Удзел Беларусі ў Варшаўскім саміце праграмы “Усходняе партнёрства”, прайшоўшым 29-верасня, завяршыўся скандалам – афіцыйная дэлегацыя пакінула яго ўжо ў першы дзень працы. Такое развіццё падзей, на жаль, не стала выпадковым, бо складанасці вакол прысутнасці там беларускіх дзяржаўных асобаў узніклі з самага пачатку.

Сікорскі: “Ніхто не выключаў Беларусь з Усходняга Партнёрства”

Як вядома, жорсткая расправа над дэманстрацыяй пратэсту ў дзень прэзідэнцкіх выбараў і наступныя дзеянні ўладаў выклікалі абурэнне як Еўрасаюза ў цэлым, так і асобных яго чальцоў. Пачалі гучаць заклікі ўвогуле замарозіць удзел краіны ў праграме, і напачатку здавалася, што так і здарыцца.

Ва ўсялякім разе, калі ў канцы красавіка было абвешчана пра саміт у Варшаве, Беларусь сярод ўдзельнікаў названая не была. Аднак пазней міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што “ніхто не выключаў Беларусь з УП. Яна будзе запрошаная на саміт на вышэйшым магчымым узроўні”.

У рэшце рэшт запрашэнне было накіравана кіраўніку знешнепалітычнага ведамства Сяргею Мартынаву. Гледзячы на ўсім, меркавалася, што прысутнасць афіцыйных асобаў дазволіць данесці да ўладаў інфармацыю аб тым, што краіна можа атрымаць у выпадку паўнавартаснага ўдзелу ў праграме.

У той жа час было відавочна, што чакаць лёгкага жыцця ім не выпадала. Як заўважыў міністр замежных справаў Чэшскай Рэспублікі Карэл Шварцэнберг, “хто б ні прыехаў з Мінску ў Варшаву, ён вернецца з дрэннымі навінамі. Данясе Лукашэнку, што Еўропа ўжо ня будзе талераваць яго ранейшых штучак. Мы ўжо навучаныя і маем свой салідарны і ясны падыход”. А літаральна напярэдадні сустрэчы Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан на слуханнях у Еўрапарламенце ў чарговы раз выказала занепакоенасць станам дэмакратыі ў Беларусі.

Чаму Беларусь прадстаўляў Гайсёнак?

Мабыць, менавіта таму беларускі бок вырашыў істотна знізіць узровень свайго прадстаўніцтва, прызначыўшы кіраўніком дэлегацыі пасла Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка. Вельмі паказальна, што пры гэтым было асабліва падкрэслена, што ён “выступіць на пленарным паседжанні саміту з ацэнкай вынікаў і даляглядаў супрацоўніцтва ў рамках “Усходняга партнёрства”. Беларуская дэлегацыя таксама возьме удзел у іншых мерапрыемствах саміту ў адпаведнасці з яго праграмай”.

Падобна на тое, што ўлады былі не проста гатовыя да развіцця падзей, якое насамрэч адбылося, але менавіта да яго і імкнуліся.

 

Падобна на тое, што ўлады былі не проста гатовыя да развіцця падзей, якое насамрэч адбылося, але менавіта да яго і імкнуліся.

Калі так, дык мэта была дасягнутая: Гайсёнка не запрасілі на нефармальную сустрэчу кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў (што, дарэчы, зусім не дзіўна) і на ўрачыстую вячэру. Гэта было выкарыстана для адклікання дэлегацыі і, зразумела, для дэманстрацыі высакароднай абуранасці, што было зроблена ўзаяве МЗС і выказваннях Аляксандра Лукашэнкі для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі падчас святкавання “Дажынак”.

Зыходзячы з таго, што беларускі лідэр наогул вельмі крытычна адазваўся аб самой праграме УП, адзначыўшы, што не бачыць у ёй “канкрэтнага напаўнення”, можно было б палічыць, што беларускія ўлады вырашылі выкарыстаць здарэнне ў якасці нагоды для спынення свайго ўдзелу ў ей, громка бразнуўшы дзвярмі. Аднак такому вываду суперэчыць шэраг акалічнасцяў.

Мартынаў спрабуе знайсці “залатую сэрэдзіну” у адносінах паміж ЕС і РБ

Па-першае, згаданая заява МЗС, апрача крытычных заўвагаў на адрас Еўрасаюзу, утрымлівае сцвярджэнні ў іншай танальнасці, накшталт “без удзелу Беларусі значнасць партнёрства сур’ёзна губляецца” і “рашэнні саміту, закранаючыя інтэрасы Беларусі і прынятыя без прамой згоды нашай краіны, будуць нелегітымныя”.

Канешне, першае з іх можна разглядаць, як спробу дадаць сабе значнасці. А вось адносна другога ўзнікае непаразуменне: здавался б, калі вы маеце намер выйсці з нейкай структуры, дык якая вам справа да легітымнасці ці нелегітымнасці яе рашэнняў, яны ж вас ужо не павінны турбаваць.

Таму можно зрабіць выснову, што нават у момант найбольшага абвастрэння стасункаў радыкальныя крокі беларускі бок рабіць усё ж не збіраўся.

Таму можно зрабіць выснову, што нават у момант найбольшага абвастрэння стасункаў радыкальныя крокі беларускі бок рабіць усё ж не збіраўся.

Крыху пазней гэта адкрыта пацвердзіў кіраўнік беларускага МЗС. Выступаючы па тэлебачанні, Мартынаў заявіў, што хоць нашая краіна і не задаволеная адсутнасцю ў праектах праграмы УП сур’ёзнага ўтрымання і з-за гэтага неднаразова выказвала крытычныя заўвагі, яна не збіраецца адмаўляцца ад удзелу ў ініцыятыве Еўрасаюза: “Што тычыцца самой праграмы “Усходняе партнёрства”, дык яна мае будучыню. І будучыня, вядома, не ў расколе Еўропы на дзве часткі, з якіх адна рухаецца ў бок Захаду, а другая – на Ўсход. “Усходняе партнёрства” забяспечвае Беларусі багатую палітру ўзаемадзеяння з ЕС, які застаецца для нашай краіны буйным стратэгічным суседам”. У якасці прыкладу былі прыведзены супрацоўніцтва паміж мытнымі службамі, памежнікамі, узаемадзеянне ў пытаннях барацьбы з кіберзлачыннасцю, карупцыяй і г.д.

Са свайго боку Еўрасаюз павёў сябе дакладна так, як варта было чакаць, і няхай не непасрэдна, але адпаведную інфармацыю беларускае кіраўніцтва атрымала.

Са свайго боку Еўрасаюз павёў сябе дакладна так, як варта было чакаць, і няхай не непасрэдна, але адпаведную інфармацыю беларускае кіраўніцтва атрымала.

У прыватнасці, было пацверджана, што аб’яднаная Еўропа па-ранейшаму вельмі крытычна ставіцца да стану справаў у Беларусі і заплюшчваць на гэта вочы не збіраецца.

Хто атрымае 9 млрд. еўра?

У той жа час ліку прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на выніковай прэсавай канферэнцыі агучыў прапанову прадаставіць Беларусі да 9 млрд. еўра, аднак толькі пры выкананні шэрагу умоваў: вызвалення і рэабілітацыі палітычных вязняў, дыялогу з апазіцыяй і правядзення вольных выбараў. Акрамя таго, магчыма палягчэнне візавых працэдур для беларускіх грамадзян. Туск адзначыў, што ЕС упершыню “салідарна і рашуча ставіць умовы для рэальнай дапамогі і змен у Беларусі”, але адначасова падкрэсліў, што “гэта не нейкія радыкальныя ўмовы, гэта той мінімум, без якога нават размаўляць не пра што”.

Нібыта ў сярэдзіне лістапада еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штефан Фюле мусіць прывезці гэтыя прапановы ў Мінск.

Карацей кажучы, можна зрабіць заключэнне, што інцыдэнт не ўнес кардынальных зменаў у беларуска-еўрапейскія адносіны, і кожны з бакоў застаўся на сваёй пазіцыі. Якімі ж у склаўшыхся абставінах бачацца перспектывы Беларусі ў рамках УП?

Як ні шкада, але з упэўненасцю можна сцвярджаць, бадай, толькі тое, што ў агляднай будучыні “партнёры” не будуць спрыяць дэмакратызацыі нашай краіны, што вельмі ўсцішвае афіцыйны Мінск.

Як ні шкада, але з упэўненасцю можна сцвярджаць, бадай, толькі тое, што ў агляднай будучыні “партнёры” не будуць спрыяць дэмакратызацыі нашай краіны, што вельмі ўсцішвае афіцыйны Мінск.

Як радасна паведаміў Мартынаў, на саміце “адбылося нешта большае, чым поспех Беларусі ў адстойванні сваіх прынцыпаў”, калі астатнія партнёры выступілі супраць уключэння ў дэкларацыю саміту пункту з крытыкай беларускага рэжыму: “Шэсць дзяржаваў, якіх завуць партнёрамі, фактычна ўпершыню ўсвядомілі, што ў іх ёсць свае інтэрасы, і ўпершыню па-сучаснасці выступілі як група, абараніўшы свае інтэрасы”.

Гэта, канешне, не зусім так. Матывы паводзінаў тых жа Тбілісі і Баку былі рознымі: Грузія не хавае сваёй вострай занепакоенасці магчымасцю прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, тады як унутрыпалітычнае становішча ў Азербайджане не надта істотна адрозніваецца ад беларускага, і тамтэйшым ўладам зусім не хацелася ствараць прэцэдэнт.

На жаль, трэба прызнаць, што астатнія партнёры кіраваліся прыкладна такім жа разуменнем сітуацыі. Праўда, здаецца, на іхнюю дапамогу і раней мала хто спадзяваўся, так што вялікага расчаравання такая “навіна” прынесці не павінна.

Пра астатнія ж аспекты можна разважаць толькі ўмоўна, прычым са значнай доляй скептыцызму. На дадзены момант галоўнай праблемай застаецца вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных. Нечаканы выхад на свабоду Дзмітрыя Уса дае надзею на працяг працэсу, аднак нават калі ён паспяхова завершыцца, рэабілітацыя застанецца пад вялікім сумненнем. Наколькі прынцыповае значэнне яна будзе мець, адказу пакуль няма.

Аналагічным чынам цяжка прагназаваць лёс згаданага дыялогу. Улады, без сумнення, паспрабуюць выпусташыць яго шляхам уцягвання рознага кшталту фактычна падначаленых ім структур.

Аналагічным чынам цяжка прагназаваць лёс згаданага дыялогу. Улады, без сумнення, паспрабуюць выпусташыць яго шляхам уцягвання рознага кшталту фактычна падначаленых ім структур.

Але найбольш складанай праблемай ёсць, безумоўна, правядзенне выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Тут разлічваць на істотныя зрухі амаль не выпадае.

Усё больш грамадзян Беларусі аддае перавагу еўрапейскаму шляху развіцця

Такім чынам, здольнасць рэжыма да рэальнай трансформацыі застаецца мінімальнай, таму агульнае становішча значнага аптымізму не выклікае. Да таго ж у пэўнай ступені можна пагадзіцца з даволі распаўсюджаным пунктам гледжання, што “Усходняе парнёрства” аказалася не да канца адпрацаванай праграмай, а Еўрасаюз – не гатовым адыгрываць істотную ролю, асабліва на беларускім накірунку. Якраз гэта і дазваляе Мінску рабіць невялікія крокі ўзад і ўперад, нічога не мяняючы па сутнасці.

І ўсё ж казаць пра поўную адсутнасць святла ў канцы тунэля было б перабольшваннем. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічных апытанняў, згодна з якімі ўсё больш грамадзян краіны аддае перавагу еўрапейскаму шляху развіцця. Пры ўсёй справядлівасці заўвагаў адносна іх паказальнасці, назіраемая тэндэнцыя дазваляе спадзявацца на лепшае, хоць і не ў блізкім часе.

Напэўна, можна і трэба ўносіць у праграму пэўныя карэктывы, але тым часам варта максімальна выкарыстоўваць магчымасці, якія ёсць. Нельга адмаўляць, што становішча кепскае, але шанец наблізіць Беларусі да Еўропы яшчэ канчаткова не згублены.