, яму не пасаваў такі адрыў ад жыцьця, да якога ён прызвычаіўся. Ён выбраў працу ў аддзеле ідэалягічнай дывэрсіі. У пачатку 1989 г. МУС скіравала яго на дыпляматычную працу, а ўпотай ён надалей выконваў выведвальныя заданьні.

 

Пасьпяхова прайшоў праверку для працы ў Службе аховы дзяржавы. Надалей яго трымалі на закрытай стаўцы ў МЗС. Выконваў сакрэтныя заданьні як консул Польшчы у некалькіх эўрапейскіх краінах. У 1997 г., пад канец панаваньня Саюзу дэмакратычнай лявіцы, яго ў 41-гадовым узросьце адправілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў на пэнсію. Ён нібыта ўспрыняў гэта як зьдзек – яго абсалютна ня вабіла пэрспэктыва пэнсіянэра. Ужо як былы афіцэр выведкі, ён застаўся на дыпляматычнай службе. Яго перакідвалі з пляцоўкі на пляцоўку, і ўрэшце ён патрапіў у Беларусь.

 

Быў 2004 г. Менавіта тады пачалася польска-беларуская дыпляматычная вайна. Урад Лукашэнкі прызнаў чацьвярых польскіх дыпляматаў persona non grata. Белік неяк ператрываў гэты неспрыяльны час. Сёньня мы ўжо ведаем, што за польскімі дыпляматамі ў Беларусі сачылі. Было дастаткова непрыхільна выказацца пра Лукашэнку, распавесьці пра яго нейкую показку – і ўжо можна было рыхтавацца да ад’езду. Беліка пашкадавалі, бо ён не расказваў анэкдотаў. Да таго ж ён меў цудоўныя сяброўскія стасункі з дыпляматамі дзяржаў, важных зь беларускага пункту гледжаньня. Сябраваў зь нейкім супрацоўнікам амбасады адной зь дзяржаў СНД. Гэтае знаёмства прыкрывала яго своеасаблівым парасонам ад выдаленьня, а пазьней стала трамплінам, ад якога наш герой адштурхнуўся, каб узяць удзел у змаганьні выведак.

 

Сябра-дыплямат спрабаваў завэрбаваць Зянона Беліка на выведвальную працу для свае дзяржавы. Белік пачаў рызыкоўную гульню.

 

Ён не адмаўляўся, калі прагучала прапанова вэрбоўкі, але адначасова праінфармаваў пра ўсё польскае Агенцтва Выведкі (далей АВ). Яго просяць працягваць гэтую шахматную партыю. Адгэтуль усё, што ён робіць, адбываецца пад строгім кантролем польскіх спэцслужбаў.

 

Сустрэчы ў шынках – запрашае і плаціць за беленькую з закускамі заўсёды той дыплямат. Ён шчыры, адкрыты, заўсёды зандуе Беліка. Просіць яго паспрыяць у атрыманьні візаў для знаёмых. Белік дапамагае. Да вэрбоўкі ў выніку не даходзіць, бо таго дыплямата адклікаюць зь Беларусі. Перад ад’ездам ён запрашае Беліка ў рэстаран на разьвітальную вячэру. Там адбываецца выпадковая (прынамсі так гэта падстроілі) сустрэча зь беларускім знаёмым дыплямата. Гэта Сяргей М. Падчас 15-хвіліннага знаёмства ён выключна сардэчны, такі душа-чалавек. Кажа, што ён дарадца мэра Менску па справах турызму. Ён рады, што пазнаёміўся з консулам, можа, яны разам разварушаць польска-беларускі турызм. Абменьваюцца візытоўкамі.

 

Праз два месяцы Сяргей патэлефанаваў. Папрасіў дапамагчы ў атрыманьні візаў для знаёмых. Потым надзвычай шматслоўна за гэта падзякаваў.

 

На тэрыторыі Беларусі яны сустракаліся больш за дзесяць разоў. Падчас другой-трэцяй сустрэчы Белік пераканаўся, што Сяргей працуе на службы, прытым ня толькі на беларускія, але і на расейскія. Зрэшты, апошні хутка перастае ўтойваць сваю сапраўдную місію. Прапануе, каб Белік перадаваў важную інфармацыю беларускаму КДБ (хоць назва беларускіх спэцслужбаў ніколі не называецца наўпрост). Абяцае, што істотныя зьвесткі будуць аплачвацца.

 

Белік акрэсьліў разам з АВ правілы супрацоўніцтва. Атрымлівае інструкцыі, дае расьпіску, што будзе імі кіравацца. Ён павінен перадаваць малаістотныя зьвесткі, не пазначаныя грыфам сакрэтнасьці. А ўсё гэта – для таго, каб зацягваць гульню і дакладна празандаваць Сяргея. Мэта здаецца зразумелай: менавіта таго трэба перавэрбаваць – ва ўсім сьвеце сапраўдным посьпехам лічыцца паварот чужога агента такім чынам, каб ён працаваў ужо не на сваіх. Але, як неўзабаве акажацца, для польскіх спэцслужбаў зусім ня важна перавэрбаваць Сяргея М. Яны хочуць выцягнуць яго зь беларускага мядзьвежага бярлогу і там падлавіць.

 

Зянон Белік на жаданьне Агенцтва Выведкі завяршае свой консульскі тэрмін. Вяртаецца ў Польшчу. Разьвітальная сустрэча зь Сяргеем. Вось тады даходзіць да адкрытай размовы пра вэрбоўку. На мове шпіёнаў, Беліка “азадачваюць”. Сяргей перадае яму аб’ём тэмаў, якія цікавяць беларускі бок. Беларусы хочуць даведацца пра асабовыя структуры польскага МЗС, засакрэчаныя нумары тэлефонаў, а перадусім – пра сакрэты дэпартамэнту эўрапейскай палітыкі і бясьпекі, дзве хаваецца, між іншым, інфармацыя пра гандаль зброяй. Вызначаюць стаўкі. За дробную, можна сказаць, газэтную інфармацыю Белік будзе атрымліваць 100 даляраў, за таямніцы большага значэньня – некалькі соцень або нават тысяч даляраў. Паляк уручае беларусу свой фотаздымак. Гэта на выпадак, калі падчас чарговай сустрэчы Сяргея павінен замяніць хтосьці іншы, не знаёмы зь Белікам. Сяргей перадае Беліку падарунак – дарагі гадзіньнік, на выгляд швайцарскі. Як потым аказалася, гэта звычайная, хоць і тонкая падробка. Гадзіньнік Белік перадае ў АВ.

 

Зь Сяргеем меліся абгавораны спосаб кантактаў і зашыфраваныя паролі. Той павінен тэлефанаваць на мабільнік Зянона і адразу адлучацца. Для Беліка гэта сыгнал, што цягам дзесяці хвілінаў Сяргей затэлефануе зноў. Тады Белік павінен перакласьці ў тэлефон іншую SIM-карту, ужываную выключна для кантактаў зь беларусам. Падчас размовы ён перадасьць Сяргею, чаго датычыць здабытая інфармацыя. Калі загаворыць, напрыклад, пра спорт – значыць, мае палітычныя навіны. Калі гаворка пойдзе пра мотагонкі – гэта асабовая інфармацыя, хто дзе з кім і калі. Гэтая сфэра выразна захапляе Сяргея.

 

Было дамоўлена пра сустрэчы. Сяргей хацеў бы, каб Белік прыехаў у Менск. Той адмаўляецца. Інструкцыі АВ выразна кажуць: сустрэчы павінны адбывацца па-за межамі Беларусі. Двойчы прызначаюцца сустрэчу ў сталіцы адной з краін Цэнтральнай Эўропы. Трэцяя і апошняя сустрэча адбываецца ў Вільні. Падчас двух першых Белік перадаў беларусу малаістотныя зьвесткі і атрымаў узамен грошы ў суме 500 эўра. Было дамоўлена, што на чарговы кантакт Белік прывязе моцную рэч, сапраўдную таямніцу польскага МЗС. Ён загадзя ацэньвае каштоўнасьць гэтай інфармацыі – 10 тыс. эўра. Столькі Сяргей павінен прывезьці ў Вільню. Прызначаецца тэрмін.

 

На сустрэчы Белік заўсёды зьяўляўся забясьпечаным запісвальнымі прыстасаваньнямі. Натуральна, ён разумеў, што паблізу напагатове знаходзяцца афіцэры польскай выведкі, ахоўваючы яго і робячы са схову здымкі, старанна зьбіраючы доказы супраць Сяргея.

 

Так адбывалася і падчас апошняй віленскай сустрэчы 25 лістапада 2006 г. З палякамі супрацоўнічалі паінфармаваныя літоўскія службы. Яны сочаць за рэстаранам, на які ім паказаў Сяргей. Сустрэча трывае коратка, толькі дзесяць зь нечым хвілін. Белік згодна з інструкцыяй падымаецца з-за шчодра застаўленага стала і спускаецца ў прыбіральню ў падвале. У рэстаран урываюцца супрацоўнікі спэцслужбаў. З-за суседніх столікаў падскокваюць мужчыны, якія прыкідваліся звычайнымі кліентамі. Сяргей, засьпеты зьнянацку, спрабуе абараняцца. Даходзіць справа да кароткай барацьбы, пераварочваюцца сталы, хтосьці крычыць. Спалоханая бармэнка хаваецца за стойкай. А потым усё сьціхае. Калі Белік вяртаецца ў залю, у памяшканьні ўжо пуста. Акцыя была завершаная.

 

У студзені 2007 г. віленскі апэляцыйны суд падтрымаў пастанову ніжэйшай інстанцыі аб выдачы Сяргея М. польскаму боку. Беларус трапляе пад польскі арышт. Год таму ў Варшаве пачаўся працэс над ім.

 

Справа, абвешчаная найвялікшым посьпехам польскай выведкі пасьля 1989 г., выклікае шмат сумневаў. Здаецца, што беларускія спэцслужбы паставілі сеткі ня толькі на Зянона Беліка. Каго злавілі – невядома, бо акцыя захопу Сяргея М. была праведзеная занадта хутка. У траўні 2007 г. тагачасны старшыня соймавай камісіі па спэцыяльных службах Януш Зэмке публічна раскрытыкаваў дзеяньні АВ ў гэтай справе. Сказаў, што адбылося парушэньне аднаго з усеагульных канонаў выведніцкай працы, бо занадта рана затрымалі чужога агента, а заадно “спалілі” Вільню як месца кантактаў зь іншымі чужымі агентамі, намечанымі на перавэрбоўку.

 

З нашай інфармацыі вынікае, што Сяргей М. пасьлядоўна не прызнае свае віны. Ён сьцьвярджае, што ягонае знаёмства зь Зянонам Белікам мела выключна сяброўскі характар. Яны нібыта плянавалі разам зладзіць нейкі бізнэс. Сяргеева жонка Анжаліка ў інтэрвію, дадзеным беларускай “Народнай газэце”, сьцвярджала, што гэта ня ейны муж дабіваўся прыхільнасьці паляка, а наадварот. Белік, на яе думку, – гэта надакучлівы і несумленны чалавек, які прасіў у яе мужа пазыкі. Падобную лінію абароны прадстаўляе на працэсе і Сяргей М.

 

Беларуская амбасада ў Польшчы хадайнічае аб зьмене меры стрыманьня, жадаючы, каб грамадзянін Беларусі адказваў на працэсе, знаходзячыся на волі. Яна заручаецца за яго і заяўляе, што ён будзе зьяўляцца на паседжаньні. Аднак суд адкідае гэтыя хадайніцтвы. Прычына ня ў боязі махлярства з боку абвінавачанага, як бывае ў падобных выпадках, а ў тым, што як грамадзянін іншай дзяржавы ён ня мае ў Польшчы пастаяннай рэгістрацыі, а значыць – ня мае адрасу, на які можна дастаўляць позвы на судовыя паседжаньні.

 

Апошнія ідуць нясьпешна, раз на месяц. Сяргею М. пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Калі ён будзе асуджаны, то, паводле дамовы паміж Польшчай і Беларусьсю, найверагодней будзе перададзены ў Менск, а там, хутчэй за ўсё, у казэматах яго ніхто трымаць ня будзе. Была праведзена на выгляд хітрая гульня выведак. З дапамогай польскага консула схапілі чужога шпіёна, які хацеў здабыць нумары тэлефонаў супрацоўнікаў нашага МЗС. Несумненна, ён дапусьціў памылку: мог папросту скарыстацца зь Інтэрнэту і меў бы ўсё як на далоні.

 

На справе стаіць грыф сакрэтнасьці, што па сутнасьці не дазваляе аб’ектыўна ацаніць акцыю польскіх спэцслужбаў. Ці сапраўды яна спрыяла бясьпецы Польшчы, ці гэта было звычайнае нахабства, каб абвесьціць небывалы посьпех, атрымаць ордэны і капэрты? Пра адно можна сказаць дакладна: пасьля затрыманьня Сяргея М. і кароткай хвалі абурэньня, выкліканай гэтым, беларускі бок нечакана палагаднеў і Ўсходняе партнэрства стала магчымым. Зянон Белік, які найбольш рызыкаваў у гэтай справе, застаецца ў ценю. Падчас адной з размоў ён нібыта заявіў зьдзіўленаму судзьдзі, што хоча напісаць кнігу пра працу выведкі і пра свае прыгоды. Можа, нарэшце ён прысвоіць герою крыптанім J-24, пра які марыў.

 

Часопіс «Polityka».