Трагедыя на Нямізе былі выкарыстаная, каб выцесніць акцыі апазіцыі на Бангалор. Выбух 4 ліпеня – як падстава для дактыласкапіі ўсяго мужчынскага насельніцтва краіны і масавых допытаў ды затрыманняў прыхільнікаў апазіцыі. Валер Карбалевіч аналізуе паводзіны ўладаў пасля няшчасных выпадкаў і тэрактаў. (Відэа)

“Любыя падзеі, што адбываюцца ў краіне, улада аўтаматычна выкарыстоўвае дзеля ўзмацнення ціску на апазіцыю, – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч. – Гэтак, у 1999 г., калі здарылася трагедыя на станцыі метро “Няміга” і загінулі дзясяткі чалавек, улады выкарысталі гэтую сітуацыю дзеля таго, каб забараніць масавыя акцыі ў цэнтры гораду і ўсіх адправіць на Бангалор”.

Нібыта ў пошуках выканаўцаў выбуху ў Менску 4 ліпеня міліцыя і спецслужбы ўзяліся “распрацоўваць” перадусім актывістаў дэмакратычнай супольнасці ды правялі агульную дактыласкапію, хоць крымінальная справа была заведзеная паводле артыкулу “Хуліганства”. “Выбухі ў Віцебску ў 2005 г. былі выкарыстаныя дзеля пераследу апазіцыі – адбываліся ператрусы і замест пошукаў выбухоўкі пачалі шукаць улёткі, – працягвае Валер Карбалевіч. – Гэта такі рэфлекс уладаў – што б ні адбывалася ў краіне, ва ўсім вінаватая апазіцыя”.

Выбух у менскім метро, на думку палітолага, стане нагодаю дзеля наступнага ўзмацнення кантролю над грамадствам. Аднак захады бяспекі – гэта толькі фармальная прычына, лічыць эксперт. “Ціск выкліканы агульнаю сітуацыяй у краіне, эканамічным крызісам, ростам незадаволенасці – і каб яна не вылілася ў нейкія сацыяльныя пратэсты, працягваецца “зацісканне гаек”, – падсумаваў палітолаг.

belsat.eu