Насамрэч, першае, што кідаецца ў вочы беларусу, калі казаць пра расейскае палітычнае жыцьцё – тое, што ўсё гэта мы праходзілі, і ў цэлым РФ рухаецца тым жа ганебным шляхам, што і Беларусь, толькі, як і належыць малодшым братам – з адставаньнем на 5-10 год. Гэта міжволі распалагае да пэўнае паблажлівасьці ў дачыненьні да «наіўных» русакоў. Толькі гэтае пачуцьцё ўсё ж падманлівае – што ні кажы, а ніхто ня ведае Расію лепш за саміх рускіх.

Што да назіраньняў. Месца – Белгарад, фокус-група – каля 30 ІТРаў і рабочых (мясцовых белагорскіх, маскоўскіх, башкірскіх, сібірскіх), мужчыны ад 24 да 55, метад апытаньня – задушэўныя размовы за кубкам чаю, часам пры ўключанай зомбіскрыні з навінамі.

Асноўнае:

1) Нянавісьць да медвепутаў ды ЕдРа, стомленасьць ад іх – абсалютная.

2) Нагэтулькі ж абсалютная электаральная наіўнасьць. Амаль пагалоўная гатоўнасьць на поўным сур’ёзе успрымаць пэрсанажаў кшталту Жырыноўскага ці Прохарава за рэальную альтэрнатыву. Заўвагі аб тым, што другі – алігарх (а значыць, падкантрольны Крамлю апрыёрна), а першы – і наогул прыдворны паяц, чыя партыя, нягледзячы на ўсю рыторыку, на справе заўжды галасуе «як трэба» сапраўды сур’ёзным дзядзям – успрымаюцца як адкрыцьцё Амэрыкі.

3) Кепскае валоданьне «матчасткай». Нават пра Навальнага тут мала хто чуў.

Што яшчэ бачыцца неабходным адцеміць:

4) Па вялікім рахунку, няпужанасьць. Адсутнасьць ня проста вопыту, але, што важней, і менавіта нэгатыўнага вопыту вулічнай барацьбы.

5) Рускі нацыянальны фаталізм – тое, што ў адных абставінах прымушае скласьці лапкі, як тая жабка ў малацэ, але ў іншых – палезьці на танк зь віламі.

6) Неверагодная у параўнаньні зь Беларусьсю лёгкасьць у набыцьці на чорным рынку агнястрэльнай і іншай зброі.

7) Імкненьне цэнтральных уладаў хоць бы мінімальна «адпавядаць стандартам» і «соблюдать приличия» – надта ж моцнае ў расейскіх «элітаў» жаданьне бачыць сябе часткай «цывілізаванага сьвету» і карыстацца ягонымі дабротамі. Шалёныя сродкі ад распілу радзімы да гэтага распалагаюць.

У якасьці падсумаваньня: нягледзячы на тое, што сітуацыя ў РФ бачыцца менш прадказальнай за беларускую, і аб’ектыўна магчымасьцяў у расейскай рэвалюцыі нарэшце здарыцца непараўнальна больш – асабіста я ўсё адно мяркую, што беларуская адбудзецца раней, а расейцаў, на жаль, чакае доўгая і марозная зіма, да якой мы ўжо амаль і прызвычаіліся.