“Усходняе партнэрства” прапануе краінам-удзельніцам канкрэтныя крокі па падтрымцы дэмакратычных рэформаў і зьменаў у галіне рынкавых адносінаў, а таксама садзейнічаньню палітычнай і эканамічнай стабільнасьці.

Праграма Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства” афіцыйна стартавала 7 траўня 2009 г. у Празе і ўключыла ў сябе ўзаемаадносіны ЭЗ з шасьцю краінамі былога Савецкага Саюзу, якія суседнічаюць з Эўразьвязам – Азэрбайджанам, Арменіяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. “Усходняе партнэрства” прапануе краінам-удзельніцам канкрэтныя крокі па падтрымцы дэмакратычных рэформаў і зьменаў у галіне рынкавых адносінаў, а таксама садзейнічаньню палітычнай і эканамічнай стабільнасьці. Гэтая праграма дае добрыя магчымасьці краінам, якія ў яе ўваходзяць, для пашырэньня супрацоўніцтва з Эўропай. Адной з важных задачаў рэалізацыі праграмы зьяўляецца разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў шасьці краінах, якія ў яе ўваходзяць.

Праграма складаецца з шэрагу паасобных мерапрыемстваў, удзел у якіх з’яўляецца добраахвотным, залежным выключна ад патрэбаў канкрэтнай краіны. Пры гэтым браць у іх удзел могуць ня толькі органы дзяржаўнай улады, але таксама фінансавыя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі.

“Усходняе партнэрства” прадугледжвае шырокую інтэграцыю краін-партнэраў у эканоміку ЭЗ, спрашчэньне візавага рэжыму пры ўмове захаваньня патрабаваньняў бясьпекі для краін-удзельніц, падвышэньне ўзроўню энэргетычнай бясьпекі для ўсіх зацікаўленых бакоў, а таксама фінансавую дапамогу. ЭЗ прапануе больш інтэнсіўную падтрымку ў працэсе рэалізацыі неабходных рэформаў з дапамогай новага ўсеабдымнага пакету праграмаў, а таксама новы фармат узаемаадносінаў, які будзе прыцягваць партнэраў да разьвязаньня агульных праблемаў. Адпаведна з асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва запачаткаваныя чатыры тэматычныя плятформы:

– дэмакратыя, належнае кіраваньне і стабільнасьць;

– эканамічная інтэграцыя і канвэргенцыя з палітыкамі ЭЗ;

– энэргетычная бясьпека;

– кантакты паміж людзьмі.

У рамках усіх плятформаў уводзяцца ў жыцьцё канкрэтныя пілётныя праекты, якія могуць прапаноўваць як дзяржавы ЭЗ, так і краіны-партнэры. Увогуле вітаецца, каб ініцыятыва ў правядзеньні канкрэтных праектаў належала партнэрскім краінам, а Эўразьвяз ажыцьцяўляў перадусім фінансаваньне і нагляд за выкарыстаньнем выдзеленых рэсурсаў. Пры гэтым дапушчальнае вызначэньне кожным партнэрам уласных прыярытэтаў, г. зн. кожная краіна можа ісьці ў тым ці іншым напрамку так далёка, як жадае і можа.

На сёньняшні дзень у рамках выкананьня праграмы “Ўсходняе партнэрства” прадугледжваецца;

• стварэньне сфэры вольнага гандлю, якая ахоплівае дзяржавы, што зьяўляюцца партнэрамі ЭЗ;

• збліжэньне прававых сыстэмаў у сфэры вартасьцяў, нормаў, стандартаў;

• узмацненьне супрацоўніцтва ў сфэры энэргетычнай бясьпекі (у тым ліку галоўны праект паўднёвага энэргетычнага калідору, які злучыць рэгіён Касьпійскага мора і Цэнтральнай Азіі з Эўропай);

• увядзеньне ў жыцьцё супольнай праграмы кіраваньня межамі і паступовае абмежаваньне візавага рэжыму аж да ўвядзеньня бязьвізавага руху.

Па праграме “Ўсходняе партнэрства” шасьці былым саюзным рэспублікам будзе выдзелена 600 млн. эўра, зь іх 250 млн. будуць паходзіць зь фінансавых інструмэнтаў Эўрапейскай палітыкі суседзтва, а 350 млн. – дадатковыя сродкі. Праўда, грошы на рэалізацыю праграмы будуць выдаткаваныя толькі ў пачатку наступнага году, а зараз працягваецца этап узгадненьня канкрэтных праектаў і варыянтаў супрацоўніцтва.

“Усходняе партнэрства” прадугледжвае парытэт бакоў. Два бакі, г. зн. 27 дзяржавы ЭЗ і 6 усходніх партнэраў час ад часу мусяць сустракацца і дамаўляцца пра ўмовы далейшага супрацоўніцтва. Раз на два гады будуць праводзіцца сустрэчы на найвышэйшым узроўні, якія павінны будуць забясьпечваць напрамак і профіль партнэрства. Таксама плянуецца праводзіць штогадовыя нарады міністраў замежных спраў, якія будуць прадстаўляць больш падрабязныя палітычныя справаздачы.