Сёння мы адзначаем трагічную дату ў найноўшай гісторыі Беларусі – гадавіну разгону мірнай акцыі пратэсту супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў.

Трагічная унікальнасць сітуацыі гадавой даўніны нават не ў тым, што мітынг быў разагнаны – гэтым беларуская ўлада займаецца з упартасцю, вартай лепшага ўжытку, і так. Трагічная ўнікальнасць той ночы ў тым, што сцэнар разгону быў выбудаваны ўладамі на правакацыі, скіраванай не супраць дэманстрантаў. Дакладней, так: не толькі супраць дэманстрантаў. Бо аскепкі снарада, выпушчанага па «дзекабрыстах», закранулі ў выніку ўсіх: і простых людзей, і прадстаўнікоў улады, і апазіцыю, карацей, усю Беларусь.

Я думаю, усё разумеюць, што, кажучы пра правакацыі, я маю на ўвазе эпізод, калі нейкія маладыя людзі білі шкло ў Доме ўраду, эпізод, які паслужыў падставай для пачатку брутальных сілавых дзеянняў супраць мірных ў пераважнай сваёй большасці дэмакратычна настроеных грамадзян.

Сёння сумнявацца ў тым, што гэтыя дзеянні, якія можна расцэньваць як хуліганства, а можна – і іначай, інспіраваныя уладай, не прыходзіцца. Магчыма, хтосьці прытрымліваецца іншага меркавання, але дурні ёсць усюды. Бо, каб у сучасным грамадстве не атрымаць інфармацыю па такім важным пытанні, як вынікі прэзідэнцкіх выбараў, трэба быць менавіта дурнем. Трэба не проста не валодаць элементарнымі тэхналогіямі, такімі, як інтэрнэт, трэба яшчэ і па сваім горадзе перасоўвацца з зачыненымі вушамі і вачыма, каб не чуць і не бачыць тое, пра што гавораць на кожным куце. Трэба не проста знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме, але і хацець ў ім знаходзіцца – а гэта ўжо прыкмета непраходнай дурасці.

Тады, 20-га, 21-га снежня і ўсе наступныя дні усе псіхічна здаровыя грамадзяне Беларусі прыпалі да інтэрнэту. І што яны там убачылі? Так, улада разлічвала свой сцэнар, які, здавалася б, павінен быў прынесці ёй не толькі фізічную перамогу над бяззбройнымі дэманстрантамі, але і псіхалагічную: мелася на ўвазе, што пагромшчыкам спачуваць ніхто не будзе! Але ўлады, з уласцівай ім адсталасцю, зусім не ўлічылі ступень распаўсюджвання ў грамадстве такой сучаснай штукі, як мабільны тэлефон з функцыяй відэазапісу. Калі б манаполіяй на здымкі падзеяў і далей валодалі выключна тэлеаператары, можа быць, праўда ніколі і не вылезла б наверх. Але грамадзянскія здымкі – гэта аб’ектыўна. Гэта ўсебакова. І гэта – без «замовы», з якога б ні было боку.

Улады, з уласцівай ім адсталасцю, зусім не ўлічылі ступень распаўсюджвання ў грамадстве такой сучаснай штукі, як мабільны тэлефон з функцыяй відэазапісу. Калі б манаполіяй на здымкі падзеяў і далей валодалі выключна тэлеаператары, можа быць, праўда ніколі і не вылезла б наверх. Але грамадзянскія здымкі – гэта аб’ектыўна. Гэта ўсебакова. І гэта – без «замовы», з якога б ні было боку.

І калі на такіх здымках мы бачым, як чалавек у цывільным б’е шкло, яго валіць амапавец у форме, а другі ў цывільным, міліцэйскі начальнік, тут жа наводзіць «парадак» вокрыкам «Не чапаць! Свае!» – усё неяк становіцца на свае месцы. І сапраўды, навошта пратэстоўцам біць шкло? З палітычнага пункту гледжання гэта цалкам бессэнсоўна, бо пагромшчыкаў традыцыйна асуджаюць ўсе краіны свету, а ўжо «талерантныя» (хутчэй, нездарова-міралюбныя) беларусы – тым больш. Цалкам непатрэбная для апазіцыі сітуацыя: страціць сімпатыі ўсіх. Пра тое, што палітычнага эфекту ў сэнсе захопу ўлады ад дробна-крымінальных учынкаў, накшталт выбітага шкла, быць не магло — нават казаць не даводзіцца: ноччу ў выходны у Доме ўраду быў толькі спецназ – адкрытая засада!

Агенты ў цывільным, развязаўшы гэта дзейства, вядома, справакавалі некалькі асабліва гарачых галоваў з шэрагаў апазіцыі, якія іх падтрымалі. Абсурд сітуацыі ў тым, што тыя, што білі шкло, былі з закрытымі тварамі, значыць, рыхтаваліся да гэтага, усё было прадумана. А апазіцыянераў, якіх асудзілі за ўдзел у «масавых беспарадкаў», апазнавалі альбо праз прыналежнасць да вышэйшаага кіраўніцтва выбарчых штабоў кандыдатаў (гэтых хапалі, нават калі яны былі ў сотні метраў ад ачага дзеяння), альбо па асобах, зафіксаваных на відэа. Ніхто з тых, хто ў рэальнасці пачынаў пагром, схоплены не быў – усе засталіся беспакаранымі. Што і нядзіўна, улічваючы, чые загады яны выконвалі.

Казаць тут асабліва няма пра што. Усе людзі, у якіх на плячах галава, а не тэлевізар, разабраліся ў сітуацыі адразу. Тых, хто, знаходзячыся ў інфармацыйным вакууме, хоча і надалей там заставацца, можна ўспрымаць толькі як людзей, пра якіх трэба паклапаціцца: цяпер пра іх клапоціцца (як умее, а эканамічны крызіс цяперашняга года паказаў, што – ніяк) дзеючая ўлада. Улада зменіцца, гэтыя грамадзяне нікуды не знікнуць, гэта, так бы мовіць, цяжкая спадчына савецкага рэжыму, клапаціцца будзем мы, бо гэта ўсё роўна нашыя людзі.

Але нам даўно ўсё зразумела.

Зразумела ў тым ліку і тое, што тое, што адбылося 19-га снежня мінулага году, прывяло да такіх наступстваў для Беларусі, што назваць іх нават «жаласнымі» – язык не паварочваецца. Занадта мякка. Наступствы проста катастрафічныя.

Правакацыя ўладаў супраць уласнага народу абярнулася правакацыяй супраць усёй краіны, і ўздзеянне аказала менавіта такое.

Адзін з вынікаў – татальнае падзенне даверу людзей да самой улады і адзін да аднаго. У грамадстве раптам агаліліся такія супярэчнасці, пра наяўнасць якіх ніхто і не думаў, яны былі схаваныя глыбока ў падсвядомасць. Аднак жа быў далікатны баланс, які сам Лукашэнка называў «крыштальным сасудам», маючы на ўвазе Беларусь як маленькую і адзіную дзяржаву і прысвойваючы сабе права насіць яе, куды яму ўздумаецца, у сваіх мазольных сялянскіх руках.

19-га снежня мінулага году ён сам гэты свой «сасуд» разбіў. Нават тыя, хто яшчэ верыў яму, даведваючыся, што адбылося, адхрышчваюцца ад свайго яшчэ ўчорашняга правадыра, як ад Гітлера, загадаўшага падпаліць Рэйхстаг (з той жа мэтай – атрымаць падставу для знішчэння апазіцыі). Сёння грамадства раскалолася на народ, людзей з галовамі на плячах, і на каманду Лукашэнкі, у якую ўваходзіць сям’я, сілавікі, чыноўнікі і фальсіфікатары выбараў. Першыя, цудоўна зразумеўшы пасля 19-га снежня самую сутнасць гэтага рэжыму, хочуць жыць свабоднымі ад гэтай хеўры, другія – любой цаной захаваць уладу. Сілавы складнік пакуль што яшчэ вельмі моцны, і першыя зрабіць з ім нічога не могуць. Аднак жыццё ў такім грамадстве падобна да сядзення на парахавой бочцы з запаленым кнотам: раней ці пазней – ірване. Да 19-га снежня многія яшчэ спадзяваліся, што сцэнар перадачы ўлады ў нашай краіне можа быць, скажам так, разумным, пасля 19-га – не спадзяецца ніхто. Гэта ўжо паталогія, хвароба, і вінаватыя ў ёй толькі тыя, хто аддаваў загады ў тую фатальную ноч.

Правакацыя 19-га снежня 2010 году мела, між іншым, не толькі псіхалагічныя, сацыяльныя альбо палітычныя наступствы. Сённяшняя галеча беларусаў, гэта таксама – прамое наступства, звон таго самага пабітага шкла.

Правакацыя 19-га снежня 2010 году мела, між іншым, не толькі псіхалагічныя, сацыяльныя альбо палітычныя наступствы. Сённяшняя галеча беларусаў, гэта таксама – прамое наступства, звон таго самага пабітага шкла.

Тое, што беларуская эканоміка, у тым выглядзе, у якім яна існуе сёння дзякуючы Лукашэнку, не можа жыць без датацыяў, даўнютка не сакрэт для следства. Але да гэтага часу рэжым мог падтрымліваць яе на плаву, атрымліваючы датацыі альбо з Захаду, альбо з Усходу, і ўсё гэта пад выглядам геапалітычных дыялогаў і знешнепалітычных працэсаў. Датацыі павінны быць пастаяннымі, інакш эфект атрымліваецца такі ж, калі ў мозг некалькі секунд не трапляе кроў: пазбаўленыя кіслароду клеткі беззваротна адміраюць, памірае і сам чалавек.

У выніку 19-га снежня 2010 г. сучасная Беларусь закрыла для сябе Заходні напрамак моцна і надоўга. Такім чынам яна пазбавілася велізарных грашовых сум, якія прапаноўваліся і маглі быць выдаткаваныя на рэформы і мадэрнізацыю – тое, чаго так не хапае цяперашняй пост-савецкай Беларусі!

Расея, пастаянны донар беларускай дыктатуры, выціснула з сітуацыі максімум. Так, вядома, яна магла б і адразу пасля выбараў даць Лукашэнку тыя датацыі, якія падкінула пад канец 2011-га году. У гэтым разе крызісу б у эканоміцы не здарылася, і ўсе атрымлівалі б 500-доляравыя заробкі і сёння, славасловячы свайму правадыру. Але навошта? Навошта расейцам клапоціцца пра Лукашэнку, калі яму няма куды дзявацца, і альтэрнатыўны вектар ён сам сабе закрыў? Каб, атрымаўшы расейскія грошы, на іх працягваць будаваць ілюзію паспяховай дзяржавы пад сваім чулым кіраўніцтвам, і «тыкаць» гэтым перад расейскімі журналістамі расейскай жа кіруючай эліце, адбіраючы ў іх галасы сумняваючыхся? Не, там у Крамлі не рамантыкі сядзяць.

Яны, са сваімі здзеклівымі ўсмешкамі, удосталь пацешыліся з стагнуючай беларускай эканомікай, пазбаўленай кіслароду ў выглядзе датацый, пакуль не пераканаліся, што больш гэтая эканамічная мадэль не адродзіцца. Пакуль не сталі ўпэўненыя, што розніца паміж іх Расеяй і Беларуссю Лукашэнкі стала занадта відавочнай, прытым – не на карысць апошняй. За гэты час беларусы паспелі збяднець, эканоміка – прыйсці ў паўтрупны стан, а сам Лукашэнка – яшчэ больш аблысець і пасівець. Але гэта ягоныя праблемы, а не Пуціна з Мядзведзевым. Яны – гаспадары расейскіх грошай, ім вырашаць, калі і каму даваць, а калі і каму не даваць, гэта іх права, і гэта справядліва: не мы ж, у рэшце рэшт, і не Лукашэнка, можам распараджацца чужымі рэсурсамі.

Калі Беларусь дайшла да адчаю, так, грошыкаў падкінулі, але сітуацыю яны ўжо не выратуюць. Хутчэй, наадварот. Гэта як са смерцю Майкла Джэксана, які не мог жыць без чарговай дозы абязбольваючага – наркотыку, а лекар мог вырашаць: даваць, ці не даваць. Даць – значыць «замарозіць» сітуацыю з рызыкай смерці кліента. Не даць – выракчы кліента на пакуты, але атрымаць верагоднасць таго, што яго арганізм перабудуецца і распачне намаганні для аднаўлення. Майкл Джэксан памёр, праўда, памёр бязбольна – лекі яму ўсё ж далі.

Беларусі Расея таксама падкінула пад канец году рублікаў, але сітуацыю гэта ўжо не ратуе. Нават праесці іх смачна ніхто не зможа. Прагноз на наступны год для беларускай эканомікі такі, што можна з упэўненасцю сказаць: і зараз жабракі, і ў 2012 г. будзем жабракамі.

І ўсё гэта – наступствы той геапалітычнай пасткі, у якую загналі нас ўлады сваёй правакацыяй 19-га снежня, каторая пазбавіла Беларусь доступу да грошай для рэфармавання і мадэрнізацыі краіны. Якая прымусіла краіну, якая знаходзіцца на перакрыжаванні цывілізацый, фігуральна кажучыся, «ляцець з адным крылом».

19-га снежня мінулага году Лукашэнка ўласнаручна, сваімі мазольныя сялянскімі рукамі, разбіў свой «крыштальны сасуд». Насіць яму цяпер няма чаго: толькі аскепкі засталіся ад былога даверу насельніцтва, крыштальны пыл – ад сацыяльна-эканамічнай мадэлі, наогул нічога – ад стабільнасці. Назваць стабільнай краіну, у грамадстве якой пытанняў больш, чым адказаў, язык не павернецца нават у дурня, які жыве ў інфармацыйным вакууме і хоча там заставацца.

Асабіста ў мяне няма сумнення: усё гэта мы пераадолеем. Склеіцца, забудзецца, і Беларусь, вядома ж, будзе і шчаслівай, і квітнеючай, а 19-га снежня, як і ўвесь 2011 год, мы будзем успамінаць, як благі сон.Толькі будзе гэта не адразу. І ва ўладзе будуць зусім іншыя людзі. Людзі, якія аддаюць перавагу склейванню, а не разбіванню з размаху.