Ініцыятыва “Ўсходняга партнэрства” была распрацаваная ў рамках Эўрапейскай палітыкі суседзтва і закліканая разьвіваць яе і замацоўваць. Аднак, нягледзячы на відавочную пераемнасьць, новая праграма Эўразьвязу мае і прынцыповыя адрозьненьні ад Эўрапейскай палітыкі суседзтва.

Праграма Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”, афіцыйны старт якой быў дадзены на нефармальным саміце ЭЗ у Празе 7 траўня 2009 г., не ўзьнікла на пустым месцы. Яшчэ ў 1994 г. Эўразьвяз падпісаў з Украінай і Малдовай Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве, якім былі закладзеныя папярэднія асновы для вызначэньня ўзаемаадносінаў з краінамі, якія ўзніклі на руінах былога Савецкага Саюзу. Але сапраўды актуальнай для Эўразьвязу дадзеная праблема стала толькі пасьля яго пашырэньня ў траўні 2004 г. на ўсход за кошт былых сацыялістычных краін Сярэдняй Эўропы. За год да гэтай падзеі, у сакавіку 2003 г. Эўрапейская камісія распрацавала канцэпцыю Эўрапейскай палітыкі суседзтва (ЭПС), якая была выкладзена ў звароце Эўракамісіі “Шырокая Эўропа – суседзтва: новыя рамкі адносінаў з нашымі ўсходнімі і паўднёвымі суседзямі”. У гэтым звароце падкрэсьлівалася, што фармаваньне адносінаў з суседзямі – адзін з прыярытэтаў вонкавай палітыкі пашыранага ЭЗ. Палітыка суседзтва прадугледжвала разьвіцьцё з суседнімі краінамі прывілеяваных адносін, збудаваных на ўзаемным прызнаньні супольных каштоўнасьцяў, вяршэнства права, належнага кіраваньня, забесьпячэньня правоў чалавека, прынцыпаў рынкавай эканомікі і ўстойлівага разьвіцьця. Празь некалькі месяцаў, у ліпені 2003 г., быў таксама прадстаўлены дакумэнт, датычны пашырэньня Праграмаў Суседзтва і новага фінансавага інструмэнту – Эўрапейскага інструмэнту суседзтва і партнэрства. У траўні 2004 г., адразу пасьля пашырэньня ЭЗ, Эўракамісія прадставіла новы пакет палітычных ініцыятываў, які празь месяц быў ухвалены Радай ЭЗ і Радай Эўропы.

Ініцыятыва “Ўсходняга партнэрства” была распрацаваная ў рамках Эўрапейскай палітыкі суседзтва і закліканая разьвіваць яе і замацоўваць. Аднак, нягледзячы на відавочную пераемнасьць, новая праграма Эўразьвязу мае і прынцыповыя адрозьненьні ад Эўрапейскай палітыкі суседзтва. Галоўныя зь іх – наступныя:

1) «Усходняе партнэрства» – больш гнуткі інструмэнт, бо ня проста ахоплівае шэсьць краін Усходняе Эўропы і Паўднёвага Каўказу, але й можа разьвівацца з улікам патрэбаў, магчымасьцяў і дасягненьняў кожнай з краін-партнэраў.

2) «Усходняе партнэрства» датычыць больш зьвязаных адна з адной групы краін, якія не зьяўляюцца сяброўкамі ЭЗ, але маюць падобныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы, зьвязаныя з постсавецкім мінулым. Гэта сьведчыць пра тое, што праграма “Ўсходняе партнэрства”, з аднаго боку, разьлічаная на доўгатэрміновы працэс яе імплемэнтацыі ў кожнай з краін-партнэраў, а з другога – прадугледжваецца, што яна будзе больш гнуткаю дзеля неабходнасьці дыфэрэнцыянаванага падыходу да кожнай з краін-партнэраў.

3) Ключавы аспэкт «Усходняга партнэрства» – дыфэрэнцыяцыя. Дакумэнт Эўрапейскай камісіі ад 3 сьнежня 2008 г. прадугледжвае, што прынцыповым зьяўляецца дыфэрэнцыянаваны падыход да кожнай краіны-партнэра, у залежнасьці ад пасьпяховасьці прасоўваньня ўнутраных рэформаў і разьвіцьця ўзаемаадносінаў з ЭЗ на шляху эўрапейскай інтэграцыі. Да кожнай краіны, як зазначыў кіраўнік Камісіі па замежных справах Эўрапейскага парлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі, будуць ставіцца адпаведна зь ейнымі заслугамі і магчымасьцямі, а прагрэс адносін будзе залежаць ад папярэдніх здабыткаў.

4) Ва «Ўсходнім партнэрстве» прадугледжваецца паступовае ўкладаньне з усімі краінамі новых дамоўных рамак, г. зн. пагадненьняў пра асацыяцыю, уключаючы пагадненьні пра глыбокія і ўсеахопныя зоны свабоднага гандлю для тых краінаў, якія жадаюць і гатовыя браць на сябе адпаведныя далёкасяжныя абавязальніцтвы з ЭЗ. Кожная краіна-партнэр можа разьлічваць на паглыбленьне палітычнай інтэграцыі з ЭЗ.

5) «Усходняе партнэрства» прапануе як двухбаковыя, так і шматбаковыя фарматы для ўзмацненьня супрацоўніцтва ва Ўсходняй Эўропе і на Паўночным Каўказе. Гэта значыць, што прадугледжваецца адначасовае захаваньне дынамікі разьвіцьця двухбаковых узаемаадносін паміж краінай-партнэрам і ЭЗ. «Усходняе партнэрства» надае новы, хоць і абмежаваны імпульс гэтым адносінам і вызначае новы напрамак шматбаковага супрацоўніцтва. Шматбаковы фармат дае магчымасьць усім краінам-партнэрам і ЭЗ лепш зразумець сытуацыю ў рэгіёне і супольна вырашыць наяўныя рэгіянальныя праблемы і пытаньні стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне.

6) У адрозьненьне ад ЭПС, «Усходняе партнэрства» не абмяжоўваецца суседзкімі ўзаемаадносінамі і мае на мэце спрыяньне краінам-партнэрам у набліжэньні да стандартаў ЭЗ. Такая мэта дасягаецца шляхам рэалізацыі працэсаў інтэграцыі краіны-партнэра ў ЭЗ па асобных сфэрах: эканамічная інтэграцыя, энэргетычная інтэграцыя, набліжэньне рэгулятарных нормаў, прававая апраксымацыя, адміністрацыйнае рэфармаваньне і інш. Гэта – найбольшы стымул для краін-партнэраў, стратэгічнай мэтай якіх зьяўляецца набыцьцё сяброўства ў ЭЗ.

7) «Усходняе партнэрства» прадугледжвае большае фінансаваньне ў параўнаньні з тым, якое давалася ў рамках ЭПС. Эўрапейская Рада зацьвердзіла прапанову Эўрапейскай камісіі аб пашырэньні наяўнага пакету Ініцыятывы ЭПС на 350 млн эўра. Гэтыя сумы дапоўняць рэсурсы, выдзеленыя на 2010–2013 гады. У выніку такое аб’яднаньне пабольшыць агульную грашовую суму, прызначаную на выкананьне ініцыятываў «Усходняга партнэрства», да 600 млн эўра.

8) «Усходняе партнэрства» прадугледжвае арганізацыйную структуру, хоць яна і не разьвітая да такога ўзроўню, як, напрыклад, у Саюзе для Міжземнамор’я. Сустрэчы кіраўнікоў або ўрадаў краін-удзельніц “Усходняга партнэрства” будуць праводзіцца кожныя два гады. «Усходняе партнэрства» таксама ўводзіць штогадовыя сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ і краін-партнэраў, міністэрскія канфэрэнцыі ў асобных галінах, рэгулярныя сустрэчы па чатырох тэматычных плятформах («Дэмакратыя, належнае кіраваньне і стабільнасьць», «Эканамічная інтэграцыя і ўзгадненьне са стратэгіямі ЭЗ», «Энэргетычная бясьпека», «Кантакты паміж грамадзянамі»), а таксама працу калегіяў для падтрымкі працы плятформаў у канкрэтных сфэрах, фармат і ўдзельнікі якіх павінны вызначацца адпаведна з патрэбамі.

Акрамя ўрадавых прадстаўнікоў і Эўрапейскай камісіі, прадугледжваецца таксама стварэньне Форуму грамадзянскай супольнасьці “Ўсходняга партнэрства” з мэтаю ўсталяваньня кантактаў паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і спрыяньня іхнаму дыялёгу з органамі дзяржаўнай улады. Акрамя таго, заплянавана таксама разьвіцьцё міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва ў рамках «EuroNest» як складовай часткі «Ўсходняга партнэрства».

9) «Усходняе партнэрства» уводзіць праграму комплекснага інстытуцыйнага разьвіцьця (Comprehensive Institution-Building Programme), якая павінна засяродзіцца на ўдасканаленьні адміністрацыйнай дзейнасьці ва ўсіх адпаведных галінах шляхам выяўленьня слабых месцаў праз правядзеньне падрыхтоўкі, наданьне тэхнічнай падтрымкі і дапамогі.

10) У рамках праграмы «Усходняе партнэрства» прадугледжваецца ўкладаньне пактаў “мабільнасьць і бясьпека”, якія павінны спрыяць перасоўваньню людзей. Гэта павінна зьдзяйсьняцца шляхам прававога палягчэньня паездак у ЭЗ з адначасовым павелічэньнем намаганьняў у напрамку пераадоленьня карупцыі, арганізаванай злачыннасьці і нелегальнай міграцыі. Канчатковай мэтай у доўгатэрміновай пэрспэктыве зьяўляецца дасягненьне бязьвізавага рэжыму перамяшчэньня ў межах усіх краін-партнэраў. У пэўным выпадку ЭЗ увядзе бязьвізавы рэжым толькі з тымі краінамі, якія выканаюць усе тэхнічныя патрабаваньні ЭЗ. Эўрапейская камісія будзе таксама разглядаць магчымасьці разьвіцьця працоўнай мабільнасьці з пэрспэктывай большай адкрытасьці рынкаў працы ЭЗ для прыцягненьня высокакваліфікаванай працоўнай сілы з краінаў Усходняй Эўропы і запаўненьня прагалаў на ўласным рынку працы.

11) «Усходняе партнэрства» надае значную ўвагу пытаньням энэргетычнай бясьпекі ў краінах-партнэрах і ў ЭЗ і ўзмацняе супрацоўніцтва ў сфэры дзейнасьці ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя і клімату. У энэргетычным сэгмэнце гэтая ініцыятыва прадугледжвае належныя зьмены заканадаўства, тэхнічную і нарматыўна-тэхналягічную адаптацыю энэргетычнай прасторы 6-ці краін-партнэрак да эўрапейскай. Пытаньні энэргетычнай бясьпекі могуць перайсьці з нацыянальнага ўзроўню да шматнацыянальнага пад патранатам ЭЗ.

12) «Усходняе партнэрства» будзе спрыяць разьвіцьцю праграмаў, скіраваных на сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краін-партнэраў, асабліва ў напрамку пераадоленьня вострых сацыяльна-эканамічных разыходжаньняў паміж гэтымі краінамі. Прадугледжваецца таксама, што яно ўзмоцніць сацыяльна-культурныя кантакты.