Пытаньні і адказы.

1. Каго ахоплівае праграма і як яна дзейнічае?

Супрацоўніцтва ў межах “Усходняга партнэрства” ахоплівае 27 дзяржаў – сябровак Эўразьвязу, а таксама Ўкраіну, Беларусь, Грузію, Малдову, Арменію і Азэрбайджан. Праграма складаецца з шэрагу паасобных мерапрыемстваў, удел у якіх зьяўляецца добраахвотным і залежыць выключна ад патрэбаў канкрэтнай краіны. Браць у іх удзел могуць ня толькі органы дзяржаўнай улады, але таксама фінансавыя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі.

2. Якая з краін Эўразьвязу стала ініцыятарам праграмы “Ўсходняга партнэрства” і чаму?

Галоўным ініцыятарам заснаваньня гэтай праграмы ў Эўразьвязе стала Польшча, якую спачатку актыўна падтрымала Швэцыя, а пасьля і іншыя краіны-сяброўкі. Для Польшчы гэты крок быў вельмі важны, бо яна ўжо працяглы час прэтэндуе на ролю неафіцыйнага амбасадара ЭЗ на ўсходзе. Сярод іншага Польшча намагаецца, выкарыстоўваючы сваё геапалітычнае становішча, быць пасярэднікам паміж заходнімі дзяржавамі і колішнімі рэспублікамі СССР. Посьпех Усходняга партнэрства павінен замацаваць Польшчу ў гэтай ролі.

3. Якія галоўныя мэты праграмы?

У самым агульным пляне “Ўсходняе партнэрства” павінна служыць збліжэньню дзяржаў Усходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу. Галоўнымі ягонымі мэтамі зьяўляецца прапагандаваньне і ўзмацненьне дэмакратыі, дапамога ў рэструктурызацыі эканомік колішніх рэспублік СССР, а таксама паглыбленьне эканамічнага супрацоўніцтва. Прадугледжваецца:

• стварэньне сфэры вольнага гандлю, якая ахоплівае дзяржавы, якія зьяўляюцца партнэрамі ЭЗ;

• збліжэньне прававых сыстэмаў у сфэры вартасьцяў, нормаў, стандартаў;

• узмацненьне супрацоўніцтва ў сфэры энэргетычнай бясьпекі (у тым ліку галоўны праект паўднёвага энэргетычнага калідору, які злучыць рэгіён Касьпійскага мора і Цэнтральнай Азіі з Эўропай);

• увядзеньне ў жыцьцё супольнай праграмы кіраваньня межамі і паступовае абмежаваньне візавага рэжыму аж да ўвядзеньня бязьвізавага руху.

4. Колькі грошай Эўразьвяз плянуе выдзеліць на рэалізацыю праграмы “Ўсходняе партнэрства”?

Па праграме “Ўсходняе партнэрства” шасьці краінам будзе выдзелена 600 млн. эўра, зь іх 250 млн. будуць паходзіць зь фінансавых інструмэнтаў Эўрапейскай палітыкі суседзтва, а 350 млн. –дадатковыя сродкі. Праўда, грошы на рэалізацыю праграмы паступяць толькі ў пачатку наступнага году, а зараз працягваецца этап разгляду і зацьвярджэньня канкрэтных праектаў і варыянтаў супрацоўніцтва.

5. Як практычна арганізавана супрацоўніцтва ў рамках “Усходняга партнэрства”?

“Усходняе партнэрства” прадугледжвае парытэт бакоў. Два бакі, г. зн. 27 дзяржавы ЭЗ і 6 усходніх партнэраў час ад часу сустракаюцца паміж сабой і дамаўляюцца пра ўмовы далейшага супрацоўніцтва. Раз на два гады будуць праводзіцца сустрэчы на найвышэйшым узроўні, якія павінны будуць забясьпечваць напрамак і профіль партнэрства. Таксама плянуецца праводзіць штогадовыя нарады міністраў замежных спраў, якія будуць прадстаўляць падрабязныя палітычныя справаздачы.

6. Ці зьяўляюцца, дзяржавы, якія удзельнічаюць у праграме, кандыдатамі на ўваходжаньне ў Эўразьвяз?

На сёньняшні дзень ніводная з шасьці дзяржаў, якія атрымліваюць дапамогу, не прэтэндуе на ўваходжаньне ў Эўразьвяз. Увогуле “Ўсходняе партнэрства” не дае гарантыі дасягненьня поўнай інтэграцыі ўсходніх партнэраў з ЭЗ і не зьяўляецца шляхам для набыцьця сяброўства ў ЭЗ. Яно зьяўляецца толькі мэханізмам, наборам дадатковых магчымасьцяў, інструмэнтаў, эфэктыўнае выкарыстаньне якіх дазваляе зацікаўленаму боку наблізіцца да гэтай стратэгічнай мэты.

7. Ці можа “Ўсходняе партнэрства” дапамагчы ў разьвязаньні застарэлых тэрытарыяльных канфліктаў на тэрыторыі краін – партнэраў Эўразьвязу?

“Усходняе партнэрства” ад самага пачатку не было задумана для разьвязаньня старых тэрытарыяльных канфліктаў паміж яго сябрамі, аднак міжнацыянальны фармат “Усходняга партнэрства” дае добрую магчымасьць і пляцоўку для таго, каб абмяркоўваць у тым ліку і гэтыя пытаньні. Эўрапейскі саюз ужо сёньня праз розныя каналы ўцягнуты ў пошук шляхоў разьвязаньня канфліктаў на тэрыторыях ягоных бліжэйшых усходніх суседзяў: ён актыўна ўдзельнічае ў перамовах у фармаце „пяць плюс два“ па Прыднястроўю, цалкам падтрымлівае фармат Менскай групы АБСЭ ў разьвязаньні карабахскага канфлікту і адыгрывае не апошнюю ролю ў міжнародных кансультацыях па грузінскім пытаньні ў Жэневе.

8. На які час разьлічаная дзейнасьць праграмы «Ўсходняе партнэрства»?

Пакуль што фінансаваньне «Усходняга партнэрства» разьлічанае да 2013 году. Пасьля гэтага па выніках працы будзе прынята рашэньне аб далейшым працягу праграмы ці яе закрыцьці.